ЧАЧАЛЁЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзісна, каля в. Чачалі, за 3,5 км на ПдУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,53 км², даўж. 1,14 км, найб. шыр. 610 м, найб. глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 64,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, круглаватая, выцягнутая з ПнЗ на ПдУ. Схілы катлавіны спадзістыя, разараныя; на Пн і ПнУ выш. 5—8 м, стромкія, пясчаныя, пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, укрытыя хмызняком, месцамі забалочаныя. Дно выслана гліністым ілам і сапрапелем. Зарастае да глыб. 2,3 м. Шыр. паласы расліннасці 100—125 м. Праз возера цячэ р. Аржаніца, на Пн упадае ручай з воз. Белае.

т. 17, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧОРНАВАЛЛЁВІК (Calidris alpina),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны пераважна ў арктычнай зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве на вільготных лугах і балотах. На Беларусі рэдкі пралётны і залётны від, занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 23 см, маса да 57 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны чорна-бурае з шырокімі рыжымі верхавінкамі пёраў. Надхвосце бурае, падхвосце белае з ледзь прыкметнымі цёмнымі стракацінкамі. Брушка ў асн. белае, на пярэдняй частцы — вял. буравата-чорная пляма (адсюль назва). Валляк, грудзі і шыя белыя з падоўжнымі цёмнымі стракацінамі. Дзюба доўгая. тонкая, крыху загнутая ўніз. Нясе 3—5 яец. Корміцца дробнымі беспазваночнымі.

Э.​Р.​Самусенка.

Чорнаваллёвік.

т. 17, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ ВЯЛЕ́ЦКІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). Знаходзіцца за 1,2 км на ПдЗ ад воз. Вялец і в. Вялец Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Валун шаравата-ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату (авоіды 2—9 см). Даўж. 3,6 м, шыр. 1,8 м, выш. над паверхняй 0,8 м, аб’ём 2,8 м³, маса 14 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву Ленінградскай вобл. Расіі. На паверхні 33 круглыя паўсферычныя лункі (дыяметр 5—6 см, глыб. 3 см) з загладжанымі і адшліфаванымі сценкамі. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ САБО́ЛКАЎСКІ, Здань камень,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1999). Знаходзіцца за 500 м на ПнУ ад в. Саболкі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату (авоіды 4—8 см), шэрага кварцу (зярняты 0,3—1 см) і крышталямі біятыту, рагавой падманкі. Даўж. 4 м, шыр. 3,3 м, выш. 1,2 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 8,5 м³, маса 22,6 т. Прынесены ледавіком каля 20—17 тыс. г. назад з наваколляў г. Выбарг Ленінградскай вобл. Расіі. Частка каменя адколатая ўдарам маланкі. З валуном звязана шмат легенд. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУБІ́НСКІ Павел Платонавіч (27.1.1839, г. Барыспаль Кіеўскай вобл. — 26.1.1884),

украінскі і рускі этнограф і фалькларыст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1861). За народніцкую прапаганду быў сасланы (1862—69). У 1869—70 узначальваў этнагр. экспедыцыі на Украіну, Беларусь (Мазырскі, Пінскі, Кобрынскі, Слонімскі, Брэсцкі паветы) і Малдавію. У 1873—76 кіраваў Паўд.-Зах. аддзелам Рус. геагр. т-ва. У 1876—79 у Пецярбургу. Аўтар «Нарыса народных юрыдычных звычаяў і паняццяў у Маларосіі» (1869). У «Працах этнаграфічна-статыстычнай экспедыцыі ў Заходне-Рускі край...» (т. 1—7, 1872—79) фалькл.-этнагр. матэрыялы з Мінскай і Гродзенскай губ. (каля 400 песень, 25 казак, 5 апісанняў вяселляў).

І.​У.​Саламевіч.

т. 17, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫНШ (польск. czynsz ад лац. census перапіс),

1) у Зах. Еўропе ў перыяд феадалізму натуральныя і грашовыя плацяжы феад.-залежнага насельніцтва (пераважна сялян) зямельнаму ўласніку за карыстанне зямлёй на чыншавым праве. 2) Грашовая рэнта ў Беларусі і Літве ў 15—1-й пал. 19 ст., адна з асн. форм феад. зямельнай рэнты — аброку. Ч. узнік з развіццём таварна-грашовых адносін як асн. форма рэнты ў 16—18 ст. пераважна на У Беларусі. Быў асн. павіннасцю чыншавых сялян, асадных, кунічных і аброчных сялян. Як дадатковую павіннасць Ч. плацілі і інш. феад.-залежныя сяляне. У 1-й пал. 19 ст. называўся грашовым аброкам.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 17, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЧЫБА́БІН (сапр. Палушын) Барыс Аляксеевіч

(9.1.1923, г. Крамянчуг, Украіна — 15.12.1994),

рускі паэт. У 1946—51 арыштаваны за антысав. агітацыю. Друкаваўся з 1958. У кн. паэзіі «Маладосць», «Мароз і сонца» (абедзве 1963), «Звон» (1989), «Мае шасцідзесятыя» (1990), «82 санеты плюс 28 вершаў пра каханне» (1993), «Цвіценне бульбы» (1994) і інш. маральны максімалізм, пафас жыццесцвярджэння змяняюцца паглыбленнем тэмы ўнутр. свабоды асобы, асэнсаваннем ахвярнага шляху і трагічнай адзіноты паэта. Дзярж. прэмія СССР 1990. На бел. мову асобныя вершы Ч. пераклалі П.​Макаль, У.​Папковіч, У.​Скарынкін.

Тв.:

Борис Чичибабин в стихах и прозе. Харьков, 1995.

Літ.:

Всему живому не чужой ...: Борис Чичибабин в статьях и воспоминаниях. Харьков, 1998.

т. 17, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЛКО́ВА-ШЭЛЕГАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партыз. брыгады «Смерць фашызму» з ням. фашыстамі ў вёсках Шалкова і Шэлегаўка Полацкага р-на Віцебскай вобл. 10.5.1943 у Вял. Айч. вайну. У час падрыхтоўкі да карнай аперацыі супраць партызан 624-ы ахоўны батальён гітлераўцаў выселіў з названых вёсак усіх жыхароў і размясціўся ў іх. Кіраўніцтва партыз. брыгады (камандзір У.​В.​Мельнікаў) распрацавала план знішчэння карнікаў. У ноч на 10 мая штурмавыя групы партызан атакавалі фаш. гарнізоны ў гэтых вёсках. У выніку баёў партызаны знішчылі больш за 100 гітлераўцаў, іх склады з боепрыпасамі і харчаваннем, захапілі штабныя дакументы, кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі, амуніцыю, коней і інш.

У.​С.​Ласэ.

т. 17, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРАВА́РАЎ Канстанцін Рыгоравіч (н. 15.8.1964, Мінск),

бел. спартсмен (гандбол). Засл. майстар спорту СССР (1988). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1985). Чэмпіён XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул). Чэмпіён свету сярод юніёраў (1983, 1985), сярэбраны прызёр чэмпіянату свету (1990). Чэмпіён СССР (1984, 1985, 1986, 1988, 1989), сярэбраны (1982, 1983, 1987, 1990) і бронз. (1991) прызёр. За зборную каманду СССР згуляў (1986—91) 93 матчы, закінуў 223 мячы. Уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987, 1988, 1989), Кубка кубкаў (1988), Суперкубка (1989). Гуляў у складзе каманды СКА (Мінск, 1982—92), замежных (Германія, Ізраіль, Швецыя) клубаў (з 1992). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Ізраіля (1994).

А.​М.​Петрыкаў.

т. 17, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАСЦЕРЫКО́Ў Пётр Паўлавіч (4.5.1919, в. Тоўсты Луг Суджанскага р-на Курскай вобл., Расія — 20.3.1994),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1941). У 1946—56 працаваў у газ. «Звязда», у 1960—71 сакратар Магілёўскага абл. аддз. Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1973 упаўнаважаны Усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах па Магілёўскай вобл. Друкаваўся з 1941. Пісаў на рус. і бел. мовах. Аповесці «Камень за каменем» (1953), «Сонечны прамень» (1961) пра маладых рабочых. Падзеі Вял. Айч. вайны ў зб. апавяданняў «На ўсё жыццё» (1962). Аповесць «Звіні, званок!» (1957) пра школьнае жыццё. Аўтар нарыса «А слава цябе знойдзе» (1964).

Тв.:

Повести и рассказы. Мн., 1979.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)