ГАЛУ́ПІ (Galuppi; празваны Буранела; Buranello) Бальдасарэ

(18.10.1706, в-аў Бурана, каля г. Венецыя, Італія — 3.1.1785),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі «Інкурабілі» ў Венецыі. У 1761—85 яе дырэктар і капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. У 1765—68 прыдворны капельмайстар у Пецярбургу. Адзін з буйнейшых майстроў опер-буфа, у т. л. на лібрэта К.​Гальдоні «Святло месяца» (1750), «Вясковы філосаф» (1754). Аўтар опер-серыя, у т. л. «Пакінутая Дыдона» (1741), «Кароль-пастух» (1758), для Пецярбургскай сцэны — «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1768) з акрэсленымі рэфарматарскімі тэндэнцыямі. Сярод інш. твораў: араторыі, кантаты, царк. музыка, інстр. творы, у т. л. клавірныя санаты з рысамі раннекласічнай санатнай формы.

Літ.:

Крунтяева Т. Бальтассаре Галуппи // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в. Л., 1981.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ШКА (Васіль Міхайлавіч) (н. 15.5.1936, в. Дамантовічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне с.-г. навук (тэхналогія кармоў). Чл.-кар. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1994), д-р с.-г. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1960). З 1963 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1994 у БСГА). Навук. працы па рэцэптуры высокаэфектыўных камбікармоў, бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў, рацыянальных нормах кармлення свіней і буйн. раг. жывёлы, ацэнцы пажыўнасці кармоў і павышэнні іх прадукцыйнасці.

Тв.:

Рациональное использование протеина // Пути решения проблемы белка в животноводстве. Мн., 1981;

Питательность кормов: Справ. пособие. Мн., 1985 (у сааўт.);

Приготовление кормов для свиней. Мн., 1990 (разам з У.​Б.​Іофе, В.​М.​Гутманам).

В.М.Галушка.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБ, у Вялікую Айчынную вайну,

кіруючыя камсамольскія органы у акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў 1941 — 44. Іх дзейнасць узначальваў ЦК ЛКСМБ, абласныя падпольныя камітэты ЛКСМБ. Гаркомы ЛКСМБ стваралі і ўзначальвалі камсам.-маладзёжнае падполле, вялі паліт.-выхаваўчую і арганізатарскую работу сярод моладзі, узнімалі іх на барацьбу супраць акупантаў. Дзейнічалі Гомельскі, Пінскі (з 1941), Барысаўскі, Віцебскі, Мінскі (з 1942), Бабруйскі, Баранавіцкі, Беластоцкі, Вілейскі, Гродзенскі, Магілёўскі (з 1943), Брэсцкі, Мінскі Паўднёвы (з 1944) гаркомы і Лідскі гарком-райком (з 1943). Большасць кіраўнікоў і членаў падп. гаркомаў ЛКСМБ, пакінутых для работы ў гарадах, хутка была схоплена акупантамі і загінула. З восені 1942 к-ты базіраваліся, як правіла, пры партыз. фарміраваннях і знаходзіліся пад аховай партызан.

Р.​М.​Шавяла.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЧА́К (Phodeus sericeus),

рыба сям. карпавых, атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных вадаёмах Еўропы (на У ад Францыі) і Усх. Азіі (бас. р. Амур, рэк Сахаліна, Паўн. Кітая, Карэі). На Беларусі падвід гарчака (P. s. amarus) у невял. колькасці водзіцца амаль ва ўсіх рэках (часцей на Палессі) і азёрах. Нар. назвы гарчыца, гаркушка, альшанка, маляўка, смярдзюха, сталетка, радзей пукас.

Даўж. да 10 см. Цела высокае, сціснутае з бакоў, з няпоўнай бакавой лініяй, буйной луской; бакі серабрыстыя з вузкай зялёна-сіняй паласой. У час нерасту ў самкі вырастае доўгі яйцаклад, ікру адкладвае ў мантыйную поласць малюскаў (перлавіц і бяззубак). Корміцца пераважна абрастаннямі і дробнымі водарасцямі. Мяса горкае (адсюль назва). Пажыва для драпежных рыб.

Гарчак: зверху — самка, якая адкладвае ікру ў мантыйную поласць малюска; знізу — самец.

т. 5, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎСГОФЕР ((Haushofer) Карл Эрнст) (27.8.1869, г. Мюнхен, Германія — 13.3.1946),

нямецкі географ, заснавальнік школы геапалітыкі ў Германіі. Праф. геаграфіі Мюнхенскага ун-та (1921—39). Настаўнік Р.Геса У 1887—1919 быў у Паўд. і Усх. Азіі, у т. л. ў Тыбеце, у 1908—10 — у Японіі. У 1924—44 выдаваў «Zeitschrift für Geopolitik» («Часопіс па геапалітыцы»). Аўтар ідэй жыццёвай прасторы, перавагі паўн. народаў і адмоўнага ўздзеяння яўрэяў на ход сусв. гісторыі; лічыў, што арыйская раса вядзе сваё паходжанне з Цэнтр. Азіі і таму яе тэрыторыю неабходна заваяваць. Ідэі Гаўсгофера былі выкарыстаны нацыстамі для абгрунтавання сваіх заваёўніцкіх і інш. планаў. Гал. працы: «Японія і японцы» (1923), «Геапалітыка Ціхага акіяна» (1924), «Граніцы і іх геаграфічнае і палітычнае значэнне» (1927). Скончыў самагубствам.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛІ (ад лац. gelo застываю),

дысперсныя сістэмы з вадкім дысперсійным асяроддзем, у якіх часцінкі дысперснай фазы ўтвараюць прасторавую структуру (сетку). Маюць некат. ўласцівасці цвёрдых целаў: здольнасць захоўваць форму, пругкасць, пластычнасць.

Тыповыя гелі ў выглядзе студзяністых асадкаў (каагеляў) утвараюцца з золяў пры іх каагуляцыі ці пры вылучэнні новай дысперснай фазы з перанасычаных раствораў. Ацвярдзенне золяў ва ўсім аб’ёме першапачаткова вадкай сістэмы без парушэння яе макрааднароднасці дае т.зв. ліагелі. Для іх характэрна тыксатрапія — здольнасць у ізатэрмічных умовах самаадвольна аднаўляць структуру, разбураную мех. уздзеяннем. Гелі з водным дысперсійным асяроддзем наз. гідрагелямі, з вуглевадародным — арганагелямі. Высушваннем ліагелей атрымліваюць аэрагелі, ці ксерагелі, — крохкія мікрасітавінныя целы (напр., алюмагель і сілікагель). У хіміі і тэхналогіі палімераў гелямі наз. няплаўкія і нерастваральныя прадукты полікандэнсацыі і полімерызацыі. Гл. таксама Студзяні.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне, вышэйшая ступень адзнакі і дзярж. ўзнагарода за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь. Уведзены Законам «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» ад 13.4.1995. Званне прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь толькі адзін раз. Паводле Указа Прэзідэнта ад 15.1.1996 асобам, удастоеным звання Героя Беларусі, уручаецца медаль Герой Беларусі. Узнагароджанне можа быць праведзена пасмяротна. Героямі Беларусі могуць стаць не толькі грамадзяне Беларусі, але і замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства за заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Героі Беларусі карыстаюцца льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам для Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сац. Працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы, Працоўнай Славы. Упершыню званне Героя Беларусі прысвоена ў 1996 У.М.Карвату (пасмяротна).

Г.​А.​Маслыка.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

запасы энергіі рачных патокаў і вадаёмаў сушы. Адносяцца да катэгорыі аднаўляльных энергарэсурсаў. Вызначаюцца ў кілаватах сярэднегадавой эл. магутнасці або ў кілават-гадзінах эл. энергіі за год. Адрозніваюць патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы (колькасць воднай энергіі, якую можна атрымаць, выкарыстаўшы цалкам сцёк рэк на ўсім іх працягу) і тэхн. рэсурсы (магчымыя для выкарыстання па тэхн. умовах, частка патэнцыяльных рэсурсаў). Па некат. ацэнках патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы зямнога шара складаюць 3750 млн. кВт (32 900 млрд. кВт∙гадз) электраэнергіі за год, з іх каля 12 300 (37%) — тэхн. рэсурсы. Энергет. рэсурсы рэк Беларусі: патэнцыяльныя каля 1 млн. кВт (7,5 млрд. кВт∙гадз) выпрацоўкі электраэнергіі за год, тэхн. рэсурсы вызначаюцца ў 2,5—3 млрд. кВт∙гадз за год (30—40% ад патэнцыяльных).

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРЗАРА́Д,

характарыстыка элементарных часціц, роўная падвоенаму сярэдняму эл. зараду часціцы ў ізатапічным мультыплеце (гл. Ізатапічная інварыянтнасць). Адрозніваюць моцны і слабы гіперзарад.

Моцны гіперзарад вызначаецца алг. сумай усіх унутраных квантавых лікаў часціцы і выкарыстоўваецца для апісання прыблізнай ізатапічнай інварыянтнасці адронаў. У розных рэакцыях элементарных часціц моцны гіперзарад амаль што захоўваецца, парушэнні яго захавання звязаны з уплывам электрамагнітнага ўзаемадзеяння. Слабы гіперзарад вызначае інтэнсіўнасць электраслабага ўзаемадзеяння элементарных ферміёнаў з нейтральным прамежкавым базонам і з’яўляецца крыніцай поля гэтага базона. Значэнні слабага гіперзараду, атрыманыя эксперыментальна, пакуль што не паддаюцца тлумачэнню. Напр., левыя нейтрына і электрон маюць слабы гіперзарад, роўны -1/2, правы электрон -1, левыя u- і d-кваркі + 1/6, правыя u- і (d-кваркі -2/3 і -1/3 адпаведна (гл. Кваркі).

І.​С.​Сацункевіч.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́СТА-ГЕМАТЫ́ЧНЫ БАР’Е́Р,

комплекс структур і фізіял. механізмаў, якія рэгулююць абменныя працэсы паміж крывёй і тканкамі, забяспечваюць адноснае пастаянства саставу, фізіка-хім. уласцівасцей непасрэднага пажыўнага асяроддзя органа і клеткі. Тэрмін увёў сав. фізіёлаг Л.​С.​Штэрн у 1929. Структурная аснова гіста-гематычнага бар’ера — сценка капіляраў, элементаў злучальнай тканкі і інш. спец. тканкавых элементаў. Гіста-гематычны бар’ер органа вызначае яго функцыян. стан, здольнасць процістаяць шкодным уплывам, перашкаджае пераходу чужародных рэчываў з крыві ў тканкі (ахоўная функцыя), рэгулюе паступленне да клетак з крыві рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці органаў і тканак, вывядзенне прадуктаў абмену. Функцыі гіста-гематычнага бар’ера мяняюцца ў залежнасці ад узросту, нерв. і гарманальных уплываў і інш. Гл. таксама Бар’ерная функцыя, Гемата-энцэфалічны бар’ер.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)