ІАА́Н БЕЗЗЯМЕ́ЛЬНЫ (John Lackland; 24.12.1167, г. Оксфард, Англія — 19.10.1216),
англійскі кароль [1199—1216]. З дынастыі Плантагенетаў. Малодшы сын Генрыха II (гл. ў арт.Генрых), брат і наследнік Рычарда I Львінае Сэрца. У 1203—08 страціў б.ч. сваіх уладанняў у Францыі, у т. л. Нармандыю і Анжу. У выніку канфлікту з царквой (1207) пазбаўлены трона рым. папам Інакенціем III (1209), у 1213 прызнаў сябе яго васалам. У 1214 беспаспяхова спрабаваў вярнуць свае б.франц. ўладанні. У выніку паўстання баронаў, якіх падтрымалі рыцары і гараджане, вымушаны падпісаць Вялікую хартыю вольнасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮРЫ—ВЁЙСА ЗАКО́Н,
тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці парамагнетыкаў; абагульненне Кюры закона на выпадак узаемадзеяння паміж лакалізаванымі магнітнымі момантамі.
Мае выгляд χ = C/(T − Θ), дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры), Θ — парамагн. т-ра Кюры. Устаноўлены франц. фізікам П.Вейсам у 1907. К—В.з. падпарадкоўваюцца фера- і антыферамагнетыкі ў парамагн. вобласці пры т-рах, больш высокіх за Кюры пункт і Нееля пункт адпаведна, а таксама сегнетаэлектрыкі: дыэлектрычная пранікальнасць пры т-рах T>Θ, дзе Θ — т-ра Кюры сегнетаэлектрыка; змяняецца па законе ε = B/(T − Θ), дзе B — канстанта рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАМАБІ́ЛЬ (франц. locomobile ад лац. locus месца + mobilis рухомы),
перасоўная ці стацыянарная парасілавая ўстаноўка Мае поршневую паравую машыну і паравы кацёл, аб’яднаныя ў адзін агрэгат. У якасці паліва выкарыстоўваліся адходы вытв-сці (напр., кастрыца, трэскі, пілавінне) або мясц. паліва (торф, дровы). Непатрабавальны да якасці вады і паліва. Выкарыстоўваўся як сілавая машына ці крыніца пары ў сельскай гаспадарцы і на невял. прамысл. прадпрыемствах для тэхнал. мэт, напр., варкі, сушкі, ацяплення. З 1960-х г. вытворчасць Л. ў б.СССР прыпынена з-за іх малой эканамічнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НСКІ САБО́Р, сабор Нотр-Дам,
помнік архітэктуры франц. готыкі 12—13 ст. у г. Лан. Пабудаваны ў 1150—1215 на месцы сабора, што згарэў у 1111. Крыжападобная ў плане 3-нефавая базіліка ўключае гал. неф з галерэяй і трыфорыем, трансепт, фланкіраваны 4 вежамі (2 не скончаны), хор без апсіды, квадратную ў плане вежу-ліхтар над сяродкрыжжам. Зах. фасад з 3 парталамі і традыц. акном-ружай фланкіраваны 2 вежамі з фігурамі быкоў. У інтэр’еры вітражы (у хорах — 13 ст.), рашотка хораў 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНСЬЕ́, кадрыля-лансье (франц. lancier літар. улан),
англійскі бальны танец. У сярэдзіне 19 ст. пашыраны ў Еўропе. Выконваюць 4 пары, размешчаныя крыж-накрыж у карэ. Складаецца з 5 фігур; муз. памер для 1-й, 3-й, 4-й фігур 6/8, для 2-й і 5-й — 2/4. Кожная фігура, акрамя 5-й, пачынаецца муз. уступам (інтрадукцыяй; 8 тактаў). У некат. краінах, у т. л. ў Расіі, быў пашыраны ў нар. побыце; у Беларусі вядомы пад назвай «Лянцей». У нар.танц. практыцы існуюць шматлікія варыянты Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙТЭНА́НТ (франц. lieutenant намеснік),
воінскае званне малодшага афіцэрскага саставу ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў. Узнікла ў Францыі ў 15 ст., дзе так называлі афіцэра, які быў нам. начальніка. З 2-й пал. 17 ст. ў Францыі і інш.еўрап. дзяржавах чын у арміі і ваен. флоце. У Расіі чын Л. існаваў з пач. 18 ст. на флоце. Ва ўзбр. сілах СССР у 1935 уведзены званні Л. і старшага Л., у 1937 — малодшага Л.; захаваліся ва ўзбр. сілах Рэспублікі Беларусь і інш. дзяржаў. Гл. таксама Званні воінскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕКУЎРО́Р ((Lecouvreur) Адрыена) (5.4.1692, Дамеры, каля г. Эпернэ, Францыя — 20.3.1730),
французская актрыса. Вучылася дэкламацыі ў акцёра Леграна (Парыж). Выступала ў правінцыі, з 1717 у т-ры «Камеды Франсэз» у Парыжы. Пад уплывам М.Барона першая з франц. актрыс унесла ў акцёрскае выкананне рэаліст. рысы, адмовілася ад напеўнай, знешне эфектнай класіцысцкай дэкламацыі, імкнулася да натуральнасці пластычнага малюнка ролі, рэфармавання сцэн. касцюма. Лепшыя ролі ў трагедыях П.Карнеля — Эмілія («Цына»), Раксана («Іфігенія»), Карнелія («Смерць Пампея») і Ж.Расіна — Федра («Федра»), камедыях Мальера — Анжэліка («Жорж Дандэн»), Алкмена («Амфітрыён») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВАШЭ́ІН (Апалон Канстанцінавіч) (1833, г. Шклоў Магілёўскай вобл. — 25.11.1902),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Рышэльеўскі ліцэй у Адэсе і Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу, слухаў лекцыі ў Парыжскім ун-це і Франц. калежы. У 1881—94 чл.Дзярж. савета. З 1886 у Мін-ве ўнутр. спраў, з 1891 дырэктар гасп. дэпартамента. У 1892—94 міністр шляхоў зносін. Па яго прапанове створаны Гал. інспекцыя шашэйных і водных дарог, суднаходныя інспекцыі пры начальніках дыстанцый на рэках Масква, Ака, Зах. Дзвіна, упраўленне па буд-ве Сіб. чыгункі. Апошнія гады жыў у Шклове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМАЗІ́ ((Crémazie) Актаў Жазеф) (16.4.1827, г. Квебек, Канада — 16.1.1879),
канадскі паэт; заснавальнік кан. паэзіі на франц. мове. Скончыў Квебекскую семінарыю. Друкаваўся з 1854. З 1861 выдаваў літ.час. «Les Soirées Canadiennes» («Канадскія вечары»). З 1863 у Францыі, дзе напісаў «Дзённік аблогі Парыжа» (выд. 1882) пра падзеі франка-прускай вайны 1870—71 і Парыжскай камуны 1871, лісты пра л-ру — «Лісты і ўрыўкі з лістоў» (выд. 1886). Аўтар патрыят. і філас. вершаў, у якіх адчувальны ўплыў паэтыкі П.Беранжэ і В.Гюго, няскончанай паэмы «Прагулка трох мерцвякоў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКА́РДА (франц. cocarde),
распазнавальны знак устаноўленага ўзору на форменных галаўных уборах ваеннаслужачых узбр. сіл і інш. сілавых структур, супрацоўнікаў ваенізаваных і некат. цывільных арг-цый (фарміраванняў) многіх краін свету, у т. л. Беларусі. Вядома з сярэдневякоўя ў арміях шэрагу еўрап. краін, у т. л.ВКЛ; мела выгляд султана ці пучка пеўневых пёраў, пазней выраблялася з матэрыі, металу і інш. Ва ўзбр. сілах Расіі ўведзена ў 1732, СССР — у 1940, у Рэспубліцы Беларусь — у 1992. К. вайскоўцаў паказвае на іх прыналежнасць да ўзбр. сіл пэўнай краіны, іх віду, роду войск і г.д.