ЗАХО́ДНЕ-БЕЛАРУ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

фізіка-геаграфічная правінцыя на З Беларусі. Займае Гродзенскую, паўн. ч. Брэсцкай і зах. ч. Мінскай абласцей. Мяжуе на Пн з Беларуска-Валдайскай правінцыяй, на У з Перадпалескай правінцыяй, на Пд з Беларускім Палессем. Працягнулася з З на У на 250 км, з Пн на Пд у сярэднім на 150 км; пл. 37,3 тыс. км². Падзяляецца на фізіка-геагр. раёны (паводле В.​А.​Дзяменцьева, з дапаўненнем); Лідская раўніна, Сярэднянёманская нізіна, Верхнянёманская нізіна, Паўднёва-Заходняе адгалінаванне Беларускай грады (Навагрудскае, Ваўкавыскае, Гродзенскае і Слонімскае ўзвышшы), Капыльская града, Прыбугская раўніна, Баранавіцкая раўніна, Слуцкая раўніна, Стаўбцоўская раўніна. У рэльефе спалучаюцца канцова-марэнныя ўзвышшы, донна-марэнныя раўніны, водна-ледавіковыя і прыледавіковыя нізіны. Найвыш. пункт 323 м над узр. м. (Замкавая гара на Навагрудскім узв.), самы нізкі пункт Беларусі 80 м над узр. м. ў даліне р. Нёман каля граніцы з Літвой. У тэктанічных адносінах тэр. З.-Б.п. размешчана ў межах Бел. антэклізы і паўн. ч. Брэсцкай упадзіны. Асобныя выхады крышт. архейскіх і пратэразойскіх парод, а таксама асадкі мелавога, палеагенавага і неагенавага ўзросту перакрываюцца чацвярцічнымі (марэннымі, водна-ледавіковымі, азёрнымі, рачнымі, балотнымі і лёсападобнымі) адкладамі. Карысныя выкапні: мел, мергель, пяскі, гліны, торф, жал. руды. Клімат умерана цёплы, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4,4 да -6,7 °C, ліп. 17,4—18,8 °C. Вегет. перыяд 187—208 сут. Ападкаў 530—695 мм, на Навагрудскім узв. да 706 мм за год. Найб. рака Нёман з прытокамі Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Лебяда, Котра, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач, Ласосна; на ПдЗ рэкі Лясная і Нараў (бас. р. Буг), Ясельда (бас. р. Прыпяць). Найб. азёры Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь. На ўзвышшах і раўнінах глебы дзярнова-падзолістыя сярэдне- і моцнаападзоленыя на марэнных суглінках, супесках і лёсападобных пародах. У нізінах пераважаюць дзярнова-слабаападзоленыя глебы на пясках, а таксама забалочаныя і тарфяна-балотныя; алювіяльна-лугавыя — на поймах рэк. Лясы займаюць 28% тэр. Шыракаліста-яловыя і хваёвыя лясы, хмызнякі, сухадолы і нешырокія палосы заліўных лугоў сярод узвышшаў і на раўнінах. На нізінах пераважаюць хваёвыя бары, драбналістыя і забалочаныя лясы, нізінныя балоты. Пад ворывам каля 40% тэрыторыі. У З.-Б.п. нацыянальныя паркі Белавежская пушча, Налібоцкая пушча, а таксама ландшафтныя, гідралагічныя і біялагічныя заказнікі.

В.​П.​Якушка.

т. 7, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТРУМЕНТО́ЎКА,

выкладанне муз. твора для выканання аркестрам ці інстр. ансамблем. Да арк. музыкі выкарыстоўваюць і тэрмін аркестроўка. І. ўвасабляецца ў партытуры, дзе запісаны партыі ўсіх інструментаў і галасоў муз. твора. Тэрмін «І.» часта пашыраюць і на сферу хар. шматгалосай музыкі (т.зв. харавая І.). Асн. прынцыпы І.: збалансаванае спалучэнне кантрастных груп інструментаў; функцыян. трактоўка арк. груп і іх узаемаадносіны; стварэнне мелодыка-тэматычных, рытмавых, гарманічных пластоў арк. фактуры, выкарыстанне педалей, фонаў, контрапунктычных утварэнняў; тэхніка перадачы і перапляцення арк. галасоў (інстр. ліній); верт. складанне і гарыз. развіццё шматпланавай арк. тканіны.

Развіццё І. пачалося з зацвярджэннем гамафоннага стылю муз. пісьма (гл. Гамафонія). Важную ролю ва ўсведамленні драматург. ролі тэмбраў адыграў оперны т-р (16—17 ст.). У 18—19 ст. сфарміраваўся класічны склад сімфанічнага аркестра, чаму садзейнічала творчасць Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, якія імкнуліся пераадолець абмежаванасць тагачаснага інструментарыя, павялічыць і ўдасканаліць сімф. аркестр. На базе класічнага аркестра 19 ст. склаўся народжаны ідэямі муз. рамантызму і імпрэсіянізму сімф. аркестр 20 ст., які задавальняе маст. патрэбы кампазітараў розных кірункаў і індывідуальнасцей.

Гіст. развіццё арк. музыкі суправаджалася пошукамі новых тэмбравых спалучэнняў, удасканаленнем інструментарыя і стварэннем новых інструментаў для ўзмацнення маляўнічасці, выразнасці музыкі. Разам з выкарыстаннем «чыстых» (сольных) тэмбраў як носьбітаў тэмы (лейтматыву) кампазітары пачалі выкарыстоўваць мяшаныя тэмбры. У залежнасці ад маст. задумы і творчай індывідуальнасці кампазітара І. (аркестроўка) можа быць (з улікам пераважнай тэндэнцыі) акустычна ўраўнаважанай (больш блізкая венскім класікам; асн. ўвага аддаецца дынамічнай збалансаванасці гучання, арган. спалучэнню гарызанталі і вертыкалі) ці тэмбральна-каларыстычнай (больш блізкая рамантыкам і імпрэсіяністам; пераважае характарыстычнасць тэмбраў, выяўленчасць, маляўнічасць гучання). У бел. музыцы да першай больш схіляюцца А.​Багатыроў, Я.​Цікоцкі, да другой — Г.​Вагнер, Я.​Глебаў, С.​Картэс, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі. Курс І. выкладаюць у кансерваторыях і інш. спец. муз. навуч. установах.

Літ.:

Геварт Ф.О. Новый курс инструментовки: Пер. с фр. 2 изд. М.;

Лейпциг, 1913;

Римский-Корсаков Н.А. Основы оркестровки // Полн. собр. соч. Лит. произв. и переписка. М., 1959. Т.З;

Берлиоз Г. Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке: Пер. с фр. [4 ] 1—2. М., 1972;

Витачек Ф.Е. Очерки по искусству оркестровки XIX в. М., 1979.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ ІНТЭРНА́ЦЫЯНАЛ, Камінтэрн, 3-і Інтэрнацыянал,

міжнароднае аб’яднанне камуніст. партый і блізкіх да іх арг-цый розных краін у 1919—43. Засн. ў сак. 1919 у Маскве па ініцыятыве рас. камуністаў (бальшавікоў) на чале з У.​І.​Леніным ва ўмовах уздыму рэв. руху ў свеце пасля 1-й сусв. вайны. Аб’ядноўваў леварадыкальнае крыло міжнар. рабочага руху (на час правядзення апошняга VII кангрэса ў 1935 уваходзіла 76 камуніст. партый і 4 групы — усяго 3 млн. 141 тыс. чл.), а таксама міжнар. арг-цыі Камуністычны інтэрнацыянал моладзі, Міжнар. арг-цыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі, Чырв. Інтэрнацыянал прафсаюзаў і інш. Паводле статута 1920 лічыўся адзінай цэнтралізаванай сусв. камуніст. партыяй, а партыі і арг-цыі, што дзейнічалі ў розных краінах, — яе секцыямі [бел. камуністаў прадстаўлялі секцыі ВКП(б) і КПЗБ]. Запазычыўшы паліт. платформу ў бальшавікоў, К.І. прызнаваў рэв. шлях барацьбы працоўных за свае правы, бачыў сваю задачу ў падрыхтоўцы і ажыццяўленні сусв. сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленні сусв. дыктатуры пралетарыяту. Гэта абумовіла адмоўнае стаўленне кіраўніцтва К.І. да сацыял-рэфармісцкіх партый і рухаў, вяло да самаізаляцыі камуніст. руху. Намагаючыся выправіць гэта становішча, VII кангрэс К.І. (1935) заклікаў да аб’яднання ўсіх антыфаш. сіл (найперш камуністаў з сацыял-дэмакратамі), здзяйснення тактыкі адзінага рабочага фронту на антыфаш. аснове і надання большай самастойнасці партыям. Аднак у 1936—39 зноў узмацніліся тэндэнцыі дагматызму і сектанцтва ў кіруючых органах К.І. У 1938 Выканком К.І. неабгрунтавана распусціў камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі, Зах. Украіны. Ва ўмовах 2-й сусветнай і Вял. Айч. вайны СССР супраць фаш. Германіі па ініцыятыве Сталіна Прэзідыум Выканкома К.І. 15.5.1943 прыняў рашэнне аб роспуску К.І. За гады яго актыўнай дзейнасці (1919—39) колькасць камуністаў у свеце вырасла з 340—360 тыс. да 4202 тыс. чал. Вышэйшы орган К.І. — кангрэс (усе адбыліся ў Маскве ў 1919, 1920, 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т, а з 1921 і яго Прэзідыум (знаходзіліся ў Маскве); на VII кангрэсе (1935) уведзена пасада ген. сакратара Выканкома К.І., якую займаў Г.Дзімітроў. Лідэрамі К.І. былі таксама Р.Я.Зіноўеў, Дз.​З.​Мануільскі, П.Тальяці і інш. Гал. друкаваны орган -т час. «Коммунистический Интернационал» (выдаваўся ў 1919—43 на рус., англ., ням., франц., ісп. і кіт. мовах).

Літ.:

Коминтерн и вторая мировая война. Ч. 1. До 22 июня 1941 г. М., 1994.

т. 7, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ САЮ́З МО́ЛАДЗІ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КСМЗБ),

нелегальная камуніст. арг-цыя моладзі Зах. Беларусі ў 1924—38. Існаваў як тэр. аўтаномная частка Камуністычнага саюза моладзі Польшчы (КСМП). Яго дзейнасць накіроўвалі КСМП і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — ЦК. Пасля адыходу ў 1921 Зах. Беларусі да Польшчы разрозненыя камсамольскія арг-цыі пачалі адраджаць сваю дзейнасць. Скліканая ЦК КПЗБ у студз. 1924 камсамольская канферэнцыя Зах. Беларусі прыняла рашэнне пра стварэнне адзінага саюза — КСМЗБ. У яго аснову быў пакладзены прынцып дэмакр. цэнтралізму, а ўся структура і дзейнасць рэгламентаваліся ў адпаведнасці са Статутам камсамола Польшчы. Нізавым звяном КСМЗБ былі ячэйкі (ад 3 да 7 чл.), якія аб’ядноўваліся ў раённыя (гарадскія), а тыя — у акр. арг-цыі. У розныя гады КСМЗБ падзяляўся на 6—10 акруг, аб’ядноўваў ад 1200 (1925) да 3500-4000 (1932) членаў; у іх ліку было 80% сялян, 83% беларусаў, каля 15% яўрэяў. КСМЗБ дапамагалі КП(б)Б і камсамол БССР. У Мінску з 1925 дзейнічала школа для парт. і камс. функцыянераў Зах. Беларусі; на тэр. БССР КСМЗБ правёў свой адзіны з’езд (сак. 1931, в. Сляпянка пад Мінскам) і III канферэнцыю (1932). КСМЗБ накіроўваў барацьбу сялянскай, рабочай, вучнёўскай моладзі за сац. і нац. вызваленне, за дэмакр. свабоды, за ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. супраць пагрозы вайны і інш. У сярэдзіне 1930-х г., ён дапамагаў КПЗБ праводзіць лінію па стварэнні адзінага антыфаш. фронту. Выдаваў свае газ. і час.: «Малады камуніст», «Малады змагар», «Пад сцягам камсамола», «Камсамолец» (на бел., польск., рус. і яўр. мовах) і інш. На працягу ўсёй сваёй гісторыі КСМЗБ праследаваўся ўладамі, да 73 яго членаў знаходзілася ў турмах. Кіруючымі дзеячамі КСМЗБ у розныя часы былі: В.​З.​Харужая, М.​М.​Дворнікаў, В.​П.​Ласковіч, Я.​І.​Скурко (М.​Танк), П.​Пестрак, І.​Я.​Дабрыян, С.​В.​Прытыцкі, Л.​Р.​Шайкоўскі і інш. КСМЗБ спыніў дзейнасць у 1938 у сувязі з беспадстаўным роспускам Камінтэрнам Кампартыі Польшчы, у т. л. КПЗБ.

Літ.:

Віхраў А.А. Баявы памочнік КПЗБ (1921—1928 гг.). Мн., 1975;

Революционный авангард трудящейся молодежи Западной Белоруссии (1921—1939 гг.): Док. и материалы. Мн., 1978.

М.​В.​Бобер.

т. 7, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЁЛ (ад лац. castellum невял. крэпасць),

1) польск. і бел. назва рымска-каталіцкага храма. Паводле царк. дагматыкі К. з’яўляецца домам Бога і месцам малітвы. Паводле прызначэння бываюць: базілікі (К. са спец. папскімі прывілеямі, асноўныя ў Рыме); кафедральныя (К., дзе ёсць кафедра епіскапа і знаходзяцца кафедральны капітул); калегіяты (К., якім нададзены спец. ганаровы статус, ёсць свой калегіяцкі капітул); кляштарныя; парафіяльныя (прыходскія, фарныя); філіяльныя (у складзе прыхода); капліцы. На Беларусі К. пачалі сістэматычна будаваць пасля Крэўскай уніі 1385, найб шырока — пасля Брэсцкай уніі 1596.

Унутраная прастора К. падзяляецца на 3 традыц. для хрысц. храма часткі: бабінец (прытвор, нартэкс), цэнтр. частку і прэсбітэрый (алтарную частку). У адрозненне ад правасл. храма (царквы) у К. алтаром наз. не частка прасторы, а ўзвышанае ахвярнае месца з распяццем, абразом або статуяй святога. Гал., часта шматфігурны, алтар размяшчаецца ў прэсбітэрыі (звычайна аддзелены ад цэнтр. часткі невысокай агароджай). У К. можа быць некалькі дадатковых бакавых алтароў у цэнтр. частцы, там таксама знаходзяцца кафедра для ксяндза, спавядальня, лаўкі для вернікаў. На сценах жывапісныя або скульпт. сцэны з крыжовага шляху Ісуса Хрыста (стацыі), дадатковыя абразы, эпітафіі і помнікі фундатарам (іх тут часта хавалі), месца для хароў, арган і інш. Пры прэсбітэрыі размяшчаюцца сакрысція і часам касцельная б-ха. Інтэр’ер К. звычайна багата ўпрыгожаны. Вял. К. будавалі з крыптай.

Першыя мураваныя К. (15 ст.) мелі рысы готыкі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Уселюбскі касцёл). У 16 ст. будавалі К. трохчасткавай кампазіцыі з адной магутнай вежай пры ўваходзе (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела). Першы К. у стылі барока — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Найб. пашыраны тып К. ў 17—18 ст. — базіліка з 2-вежавым фасадам (Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Княжыцкі касцёл і кляштар дамініканцаў). Шматлікія каталіцкія ордэны манаскія ў Гродне, Слоніме, Пінску, Оршы, Мінску, Полацку, Віцебску і інш. стваралі ансамблі будынкаў кляштара і К. з выразнай барочнай пластыкай гал. фасадаў. Архітэктура драўляных К. імітавала формы мураваных храмаў. З пач. 19 ст. К. будавалі ў стылях класіцызму і несапраўднай готыкі (Мінскі Чырвоны касцёл, Сар’ёўскі касцёл, Відзаўскі Троіцкі касцёл і інш.).

2) Тэрмін для абазначэння рымска-каталіцкай царквы як рэліг. арг-цыі ў Польшчы.

Т.​В.​Габрусь (архітэктура).

Касцёл у г. Ліманова (Польшча). 1918.
Касцёл Сымона і Алены (Чырвоны) у Мінску.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎКА́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1817—64,

баявыя дзеянні войск Рас. імперыі па заваяванні і каланізацыі тэр. Паўн. Каўказа, населенай адыгамі, кабардзінцамі, чэркесамі, чэчэнцамі і інш. горскімі народамі. Расія імкнулася таксама зрабіць бяспечнымі шляхі зносін з далучаным да яе ў 1-й трэці 19 ст. Закаўказзем, спыніць набегі паўн.-каўказскіх горцаў.

Рас. рэгулярнымі войскамі (прыбл. ад 50 тыс. чал. у 1819 да 200 тыс. у 1856) і прыдадзеным ім (да 1860) Чарнаморскім казацкім войскам (каля 40 тыс. чал.) камандавалі генералы А.​П.​Ярмолаў (1816—27), І.Ф.Паскевіч (1827—31), Р.​У.​Розен (1831—38), Я.​А.​Галавін (1838—42), А.​І.​Нейгарт (1842—44), М.​С.​Варанцоў (1844—54, гл. Варанцовы), М.​М.​Мураўёў (1854—56), А.​І.​Барацінскі (1856—60), М.​І.​Еўдакімаў (1862—64). Найб. актыўна вялася з канца 1820-х г., калі ў Чэчні і Дагестане склаўся імамат на чале з правіцелем — імамам. Імам Газі-Магамед (са снеж. 1828) абвясціў свяшчэнную вайну супраць іншаверцаў (г. зн. рускіх). Пасля яго гібелі ў кастр. 1832 у час штурму рас. часцямі аула Гімры супраціўленнем горцаў (да 20 тыс. узбр. воінаў-мюрыдаў у 1843) кіравалі імамы Гамзат-бек (1832—34) і Шаміль (1834—59). Лепш узброеныя і колькасна большыя рас. войскі Каўказскага корпуса (з 1854 арміі), абапіраючыся на створаную імі сістэму крэпасцей захапілі рэзідэнцыі Шаміля аулы Ахульга (1839) і Ведзено (1859). Горцы вялі партыз. вайну, блакіравалі рас. атрады, раптоўна нападалі на ўмацаванні і гарады. У час Крымскай вайны 1853—56 рас. войскі адбілі спробы чэркесаў на чале з намеснікам Шаміля па Зах. Каўказе (з 1848) Мухамед-Эмінам захапіць Чарнаморскую і Лабінскую ўмацаваныя лініі (ліст. 1853) і спробу Шаміля прарвацца праз Грузію на злучэнне з тур. войскамі (жн. 1854). 6.9.1859 рас. вайскоўцы захапілі аул Гуніб у Дагестане і ўзялі у палон Шаміля, 2 снеж. капітулявалі асн. сілы чэркесаў на чале з Мухамед-Эмінам. У 1860—64 баявыя дзеянні адбываліся ў гарах Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. 2.6.1864 рас. войскі захапілі апошнюю базу чэркесаў ва ўрочышчы Кбаада (цяпер Красная Паляна каля г. Сочы).

Літ.:

Из истории русско-кавказской войны: Док. и материалы. Нальчик, 1991;

Дегоев В.В. Кавказский вопрос в международных отношениях 30—60-гг. XIX в. Владикавказ, 1992;

Блиев М.М., Дегоев В.В. Кавказская война. М., 1994;

Алюнін С. Сацыяльная база Каўказскай вайны (XIX ст.) // Бел. гіст. часоп. 1997. № 2.

т. 8, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАФЕСТЫВА́ЛЬ,

агляд твораў кінамастацтва з мэтай выяўлення дасягненняў і тэндэнцый развіцця кінематографа. Падзяляюцца на конкурсныя і пазаконкурсныя, спецыялізаваныя і неспецыялізаваныя. На конкурсных К. лепшым фільмам і іх стваральнікам прысуджаюць узнагароды.

Неспецыялізаванымі (агульнымі) лічаць К., для фільмаў-удзельнікаў якіх не ўстанаўліваецца дадатковых абмежаванняў (жанрава-тэматычных, геагр. і інш.). Спецыялізаваныя К. групуюць паводле відаў кінапрадукцыі (дакумент., ігравыя, навукова-папулярныя, рэкламныя, турыстычныя, навучальныя, аматарскія, анімацыйныя, тэлевізійныя), жанрава-тэматычных і маст. крытэрыяў (К. эксперым., фантаст., камед., дзіцячых і юнацкіх, спарт. і інш. фільмаў). рэгіёнаў (К. краін СНД, Міжземнамор’я, Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі, араб. краін і інш.), а таксама па інш. адметных прыкметах (К. маладых рэжысёраў, рэжысёраў-жанчын, фільмаў мінулых гадоў). У рамках агульных К. часта праводзяць рэтраспектыўныя паказы фільмаў мінулых гадоў.

Найб. папулярная форма агляду — Міжнародны К. Міжнар. асацыяцыяй прадзюсераў (засн. ў 1933) устаноўлены некалькі класаў К. у залежнасці ад іх значнасці. Да класа «А» аднесены К. ў Венецыі (Італія, 1932; 1-ы міжнар. К.), Канах (Францыя, з 1946), Берліне (з 1951), Сан-Себасцьяне (Іспанія, з 1953), Маскве (з 1959). Сярод неспецыялізаваных міжнар. К. па неігравым кінематографе — К. ў Обергаўзене (Германія, з 1955), Лейпцыгу (Германія, з 1956), Кракаве (Польшча, з 1964). Сярод спецыялізаваных К. — міжнар. К. «новага кіно» ў Пезара, аўтарскіх фільмаў у Сан-Рэма, навукова-фантаст. фільмаў у Трыесце (усе Італія). На «фестывалях фестываляў» дэманструюцца фільмы, адзначаныя на між нар. К. па рэліг. прыкмеце (міжнар. К. слав. і правасл. народаў «Залаты віцязь», Мінск, 1996). З 1989 у С.-Пецярбургу праводзіцца адзіны ў СНД фестываль дакумент. фільмаў «Пасланне да чалавека» (з 1994 К. дакумент. і кароткаметражных фільмаў), у якім удзельнічаюць таксама маст. і анімацыйныя фільмы.

У СССР у 1958—80 праводзіліся ўсесаюзныя К., а таксама К. Прыбалтыйскіх рэспублік, Беларусі і Малдавіі (1960 — пач. 1970-х г.; у 1964 і 1969 праходзіў у Мінску). На Беларусі ў 1995 адбыўся першы К. «Панарама новага беларускага кіно», у 1997 — першы Нац. К. (Брэст), на якім былі прадстаўлены фільмы па ўсіх намінацыях. Сярод К., што праходзяць на Беларусі, міжнар. К. жаночага кіно (з 1992), К. фільмаў краін СНД «Лістапад» (з 1993), фільмаў чарнобыльскай тэматыкі (з 1996, Гомель). Бел. фільмы неаднаразова адзначаліся на ўсесаюзных і міжнар. К.

Г.​У.​Шур.

т. 8, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ФАР, скрыня,

драўляная ёмістасць для захоўвання тканін, адзення, бялізны і каштоўнасцей; від мэблі. У К. збіралі пасаг маладой, а ў час вяселля перавозілі яго ў дом маладога. У сярэдневякоўі вядомы і як сховішча каштоўнай цэхавай маёмасці. Меў выгляд масіўнай нізкай драўлянай ці метал. скрыні з плоскім ці пукатым векам, часта па-мастацку акаванай, з унутр. замком складанай канструкцыі. У магнацкіх і мяшчанскіх інтэр’ерах — вял., драўляныя, з акоўкай па кантах, фарбаваныя ў чорны ці зялёны колер. У бел. сял. інтэр’еры пашыраны з 19 ст., замяніў кублы. Выраб К. часта набываў характар промыслу. Іх рабілі з хваёвых ці яловых дошак, на фігурных падстаўках-ножках, часта на драўляных ці каваных колцах, па баках мацавалі ручкі, на пярэдняй сценцы — унутр. замок ці зашчапку для вісячага. Часта К. аздаблялі маст. акоўкай у выглядзе жал. ці бляшаных палос з фігурнымі краямі. Акоўку мацавалі на кантах, пярэдняй сценцы і веку (давыд-гарадоцкія куфры). Пад уплывам зах.-еўрап. барочных форм К. набылі пукатае века, часам звужаную ўнізе форму. Простая аднатонная афарбоўка саступіла месца дэкар. размалёўцы, пераважна фляндроўцы, якая імітавала каштоўныя пароды драўніны. З пач. 20 ст. ў многіх рэгіёнах пашыраны К. з маст. размалёўкай расл. характару. На Зах. Палессі перавагу аддавалі сакавітым малюнкам у выглядзе букетаў і гірляндаў кветак, якія кампанаваліся ў квадратах і прамавугольніках, утвораных палосамі акоўкі ці фляндроўкі. Малюнкі наносілі ад рукі, часам з дапамогай трафарэтаў. Багаццем кампазіцыі, гармоніяй і сакавітасцю каларыстыкі вызначаюцца агоўскія куфры. На Гродзеншчыне і З Віцебшчыны пераважала «цацкаванне» — нанясенне ўзору на афарбаваную паверхню К. з дапамогай штампікаў з бульбы ці рэпы. Дробныя геам. і расл. матывы (зоркі, разеткі, лісточкі, крыжыкі) белага, жоўтага, чырвонага колераў наносілі ў выглядзе палос уздоўж акоўкі ці кругоў між ёю на сінім або вішнёвым фоне. На У Беларусі на вішнёвым фоне малявалі прамую ці косую сетку з чорных палос, часам аздаблялі прадрапваннем у выглядзе геам. і расл. арнаменту (Чачэрскія куфры). У сучасным вясковым побыце К. страціў былую ролю. З 1950-х г. вытв-сць К. амаль спынілася. Паводле матываў дэкору традыц. К. размалёўваюць маленькія сувенірныя куфэркі (Брэсцкая ф-ка сувеніраў, Жлобінская ф-ка інкрустацыі і інш.).

Я.​М.​Сахута, А.​Ю.​Лозка.

Куфар з вёскі Агова Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.
Куфар з Лідскага раёна Гродзенскай вобл. Канец 19 ст.

т. 9, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬ,

горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс. ж. (1998).

Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). У 1586 Л.​Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л. адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав. горада, ён быў ўзяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс. ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс. чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.

Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).

І.​Ю.​Януш (гісторыя).

Герб Лепеля. 1852.
Лепель. Плошча Свабоды.

т. 9, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКА́Я ПЯХО́ТА,

род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.

Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл. Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т. л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс. чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял. Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.

Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т. л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс. чал., 1998).

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;

Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;

Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Да арт. Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 10, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)