МАТЭ́Т (франц. motet памяншальнае ад mot слова),

род вакальнай ці вак.інстр. музыкі. Вядомы з канца 12 ст. ў Францыі. Першапачаткова — 2-галосы муз. твор, у якім да голасу, заснаванага на напевах каталіцкай службы, далучаўся новы голас — матэт (адсюль назва). З 13 ст. ў М. пранікаюць свецкія мелодыі (песенныя і танц.) і тэксты. У 15 ст. выпрацавалася яго муз. і тэкставае адзінства (Г.​Дзюфаі, Дж.​Данстэйбл), усталяваўся 4-галосы склад (І.​Окегем, Я.​Обрэхт), паявілася вызначэнне М. як своеасаблівага муз. роду паміж месай і песняй. У 16 ст. развіваўся ў рэчышчах венецыянскай (А.​Віларт, А. і Дж. Габрыэлі) і рымскай (Дж.​Палестрына) школ. У 17 ст. М. страціў тыпалагічную ўстойлівасць, часам яго вызначалі як асаблівы «стыль», блізкі да «старадаўняга», ці як асаблівую тэхніку пісьма. Узніклі шматлікія разнавіднасці: мнагахорны М.-канцэрт, «манадычны», «сольны», або М.-канцэрт для невял. складу з basso continuo; М.-арыя, М.-сцэна, М.-дыялог, блізкія да араторыі, кантаты і муз.-сцэн. жанраў. Да жанру М. звярталіся Г.​Шутц, К.​Мантэвердзі, Ж.​Ф.​Рамо, Г.​Пёрсел, Г.​Ф.​Гендэль, І.​С.​Бах, В.​А.​Моцарт, А.​Брукнер, К.​Сен-Санс і інш. У 20 ст. М. стаў прататыпам тэхнікі кампазіцыі ў творах А.​Веберна, І.​Стравінскага, Дз.​Лігеці і інш.

Літ.:

Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАРАЁН,

структурная адзінка сучаснай жыллёвай забудовы буйных населеных пунктаў. У вял. гарадах разлічаны на 12—20 тыс., у сярэдніх на 6—12 тыс. жыхароў. Складаецца з комплексу жылых дамоў, паблізу якіх размяшчаюцца ўстановы культ.-быт. абслугоўвання (дзіцячыя сады, школы, крамы), спарт. пляцоўкі і зялёныя зоны. Планіроўка і забудова М. робіцца на аснове адзінай або расчлянёнай на групы жылых дамоў арх.-прасторавай арганізацыі тэр. з улікам прыродных і кліматычных умоў.

На Беларусі першыя М. пабудаваны ў канцы 1950 — пач. 1960-х г. Размяшчалі іх на свабодных тэрыторыях паблізу існуючай забудовы, на ўскраінах гарадоў, а таксама на месцы забудовы, якая патрабавала рэканструкцыі. З 1970-х г. у вял. гарадах перайшлі да забудовы тэрыторый буйнымі структурнымі адзінкамі — жылымі раёнамі, у склад якіх уваходзяць М. Гэта дазволіла арганічна звязваць арх. вырашэнні з ландшафтам і трансп. камунікацыямі (Усход 1 у Мінску, Валатава ў Гомелі і інш.). Шматсекцыйныя, складанай канфігурацыі жылыя дамы ў спалучэнні з вышыннымі і малапавярховымі будынкамі культ.-быт. абслугоўвання ствараюць выразныя прасторавыя кампазіцыі. Сучасныя М. характарызуюцца большай разнастайнасцю пабудоў і іх каларыстычных вырашэнняў, добраўпарадкаванасцю тэрыторый, выкарыстаннем малых арх. форм (М. Зялёны Луг 5, Малінаўка ў Мінску, Поўдзень у Віцебску, Бабры ў Мазыры, № 12 у Салігорску і інш.).

Л.​С.​Патапаў, С.​А.​Сергачоў.

Мікрараён Бабры ў Мазыры.
Мікрараён Зялёны Луг 5 у Мінску.

т. 10, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1793—1921. Цэнтр — г. Мінск. Утворана 23.4.1793 пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. У 1793—96 уваходзіла ў Мінскае, Ізяслаўскае і Брацлаўскае генерал-губернатарства. З 3.5.1795 да 1796 складала асобнае Мінскае намесніцтва. Мела 13 паветаў. 12.12.1796 паводле ўказа Сената падзелена на 10 пав.: Бабруйскі, Барысаўскі, Вілейскі, Дзісенскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Пінскі, Рэчыцкі і Слуцкі. У снеж. 1842 з Гродзенскай губ. далучаны Навагрудскі пав., у Віленскую губ. перададзены Вілейскі і Дзісенскі пав. Паводле перапісу 1897 пл. губерні 80152,3 кв. вярсты, нас. 2147,6 тыс. чал. Паводле нац. складу: беларусаў 76,4%, яўрэяў 15,9, рускіх 3,91, палякаў 3,1%; паводле веравызнання: правасл. 72,56%, іудзеяў 16,6, католікаў 10,15, старавераў 0,74, пратэстантаў 0,27, мусульман 0,21%. З 7.11.1917 М.г. ў складзе Заходняй вобласці, мела 9 паветаў: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Навагрудскі, Пінскі, Рэчыцкі, Слуцкі. З 1.1.1919 у складзе БССР, з 2.2.1919 у Літбеле. У лютым 1919 утвораны Баранавіцкі пав., 26 крас. Рэчыцкі пав. далучаны да Гомельскай губ. З 29.8.1920 Мазырскі і ч. Бабруйскага, Барысаўскага і Ігуменскага пав. у Гомельскай губ. 29.7.1920 утвораны Нясвіжскі пав. З ліп. 1920 у БССР. 18.3.1921, калі частка тэр. губерні, акрамя Бабруйскага, Барысаўскага, Ігуменскага, Мазырскага, Мінскага, Слуцкага пав., адышла ў склад Польшчы, губерня перастала існаваць.

А.​М.​Філатава.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АДДЗЕ́Л БЕЛАРУ́СКАГА ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,

дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны; адзін з цэнтраў бел. нац. руху. Існаваў у Мінску ў ліп. 1915—17 як аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, створанага ў Вільні ў крас. 1915. Налічваў каля 50 чал. (снеж. 1916). У к-т праўлення аддзела ўваходзілі: В.​І.​Чавусаў (старшыня), А.​І.​Лявіцкі (Ядвігін Ш., нам. старшыні), У.​І.​Голуб (У.Галубок, сакратар), А.​С.​Астрамовіч (А.Зязюля), В.​А.​Лявіцкая, Л.​А.​Сівіцкая (З.Верас), Э.​Л.​Сівіцкая, У.​С.​Фальскі. Адкрыў некалькі начных прытулкаў для бежанцаў, дзіцячы прытулак у Ратамцы (каля Мінска), 2 бясплатныя сталовыя і 1 платную — «Беларускую хатку», заснаваў 2 майстэрні — ткацкую і па рамонце ваен. абмундзіравання. У крас.—маі 1916 дзейнічалі курсы па садаводстве, агародніцтве і пчалярстве. Пасля Лют. рэв. 1917 аб’явіў сябе Часовым Бел. нац. к-там і пачаў арганізац. і прапагандысцкую працу ў новых умовах.

Яго прадстаўнік П.​А.​Аляксюк увайшоў у склад Выканаўчага к-та грамадскай бяспекі г. Мінска, быў выбраны нам. старшыні К-та прапаганды на вёсцы асноў новага грамадскага ладу. У час агульнагар. маніфестацыі 6.3.1917 адбылося першае выступленне членаў Бел. к-та з паліт. лозунгамі. 25—27.3.1917 склікаў у Мінску з’езд бел. нац. арг-цый, які выбраў Беларускі нацыянальны камітэт.

В.​У.​Скалабан.

т. 10, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛАГІ́ЗМ (ад неа... + грэч. logos слова),

слова або спалучэнне слоў, утвораныя для абазначэння новых прадметаў, паняццяў, з’яў ці для замены іх старых назваў. Напр., «газамабіль» (аўтамабіль, які працуе на газавым паліве). Прыналежнасць слоў да Н. — уласцівасць адносная і гістарычная. З часам Н. ўваходзяць у актыўны слоўнікавы склад лексікі і перастаюць успрымацца як новыя словы («саўгас», «касмадром» і інш.), або, наадварот, пераходзяць у разрад гістарызмаў («камбед»), Н. — пераважна назоўнікі, радзей — прыметнікі, дзеясловы; сярод займеннікаў, лічэбнікаў, службовых слоў не сустракаюцца. Н. падзяляюць на лексічныя, якія выступаюць у мове як назвы прадметаў, з’яў («гагарыніт»), і семантычныя — новыя значэнні вядомых слоў: «банк» (у выразе «банк новых ідэй»), Лексічныя і семантычныя Н. ўваходзяць у лексічную сістэму мовы і з’яўляюцца агульнамоўнымі. У бел. мове сярод сучасных Н.: «луніт», «гідробус», «акванаўт», «брыфінг» і інш. Шырокае распаўсюджанне атрымалі індывідуальна-стылістычныя, або аўтарскія, Н. — аказіяналізмы, якія створаны пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі толькі ў пэўным кантэксце. Напр., «заістужыць», «распарасоніцца» (У.​Дубоўка), «грыбазбіры» (П.​Панчанка), «ад’юбілеіць» (В.​Вітка). Асобныя аўтарскія Н. могуць пераходзіць у катэгорыю агульнаўжывальных слоў.

Літ.:

Брагина А Неологизмы в русском языке. М., 1973;

Новые слова и словари новых слов. Л., 1978—83;

Казейка І.П. Паняцце неалагізма ў сучасным мовазнаўстве // Бел. лінгвістыка. Мн., 1988. Вып. 34.

т. 11, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРОНАГРА́ФІЯ (ад нейтрон + ...графія),

сукупнасць метадаў даследавання рэчыва з дапамогай рассеяння нейтронаў нізкіх энергій (E < 1 эВ). Падзяляецца на структурную і магнітную. Выкарыстоўваецца ў фізіцы вадкасцей і цвёрдага цела, біял. макрамалекул.

Структурная Н. заснавана на тым, што даўжыня хвалі дэ Бройля павольных электронаў (~0,1 нм) сувымерная з міжатамнымі адлегласцямі ў кандэнсаваных асяроддзях і гэта дазваляе вывучаць ўзаемнае размяшчэнне атамаў. Метад яе грунтуецца на з’яве дыфракцыі нейтронаў (гл. Дыфракцыя часціц) і аналізе залежнасці інтэнсіўнасці рассеянага пучка нейтронаў ад даўжыні хвалі або вугла рассеяння (падобна метаду рэнтгенаструктурнага аналізу, адрозненне гэтых метадаў у тым, што нейтроны рассейваюцца ядрамі атамаў, а рэнтгенаўскія прамяні — атамнымі электронамі). Сячэнне рассеяння нейтронаў на ядрах атамаў, што ўваходзяць у крышталічную структуру, нерэгулярна залежыць ад ат. н. ядра-рассейвальніка, што дазваляе даследаваць структуру, у склад якой адначасова ўваходзяць лёгкія і цяжкія атамы (вадародзмяшчальныя злучэнні, вокіслы цяжкіх элементаў), а таксама вызначаць каардынаты атамаў у злучэннях, утвораных элементамі з блізкімі атамнымі нумарамі (напр., FeCo, Al-Mg — сплавы). Магнітная Н. даследуе лікавае значэнне, узаемную арыентацыю і размяшчэнне магн. момантаў атамаў, што выкарыстоўваецца для вызначэння магн. структуры магнітаўпарадкаваных рэчываў.

Літ.:

Изюмов Ю.А., Озеров Р.П. Магнитная нейтронография. М., 1966;

Александров Ю.А., Шарапов Э.И., Чер Л. Дифракционные методы в нейтронной физике. М., 1981.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 11, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУ́БІЯ,

1) гістарычная вобласць у даліне Ніла паміж 1-м і 5-м парогамі, цяпер тэр. Егіпта і Судана. У старажытнасці ўваходзіла ў склад Мераіцкага царства. З 5 ст. тут існавалі Набатыя і Мукура, якія ў пач. 7 ст. зліліся ў адзіную дзяржаву. У 1820 захоплена пашой Егіпта Мухамедам Алі.

2) Сярэдневяковая хрысціянская дзяржава нубійцаў у 7—14 ст. (іх сталіца г. Донгала Старая), у якую ўваходзіла намесніцтва Набатыя і каля 13 васальных царстваў. Была падзелена на 7 епіскапстваў. Агульнай была стараж.-нубійская мова. Пасля заваявання Егіпта арабы імкнуліся захапіць і паўн. раён Н. (640—642), асадзілі Донгалу (652), але былі разбіты нубійскімі лучнікамі. Паміж варагуючымі бакамі быў падпісаны адзіны ў сярэдневяковай гісторыі арабаў дагавор аб ненападзе, гандлі і дыпламат. адносінах, паводле якога Н. пастаўляла ім нявольнікаў у абмен на пшаніцу, віно, тканіны. Пасля вайны ў 852—853 з арабамі, у 969 зноў заключаны мірны дагавор на 100 гадоў. Дынастычныя і рэліг.-паліт. спрэчкі у 13 ст. аслаблялі дзяржаву. У выніку набегаў мамлюкаў трон у Н. захапіла ісламская партыя. Апошні раз Н. згадваецца ў 1397. У канцы 14 ст. Н. заселена араб. плямёнамі і ісламізавана.

Літ.:

Белова Г.А. Египтяне в Нубии (III—II тысячелетия до н.э.). М., 1988.

т. 11, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТАЦЭНО́З (ад паразіты + цэноз),

гістарычна складзеная сукупнасць паразітычных арганізмаў (паразітаў) і інш. сімбіёнтаў, якія насяляюць расліны, жывёлы і чалавека. Відавы склад П. і колькасныя суадносіны яго мікрапапуляцый могуць вар’іраваць нават у аднаго віду гаспадара. У П. могуць уваходзіць вірусы, бактэрыі, грыбы, прасцейшыя, гельмінты і некат. членістаногія. Паняцце «П.» увёў Я.Н.Паўлоўскі (1937). На Беларусі даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны і інш. н.-д. установах.

Усе сучлены П. ўздзейнічаюць адзін на аднаго і на гаспадара. Узаемадзеянне паміж кампанентамі П. бывае непасрэднае (напр., прадуктамі выдзялення) і праз арганізм гаспадара (змена ўнутр. асяроддзя гаспадара або яго асобных органаў і інш.). Уздзеянне паразітычных арганізмаў — сучленаў П. — на гаспадара бывае сумарнае, калі яны не аказваюць значнага ўздзеяння адзін на аднаго (напр., аскарыды і паразітычныя нематоды на арганізм птушкі), сінергічнае, калі яны ўзаемна ўзмацняюць ўздзеянне на арганізм гаспадара, і антаганістычнае, калі ўздзеянне паразітаў адзін на аднаго зніжае іх шкоднасць для гаспадара. Даследаванні складаных узаемаадносін П. ці асобных яго кампанентаў з арганізмам гаспадара і інш. даюць магчымасць устанавіць сутнасць паразітарных і інфекц. хвароб, выбіраць метады іх лячэння і прафілактыкі. Вывучае П. паразітацэналогія. Гл. таксама Паразіталогія, Паразітызм.

Літ.:

Паразитоценология: Теоретич. и прикладные пробл. Киев, 1985.

І.​В.​Чыкілеўская.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФЁНАЎ (Віктар Іванавіч) (н. 23.9.1934, в. Прудкі Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне батанікі і экалогіі; заснавальнік бел. фларыстычнай школы. Акад. Нац. АН Беларусі (1988, чл.-кар. 1980), д-р біял. н. (1976), праф. (1988). Засл. дз. нав. Беларусі (2000). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1957). У 1959—64 і з 1968 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (да 1972 заг. лабараторыі, нам., в.а. дырэктара, з 1973 дырэктар), у 1965—68 вучоны сакратар Савета па каардынацыі навук. дзейнасці АН Беларусі. Навук. працы па сістэматыцы раслін, фларыстыцы, фітагеаграфіі, геабатаніцы, радые- і агульнай экалогіі. Устанавіў заканамернасці фарміравання і эвалюцыі флоры, асаблівасці экалогіі і біялогіі відаў і родаў, структуру і склад папуляцый у экстрэмальных умовах росту; правёў таксанамічнае вывучэнне асобных відаў і родаў вышэйшых раслін. Тэарэтычна вырашыў праблемы паводзін відаў на межах арэалаў, распрацаваў навук. асновы выкарыстання і аховы біял. разнастайнасці расліннага свету, даследаваў заканамернасці міграцыі радыенуклідаў у прыродна-раслінных комплексах. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Обусловленность распространения и адаптация видов растений на границах ареалов. Мн., 1980;

Флора Белорусского Полесья: (современное состояние и тенденции развития). Мн., 1983;

Радиоактивное загрязнение растительности Беларуси (в связи с аварией на Чернобыльской АЭС). Мн., 1995 (у сааўт.);

Определитель высших растений Беларуси. Мн., 1999 (у сааўт.).

В.І.Парфёнаў.

т. 12, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАГО́НСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Голантарктычная біягеаграфічная вобласць. Уваходзіць у царства Натагею. Займае тэр. Пд Паўд. Амерыкі (Пд Аргенціны і Чылі) разам з архіпелагамі Вогненная Зямля, Хуан-Фернандэс, а-вы Фалклендскія, Кергелен, Кразе, Паўд. Георгія і інш. Больш як палавіна відаў флоры і фауны — эндэмікі.

Відавы склад раслін характэрны для стэпаў (пампасаў), паўпустынь і пустынь, з перавагай злакаў, кактусаў, азарэлы, болаксу і інш. Шмат лішайнікаў і мохападобных. Есць 10 эндэмічных сям. кветкавых раслін. Вільготныя лясы з паўд. бука трапляюцца пераважна на архіпелагах Вогненная Зямля і Чылаэ. Фауна даволі бедная. Тыповыя прадстаўнікі сярод наземных млекакормячых — вікунья, гуанака, грызуны нутрыя, шыншыла, віскаша, мара, тука-тука, цэналеставыя сумчатыя пацукі і мышы і інш.; з марскіх млекакормячых—ластаногія (марскі леапард, паўд. марскі слон і інш.), кіты. Сярод птушак эндэмічныя прадстаўнікі атр. пінгвінападобных, а таксама белыя сяўцы, калібры, тынаму, чарнашыі лебедзь і інш. Сярод паўзуноў—ігуаны, вужападобныя змеі і інш., з земнаводных — рынадэрмы, свістуны і інш. Прэснаводныя рыбы прадстаўлены пераважна відамі з атр. карпападобных (сям. харацынавыя), ласосепадобных (сям. галаксіевыя) і інш. З наземных беспазваночных характэрны шэраг эндэмічных жукоў-жужаляў, нагахвостак-калембал, матылёў і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Патагонская біягеаграфічная вобласць. Тыповыя прадстаўнікі фауны: 1 — свістун пяціпальцы; 2 — чырок оклендскі; 3 — тынаму вохрыстагаловы; 4 — тука-тука; 5 — мара; 6 — віскаша.

т. 12, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)