сістэма двухбаковай электрасувязі паміж двума абанентамі па адным фіз. ланцугу ці па адным канале сувязі, пры якой прыём і перадача паведамленняў праводзіцца пачаргова. Пры тэлеф. С.с. для двухбаковай перадачы паведамленняў карыстаюцца спец. прыладамі для змены напрамку перадачы (уручную — кнопкай, аўтаматычна — ад голасу). Гл.таксама Дуплексная сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМПТО́М (ад грэч. symptōma супадзенне, прыкмета),
характэрнае праяўленне або прыкмета хваробы. Бываюць С. суб’ектыўныя, пра якія хворы паведамляе ўрачу (напр., боль, слабасць), і аб’ектыўныя (вызначаюцца ўрачом у час абследавання); агульныя, характэрныя для многіх хвароб (напр., павышэнне т-ры) і патагнаманічныя, характэрныя толькі для пэўнага захворвання (напр., болі ў вобласці паясніцы пры хваробе нырак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРАГЕНЕРА́ТАР,
электронная прылада (генератар), якая выпрацоўвае імпульсы зададзенай формы і з пэўнымі часавымі зрухамі паміж імі. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійнай апаратуры (на тэлецэнтрах) для фарміравання сінхранізавальных (радковых і кадравых) і тушыльных (для выключэння электроннага праменя на час адваротнага ходу разгорткі) імпульсаў кіравання работай прылад разгорткі відарысаў, а таксама ў апаратуры многаканальнай сувязі з часавым раздзяленнем каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́РАСЦЬ РЭА́КЦЫІў хіміі,
колькасная характарыстыка інтэнсіўнасці рэакцыі хімічнай; асн. паняцце кінетыкі хімічнай. Вызначаецца змяненнем колькасці часціц (малекул, іонаў) кожнага рэчыва, што прымае ўдзел у хім. рэакцыі, за адзінку часу ў адзінцы аб’ёму (канцэнтрацыі рэчыва для гамагенных рэакцый) ці на адзінку плошчы паверхні падзелу фаз (для гетэрагенных і тапахім. рэакцый). Гл. таксама Парадак рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́СНЫ,
ручны ткацкі станок з навітай асновайдля вырабу тканін у хатніх умовах. Найб. важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных К.: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якіх накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку К. з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе ўвесь час часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі 2 вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка К. і тканне лічыліся жаночай справай. На К. выраблялі разнастайныя тканіны ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.
Прататыпам К. лічаць вядомыя з эпохі неаліту спец. квадратныя дошчачкі з дзіркамі па 4 вуглах, у якіх прапускалася аснова; пры паварочванні дошчачак у аснове ўтвараўся зеў для прапускання ўтку. Стараж. прыстасаваннем было таксама бёрдзечка — прамавугольная дошка памерам 25—30 × 18—25 см, на якой рабіліся круглыя дзірачкі для прапускання цотных нітак асновы і падоўжаныя — для няцотных; пры перамяшчэнні бёрдзечка ўніз і ўверх утвараўся зеў. Найб.стараж. былі прымітыўныя К. на «сохах», у якіх адсутнічалі бакавыя станіны (ставы), абодва навоі мацаваліся на падстаўках (слупках), укапаных у земляную падлогу развілкай уверх (захаваліся на У і ПдУ Беларусі да канца 19 — пач. 20 ст.). Больш дасканалымі былі К. са ставамі (ставіцамі), якія рабілі са ствала дрэва, выкапанага з каранямі, што служылі ножкамі, навой з асновай размяшчаўся на лаве, ніты, як і ў К. на «сохах», мацавалі да столі (у 19 ст. пашыраны ў цэнтр. і ўсх. раёнах). Самымі пашыранымі былі рамныя К., аснову якіх складала рама з 4 падставак, злучаных унізе папярочкамі, навоі мацаваліся на ставах, з боку ніцянога навоя — стойкі з перакладзінай (паднёбнік), на якія падвешвалі ніты. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі пашырэнне тэхнічна больш удасканаленыя К. — варштаты, якімі напачатку карысталіся на саматужных промыслах, потым з некат. зменамі — сяляне. У 20 ст. на Беларусі пашыраны рамныя К. і варштат.
К. таксама называлі ніцяную аснову, што навівалася на навой ткацкага стана. Гл. таксама Ткацтва, Ткацтва мастацкае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць тэхнал. прыёмаў і спосабаў апрацоўкі, змены ўласцівасцей, стану і формы матэрыялу або паўфабрыкату з дапамогай выпрамянення лазераў. Асн. аперацыі Л.т. звязаны з цеплавым дзеяннем лазернага выпрамянення (пераважна цвердацелых лазераў і газавых лазераў). Эфектыўнасць Л.т. абумоўлена высокай лакальнасцю і кароткачасовасцю ўздзеяння, вял. шчыльнасцю патоку энергіі ў зоне апрацоўкі, магчымасцю вядзення тэхнал. працэсаў у празрыстых асяроддзях (у вакууме, газе, вадкасці, цвёрдым целе). Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы і электравакуумнай тэхніцы, паліграфіі, машынабудаванні, у прам-сці буд. матэрыялаў для свідравання адтулін, рэзкі і скрайбіравання (нанясення малюнкаў на паверхню) плёнак і паўправадніковых пласцін, зваркі (гл.Лазерная зварка), загартоўкі, гравіроўкі, нарэзкі рэзістараў, рэтушы фоташаблонаў і інш.
Свідраванне адтулін звычайна робіцца імпульсным лазерам (працягласць імпульсу 0,1—1 мс) у любых матэрыялах (цвёрдых, крохкіх, тугаплаўкіх, радыеактыўных). Лазерам свідруюць алмазныя фільеры для валачэння дроту, стальныя і керамічныя фільеры для вытв-сці штучных валокнаў, рубінавыя камяні для гадзіннікаў, ферытавыя пласціны для запамінальных прыстасаванняў ЭВМ, дыяфрагмы электронна-прамянёвых прылад, керамічныя ізалятары, вырабы са звышцвёрдых сплаваў і інш.Лазерная рэзка вядзецца ў імпульсным і бесперапынным рэжыме, з падачай у зону рэзкі струменю газу (звычайна паветра або кіслароду). Выкарыстоўваецца для раздзялення дыэлектрычных і паўправадніковых падложак (таўшчынёй 0,3—1 мм), скрайбіравання паўправадніковых пласцін, рэзання крохкіх вырабаў са шкла, сіталу і пад. (метадам тэрмічнага расколвання) і інш.Фігурная апрацоўка паверхні — стварэнне мікрарэльефа на матэрыялах выпарэннем, тэрмаапрацоўкай, акісляльна-аднаўляльнымі і інш рэакцыямі, выкліканымі награваннем, тэрмастымуляванымі дыфузійнымі працэсамі. Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы, паліграфічнай прам-сці, пры апрацоўцы цвёрдых сплаваў, ювелірных камянёў і інш. У электроннай тэхніцы перспектыўныя кірункі Л.т.: паверхневы адпал паўправадніковых пласцін з мэтай узнаўлення структуры іх крышталічнай рашоткі пры іонным легіраванні, стварэнне актыўных структур на паверхні паўправаднікоў, атрыманне p-n-пераходаў метадам лакальнай дыфузіі з лазерным нагрэвам, нанясенне тонкіх метал. і дыэл. плёнак лазерным выпарэннем і інш. У фоталітаграфіі Л.т. выкарыстоўваюцца для вырабу звышмініяцюрных друкарскіх плат, інтэгральных схем, відарысаў і інш. элементаў мікраэлектроннай тэхнікі; у хім. і мікрабіял. вытв-сці — для селектыўнага стымулявання хім. і біял. актыўнасці малекул; у медыцыне — для лячэння скурных захворванняў, язваў страўніка, кішэчніка і інш. Магутныя (ад 1 кВт і вышэй) лазеры выкарыстоўваюцца для рэзкі і зваркі тоўстых стальных лістоў, паверхневай загартоўкі, наплаўлення і легіравання буйнагабарытных дэталей, ачысткі будынкаў ад паверхневых забруджванняў, рэзкі мармуру, граніту, раскрою тканіны, скуры і інш.
На Беларусі распрацоўкі па Л.т. вядуцца ў ін-тах Нац.АН (фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізіка-тэхнічным, прыкладной фізікі, фотабіялогіі і інш.), Ін-це прыкладных фіз. праблем БДУ, Гомельскім ун-це, у шэрагу галіновых НДІ.
Літ.:
Лазерная и электронно-лучевая обработка материалов. М., 1985;
Дьюли У. Лазерная технология и анализ материалов: Пер. с англ.М., 1986;
Промышленное применение лазеров: Пер. с англ.М., 1988.
В.В.Валяўка, В.К.Паўленка.
Да арт.Лазерная тэхналогія. А. Схема лазернай рэзкі з тэлекантролем працэсу. 1 — дэталь, якая апрацоўваецца; 2 — прыстасаванне факусіроўкі лазернага праменя; 3 — лазер; 4 — замкнёная тэлевізійная сістэма; 5 — дысплей. Б. Схема станка з рубінавым лазерам для святлопрамянёвай апрацоўкі: 1 — імпульсная лямпа; 2 — кандэнсатар; 3 — паралельныя люстэркі; 4 — штучны рубін; 5 — лінза; 6 — выраб, які апрацоўваецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́РНЫ ПУНКТ,
1) у ваеннай справе — найбольш умацаваная і насычаная агнявымі сродкамі частка абарончага раёна (участка, пазіцыі), прыстасаваная для працяглай кругавой абароны ўзвода або роты. Ствараецца на ўчастках мясцовасці, зручных для назірання і вядзення эфектыўнага агню па праціўніку. Апорны пункт мае акопы, траншэі, укрыцці, загароды, хады зносін, пазіцыі для агнявых сродкаў штатных (узвода, роты) і прыдадзеных падраздзяленняў. Прамежкі паміж апорнымі пунктамі прыкрываюцца інж. збудаваннямі і агнём з усіх відаў зброі.
2) У геадэзіі і тапаграфіі — замацаваны на мясцовасці пункт у адзінай сістэме каардынат з планавым размяшчэннем і вышынёй, якая выкарыстоўваецца ў час правядзення геад. і тапагр. здымак (гл.Апорная геадэзічная сетка).