прадукты жыццядзейнасці хваробатворных мікробаў. Узмацняюць іх патагеннае дзеянне. Аслабляюць абаронныя рэакцыі арганізма, іх проціінфекц. імунітэт, забяспечваюць пранікненне патагенных мікробаў у арганізм, іх размнажэнне і распаўсюджванне. Па хім. прыродзе — бялкі, поліцукрыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭСІ́ЎНАСЦЬ ВАДЫ́,
здольнасць вады разбураць металы, бетон і інш. матэрыялы ў выніку ўздзеяння растворанымі ў ёй солямі або газамі. Асабліва высокая ў вады, якая мае солі амонію, саляную, серную і інш. кіслоты. Павышанай агрэсіўнасцю валодаюць неачышчаныя сцёкавыя воды, воды, забруджаныя змытымі з палёў хім. ўгнаеннямі, атмасферная вільгаць, насычаная злучэннямі азоту, серы і інш. кіслотаўтваральных элементаў («кіслотныя дажджы»), Высокаагрэсіўныя воды неспрыяльныя і нават згубныя для існавання многіх арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́СІЯ
(ад лац. aggressio напад),
выкарыстанне ўзброенай сілы адной дзяржавай (групай дзяржаў) супраць суверэнітэту, тэр. цэласнасці, паліт. незалежнасці другой дзяржавы або народа (нацыі). Найб. небяспечная ўзброеная (прамая) форма агрэсіі. Існуе таксама паняцце ўскоснай агрэсіі, пры якой дзяржава-агрэсар скрыта выкарыстоўвае ўзбр. сілы (напр., праз узбр. банды наёмнікаў, нерэгулярных вайск. фарміраванняў). Паводле Статута ААН, Савет Бяспекі можа кваліфікаваць як агрэсію і інш. дзеянні. Адпаведна з міжнар. правам агрэсія — злачынства супраць міжнар. міру і таму цягне за сабой міжнар. адказнасць. Дзяржава, якая стала аб’ектам агрэсіі, мае права на прыняцце мер індывідуальнай і калектыўнай абароны. Савет Бяспекі ААН правамоцны прыняць рашэнне аб выкарыстанні да агрэсара мер, у т. л. ваеннага характару (напр., у 1991 узбр. сілы НАТО выступілі супраць Ірака, які захапіў Кувейт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́СТ
(Crossularia),
род кустовых раслін сям. агрэставых. Больш за 50 відаў, пашыраных у Паўн. Амерыцы, Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі культывуецца агрэст адхілены (G. reclinata). Каля 10 відаў інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як ягадныя і дэкар. расліны.
Агрэст адхілены вядомы з 11 ст. Родапачынальнік большасці культурных сартоў. Выш. кустоў 60—120 см. Цвіце ў 1-й пал. Мая. Плады — несапраўдныя ягады, голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпурныя. Маюць цукру 5—12%, арган.к-т 1—2%, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін. Пладаносны пачынае на 3-і год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі. Лепш расце на дастаткова вільготных угноеных сугліністых глебах. Ураджайнасць 10—15 т/га. Сарты, пашыраныя на Беларусі: Яравы, Куршу дзінтарс, Беларускі, Малахіт, Шчодры. Ягады спажываюцца свежыя і перапрацаваныя (джэм, варэнне, мармелад, сок). Агрэст мае радыепратэктарныя ўласцівасці (садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне. Асн. шкоднікі: пільшчыкі, агрэставы пядзенік: хваробы: сфератэка, іржа, антракноз, септарыёз.
Літ.:
Бурмистров А.Д. Ягодные культуры. 2 изд. Л., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУАСКАЛЬЕ́НТЭС
(Aguascalientes),
горад у Цэнтр. Мексіцы. Адм. ц. штата Агуаскальентэс. Размяшчаецца на плато на выш. каля 2 тыс.м над узр. м.Засн. ў 1575. 506 тыс.ж. (1990). Чыг. вузел. Шарсцяная, баваўняная, харч. (мукамольная, плодакансервавая і інш.), тытунёвая, вінаробчая, нафтаперапр.прам-сць. Вытв-сць керамікі. Ун-т. Арх. помнікі 18 ст. Каля Агуаскальентэса бальнеалагічны курорт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ДА
(1068—1123),
заснавальнік і першы імператар [1115—23] дзяржавы Цзінь у Кітаі. Завяршыў аб’яднанне чжурчжэняў, распачатае яго бацькам Янкэ, у 1114 узняў паўстанне супраць панавання кіданьскай імперыі Ляо і заняў крэпасці кіданяў на б.ч. Маньчжурыі. У 1115 абвясціў сябе імператарам пад імем Мінь і назваў дынастыю Цзінь («Залатая»). У 1116 захапіў усю Маньчжурыю, да 1123 — тэр. Ляо ў Паўн. Кітаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЕ,
усеагульнае, філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае агульнасць уласцівасцяў і адносін адзінкавых рэчаў, з’яў, працэсаў матэрыяльнага і духоўнага свету. Агульнае не існуе само па сабе, у «чыстым» выглядзе. Яно непарыўна звязана з адзінкавым і асаблівым. Характарызуючы прыроду агульных паняццяў, філосафы-«наміналісты» сцвярджалі, што рэальна існуюць толькі адзінкавыя прадметы, агульнае ж прадстаўлена толькі ў словах ці паняццях. «Рэалісты», наадварот, меркавалі, што агульнае (паняцці, сутнасці, універсаліі) у такой жа ступені, а можа, і больш рэальныя, чым адзінкавыя прадметы. Абсалютызацыя агульнага, агульных ісцін вядзе да дагматызму, які ігнаруе спецыфіку асобнага, індывід., асаблівага. У навук. пазнанні такі падыход не садзейнічае новым адкрыццям і прагрэсу ў цэлым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА,
агульная лінгвістыка, галіна мовазнаўства, якая вывучае універсальныя ўласцівасці і заканамернасці мовы як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця. Сярод гал. праблем агульнага мовазнаўства — сац. сутнасць, знакавасць, развіццё мовы, мова і мысленне, мова і грамадства, мова і паэт. творчасць; тыпалогія моў паводле іх будовы і асаблівасцяў функцыянавання, метады даследавання мовы. Паводле асаблівасцяў прадмета і метадаў даследавання вылучаюць: агульную фанетыку, лексікалогію, граматыку, стылістыку; лінгвістычную паэтыку; сацыялінгвістыку; псіхалінгвістыку, матэматычную лінгвістыку; тэорыю перакладу; этналінгвістыку і інш. З агульным мовазнаўствам цесна звязана прыкладное мовазнаўства, а таксама вывучэнне канкрэтных моў або груп моў. Фарміраванне агульнага мовазнаўства адбывалася з пач. 19 ст., найперш у працах В.Гумбальта. Уклад у яго развіццё зрабілі А.А.Патабня, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр. На Беларусі першыя публікацыі агульналінгвістычнага характару з’явіліся ў 1920-я г. («Асноўныя пытанні мовазнаўства» П.А.Бузука, 1926). Бел. мовазнаўцы вывучаюць агульналінгвістычныя праблемы знакавага семіялагічнага) характару мовы (В.У.Мартынаў), прыкладнога мовазнаўства (У.А.Карпаў, У.А.Зубаў), эксперым. фанетыкі (К.К.Барышнікава, Г.А.Мятлюк, А.І.Падлужны), агульнай лексікалогіі (А.І.Кісялеўскі, Б.А.Плотнікаў), стылістыкі (М.Я.Цікоцкі), псіхалінгвістыкі (Г.П.Кліменка, Б.Ю.Норман), тэорыі перакладу (П.І.Копанеў, В.П.Рагойша), сацыялінгвістыкі (Н.Б.Мячкоўская), двухмоўя (М.В.Бірыла, М.Г.Булахаў, А.Я.Міхневіч, П.П.Шуба). У Ін-це мовазнаўства АН Беларусі створаны аддзел, у БДУ і Гродзенскім ун-це — кафедры тэарэтычнага і слав. мовазнаўства.
Літ.:
Мечковская Н.Б., Плотников Б.Н., Супрун А.Е. Общее языкознание: Сущность и история языка. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУЛЬНАЗЕ́МСКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
заканадаўчыя акты ВКЛ, якія дзейнічалі на тэр. ўсёй дзяржавы і замацоўвалі правы розных сац. груп, найперш шляхты. Найб. вядомыя тры прывілеі 1387 вял. князя ВКЛ Ягайлы, два з іх (ад 20 і 22 лют.) вызначалі льготы феадалам за пераход у каталіцтва, вызвалялі каталіцкае духавенства ад дзярж. павіннасцяў і падаткаў. Гарадзельскі прывілей 1413 замацоўваў унію ВКЛ з Польшчай, пашыраў правы феадалаў-католікаў і абмяжоўваў правы правасл. феадалаў. Прывілеямі 1432 і 1434 правасл. феадалам даваліся такія ж правы, як і католікам. Апошні прывілей гарантаваў асабістую свабоду і недатыкальнасць шляхты. Прывілеем 1447вял.кн. Казімір забараняў надзяляць чужынцаў, у т. л. палякаў, пасадамі, маёнткамі, землямі і чынамі ў ВКЛ, абмяжоўваў права пераходу сялян ад аднаго феадала да другога. Прывілеем 1492вял.кн. Аляксандр пацвердзіў ранейшыя правы шляхты, вызначыў асновы адм., цывільнага і крымін. права. У 1506 Жыгімонт І Стары выдаў прывілей, які пацвердзіў усе папярэднія прывілеі, дадзеныя духоўным і свецкім феадалам, гарадам, мяшчанам і наогул асобам усякага стану. Ім завяршыўся першы этап развіцця пісанага права ў форме агульназемскіх прывілеяў, потым асн. законамі краіны сталі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588 (пра кожны гл. асобны арт).