РА́БСТВА,

найбольш жорсткая форма эксплуатацыі, пры якой эксплуатуемы (раб) з’яўляецца маёмасцю свайго гаспадара-рабаўладальніка. Узнікла пераважна пасля пераходу чалавека да земляробства і жывёлагадоўлі; але існавала і ў некат. паўн.-амер. паляўнічых плямёнах. Верагодна, першыя рабы былі з ваеннапалонных. Найб. прымітыўнай формай Р. было паўсюдна пашыранае патрыярхальнае Р., калі рабы лічыліся бяспраўнымі членамі сям’і. У большасці выпадкаў патрыярхальнае Р. вызначалася адносна лёгкім становішчам раба. У першых дзяржавах Стараж. Усходу 3—2-га тыс. да н.э. [Егіпет часу Стараж. царства, Шумер, Стараж. Індыя і Кітай часу Шан (Інь)] найб. пашырэнне атрымала дзярж. Р., калі рабы выкарыстоўваліся на грамадскіх працах, у палацавай і храмавай гаспадарках; прыватнае Р. было нязначным. У больш позні час пашырылася прыватнае Р., у т. л. продаж у Р. за пазыкі. Законы Хамурапі (18 ст. да н.э.) рэгулявалі Р., гарантавалі рабам некат. вызначаныя правы (шлюбу, уладання пэўнай маёмасцю і інш.). Рабы выкарыстоўваліся пераважна ў хатняй гаспадарцы рабаўладальніка і не адыгрывалі вял. ролі ў эканоміцы ўсх. грамадстваў. У Стараж. Грэцыі і Рыме склалася класічнае ант. Р., цесна звязанае з таварнай вытворчасцю. З 5 ст. да н.э. Р. набывала ўсё большае значэнне ў гаспадарцы Грэцыі, пераважна ў рамястве, горнай справе і інш. Найб. росквіту інстытут Р. дасягнуў у Рым. дзяржаве. З часу позняй рэспублікі (2—1 ст. да н.э.) праца рабоў выкарыстоўвалася ва ўсіх галінах эканомікі. Буйныя рабаўладальнікі мелі тысячы рабоў. Іх становішча было вельмі цяжкае, яны не мелі ніякіх правоў, а рабаўладальнік меў права нават забіць свайго раба. Памяншэнне прытоку рабоў у перыяд імперыі прывяло да пэўнага паляпшэння іх становішча ў 2—4 ст. н.э. Неэфектыўнасць рабскай працы вяла да паступовай замены яе ў сельскай гаспадарцы працай залежных сялян-арандатараў. У час ранняга Сярэднявечча Р. ў краінах Еўропы адыгрывала важную, але не вядучую ролю ў гаспадарцы. У Візантыі Р. мела большае значэнне, чым на Захадзе. У Кіеўскай Русі Р. існавала ў патрыярхальнай форме ў перыяд станаўлення феад. ладу ў 9—11 ст. (гл. Халопы, Чэлядзь). Да 13 ст. Р. практычна знікла ў большасці краін Еўропы, хоць некат. італьян. гарады (Генуя, Венецыя і інш.) працягвалі гандаль рабамі і пазней. У краінах Паўд. і Усх. Азіі патрыярхальнае Р. існавала да ўзнікнення капіталізму. Шырокія памеры Р. набыло ў мусульм. краінах. У 16—18 ст. продаж у Р. людзей, захопленых у выніку набегаў на ўкр., бел. і рус. землі, быў найважн. крыніцай прыбыткаў Крымскага ханства; найб. яскравы нарыс пра гандаль рабамі ў Крыме змешчаны ў творы бел. аўтара 16 ст. М.Літвіна. З 16 ст., са стварэннем буйных плантацыйных гаспадарак у еўрап. калоніях Амерыкі, пачаўся ўвоз туды рабоў з Афрыкі, што набыло асабліва вял. маштабы ў 18 — пач. 19 ст. Да канца 18 ст. негры-рабы складалі б.ч. насельніцтва а-воў Вест-Індыі, Бразіліі і некат. рэгіёнаў ЗША. У 1807 Вялікабрытанія, пазней інш. еўрап. дзяржавы і ЗША прынялі законы, якія забаранялі гандаль рабамі, хоць нелегальны ўвоз рабоў працягваўся. У 1833—38 Р. скасавана ў брыт., пасля 1848 — у франц. калоніях. У Паўн. Амерыцы Р. скасавана ў выніку грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1888 апошняй з амер. краін Р. скасавала Бразілія. Брусельскі акт 1890 афіцыйна забараніў любы гандаль рабамі. Аднак Р. працягвала існаваць у некат. краінах Азіі і Афрыкі да сярэдзіны 20 ст. (напр., Эфіопія скасавала Р. ў 1942, Саудаўская Аравія — у 1962). У 1926 Ліга Нацый прыняла канвенцыю аб Р. з патрабаваннем поўнага яго скасавання. На яе аснове Міжнародная арганізацыя працы падрыхтавала Канвенцыю аб прымусовай працы 1930, якая абавязала ўсе краіны скасаваць усе формы прымусовай працы. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараняе Р. ва ўсялякіх формах. У 1956 міжнар. канферэнцыя ў Жэневе прыняла дадатковую канвенцыю аб барацьбе з Р., гандлі рабамі, скасаванне інстытутаў і звычаяў, падобных да Р.

Літ.:

Кузищин В.И. Античное классическое рабство как экономическая система. М., 1990;

Штаерман Е.М. Расцвет рабовладельческих отношений в Римской республике. М., 1964;

Greenidge G.W. Slavety. London, 1958.

В.​У.​Адзярыха.

т. 13, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧНЫ́ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту для перавозак пасажыраў і грузаў па ўнутр. водных шляхах (рэках, азёрах, вадасховішчах, каналах). Судны Р.т. паводле прызначэння падзяляюцца на транспартныя, тэхнічныя і дапаможныя. Да транспартных суднаў належаць пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя судны, штурхачы і буксірныя судны. Тэхнічны флот складаецца з суднаў для правядзення пуцявых работ, службова-дапаможныя судны — ледаколы, паромы, плывучыя краны, таксама парты, прыстані, брандвахты, рамонтныя майстэрні, рамонтна-эксплуатац. базы і інш. Рачныя судны бываюць самаходныя (параходы, цеплаходы, электраходы і інш.) і несамаходныя (баржы, баркасы, ліхтэры і інш.). Вылучаюцца магістральныя рачныя шляхі, у т. л. міжнародныя, якія абслугоўваюць знешнегандл. перавозкі некалькіх дзяржаў (напр., рэкі Дунай, Одэр, Рэйн, Амур, Парагвай, Нігер), міжраённыя, што абслугоўваюць перавозкі паміж буйнымі раёнамі ўнутры краіны (напр., рэкі Волга, Янцзы, Місісіпі), і мясцовыя, якія абслугоўваюць унутрыраённыя сувязі. Р.т. у многіх краінах мае шэраг пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту — меншыя затраты на суднаходства і ніжэйшы сабекошт перавозак.

Узнік за тысячы гадоў да н.э. ў Месапатаміі, Стараж Егіпце, Кітаі 1 інш. Напачатку выкарыстоўваліся грабныя і ветразевыя судны. У 12—14 ст. з ростам гарадоў, размешчаных на рэках, і развіццём гандлю павялічваліся перавозкі грузаў па вадзе Буд-ва шлюзаваных рачных шляхоў (16 ст.) значна палепшыла суднаходства. У развіцці Р.т., падзешаўленні рачных перавозак вял. ролю адыграла выкарыстанне на суднах паравога рухавіка (19 ст.). У Расіі першыя штучныя водныя сістэмы пабудаваны ў 18 — пач. 19 ст., паравое рачное суднаходства пачало развівацца з 1815, на Украіне — з 1823. У 1857 арганізавана «Рускае таварыства параходства і гандлю».

Р.т. развіты ў многіх краінах свету. У ЗША нафта і нафтапрадукты, вугаль, мінер.-буд. і інш. грузы перавозяцца па рэках бас. Місісіпі, якія злучаны каналамі з Вялікімі азёрамі, маюць выхад праз р. Гудзон да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. У Канадзе грузаперавозкі ажыццяўляюцца па Вялікіх азёрах і р. Св. Лаўрэнція. У Зах. Еўропе Р.т. найб. развіты ў Германіі (Рэйн. Эльба, Одэр і сістэмы каналаў, якія злучаюць іх), Францыі і Нідэрландах. Для сувязей паміж краінамі Паўд.-Усх. Еўропы вялікае значэнне мае Дунай. На Украіне Р.т. развіты на Дняпры. Р.т. мае вял. значэнне для Кітая (Янцзы, Хуанхэ, Вялікі канал), Індыі і Бангладэш (Ганг і Брахмапутра, шматлікія пратокі іх агульнай дэльты), Пакістана (Інд), краін Паўд.-Усх. Азіі (Іравадзі, Меконг і інш.), Бразіліі (Амазонка з прытокамі), Аргенціны (Ла-Плата з прытокамі), краін Афрыкі (Конга, Нігер, Ніл) і інш.

На Беларусі воднымі шляхамі карысталіся са стараж. часоў для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па рэках Дняпро і Зах. Дзвіна праходзіў шлях «з варагаў у грэкі». Па рэках Прыпяць і Зах. Буг ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У 1920—30-я г. Р.т. ператварыўся ў развітую галіну нар. гаспадаркі. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс. км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял. Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 Р.т. адноўлены. Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад р. Прыпяць да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл.). Рачныя зносіны ажыццяўляюцца па рэках Дняпро, Гарынь, Прыпяць, Сож, Бярэзіна (прыток р. Дняпро), Нёман, Зах. Дзвіна. Агульная працягласць эксплуатуемых водных шляхоў у канцы 20 ст. склала каля 2500 км. Рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот Р.т. прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе», глісіраваныя «Зара» і інш. У экскурсійна-прагулачных мэтах выкарыстоўваюцца спецыялізаваныя судны «Масква». У 1998 перавезена 141 тыс. пасажыраў.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНГАПУ́Р (малайскае Singapura, англ. Singapore),

Рэспубліка Сінгапур (малайскае Republik Singapura, англ. Republic of Singapore), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на в-ве Сінгапур (пл. 570 км²) і прылеглых дробных астравах (каля 50), каля паўд. берагоў п-ва Малака. Джахорскім прал. (перасечаны дамбай з чыгункай, шашой і магістральным водаправодам) аддзелены ад тэр. Малайзіі, Сінгапурскім — ад Інданезіі. Пл. 648 км². Нас. 4151,3 тыс. чал. (2000). Дзярж. мовы — малайская, кітайская, англійская, тамільская. Сталіца — г. Сінгапур. Нац. свята — Нацыянальны дзень (9 жн.).

Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Чл. Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1991 (з папраўкай 1993). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на прамых усеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Аднапалатны парламент выбіраецца на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Рэльеф раўнінны (выш. да 176 м). Клімат экватарыяльны мусонны, гарачы і вільготны. Т-ра ўвесь год 26—28 °C. Выпадае каля 2500 мм ападкаў за год. Амаль уся тэрыторыя забудавана, ёсць паркі і скверы. Захаваліся невял. балоты, рэшткі трапічных лясоў (каля 5% тэр.), каля берагоў мангравыя зараснікі. Ёсць некалькі рэзерватаў, запаведнік на г. Букітымах, сусв. вядомы бат. сад.

Насельніцтва. Жывуць кітайцы (76%), малайцы (15%), выхадцы з Паўд. Азіі, пераважна тамілы (7%), еўрапейцы (англічане, французы, партугальцы), нашчадкі ад мяшаных шлюбаў еўрапейцаў з прадстаўнікамі азіяцкіх народаў, арабы і інш. Вернікі — будысты, канфуцыянцы, мусульмане, індуісты, хрысціяне. Сярэднегадавы прырост каля 1 % за год. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва больш за 6400 чал. на 1 км², адна з найб. у свеце. Усё насельніцтва гарадское, жыве ў г. Сінгапур (3567 тыс. ж.), суседніх гарадах і пасёлках. У прам-сці занята 25,6% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 1%, у фінансах і банкаўскай справе — 33,5%, у буд-ве — 6,6%, у кіраванні і абслуговых галінах — 33,3%.

Гісторыя. У сярэдневякоўі тэр. С. ўваходзіла ў склад розных малайска-інданез. дзяржаў (Шрывіджаі. Малакскага султаната і інш). Пасля войнаў 13—14 ст. да пач. 19 ст. яна амаль незаселена. У 1819 брыт. губернатар Явы Т.​С.​Рафлз выкупіў в-аў Сінгапур у султана Джахора, заснаваў тут факторыю С., вакол якой вырас горад — адзін з найб. гарадоў Паўд.-Усх. Азіі; з 1826 асобная калонія Вялікабрытаніі. У 1942—45 С. акупіраваны яп. войскамі. У 1954 створана Партыя нац. дзеяння (ПНД). У 1959 С. атрымаў самакіраванне. У 1963—65 у складзе Федэрацыі Малайзія, з 9.8.1965 — незалежная дзяржава. Урад ПНД (напачатку на чале з прэм’ер-міністрам Лі Куан Ю, з ліст. 1990 — Го Чок Тонгам) ажыццяўляе палітыку прыцягнення замежнага капіталу і развіцця рыначнай эканомікі, што прывяло да хуткага эканам. росту С. і ператварэння яго да пач. 1990-х г. у адну з найб. развітых краін Азіі. С. — чл. ААН (з 1965), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны паміж С. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1992. Гал. паліт. партыя — Партыя нац. дзеяння, інш. партыі не адыгрываюць значнай ролі ў паліт. жыцці С.

Гаспадарка. С. — найб. развітая ў эканам. адносінах краіна Паўд.-Усх. Азіі. Разам з Тайванем і Паўд. Карэяй трывала ўваходзіць у лік «новых індустр. краін». Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 91,7 млрд. дол., каля 22 100 дол. на душу насельніцтва (2000). У прам-сці ствараецца каля 30% ВУП, у транспарце і сувязі — 13%, у сельскай гаспадарцы — 0,2%, у сферы абслугоўвання каля 57%. С. — буйны рэгіянальны і міжнар. цэнтр гандлю, фінансаў, маркетынгу, паслуг і распрацовак найноўшых тэхналогій, важнейшы трансп. і камунікацыйны вузел Паўд.-Усх. Азіі. Аснова эканомікі — традыц. знешнегандл. аперацыі (гал. чынам рээкспарт) і экспартныя галіны прам-сці (на імпартнай сыравіне). У прам-сці 3 групы галін: суднабудаванне і суднарамонт (2-е, пасля ЗША, месца ў свеце па вытв-сці перасоўных буравых установак для распрацоўкі марскіх радовішчаў нафты), нафтаперапрацоўка (5 з-даў сумарнай магутнасцю перапрацоўкі 60 млн. т нафты за год, 3-е месца ў свеце) і нафтахімія; электроніка, радыё- і электратэхніка (персанальныя камп’ютэры, інтэгральныя схемы, перыферыйныя сістэмы, абсталяванне аўтаматызаванага праектавання, сродкі навігацыі і сувязі, фотаоптыка, гадзіннікі і інш.), зборка і рамонт самалётаў, аўтамабіляў, матацыклаў, веласіпедаў; лёгкая (тэкст., швейная, трыкатажная) і харчовая. Вытв-сць электраэнергіі 28 млрд. кВт∙гадз (1999), усе электрастанцыі цеплавыя, працуюць на вадкім паліве. Захавалі сваё значэнне традыц. галіны: волаваплавільная, перапрацоўка каўчуку і гумавая прам-сць, дрэваапрацоўка. Дзейнічаюць старэйшы ў Паўд.-Усх. Азіі металург. з-д поўнага цыкла, інш. прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі. Высокаразвітая ваен. прам-сць, прадукцыя якой ідзе пераважна на экспарт (стралковая зброя, патрульныя марскія катэры, радыёапаратура, боепрыпасы і інш.). Рээкспарт каўчуку, волава, копры, драўніны, вострых прыпраў (найб. перцу). Развіта аказанне разнастайных інфарм., фін., тэхнал., мед. і турыстычных паслуг. С. — буйны фін. цэнтр (саступае толькі Лондану, Нью-Йорку і Токіо). Працуюць валютныя і фондавыя біржы, 141 банк, у т. л. 128 замежных. Праводзяцца буйныя міжнар. гандл.-прамысл. выстаўкі, навукова-тэхн. сімпозіумы і канферэнцыі. Штогод С. наведвае больш за 7 млн. турыстаў з суседніх краін, Японіі, Кітая, ЗША і інш. У 1998 даход ад турызму склаў 5,79 млрд. дол. Сельская гаспадарка мае другаснае значэнне. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 тыс. га. Вырошчваюць гевею, какосавую пальму, вострыя прыправы, тытунь, агародніну, садавіну, кветкі. Развіты свінагадоўля (у 1997—190 тыс. свіней) і птушкагадоўля (2 млн. курэй). Марское рыбалоўства (штогадовы ўлоў 13—15 тыс. т рыбы). Транспарт пераважна марскі. У С. — буйнейшы ў рэгіёне транзітны марскі порт (прымае за суткі ў сярэднім 150 суднаў, 2-гі ў свеце пасля Ротэрдама па грузаабароце). У порце — зона свабоднага гандлю. Марскі флот налічвае больш за 500 суднаў. Даўж. чыгункі 38,6 км, аўтадарог і вуліц 3017 км. У краіне 379,5 тыс. легкавых, 140,8 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Аэрапорт Чангі — адзін з найбуйнейшых у свеце. Трубаправодны транспарт заняты транспарціроўкай пітной вады з Малайзіі і Інданезіі. У 1998 экспарт склаў 128 млрд. дол., імпарт — 133,9 млрд. дол. Экспартуюцца і рээкспартуюцца нафтапрадукты (8% сусв. гандлю імі), вылічальная тэхніка і радыётэлевізійнае абсталяванне (каля 14% сусв. аб’ёму), камунікацыйнае і офіснае абсталяванне, марскія судны і платформы, хім. прадукты, машыны і абсталяванне, каўчук, тэкст. і швейныя вырабы, алей, лесаматэрыялы, волава і інш. У імпарце пераважаюць сыравінныя тавары і харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Малайзія (19% экспарту, 15% імпарту), ЗША (18% і 15% адпаведна), Японія (21% імпарту), Інданезія, Кітай, Тайланд, Паўд. Карэя і інш. Грашовая адзінка — сінгапурскі долар.

З.​М.​Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сінгапура.
Да арт. Сінгапур (дзяржава). Жылыя кварталы г. Сінгапур.

т. 14, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БЫ (саманазва аль-араб),

група народаў, асн. насельніцтва араб. краін Зах. Азіі і Паўн. Афрыкі. Жывуць таксама ў Іране, Турцыі, Ізраілі, Самалі, Эфіопіі і інш., значныя групы арабаў-эмігрантаў жывуць у Паўд. і Паўн. Амерыцы, Францыі і інш. Агульная колькасць больш за 175 млн. чал. (1987). Гавораць на арабскай мове. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты, частка — шыіты, абадзіты, друзы, ёсць і хрысціяне. Гл. таксама Алжырскія арабы, Егіпецкія арабы, Іракскія арабы, Йеменскія арабы, Ліванскія арабы, Лівійскія арабы, Мараканскія арабы, Суданскія арабы.

Мяркуецца, што семіцкія плямёны, якія далі пачатак араб. народам, аўтахтонныя жыхары Аравійскага п-ва. У 1-м тыс. да н. э. ўзніклі першыя араб. дзяржавы Пальміра, Набатэя і Ліх’ян (на Пн Аравіі), у 5—6 ст. н. э. — Гасан і Лахм (на Пд Аравіі), Кінда (Цэнтр. Аравія). У гэты час пачаўся працэс фарміравання араб. народа. Тагачасныя арабы знаходзіліся на стадыі разлажэння племяннога ладу, хоць патрыярхальна-радавыя адносіны і племянныя сувязі захоўваліся яшчэ вельмі доўга. З 1-й пал. 7 ст. ўзмацнілася пранікненне арабаў у суседнія краіны. У выніку арабскіх заваяванняў утварыўся велізарны Арабскі халіфат (гл. Халіфат), які ахопліваў тэр. ад Індыі да Атлантычнага ак. і ад Сярэдняй Азіі да Цэнтр. Афрыкі. Заваяванае насельніцтва, асабліва ў Паўн. Афрыцы, прыняло мову, рэлігію (іслам), элементы матэр. і духоўнай культуры арабаў і было хутка арабізавана. Разам з тым і арабы многае ўзялі з культуры заваяваных народаў. У выніку склалася своеасаблівая арабская культура, якая зрабіла вял. ўплыў на сусв. культуру. Створаны сілай зброі Арабскі халіфат у 9—10 ст. распаўся на Багдадскі (гл. Абасідаў халіфат), Каірскі (гл. Фатымідаў халіфат), Кардоўскі халіфат, а пазней на больш дробныя халіфаты, эміраты, княствы. У 16 ст. араб. краіны Пярэдняй Азіі (акрамя значнай ч. Аравійскага п-ва) і Паўн. Афрыкі (за выключэннем Марока) увайшлі ў Асманскую імперыю. З 19 ст. араб. землі — арэна барацьбы паміж калан. дзяржавамі, а ч. тэр. Марока захоплена Партугаліяй яшчэ ў 15—16 ст. Вызваленчая барацьба арабаў, якая не спынялася і ў 19 — 20 ст., прынесла араб. краінам дзярж. незалежнасць.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЫКА́НСКІЯ САБО́РЫ,

сходы (з’езды) вышэйшых іерархаў каталіцкай царквы ў Ватыкане.

І Ватыканскі сабор (ці XX Усяленскі, гл. Усяленскія саборы) скліканы папам Піем IX у 1869—70. Прысутнічалі 764 прадстаўнікі ад краін Еўропы і Амерыкі. 21.4.1870 сабор прыняў «Дагматычную канстытуцыю пра каталіцкую веру», у якой асуджаліся рацыяналізм, пантэізм, матэрыялізм і атэізм як важнейшыя віды новага нявер’я і зацвярджаліся каноны веры (у Бога-творцу, стварэнне свету, цуды і інш.). 18 ліп. прынята «Першая дагматычная канстытуцыя пра царкву Хрыста», у якой вызначаліся прынцыпы вяршэнства папы над царквой. У якасці дадатку да канстытуцыі сабор прыняў дэкрэт аб бязгрэшнасці папы ў пытаннях веры і маралі. Работа I Ватыканскага сабора не была завершана ў сувязі з ліквідацыяй у 1870 Папскай дзяржавы (гл. Папская вобласць). II Ватыканскі сабор (ці XXI Усяленскі) скліканы папам Іаанам XXIII (кіраваў 1-й сесіяй) і заканчваў работу пад кіраўніцтвам папы Паўла VI. Сесіі сабора праходзілі на працягу 4 гадоў: 11.10—8.12.1962, 29.9—4.12.1963, 14.9—21.11.1964 і 11.9—7.12.1965. У перапынках паміж сесіямі працавалі шматлікія камісіі. У саборы ўдзельнічалі 2500 іерархаў каталіцкай царквы. Задачы, якія вырашалі ўдзельнікі сабора: унутранае абнаўленне царквы ў веры і маральнасці; імкненне да адзінства ўсіх хрысціян; абнаўленне ўсіх галін дзейнасці царквы і прыстасаванне яе да сучасных умоў жыцця. II Ватыканскі сабор прыняў 16 дакументаў, якія ўвасобілі новае самавызначэнне царквы, — 4 канстытуцыі (веравучэнні), 9 дэкрэтаў (павучанняў) і 3 дэкларацыі. Асн. ідэі, закладзеныя ў гэтых дакументах: адкрытасць у адносінах да грамадства; гатоўнасць да дыялогу з няверуючымі, інш. рэлігіямі, навукоўцамі; экуменічны кірунак, які засцерагае ад стварэння новых міжканфесіянальных бар’ераў; зварот да Свяшчэннага Пісання; разуменне патрэбы абнаўлення і інш. Вялікае значэнне мела канстытуцыя «Пра святую Літургію», якая ўводзіла богаслужэнне на роднай мове. Экуменічны характар сабора выявіўся ў прысутнасці на ім назіральнікамі прадстаўнікоў ад 28 дэнамінацый, стварэнні на перыяд яго дзейнасці сакратарыятаў па справах нехрысціянскіх веравызнанняў і кантактаў з няверуючымі, а таксама ў скасаванні ўзаемных анафем усх. і зах. цэркваў 1054. На саборы прысутнічалі таксама католікі, якія не мелі духоўнага звання, і жанчыны — прадстаўніцы Акцыі каталіцкай.

Літ.:

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

т. 4, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБ (польск. herb ад ням. Erbe спадчына), сімвалічная эмблема, візуальны адпаведнік пэўнай асобы, роду, горада, дзяржавы. Узніклі ў канцы 11—12 ст. ў час крыжовых паходаў. Крыніцамі гербавых эмблем найчасцей былі пячаткі, вядомыя са старажытнасці. Ранні герб меў выгляд шчыта з выявай (гал. атрыбут), потым у яго ўвайшлі шлем, клейнод (фігура на шлеме), намёт (напачатку — намочаная тканіна, якой закрывалі шлем ад сонца), карона. У познім сярэдневякоўі ў гербе з’явіліся неабавязковыя элементы — шчытатрымальнікі, стужкі з дэвізам, ордэны. Гербавыя выявы падзяляюцца на фігуры геральдычныя (1-га і 2-га парадку) і звычайныя (натуральныя і штучныя). Гербавыя шчыты маюць розную форму і паходжанне, назвы іх тыпаў утвораны ад тых краін, дзе яны атрымалі найб. распаўсюджанне. У гербе змяшчаюць кароны: княжацкія, графскія, шляхецкія і інш. Колеры ствараюць фарбамі (чырвоная, блакітная, зялёная, пурпуровая, чорная) і металамі (золата — жоўты, серабро — белы), скарыстоўваецца таксама футра (гарнастая і вавёркі). Існуюць сістэмы перадачы колераў і футра штрыхоўкай пры чорна-белым адлюстраванні герба. У гербе бел. шляхты пераважаюць блакітныя і чырв. фарбы. У ВКЛ гербы з’явіліся ў 2-й пал. 14 ст., найб. старажытны вядомы на пячатцы баярына Вайдылы (1380). Легендарная частка літ.-бел. летапісаў згадвае герб «Кітаўрус», «Калюмны», «Урсін», «Ружа» і «Пагоня». У сярэдневякоўі герб быў знакам шляхціца і яго ўлады на пэўнай тэрыторыі. Калі гэта ўлада трымалася працяглы час, герб замацоўваўся ў якасці зямельнага або дзяржаўнага і выконваў сваю функцыю нават пры ўладзе інш. феадала. Пазней узніклі гербы каталіцкіх ордэнаў і гарадоў. Герб вывучае геральдыка, зборы гербаў называюцца гербоўнікамі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Элементы герба. Кароны: 1 — імператарская расійская; 2 — каралеўская; 3 — княжацкая; 4 — графская; 5 — баронская французская; 6 — шляхецкая; 7 — гарадская расійская. Шчыты: 8, 9 — нарманскія (фігуры — слуп, пас); 10 — французскі (фігура — спалучэнне слупа і паса); 11 — іспанскі (фігура — перавязь); 12 — італьянскі (фігура —кроква); 13 — нямецкі (фігура — падножжа); 14 — дамскі (фігура — вяршыня). Асноўныя гербавыя колеры: 15 — чырвоны; 16 — блакітны; 17 — зялёны; 18 — пурпурны; 19 — чорны; 20 — сярэбраны; 21 — залаты.
Герб «Налэнч» графаў Рачынскіх, яго элементы: 1 — клейнод; 2 — кароны; 3 — шлем (прылбіца); 4 — намёт; 5 — шчыт; 6 — шчытатрымальнікі; 7 — стужка з дэвізам.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЭНЕРГЕ́ТЫКА (ад гідра... + энергетыка),

галіна энергетыкі, звязаная з выкарыстаннем мех. энергіі воднага патоку пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі. Аснова гідраэнергетыкі — гідраэнергетычныя рэсурсы, якія адносяцца да ўзнаўляльных. Электраэнергія выпрацоўваецца на гідраўлічных электрастанцыях (ГЭС), акумулятыўных і прыліўных ГЭС. Гідраэнергетыка значна менш за інш. віды энергетыкі забруджвае навакольнае асяроддзе, аднак гідратэхн. збудаванні, асабліва плаціны, нярэдка выклікаюць парушэнне экалагічнай раўнавагі.

Са старажытнасці чалавек выкарыстоўвае энергію цякучай вады для прывядзення ў рух вадзянога кола на млынах — першых гідрасілавых установак, якія захаваліся да нашых дзён. Да вынаходства паравой машыны вадзяное кола было асн. рухавіком у вытв-сці на металургічных, лесапільных, ткацкіх і інш. прадпрыемствах. Новае значэнне набыла гідраэнергетыка ў 1-й пал. 19 ст., калі былі вынайдзены гідраўлічная турбіна, электрамашына і спосабы перадачы эл. энергіі на вял. адлегласці. У канцы 19 ст. пачалося асваенне гідраэнергіі на ГЭС у ЗША, Расіі, Германіі, гідраэнергетыка аформілася ў самаст. галіну энергетыкі. У 1913 устаноўленая магутнасць усіх ГЭС Расіі (іх было 78) не перавышала 35 МВт; у ЗША працавала ГЭС Адамс на Ніягарскім вадаспадзе магутнасцю 37 МВт. У 1-й пал. 20 ст. доля гідраэнергетыкі ў сусв. выпрацоўцы электраэнергіі хутка расла, але з 1960 пачала сістэматычна скарачацца.

У 1994 у свеце выпрацавана 12,1 трлн. кВт∙гадз электраэнергіі, з іх 17% на ГЭС. У некат. краінах доля воднай энергіі ў выпрацоўцы электраэнергіі можа быць значнай. Паводле некаторых даных яна можа быць большай за 90% у Парагваі, Нарвегіі, Гане, Бразіліі і інш. Сярод краін СНД адносна высокую долю ГЭС у вытв-сці электраэнергіі маюць Таджыкістан (97%) і Кіргізія (91%). На Беларусі гідраэнергетыка дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі (1995). Устаноўленая магутнасць 11 буйных ГЭС у сярэдзіне 1970-х г. дасягала 10 МВт, аднак з развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы частка іх закансервавана і перастала дзейнічаць. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт), Лукомская на р. Лукомка (500 кВт). Устаноўленая магутнасць 9 дзеючых ГЭС 6,8 МВт, яны выпрацоўваюць 20 млн. кВт∙гадз электраэнергіі (1995).

В.​М.​Сасноўскі.

Да арт. Гідраэнергетыка. Чарвакская ГЭС на р. Чырчык у Узбекістане.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУІ́ЗМ,

збор светапоглядных падыходаў, рэліг.-філас. поглядаў і сац. дактрын, што сфарміраваліся ў Індыі ў 1-м тыс. н.э. на аснове ведычнай рэлігіі, касмалогіі, брахманізму, асіміляваных элементаў мясц. неарыйскіх культаў і інш. рэліг. сістэм. У аснове аб’яднання ў І. самых розных вераванняў і культаў (ад пантэістычных да монатэістычных) — прызнанне аўтарытэту Вед. Асн. паняцці: атман (абсалютны і субстанцыянальны суб’ект), карма (закон прычынна-выніковых сувязей адносна лёсу чалавека), сансара (ланцуг перараджэнняў, якасць якіх залежаць ад кармы), мокша (вызваленне ад ланцуга перараджэнняў, набыццё дасканаласці, зліццё з Богам, Абсалютам), йога (метады дасягнення зліцця з Богам, Абсалютам). І. абумоўлены падзел індыйскага грамадства на варны (саслоўі) і джаты (касты), а таксама сістэма варнашрама (уключае 4 стадыі жыцця чалавека: вучнёўства, перыяд гаспадара, адасабленне для роздуму і пустэльніцтва). Рэліг. л-ра І. падзяляецца на адкравенні (шруці) і паданні (смрыці). Да першых адносяцца Веды, брахманы (жрэцкая л-ра), араньякі (медытатыўна-йогавыя настаўленні), упанішады (філас. каментарыі да тэкстаў Вед). У смрыці ўваходзяць кнігі эпасаў «Махабхарата» і «Рамаяна», пураны (багаслоўскія творы), іціхасы (гіст. творы). Асн. рэліг. кірункі І. — вішнуізм і шываізм. Культавыя абрады праводзяцца ў храмах, мясцовых і хатніх алтарах, у свяшчэнных месцах. Жыццё паслядоўнікаў І. рэгламентавана сістэмай сямейнай і каляндарнай абраднасці. У традыцыі рэліг.-філас. школ Індыі артадаксальнымі лічацца тыя, што прызнаюць аўтарытэт Вед н’яя, вайшэйшыка, санкх’я, йога, міманса, веданта; неартадаксальнымі — традыцыі джайнізм, будызм і чарваку (не прызнаюць аўтарытэта Вед). Пад уплывам еўрап. культуры, з канца 18 ст. ў І. пачаліся рэформы па змякчэнні яго сац. дактрыны (Р.​Рай, Д.​Сарасваты, Рамакрышна, С.​Вівекананда, А.​Гхош). На рубяжы 19—20 ст. некаторыя кірункі мадэрнізаванага І. пачалі пранікаць у Еўропу і Амерыку, у 1960—70-я г. распаўсюдзіліся сярод моладзі зах. краін. У пач. 1990-х г. на Беларусі зарэгістравана абшчына вайшнаваў, створана Т-ва ведычнай культуры.

Літ.:

Боги, брахманы, люди: Четыре тысячи лет индуизма: [Пер. с чеш.]. М., 1969;

Пандей Р.Б. Древнеиндийские домашние обряды (обычаи): Пер. с англ. 2 изд. М., 1990;

Гусева Н.Р. Индуизм: История формирования. Культовая практика. М., 1997.

А.​У.​Гурко.

Да арт. Індуізм. Індуісцкі храм багіні Лакшмі і бога Нараяна ў Дэлі. 1970-я г.

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКУНА́БУЛЫ (ад лац. incunabula калыска, пачатак),

друкаваныя выданні, выпушчаныя ў ранні перыяд кнігадрукавання; умоўна — кнігі, выдадзеныя ад першых спроб І.Гутэнберга (1440-я г.) да 1.1.1501.

У гэты перыяд у Зах. і Цэнтр. Еўропе дзейнічала 1099 друкарняў у 246 гарадах, якія выдалі каля 12 млн. экз. кніг (больш за 40 тыс. назваў). Сярэдні іх тыраж — 300, асобных — 1000 і больш экз. Першапачаткова І. вонкавым выглядам нагадвалі рукапісныя кнігі (адсутнасць тытульнага ліста, выхадныя звесткі ў канцы тэксту ў калафоне, рукапіснае афармленне ініцыялаў, рубрык-заставак). Паступова яны набылі рысы друкаванай кнігі. Друкавалі І. пераважна гатычным шрыфтам. Пры наборы выданняў ант. аўтараў і пісьменнікаў-гуманістаў карысталіся шрыфтам лац. алфавітнай сістэмы, у 1480—90-я г — глаголіцай і кірыліцай.

І. зберагаюцца ў буйнейшых навук. кнігазборах свету, у дзярж., акад., універсітэцкіх б-ках. Вядзецца іх міжнар. ўлік і апісанне; выдадзены «Зводны каталог інкунабулаў» (т. 1—8, 1925—76), выходзяць нац. каталогі І. І. бел. паходжання няма, але яны вядомы на Беларусі з 15—16 ст. Найчасцей іх прывозіла з інш. краін моладзь, якая вучылася ў Кракаве, Лейпцыгу, Падуі, Балонні і інш. Паводле каталогаў 16—18 ст. І. меліся ў б-ках манастыроў, навуч. устаноў, кнігазборах прыватных асоб. Захаваліся І. з б-кі Радзівілаў (11 з іх у б-цы Рас. АН), з б-кі Храптовічаў у Шчорсах (3). У б-ках Вільнюса захоўваецца больш за 100 І. з розных гарадоў Беларусі, у т. л. з Гродна (з б-к кляштараў дамініканцаў і кармелітаў, езуіцкага калегіума), з Нясвіжа, Слоніма, в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на, Жыровіцкага манастыра базыльян (Слонімскі р-н), з манастыроў Полацка, Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі і інш. Шмат І. зберагалася ў прыватных калекцыях магнатаў. 42 экз. І. зберагаюцца ў Нац. б-цы Беларусі, 4 — у Цэнтр. навук. б-цы Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Люблинский В.С. Научное значение инкунабулов // Каталог инкунабулов. М.; Л., 1963;

Инвентарь инкунабулов. Вып. 1—5. М., 1939—85.

Л.​І.​Збралевіч.

т. 7, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЛЕ́ВЕЛЬ ((Lelewel) Іаахім) (22.3.1786, Варшава — 29.5.1861),

польскі гісторык, паліт. дзеяч. Скончыў Віленскі ун-т (1808). У 1815—18 выкладчык, 1821—24 праф. Віленскага ун-та (звольнены ў сувязі з працэсам філарэтаў). У 1828—31 дэпутат сейма. У час паўстання 1830—31 у складзе Часовага ўрада, старшыня Патрыятычнага таварыства. З 1831 у Парыжы, узначальваў Польскі нац. к-т, з 1833 у Бруселі, чл. кіраўніцтва падп. рэв. «Саюза дзяцей польскага народа» (1935), кіраўнік і ідэолаг «Аб’яднання польскай эміграцыі» (1837—46), пасля яго роспуску чл. Польскага дэмакратычнага таварыства. Заклікаў да аб’яднання міжнар. дэмакр. сіл, падтрымаў ініцыятыву заснавання ў Бруселі міжнар. Дэмакратычнай асацыяцыі (1847). Даследаваў гісторыю Польшчы, Беларусі, інш. краін. У сваіх працах развіваў новы погляд на гісторыю Польшчы. Насуперак манархічнай інтэрпрэтацыі лічыў, што рэсп. ідэі і звязаныя з імі каштоўнасці (свабода, роўнасць, братэрства) з’яўляюцца асн. рысамі польскага нац. духа і вызначаюць ход гіст. працэсу. У шляхецкім рэспубліканізме бачыў увасабленне, хоць і абмежаванае, найістотнейшых прынцыпаў польск. гісторыі. Крытыкаваў запрыгоньванне сялян, тлумачыў яго чужымі манархічнымі ўплывамі. Інтэрпрэтацыя Л. супярэчыла канцэпцыям франц. рэфарматараў гіст. навукі (А.​Цьеры, Ф.​Гізо і інш.). У «Гісторыі Літвы і Русі аж да уніі з Польшчай у Любліне» (1839) побач з Вял. Ноўгарадам паставіў сярэдневяковую «рэспубліку» Полацк, пісаў пра ўсх.-слав. культуру, значэнне старабел. мовы ў ВКЛ; разам з І.Даніловічам выдаў Статут ВКЛ 1529 на тагачаснай бел. мове. Сярод прац: «Панаванне Станіслава Аўгуста» (1831), «Народы на славянскіх землях да ўзнікнення Польшчы» (1853), «Заўвагі па гісторыі Польшчы і яе народа» (1855); «Лекцыі па ўсеагульнай гісторыі» (т. 1—4, 1850). Даследаваў стараж. і сярэдневяковую геаграфію («Вывучэнне старажытнасці з пункту гледжання геаграфіі», 1818; «Геаграфія сярэдніх вякоў», т. 1—5, 1852—57). Займаўся метадалогіяй гісторыі («Гісторыка», 1815), гістарыяграфіяй («Гісторыя гісторыі, яе даследаванняў і мастацтва», надрук. ў 1964). Заклаў асновы сучаснай навукі пра кнігу («Дзве бібліяграфічныя кнігі», т. 1—2, 1823—26; «Гісторыя бібліятэк», 1827).

Тв.:

Dzieła. T. 1—8, 10. Warszawa, 1957—72.

Літ.:

Kieniewicz S. Joachim Lelewel. Warszawa, 1990;

Krzemiéniecki L. Joachim Lelewel: Narodowy portret sztukmistrza. Wrocław, 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

І.Лялевель.

т. 9, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)