род матылёў сям. паўлінавочак атр. лускакрылых. 2 віды: кітайскі Д.ш. (A. pernyi) і японскі Д.ш. (A. jamamai). На Д. Усходзе трапляецца яго падвід (A. j. ussuriensis). Культывуюць у Кітаі, Японіі, Карэі, Індыі, Расіі, Беларусі і інш.для атрымання прыроднага шоўку. Добра акліматызуюцца.
Крылы ў размаху 10—15 см. Вусені звіваюць коканы. Пры размотванні аднаго кокана атрымліваюць шаўковую нітку даўж. 1,5—5 км. За год даюць 1—2 пакаленні. Вусеняў выкормліваюць лісцем розных відаў дубу (у эксперыменце на бярозе, вярбе, грабе). У адрозненне ад тутавага шаўкапрада шоўк кітайскага Д.ш. больш грубы і моцны; выкарыстоўваюць на выраб часучы, у прыладабудаванні, электратэхніцы, медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГЛА́СІЯ, дугласавая піхта,
дугласія Мензіса (Pseudotsuga menziesii),
від голанасенных дрэвавых раслін роду лжэтсуга, або псеўдатсуга, сям. хваёвых. Названа па імю шатл. батаніка Д.Дугласа, які апісаў і інтрадукаваў Д. ў Еўропе. Пашырана на ціхаакіянскім узбярэжжы ЗША і Канады. На Беларусі інтрадукавана і культывуецца з пач. 20 ст. (1904; Парэцкі парк Пінскага р-на).
Шматгадовазялёнае дрэва з прамым ствалом, выш. да 25 (на радзіме да 100) м і канічнай кронай. Кара тоўстая, буравата-шэрая. Ігліца пляскатая, зялёная або шыза-зялёная. Жаночыя шышкі падоўжаныя, звіслыя, з крыючай луской. Насенне з крыльцамі. Дэкар. расліна, прыдатная для групавых і алейных пасадак, мае шэраг садовых разнавіднасцей і формаў. Расце павольна. Жыве да 500 гадоў. Выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ЧА ДЫ БУАНІНСЕ́НЬЯ (Duccio di Buoninsegna; каля 1255, г. Сіена, Італія — 3.8.1319),
італьянскі жывапісец. Заснавальнік сіенскай школы жывапісу 14 ст. Зазнаў уплыў італа-візант. жывапісу і франц. гатычнай мініяцюры. Для яго твораў характэрны асобныя рысы мастацтва Протарэнесансу. Стварыў алтарныя абразы з арнаментнымі залатымі фонамі, гучнай вытанчанай каляровай гамай («Мадонна са святымі», «Мадонна з шасцю анёламі», «Мадонна францысканцаў», каля 1280, «Мадонна Ручэлаі», 1285). У гал. творы — алтарным абразе сіенскага сабора «Маэста» (двухбаковы паліпціх, 1308—11) з выявай Мадонны ў акружэнні святых і анёлаў на пярэднім баку і сцэн «пакут» Хрыста на тыльным баку — імкнуўся надаць большую жыццёвасць і пераканаўчасць традыц. кампазіц. схемам, перадаць прастору і аб’ём. У 1288 па яго малюнку быў выкананы першы ў Італіі манумент. вітраж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЕ́НАВЫ СІ́НТЭЗ, Дзільса—Альдэра рэакцыя,
рэакцыя 1,4-далучэння да злучэнняў са спалучанымі кратнымі сувязямі (дыенаў) рэчываў з актываванай кратнай сувяззю (дыенафілаў). Як агульная рэакцыя арган. хіміі Д.с. адкрыты О.Дзільсам і К.Альдэрам (1928).
У выніку Д.с. ўтвараюцца 6-членныя цыклы, напр., з бутадыену-1,3 (I) і малеінавага ангідрыту (II) атрымліваюць ангідрыд тэтрагідрафталевай к-ты (III). Звычайна дыенафіламі з’яўляюцца вытворныя алкенаў і алкінаў, кратная сувязь якіх актывавана суседняй электронаакцэптарнай групай (напр., =CO, −COOH, −NO2 і інш.), а таксама рэчывы, малекулы якіх маюць групы −C≡N, −N=N— =C=N−, =S=O і інш., дыенамі — ацыклічныя і цыклічныя 1,3-дыены (гл.Дыенавыя вуглевадароды), араматычныя злучэнні, гетэрацыклічныя злучэнні. Выкарыстоўваецца для сінтэзу поліцыклічных рэчываў, у т. л. стэроідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́СНЕЙ ((Disney) Уолт) (Эліяс Уолтэр; 15.12.1901, г. Чыкага, ЗША — 15.12.1966),
амерыканскі кінарэжысёр, мастак, прадзюсер. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Чыкага. У 1919—22 працаваў мастаком, з 1923 у Галівудзе. Здымаў кароткаметражныя мультфільмы з пастаяннымі персанажамі Алісай (1923—26) і Освальдам (1926—28), гукавыя (з 1928) пра мышаня Мікі Маўса і качаня Дональда Дака, поўнаметражныя фільмы «Беласнежка і сем гномаў» (1938), «Пінокіо» (1939), «Бэмбі» (1942), «Аліса ў краіне цудаў» (1951), «Спячая прыгажуня» (1958), «Мэры Попінс» (1965, засн. на сумяшчэнні акцёра і мультыплікацыі). З 1950 таксама прадзюсер дакумент. і маст. фільмаў, у т. л.для тэлебачання. Атрымаў 29 прэмій «Оскар». У 1955 у г.
Анахайм (Каліфорнія) адкрыў буйны тэматычны забаўляльны дзіцячы парк «Дыснейленд», дзе шэраг атракцыёнаў узнаўляе вобразы яго фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПАНСЕРЫЗА́ЦЫЯ,
метад дынамічнага назірання за станам здароўя насельніцтва, які ўключае комплекс прафілакт., дыягнастычных і лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Ажыццяўляецца дыспансерамідля ўмацавання здароўя і захавання працаздольнасці насельніцтва. Уключае пастаянны нагляд за станам здароўя асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, вывучэнне і аздараўленне ўмоў іх працы і быту, выяўленне і лячэнне хворых на пач. стадыях хвароб, правядзенне індывідуальнай і сац. прафілактыкі.
Адрозніваюць 2 формы Д.; здаровых асоб (дзеці, падлеткі, цяжарныя, спартсмены) і хворых (хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, язвавая хвароба, цукр. дыябет, новаўтварэнні і інш.). На Беларусі ўведзена ў 1919—21 як спосаб работы ўстаноў аховы маці і дзіцяці, з 1925—27 — прамысл. рабочых.
Літ.:
Демченкова Г.З., Полонский М.Л. Теоретические и организационные основы диспансеризации населения. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХА́ННЕ ШТУ́ЧНАЕ,
прыёмы штучнай вентыляцыі паветра ў лёгкіх. Неабходнасць Д.ш. ўзнікае пры адсутнасці дыхання або яго парушэннях, якія пагражаюць жыццю хворага. Д.ш. — неабходная мера першай дапамогі тапельцам, пры ўдушэнні, паражэнні эл. токам, цеплавым і сонечным ударах, некат. атручэннях. У выпадку клінічнай смерці або пры адсутнасці самаст. дыхання і сэрцабіцця Д.ш. праводзяць адначасова з масажам сэрца. Д.ш. робіцца спосабам з рота ў рот або з рота ў нос. Перад пачаткам Д.ш. рот і нос пацярпелага ачышчаюцца ад сліны, слізі, ірвотных мас, зямлі, цела вызваляюць ад усяго, што перашкаджае рухам. Аснова метаду Д.ш. — рытмічнае ўдзіманне паветра ў дыхальныя шляхі пацярпелага. Для Д.ш. выкарыстоўваюць таксама спец. апараты. Д.ш. робяць да аднаўлення самаст. дыхання; пры паяўленні прыкмет смерці (трупныя плямы, скарчанеласць) спыняюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЙЦЫЯ (Deutzia),
род кветкавых раслін сям. гідрангіевых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ва Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы (Мексіка). На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукаваны 16 відаў, з іх для зялёнага буд-ва рэкамендаваны Д. пышная (D. magnifica), пурпуровая (D. purpurascens) і шурпатая (D. scabra). Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Пераважна лістападныя кусты выш. да 2,5 м. Лісце простае, яйцападобнае, даўж. да 12 см, зубчастае, зверху ўкрытае зорчатымі валаскамі. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя або чырванаватыя, да 2 см у дыям., сабраныя ў шчыткі, гронкі або мяцёлкі, рэдка адзіночныя. Плод — шматнасенная шарападобная каробачка. У бат. садах і парках Беларусі трапляюцца таксама Д. зграбная (D. gracilis), драбнакветная (D. parviflora), Шнейдэра (D. schneideriana), Максімовіча (D. maximowicziana) і інш.Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
позні від іерагліфічнага егіпецкага пісьмадля хуткага запісу на папірусе вял. тэкстаў. Д.п. прыйшло на змену іератычнаму пісьму каля 6—7 ст. да н.э. і заставалася пісьмом егіпцян да 3 ст.н.э., калі змянілася копцкім пісьмом і значэнне іерогліфаў было забыта. У 1799 каля г. Разета (дэльта Ніла) знойдзены т.зв. Разецкі камень, на якім былі высечаны 2 іерагліфічныя надпісы і 1 на стараж.грэч. мове; адзін з іерагліфічных надпісаў выкананы манументальнымі іерогліфамі, другі — Д.п. У 1822 франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён расшыфраваў іх і прыйшоў да высновы, што Д.п. максімальна набліжана да фанетычнага пісьма і складаецца з 3 відаў знакаў: ідэаграфічных, фанетычных і дэтэрмінатываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МПІНГ (англ. dumping літар. скідванне),
продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіць да зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў час т.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.