КЛЯВЕ́Ц,
старажытнаруская ўдарная зброя, разнавіднасць баявой сякеры. Меў вузкае лязо, падобнае да дзюбы (рус. «клюв», адсюль назва) і малаткападобны абух. Выкарыстоўваўся ў 10—17 ст. для паражэння праціўніка, які меў засцерагальнае ўзбраенне. К. і яго разнавіднасць чакан служылі таксама знакамі адрознення военачальнікаў. Іл. гл. да арт. Кісцень.
т. 8, с. 353
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НАЎКА (ад польск. konew збан, кубак),
у беларусаў і інш. еўрап. народаў невялікая драўляная, радзей метал. або ганчарная пасудзіна (звычайна конусападобнай формы з ручкай), якая служыла для зачэрпвання і пералівання вадкасцей. Выкарыстоўвалася таксама як кубак для пітва, у такім выпадку мела больш падоўжаную, звычайна цыліндрычную форму.
т. 8, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫШТАЛІ́ЧНЫ СТАН,
устойлівы цвёрды агрэгатны стан рэчыва, структура якога вызначаецца далёкім парадкам размяшчэння атамаў (гл. Далёкі і блізкі парадак). Пераход у менш упарадкаваныя станы (вадкі і газападобны) адбываецца скачком з паглынаннем цеплаты пры пэўных значэннях т-ры і ціску (гл. Плаўленне). Гл. таксама Крышталь, Полімарфізм, Цвёрдае цела.
т. 8, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЖАЛЬ,
ільняное валакно вышэйшай якасці, атрыманае пасля часання кудзелі на грэбені. К., што прызначаўся для вырабу тонкіх наміткавых тканін, дадаткова часалі шчоткай са свіной шчаціны. Гатовы К. скручвалі ў трубку і захоўвалі да прадзіва. К. называлі таксама ніткі з такога валакна і палатно з такіх нітак.
т. 8, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЯ́ВІЯ, Куябія, Куяба,
адзін з трох цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Згадваецца араб., перс. і сярэднеазіяцкімі географамі 9—10 ст. разам з Артаніяй і Славіяй. Большасць даследчыкаў лічаць К. паліт. аб’яднанне ўсх. славян на тэр. Сярэдняга Прыдняпроўя з цэнтрам у г. Кіеў, а таксама Стараж. Кіеў.
т. 9, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАВА́НДАВЫ АЛЕ́Й,
эфірны алей з суквеццяў лаванды. Бясколерная ці жаўтаватая вадкасць з пахам лаванды, шчыльн. 885—897 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў этаноле. Асн. кампаненты — гераніёл, ліналаол, ліналілацэтат, лавандулол. Выкарыстоўваюць пераважна як пахучае рэчыва ў парфумерыі, а таксама як сыравіну ў вытв-сці ліналілацэтату.
т. 9, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІТЫ́МНАСЦЬ (ад лац. legitimus законны) палітычнай улады, прызнанне народам і паліт. сіламі краіны правамернасці, законнасці паліт. улады, яе інструментаў, механізмаў дзейнасці, а таксама спосабаў яе ўсталявання. Л. улады не з’яўляецца прававым працэсам і не валодае юрыд. функцыямі; яна нефармальна фіксуе ўжо існуючы факт прызнання ўлады народам.
т. 9, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЦЫТО́З,
павышаная звыш нормы колькасць лейкацытаў у перыферычнай крыві. Назіраецца пры некат. інфекцыйных хваробах (інфекцыйны ці бактэрыяльны Л.), таксама ў час цяжарнасці, псіхаэмацыянальных узрушэнняў, пад уздзеяннем моцнага болю і інш. (неінфекцыйны ці стрэсавы Л.). Ацэнка колькасці лейкацытаў і лейкацытарная формула маюць важнае дыягнастычнае значэнне.
Я.П.Іваноў.
т. 9, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́КАВЫЯ МЕ́ТАДЫ ў матэматыцы,
метады набліжанага рашэння матэм. задач, якія зводзяцца да выканання канечнай колькасці элементарных аперацый над лікамі. Вылічэнні выконваюцца ўручную ці з дапамогай вылічальных машын. Распрацоўка новых Л.м. і выкарыстанне іх у ЭВМ прывялі да ўзнікнення вылічальнай матэматыкі. Гл. таксама Набліжанае вылічэнне, Набліжаныя формулы.
т. 9, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬПІ́ГІЕВЫЯ ЦЕ́ЛЬЦЫ (ад імя М.Мальпігі),
клубочкі артэрыяльных капіляраў у нырках чалавека і амаль усіх пазваночных жывёл. У гэтых клубочках (у чалавека да 40 млн.) фільтруецца вадкасць з крыві ў мачавыя канальцы. Таксама М.ц. — лімфоідныя вузельчыкі, дзе ўтвараюцца лімфацыты; знаходзяцца ў рэтыкулярнай тканцы селязёнкі.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)