адзін з асн. законаў прыроды, паводле якога алгебраічная сума зарадаў электрычных замкнутай (эл. ізаляванай) сістэмы застаецца нязменнай пры любых працэсах унутры гэтай сістэмы. Устаноўлены ў 18 ст.
Адкрыццё электрона ў канцы 19 ст. і пратона ў пач. 20 ст. даказала, што эл. зарад звязаны з часціцамі (з’яўляецца іх унутранай уласцівасцю) і ёсць цэлы лік, кратны зараду элементарнаму. З.з.з. — вынік захавання колькасці часціц у тых працэсах, дзе няма іх узаемапераўтварэнняў. Напр., пры электрызацыі макраскапічных цел зараджаныя часціцы пераносяцца з аднаго цела на другое. У фізіцы элементарных часціц, для якой характэрна ўзаемапераўтварэнне часціц, нараджэнне «новай» часціцы суправаджаецца знікненнем «старой» з такім жа зарадам або нараджэннем яшчэ адной часціцы з зарадам процілеглага знака (напр., працэс нараджэння пары часціца—антычасціца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСАЛЕ́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
працэс назапашвання ў глебе лёгкарастваральных у вадзе солей у колькасцях, таксічных дляс.-г. культур. Найб. развіта ва ўмовах засушлівага клімату пры цяжкім адтоку паверхневых і грунтавых вод. Адрозніваюць першаснае (прыроднае) і другаснае (антрапагеннае) З.г., якое выклікаецца парушэннем рэжымаў гідрамеліярацыі, асабліва ў паўд. зонах інтэнсіўнага арашэння. У пустыннай, паўпустыннай і сухастэпавай зонах фарміруюцца саланчакі, саланцы і саланчакаватыя глебы з рознай ступенню і тыпам засалення. На Беларусі З.г. пераважна лакальнае, мае антрапагенны характар (напр., у зоне дзеяння калійных камбінатаў Салігорска). Магчыма і прыроднае З.г. (напр., утварэнне карбанатных жалезіста-саланчакаватых дзярновых забалочаных глеб у некат. раёнах Палесся). З.г. ліквідуюць прамыўным паліваннем з штучным адвядзеннем грунтавых і прамыўных вод з дапамогай дрэнажу, хім. меліярацый, агратэхн., біял. і інш. прыёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗБО́РНІКІ РУ́СКАГА ГІСТАРЫ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА»
(«Сборники Русского исторического общества»),
зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі 15—19 ст. Выдадзены ў С.-Пецярбургу і Маскве ў 1867—1916 у 148 тамах. Частка зборнікаў змешанага характару, іншыя ў выглядзе тэматычных серыйных выданняў. Гэта «Матэрыялы Кацярынінскай заканадаўчай камісіі 1767 г.» (т. 1—14), «Паперы і перапіска Кацярыны II» (т. 1—18), «Помнікі дыпламатычных дачыненняў старажытнай Расіі з дзяржавамі замежнымі» (т. 1—10), «Дыпламатычныя перапіскі замежных паслоў і пасланнікаў пры рускім двары» (т. 1—47). Шмат матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў серыях тамоў «Помнікі дыпламатычных дачыненняў Маскоўскай дзяржавы з Польска-Літоўскай дзяржавай» (вып. 1—5), «Акты, дакументы і матэрыялы для палітычнай і бытавой гісторыі 1812 г.» (т. 1—3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШПРАВО́ДНЫ МАГНІ́Т,
від электрамагніта ці саленоіда, абмоткі якіх зроблены са звышправоднага матэрыялу (гл.Звышправаднікі). Пры кароткім замыканні такой абмоткі наведзены ў ёй эл. ток захоўваецца практычна бясконца доўга.
Магн. поле незатухальнага току, які цыркулюе па абмотцы З.м., выключна стабільнае і пазбаўлена пульсацый. Абмотка З.м. траціць уласцівасці звышправоднасці пры павелічэнні т-ры вышэй за крытычную або пры дасягненні крытычнага току ці крытычнага магнітнага поля. Таму абмоткі З.м. робяць з матэрыялу з вял. крытычнымі значэннямі гэтых параметраў (сплавы ніобій—цырконій Nb—Zr. ніобій—тытан Nb—Ti; злучэнні ніобію з волавам Nb3Sn, ванадыю з галіем V3Ga і інш.). З.м. выкарыстоўваюцца для даследавання магн., эл. і аптычных уласцівасцей матэрыялаў, у эксперыментах па вывучэнні плазмы, атамных ядраў і элементарных часціц, у тэхніцы сувязі, радыёлакацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯЗНА́ЎСТВА,
раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае агульныя фізіка-геагр. заканамернасці і галоўныя ўласцівасці геаграфічнай абалонкі Зямлі. Даследуе яе прасторава-часавую арганізацыю, дыферэнцыяцыю, кругаварот рэчываў і энергіі, дынаміку і эвалюцыю, ролю чалавецтва ў трансфармацыі геагр. абалонкі. З’яўляецца прыроднагіст. тэарэт. асновай аховы навакольнага асяроддзя, глабальнага мадэліравання; цесна звязана з краіназнаўствам. У З. шырока выкарыстоўваюцца геафіз., геахім., геал. і картаграфічныя метады. Тэрмін уведзены ням. географам К.Рытэрам (1-я пал. 19 ст.). Асновы сучаснага З. закладзены ў працах А.А.Грыгор’ева, С.В.Калесніка, В.А.Дзяменцьева і інш. Тэрмін выкарыстоўваецца таксама для абазначэння сукупнасці навук, аб’ектам якіх з’яўляецца Зямля як планета (гл.Касмічнае землязнаўства).
Літ.:
Калесник С.В. Общие географические закономерности Земли. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРНЕСУШЫ́ЛКА,
машына (агрэгат ці ўстаноўка) для сушкі збожжа, насення траў, агародніны і інш. Выкарыстоўваецца ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу або асобна. Бываюць: перасоўныя і стацыянарныя; барабанныя, шахтавыя, калонкавыя, канвеерныя, вакуумныя.
Збожжа ў іх сушаць нагрэтым паветрам або сумессю яго з газамі, што ўтвараюцца пры згаранні цвёрдага ці вадкага паліва ў спец. топках. У барабанных З. збожжа рухаецца ўздоўж восі вярчальнага барабана ў патоку цепланосьбіта (гарачага паветра), у шахтавых — перамяшчаецца ўніз пад дзеяннем уласнай вагі, а цепланосьбіт паступае ў сушыльную ч. шахты збоку і перасякае збожжавы паток. На Беларусі пашыраны З. шахтавага і барабаннага тыпу, выкарыстоўваюцца на збожжасховішчах, элеватарах і інш. Прадукцыйнасць З. да 16 т/гадз і больш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНІШЧА́ЛЬНЫЯ БАТАЛЬЁНЫў гады Вялікай Айчыннай вайны,
ваенізаваныя добраахвотніцкія фарміраванні для барацьбы з варожымі парашутыстамі і дыверсантамі. Ствараліся паводле пастаноў СНКСССР ад 24.6.1941 мясц. органамі ВКП(б) і НКУС з грамадзян, якія не падлягалі прызыву ў Чырв. Армію. Да канца ліп. 1941 у СССР, пераважна ў прыфрантавых раёнах, сфарміравана 1755 З.б. агульнай колькасцю 328 тыс.чал. (большасць камуністы і камсамольцы). На тэр. Беларусі на 15 ліп. 1941 сфарміравана 78 З.б. (больш за 13 тыс. байцоў). У шэрагу раёнаў, асабліва на Палессі, яны сумесна з часцямі Чырв. Арміі непасрэдна супрацьстаялі гітлераўскім войскам. Частка іх улілася ў рады народнага апалчэння і Чырв. Арміі, на базе некаторых створаны партызанскія атрады. 3 ліп. 1944 у БССР дзейнічалі 185 З.б. (каля 17 тыс.чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБНІ́ЦА (Dentaria),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 20 відаў. Пашырана ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 2 віды: З. клубняносная (D. bulbifera) расце ў шыракалістых і мяшаных лясах у паўд. і зах. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу, і З. пяцілістая (D. quinquefolia) трапляецца ў Гарадоцкім і Стаўбцоўскім р-нах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім, паўзучым карэнішчам, укрытым зубцападобнымі лускавінкамі (адсюль назва роду) і прамастойным сцяблом выш. да 60 см. Лісце перыстае, трайчастае ці пальчатае, іншы раз сабранае ў кальчак. У суквецці і пазухах верхняга лісця З. клубняноснай утвараюцца клубеньчыкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі двухполыя, буйныя, фіялетавыя, лілова-ружовыя, палевыя або белыя, па 6—12 у кароткіх гронках. Плод — стручок. Лек. (вяжучы сродак), харч. і дэкар. расліны. Веснавыя эфемероіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯЛЁНЫЯ ПЛА́НЫ»,
фінансавая і эканам. палітыка развітых зах.-еўрап. дзяржаў у галіне сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г.Асн. яе мэты: стымуляванне росту прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы, тэхн. прагрэсу і канцэнтрацыі вытв-сці, павышэнне канкурэнтаздольнасці буйных гаспадарак. У паняцце «З.п.» ўключаліся спец. заканадаўчыя акты дзяржаў, што вызначалі ўмовы, нормы і характар дзярж. ўмяшання ў сельскую гаспадарку, а таксама доўгатэрміновыя планы яе развіцця. Ў ФРГ быў прыняты «Асноўны сельскагаспадарчы закон» (1955), у Францыі — «Закон аб сельскагаспадарчай арыентацыі» (1960), у Італіі — спец. планы с.-г. развіцця па пяцігодках. Для ажыццяўлення «З.п.» з дзяржбюджэту паступалі сродкі на меліярацыю, барацьбу з эрозіяй зямлі і стварэнне інфраструктуры. З правядзеннем адзінай с.-г. палітыкі у рамках ЕЭС «З.п.» асобных краін былі падпарадкаваны ёй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЧНАЕ МО́РА,
цэнтральная частка Міжземнага м. паміж Балканскім і Апенінскім п-вамі, а-вамі Крыт і Сіцылія. Злучана на Пн пралівам Отранта з Адрыятычным м., на З Месінскім пралівам з Тырэнскім м.Пл. 169 тыс.км². Найб.глыб. 5121 м (найб.для Міжземнага м.). Берагі вельмі парэзаныя. Вял. залівы Патраікос, Карынфскі (Грэцыя), Таранта (Італія). На У — Іанічныя а-вы. Дно ў выглядзе катлавіны, донныя асадкі — пераважна глей, глеісты пясок, пясок, ракушачнік. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, скорасць каля 1 км/гадз. Т-ра вады ад 14 °C у лют. да 25,5 °C у жніўні. Салёнасць больш за 38 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (скумбрыя, чырвоны тунец, камбала, кефаль). Гал. парты: Патры, Керкіра (Корфу; Грэцыя), Таранта, Катанія (Італія).