найбольш простае аптычнае прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для карэкцыі недахопаў аптычнай сістэмы вока або засцерагае яго адмех. пашкоджанняў, уздзеяння агрэсіўных вадкіх і газападобных асяроддзяў, прамянёў святла. Складаюцца з дзвюх акулярных лінзаў (карэгавальныя акуляры) або спец. шкла (засцерагальныя акуляры) і аправы, якая забяспечвае неабходнае становішча лінзаў або шкла адносна вачэй. Разнавіднасцю акуляраў можна лічыць кантактныя лінзы. Робяць іх з гнуткага празрыстага шкла і прыкладаюць непасрэдна да рагавіцы або склеры вока. Найб. пашырэнне маюць акуляры, прызначаныя для паляпшэння зроку пры блізарукасці (міяпіі) і дальназоркасці (гіперметрапіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛГЕБРАІ́ЧНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне выгляду P(x, y, ..., z)=0, дзе P(x, y, ..., z) — мнагасклад n-ай ступені (n≥0) ад адной або некалькіх пераменных. Калі пераменная адна, то лік а, які ператварае алгебраічнае ўраўненне ў тоеснасць, наз.коранем ураўнення і мнагасклад дзеліцца на (x-a) без рэшты (тэарэма Безу). У алгебраічна замкнёным полі (гл.Алгебраічны лік) кожны мнагасклад P(x) ступені n мае роўна n каранёў (у т. л. кратных). Н.Абель паказаў (1824), што пры n≥5 карані некаторых ураўненняў P(x)=0 нельга запісаць праз радыкалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНЫЯ ЛА́КІ,
растворы прадуктаў сумяшчэння алеяў і прыродных ці сінт. смол у арган. растваральніках. На алейныя лакі выкарыстоўваюць рафінаваныя і часткова запалімерызаваныя алеі, прыродныя (каніфоль, бурштын і інш.) і сінтэтычныя (фенола-фармальдэгідныя смолы і іх мадыфікацыі) смолы, растваральнікі (уайт-спірыт, сальвент-нафта, бензін, шкіпінар і інш.), дадаюць сікатывы.
У залежнасці ад колькасці алею алейныя лакі падзяляюцца на посныя, сярэднія, тлустыя; атмасфераўстойлівасць іх павялічваецца з павышэннем тлустасці. Алейнымі лакамі пакрываюць металы, драўнінныя пластыкі, прамочваюць абмоткі электраабсталявання, выкарыстоўваюць у грунтоўках, шпаклёўках і эмалевых фарбах. Замяняюцца алкіднымі лакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕЛАПА́ТЫЯ (адгрэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна + ...патыя),
узаемадзеянне раслінных арганізмаў у фітацэнозах праз вылучэнне ў асяроддзе спецыфічных хім. рэчываў (фітанцыдаў, маразмінаў, калінаў, антыбіётыкаў і інш.). Выяўляецца прыгнечаннем адных відаў раслін іншымі (напр., пырнік і іншае пустазелле выцясняюць або прыгнечваюць развіццё культ. раслін; арэшнік, дуб, елка сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць рост траў пад кронамі), зрэдку спрыяльным для сумеснага існавання ўзаемаўплывам (напр., у віка-аўсянай сумесі; пасевах кукурузы з сояй і інш.). Адыгрывае значную ролю ў працэсах узнікнення, развіцця і змены раслінных згуртаванняў. Улічваецца пры стварэнні зялёных насаджэнняў, абгрунтаванні севазваротаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЕНА ПРА́ВІЛА,
правіла, якое вызначае заканамернасць змены памераў паверхні цела цеплакроўных жывёл у залежнасці ад змены кліматычных умоў. У млекакормячых жывёл на Пн часткі цела, якія выступаюць (канечнасці, вушы, хвост, шыя, лапы), карацейшыя, формы цела больш прысадзістыя, чым у прадстаўнікоў таго ж віду на Пд. У нейкай ступені Алена правіла справядліва і да вышэйшых раслін, парасткі якіх звычайна ўкарочаныя на Пн у параўнанні з паўд. шыротамі. Сфармулявана амер. вучоным Дж.Аленам (1877). Алена правіла, як і Бергмана правіла, вынікае з прынцыпу памяншэння цеплааддачы пры скарачэнні суадносін паверхні цела з аб’ёмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАТО́НІКА (адаліга... + грэч. tonos тон),
сістэма з малой колькасцю гукаў, дзе ўсе тоны функцыянальна раўнапраўныя. Для алігатонікі характэрныя сціслыя мелодыі-мадэлі (тэрцавыя, квартавыя), экспрэсіўная сіла якіх заснавана на прынцыпе раўназначнасці ўсіх выразных сродкаў (ладавых, рытмічных, інтанацыйных, тэмбравых). У муз. фальклоры беларусаў тыповая для стараж. песеннага пласта, асабліва для песень каляндарна-земляробчага цыкла.
Літ.:
Квитка К.В. Ладовые системы в музыке славян и соседних народов // Избр. тр.М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки. Мн., 1964;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАФРЭНАПЕДАГО́ГІКА (адаліга... + грэч. phrēn розум + педагогіка),
раздзел дэфекталогіі, які вывучае праблемы выхавання, навучання і шляхі карэкцыі недахопаў развіцця разумова адсталых дзяцей (гл.Алігафрэнія), а таксама пытанні іх сац. рэабілітацыі. Цесна звязана з псіхіятрыяй, педагогікай, мед. навукамі (педыятрыяй, неўралогіяй, псіхапаталогіяй і інш.). На Беларусі пытанні алігафрэнапедагогікі распрацоўваюць дэфектолагі Бел.пед. ун-та, Нац. ін-та адукацыі і інш. Распрацавана канцэпцыя навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з адхіленнямі ў разумовым і фіз. развіцці (Т.Л.Ляшчынская, У.А.Шынкарэнка і інш.). Працуюць спец. школы ў Гродне, Мінску, Полацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́НФ (Olynthos),
старажытнагрэчаскі горад на п-ве Халкідыкі (захаваліся рэшткі за 50 км на Пдадг. Салонікі). Засн. ў 8—6 ст. да н.э. выхадцамі з г. Халкіда (в-аў Эўбея). З 432 да н.э. — цэнтр саюза халкідскіх гарадоў, які супрацьстаяў Афінам. У выніку Алінфскай вайны разбураны ў 348 македонскім царом Філіпам II, пасля не аднаўляўся. Раскопкамі выяўлены жылыя кварталы класічнага перыяду. У т.зв. віле «Добрага лёсу» і «Доме класічнага акцёра» (5—4 ст. да н.э.) знойдзены шматкаляровыя мазаікі, багатая калекцыя побытавых рэчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬКЕ́Ж (польск. alkierz),
вуглавая частка будынка або прыбудова, накрытая асобным дахам, якая знадворку выступае за плоскасць сцен. Алькеж атрымаў пашырэнне ў палацава-замкавым дойлідстве і сядзібных дамах Беларусі і Польшчы ў 16—19 ст. Напачатку гэта былі 2 ці 4 вежападобныя прыбудовы ў тарцах дома, накрытыя самастойнымі шатровымі дахамі (ад замкавых вежаў 16—17 ст.). З сярэдзіны 18 ст. відазмяніліся, ператварыліся ў развітыя крылы дома-сядзібы (г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.). Выкарыстоўваліся як спальні ці дапаможныя памяшканні.
Алькеж сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (Фёдар Якаўлевіч) (паміж 1753 і 1755, С.-Пецярбург — 23.11.1824),
рускі жывапісец. Скончыў Пецярбургскую АМ (1773), яе акадэмік з 1794. У 1773—77 удасканальваў майстэрства ў Венецыі, дзе пісаў пейзажы («Набярэжная Ск’явоні ў Венецыі», 1775, Нац.маст. музей Беларусі). Першы ў рус. жывапісе стварыў гар. пейзажы: «Выгляд Палацавай набярэжнай ад Петрапаўлаўскай крэпасці» (1800—02), «Красная плошча ў Маскве» (1801), «Від на горад Бахчысарай», «Плошча ў горадзе Мікалаеве» і інш.
Літ.:
Алексеев: Альбом / Авт.-сост. И.М.Жаркова. М., 1981.