горад абл. падпарадкавання, цэнтр Салігорскага р-на Мінскай вобл., на беразе Салігорскага вадасховішча. За 132 км на Пдад Мінска. Канцавая чыг. ст. веткі ад Слуцка, на аўтадарозе Слуцк—Мікашэвічы. 101,9 тыс.ж. (2001).
Засн. ў 1958 як пас. Новастаробінск на месцы в. Вішнёўка Старобінскага р-на Мінскай вобл. ў выніку прамысл. распрацоўкі пакладаў калійных солей і буд-ва калійнага камбіната. З жн. 1959 рабочы пас. С., са снежня 1962 у Любанскім р-не. У 1963—79 уведзены ў эксплуатацыю 4 калійныя камбінаты. З 1963 горад абл. падпарадкавання, з 1965 цэнтр Салігорскага р-на. У 1978—60 тыс. жыхароў.
У горадзе працуюць ВА«Беларуськалій», прадпрыемствы лёгкай прам-сці «Калінка» і Салігорская фабрыка трыкатажнай бялізны «Купалінка», ліцейна-мех.з-д «Універсал», буд.арг-цыя «Салігорскпрамбуд», домабуд. камбінат, прадпрыемства «Шахтаспецбуд». Салігорскі горна-хімічны тэхнікум, пед. каледж, 2 ПТВ, 4 б-кі, Салігорскі краязнаўчы музей, Палац культуры, Дом культуры. Помнікі Героям Сав. Саюза В.З.Каржу, В.І.Казлову, скульпт. кампазіцыі шахцёрам-першапраходцам і ў гонар заснавання горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМТА́ЎРСКІ МО́ГІЛЬНІК,
вялікі (каля 18 га) розначасовы могільнік на паўн. ускраіне стараж.г. Мцхета (Грузія). Назва ад манастыра Самтаўра, каля якога знаходзіцца могільнік. Даследавана больш за 3 тыс. пахаванняў ад сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. да 10 ст.н.э. С.м. з’яўляецца могілкамі жыхароў паселішча бронзавага веку г. Мцхета (стараж. сталіца Картлі), які ўзнік на месцы паселішча ў эліністычны час.Найб. багатыя знаходкамі грунтавыя пахаванні эпохі позняй бронзы (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.) і ранняга жалеза (9—5 ст. да н.э.): глянцаваная з геам. арнаментам і каляровая глазураваная кераміка, бронзавая і жал. зброя, упрыгожанні з бронзы, косці, сердаліку, агату, бронзавыя статуэткі жывёл і інш. Да 2—1 ст. да н.э. належаць збанавыя пахаванні, да 1—3 ст.н.э. — пахаванні ў каменных, чарапічных, цагляных скрынях і саркафагах. Знойдзены манеты, помнікі эпіграфікі, творы мастацтва, упрыгожанні (залатыя, сярэбраныя, бронзавыя бранзалеты, пярсцёнкі, завушніцы, падвескі, медальёны з каляровымі камянямі, гемы і інш.), сярэбраны і шкляны маст. посуд. Знойдзена шмат шклянога посуду мясц. вытв-сці і рэчаў туалету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-РЭ́МА КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1920,
пасяджэнне Вярх. савета дзяржаў Антанты 19—26.4.1920 у г.Сан-Рэма (Італія), дзе быў абмеркаваны шэраг пытанняў мірнага ўрэгулявання пасля 1-й сусв. вайны. Удзельнічалі прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі (Д.Лойд-Джордж), Францыі (А.Мільеран), Італіі (Ф.Ніці), а таксама пасол Японіі (Мацуі), назіральнік ад ЗША і інш. Разгледжаны пытанні: аб мірным дагаворы з Турцыяй і размеркаванні мандатаў (гл.Мандатныя тэрыторыі) Лігі Нацый на араб. краіны; аб выкананні Германіяй ваен. артыкулаў Версальскага мірнага дагавора 1919, аб пазіцыі дзяржаў Антанты адносна Сав. Расіі («рус. пытанне»), Паводле рашэнняў канферэнцыі Вялікабрытанія атрымала мандат на Палесціну і Ірак (уключаючы г. Масул), Францыя — на Сірыю і Ліван. Быў зацверджаны папярэдні праект дагавора аб міры з Турцыяй, які пазней склаў аснову Сеўрскага мірнага дагавора 1920. Германія атрымала адмову на сваю просьбу аб павелічэнні ўдвая колькасці ўласных узбр. сіл (спроба рэвізіі ўмоў Версальскага міру), канферэнцыя запатрабавала адгерм. боку выконваць ваен. і рэпарацыйныя ўмовы Версальскага мірнага дагавора. Вырашана аднавіць гандл. сувязі з Сав. Расіяй, узяты курс на прызнанне яе дэ-факта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА І НЕАБХО́ДНАСЦЬ,
філасофскія катэгорыі, якія вызначаюць узаемадзеянне паміж дзейнасцю людзей і аб’ектыўнымі законамі прыроды і грамадства. Характарызуюць здольнасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі ведамі, інтарэсамі і мэтамі з улікам унутр. і ўстойлівых узаемасувязей і адносін аб’ектыўнай рэальнасці. Прадстаўнікі ідэалістычнай філасофіі разглядаюць С. і н. як узаемавыключальныя паняцці, разумеюць свабоду як свабоду волі, самавызначэнне духу, недэтэрмінаваныя знешнімі ўмовамі, аснову чалавечай адказнасці. Прадстаўнікі механіст. дэтэрмінізму адмаўляюць свабоду волі і сцвярджаюць, што дзеянні чалавека вызначаюцца знешнімі, незалежнымі ад яго абставінамі. Б.Спіноза разумеў свабоду як усвядомленую неабходнасць. Г.Гегель распрацаваў канцэпцыю дыялект. адзінства С. і н. Дыялектычна-матэрыяліст. асэнсаванне праблемы С. і н. зыходзіць з прызнання першаснасці аб’ектыўнай неабходнасці і другаснасці свабоды і свядомасці чалавека як вытворных ад неабходнасці. У паўсядзённай практыцы людзі сутыкаюцца з выяўленнем неабходнасці ў форме ўмоў жыцця, сац.-эканам. адносін, наяўных матэрыяльна-тэхн. сродкаў. Непазнаныя законы развіцця прыроды і грамадства з’яўляюцца неўсвядомленай неабходнасцю. У працэсе развіцця соцыуму межы неўсвядомленай неабходнасці звужаюцца, а свабода асобы як усвядомленая неабходнасць узрастае ў межах дзеяння аб’ектыўных законаў развіцця прыроды і грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАВО́Д,
святлапровад, хвалявод аптычны, закрытае ўстройства для накіраванай перадачы светлавой энергіі.
У адкрытай прасторы перадача светлавой энергіі магчыма толькі ў межах прамой бачнасці і звязана са стратамі, абумоўленымі пач. разыходнасцю выпрамянення, яго паглынаннем і рассеяннем у атмасферы. Выкарыстанне С. дае магчымасць значна зменшыць страты светлавой энергіі, а таксама перадаваць яе па крывалінейных трасах. Паводле канструкцыі адрозніваюць С. лінзавыя, валаконныя, планарныя, палоскавыя і інш. Лінзавыя С. — сістэма размешчаных у трубе лінзаў, якія служаць для перыядычнай карэкцыі хвалевага фронту светлавога пучка. Найб. распаўсюджаны валаконныя С. (гл.Валаконная оптыка). Для патрэб інтэгральнай оптыкі распрацаваны планарныя і палоскавыя С. — тонкая (парадку даўжыні светлавой хвалі) празрыстая святловядучая плёнка, нанесеная на аднародную падложку. Паказчык пераламлення плёнкі большы, чым паказчык пераламлення падложкі і асяроддзя над С. Светлавая хваля ў такім С. распаўсюджваецца ў працэсе шматкратнага поўнага адбіцця ад яго сценак. Палоскавыя С. адрозніваюцца ад планарных шырынёй (сувымерная з даўжынёй светлавой хвалі).
Літ.:
Унгер Х.-Г. Планарные и волоконные оптические волноводы: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМА́НТЫКА (франц. sémantique адгрэч. sēmantikos які абазначае) у мовазнаўстве, 1) увесь змест, інфармацыя, якія перадаюцца мовай ці якой-н. яе адзінкай (словам, граматычнай формай слова, словазлучэннем, сказам).
2) Раздзел семіётыкі і тыпалагічнай лінгвістыкі, які разглядае знакі паводле іх значэння і тэксты паводле іх сэнсу. Апісвае зместавую сістэму мовы, спосабы перадачы сэнсу пры дапамозе зместавых адзінак (асобных слоў). Словы ў сваю чаргу вызначаюцца паслядоўнасцю марфем і фанем. Фанемы не маюць самастойнага значэння, але дазваляюць яго абнавіць для слова праз камбінаторыку фанем, бо іх сукупнасць утварае лексему як лексічнае значэнне слова. Паслядоўнасць лексем складае сказ, але сказ не складаецца з лексем. Яго сінтакс. характарыстыкі ўплываюць на змены ў значэнні, таму мы адрозніваем сэнс тэксту ад сумы значэнняў яго састаўляючых. У Гэтым асн. роля С. Семантычныя адзінкі характарызуюцца рознымі тыпамі адносін: сінтанімічнымі, антанімічнымі, аманімічнымі.
Літ.:
Апресян Ю.Д. Лексическая семантика. М., 1974;
Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;
Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;
Плотников Б.А. Основы семасиологии. Мн., 1984;
Вежбицкая А. Семантические универсалии и описание языков: Пер. с англ.М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНАЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
с.-г. машыны для ўборкі травы, нарыхтоўкі сена і сенажу.
У залежнасці ад спосабу сенаўборкі выкарыстоўваюцца: для скошвання травы — рознага тыпу касілкі; варушэння яе з мэтай больш хуткага высыхання — варушылкі (звычайна механічныя з шарнірнымі лемяшамі); зграбання сена ў валкі — граблі, падборкі сена з валкоў у копы — падборшчыкі, валакушы; транспарціроўкі копаў да месца сціртавання — капавозы (1 або 2 навясныя грабельныя рашоткі з механізмамі падымання і апускання, устаноўленыя на колавым трактары); укладкі сена ў стог і копаў на трансп. сродкі — стагакіды, прасавання сена ў цюкі (стандартныя, кароткамерныя, буйнагабарытныя) — прэс-падборшчыкі, падборшчыкі-ўкладчыкі цюкоў; загатоўкі здробненага сена — самаходныя і прычапныя камбайны, здробненае сена ад якіх дастаўляецца да месца дасушвання і захоўвання; прыгатавання травяной мукі, гранул і брыкетаў з зялёнай масы, што прывозіцца з поля — спец. памолачныя агрэгаты, гранулятары, брыкетавальнікі, інш.кормапрыгатавальныя машыны і спец. стацыянарныя тэхнал. лініі.
Літ.:
Практикум по сельскохозяйственным машинам. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРО́ННЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
электрычная сінхронная машына, якая працуе ў рэжыме рухавіка. У С.э. магн. поле статара і ротар маюць аднолькавую частату вярчэння n, якая знаходзіцца ў строгіх суадносінах да частаты эл. току 𝑓 : n = 60𝑓/p, дзе p — колькасць пар полюсаў. Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках, сістэмах аўтаматыкі, кінаапаратуры, быт. і інш. прыладах, якія патрабуюць пастаяннай вуглавой скорасці. Магутнасць ад долей вата да некалькіх дзесяткаў мегават.
У параўнанні з асінхронным электрарухавікам С.э. мае больш высокі магутнасці каэфіцыент і перагрузачную здольнасць. Аднак з-за неабходнасці сілкавання абмоткі ўзбуджэння ад генератара пастаяннага току ці статычнага ўзбуджальніка (іоннага, паўправадніковага выпрамніка), а таксама з-за асаблівасцей пуску (разгону да намінальнай вуглавой скорасці) часта не можа канкурыраваць з асінхронным рухавіком. Ротар С.э. малой магутнасці выконваецца ў выглядзе пастаяннага магніта, без абмоткі ўзбуджэння. Вял. ціхаходныя С.э. маюць яўнаполюсны ротар, высокаскарасныя — наяўнаполюсны. У С.э. малой магутнасці з-за адсутнасці абмоткі ўзбуджэння рэактыўны момант з’яўляецца асноўным, таму яны наз. рэактыўнымі. У пераўзбуджаным стане С.э. можа аддаваць рэактыўную энергію ў сетку — працаваць у рэжыме сінхроннага кампенсатара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА АЎТАМАТЫЗАВА́НАГА ПРАЕКТАВА́ННЯ (САПР),
комплекс апаратна-праграмных сродкаў для аўтаматызацыі праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. З дапамогай САПР ажыццяўляецца распрацоўка праектных рашэнняў на ўсіх стадыях цыкла існавання аб’екта: ад разліку характарыстык запраектаванага вырабу да падрыхтоўкі тэхн. дакументацыі і аналізу вынікаў выпрабаванняў. САПР дазваляе павялічыць якасць канструктарскай дакументацыі і скараціць тэрміны праектавання. Класіфікацыя САПР залежыць ад тыпу вытв-сці і віду праектных аб’ектаў.
САПР уключае забеспячэнні: тэхн. сродкі (ЭВМ, камп’ютэрныя сеткі. графапабудавальнікі, сродкі кадзіравання графічнай інфармацыі і інш.), матэм. (тэорыі праектавання вырабаў, матэм. мадэлі, алгарытмічныя мовы, тэрміналогію, метады і алгарытмы сінтэзу, аптымізацыі і рашэння праектных задач і інш.), праграмнае (аперацыйныя сістэмы, транслятары з алгарытмічных моў, пакеты прыкладных праграм), інфармацыйнае (базы даных і сродкі кіравання імі) і інш.
На Беларусі навук. даследаванні і распрацоўкі ў галіне САПР вядуцца ў Ін-тах тэхн. кібернетыкі і механікі машын Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш.
Літ.:
Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснащения. Мн., 1997;
Норенков И.П. Основы автоматизированного проектирования. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛОВАЗМЯНЕ́ННЕ,
утварэнне граматычных форм таго самага слова, якія выражаюць яго адносіны да інш. слоў у сказе і, адпаведна, адносіны паміж пэўнымі паняццямі. з’явамі, што абазначаюцца гэтымі словамі (параўн. «стол стаіць», «няма стал-а». «ляжыць на стал-е»).
Сродкі С. — словазменныя (сінтаксічныя) марфемы. якія і выяўляюць сінтакс. залежнасць адных слоў ад другіх у маўленчай плыні. У бел. мове да гэтых марфем адносяцца гал. чынам флексіі (канчаткі). што далучаюцца да формаўтваральных асноў. Пры дапамозе флексій утвараюцца склонавыя формы ўсіх скланяльных слоў (назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, займеннікаў), формы роду і ліку прыметнікаў, займеннікаў, дзеепрыметнікаў, асабовыя формы дзеясловаў у розных часах і ладах. Шырокае выкарыстанне флексій як сродкаў С. вызначае флектыўны характар бел. мовы (як і блізкароднасных рус. і ўкр. моў). Многія сучасныя даследчыкі С. адрозніваюць ад яго формаўтварэнне. Аднак часта С. і формаўтварэнне не размяжоўваюцца і супрацьпастаўляюцца як агульная з’ява словаўтварэнню.
Літ.:
Виноградов В.В. О формах слова // Виноградов В.В. Избр. тр.: Исслед. по рус. грамматике. М., 1975;
Герд А.С. Словообразование, формообразование и словоизменение // Лингвистика и модели речевого поведения. Л., 1984;