«БЕЛАРУ́СІЯН РЭВ’Ю́»
(«Belarussian Review», «Беларускі агляд»),
грамадска-палітычны часопіс. Выдаецца з 1989 у ЗША (штат Каліфорнія) на англ. мове штоквартальна. Рэд. Я.Арцюх. Друкуе эканам., паліт., дзелавую, культ. інфармацыю з Беларусі, матэрыялы па гісторыі краіны, робіць эканам. аналізы. Распаўсюджваецца ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах свету.
В.Кіпель.
т. 2, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ДЫЗА́ЙНУ,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1966 у Мінску як Бел. філіял Усесаюзнага НДІ тэхн. эстэтыкі, з 1992 сучасная назва. Даследуе і распрацоўвае дызайн-праекты машын, прылад, тэхнал. абсталявання, вырабаў быт. і гасп. прызначэння, інтэр’ераў, абсталявання рабочых месцаў; рэкламна-кірмашовыя экспазіцыі, фірменны графічны стыль (з паліграфічным выкананнем).
т. 2, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦІ́НА,
старадаўняе драўлянае пласкадоннае рачное судна з палубай і ветразямі для перавозкі збожжа і інш. грузаў. На Беларусі вядома з 15 ст. Даўж. 43—53 м, шырыня 4—11 м, грузападымальнасць 128—192 т. Будаваліся і выкарыстоўваліся на Нёмане, Шчары, Віліі. У 2-й пал. 19 ст. пачалі знікаць.
т. 4, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЫСК,
следчае дзеянне, накіраванае на атрыманне доказаў па крымінальнай справе. Праводзіцца з мэтай пошукаў рэчавых доказаў, якія могуць мець значэнне для справы, выяўлення трупаў, адшукання асоб, а таксама маёмасці для пакрыцця матэрыяльнай шкоды і магчымай канфіскацыі. Вобыск праводзіцца па матываванай пастанове следчага або органа дазнання з санкцыі пракурора.
т. 4, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛКУІН (Alcuin),
Флак Альбін (Flaccus Albinus; каля 735, Йорк, графства Йоркшыр, Брытанія — 19.5.804), англа-саксонскі вучоны. З 782 пры двары Карла Вялікага, яго настаўнік і дарадчык, стварыў навук. і культ. цэнтр «Каралінгскага адраджэння». З 796 абат Турскага манастыра, у якім арганізаваў школу. Аўтар трактатаў па філасофіі, тэалогіі, псіхалогіі, падручнікаў.
т. 1, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГІЦЫ́ДЫ [ад лац. alga марская трава, водарасць + ...цыд(ы)],
хімічныя рэчывы, якія знішчаюць водарасці. Найчасцей як альгіцыды выкарыстоўваюцца злучэнні з актыўным хлорам, хлорная вапна, чацвярцічныя солі амонію, многія солі і комплексы медзі. Прымяняюцца для ачысткі ў тэхн. сістэме, водазабеспячэння, прадухілення цвіцення вады і барацьбы з пашырэннем непажаданай альгафлоры.
т. 1, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬКАБА́ЛА (ісп. alcabala ад араб. алькабала збіранне),
падатак на гандлёвыя здзелкі ў Іспаніі (12 ст. — 1845) і яе калоніях (2-я пал. 16 — пач. 19 ст.). З 14 ст. — пастаянны дзярж. падатак. Увядзенне альбакалы ў 1571 у Нідэрландах стала адной з прычын паўстання на Пн краіны ў 1572.
т. 1, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМВРО́СІЙ (1426 або каля 1430 — каля 1494),
рускі разьбяр і ювелір. Працаваў у Троіцка-Сергіевай лаўры. Створаны ім разьбяны абразок-складзень з выявай Тройцы (1456) — выдатны помнік стараж.-рус. мініяцюры. У гэтым творы, а таксама ў работах інш. майстроў, што працавалі з Амвросіем, прыкметны ўплыў А.Рублёва.
А.К.Лявонава.
т. 1, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́Д, Аду,
у шумера-акадскай міфалогіі бог грому, навальніцы, ветру. Увасабляе і згубныя і пладаносныя сілы прыроды. Маляваўся з молатам у адной руцэ і пуком маланак у другой. Эмблемай Адада звычайна быў двухзубец ці трызубец маланкі. У іканаграфіі з вобразам Адада звязваецца бык як сімвал урадлівасці і неўтаймоўнасці.
т. 1, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІ́МАВА (Вольга Дзмітрыеўна) (11.7.1883, Полацкі пав. Віцебскай губ. — 4.7.1969),
бел. альголаг. Скончыла Вышэйшую школу, Вышэйшыя прыродазнаўчыя курсы ў Пецярбургу (1906—12). З 1920 у віцебскіх настаўніцкім і пед. ін-тах, БДУ. Адзін з першых даследчыкаў альгафлоры на Беларусі, вывучала яе відавы і колькасны склад, біямасу фітапланктону вадаёмаў Беларусі.
т. 1, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)