ЛЯ́ДНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 8 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,58 км², даўж. больш за 1,9 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 22 м, даўж. берагавой лініі больш як 4,8 км. Пл. вадазбору 14,2 км². Схілы катлавіны выш. да 19 м, разараныя, на У і Пн параслі лесам. Берагі высокія, месцамі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ пад хмызняком. Дно да глыб. 1,5—2 м (на Пн да 6,5 м) выслана пяском, ніжэй — сапрапелем і ілам. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Огзіна.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁМАСНЫ НАЁМ,

у цывільным праве дагавор, паводле якога наймадавец абавязваецца прадаставіць наймальніку маёмасць у часовае карыстанне за плату (гл. Арэнда). Дагавор М.н. паміж грамадзянамі на тэрмін больш за 1 год павінен заключацца ў пісьмовай форме. Тэрмін дагавору вызначаецца пагадненнем бакоў, калі заканадаўствам не ўстаноўлена іншае. Калі наймальнік працягвае карыстацца маёмасцю пасля сканчэння тэрміну дагавора пры адсутнасці пярэчанняў з боку наймадаўца, дагавор лічыцца адноўленым на няпэўны тэрмін. Правы і абавязкі бакоў дагавору М.н. вызначаны заканадаўствам. Найб. пашыраным відам М.н. з’яўляюцца бытавы пракат, наём жылля, а таксама арэнда зямельных участкаў (гл. Арэнда зямлі).

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКА́РЫЯС III [Makarios; свецкае Мускас (Muskos) Міхаіл Хрыстодулас; 13.8.1913, Ана-Паная, Кіпр — 3.8.1977],

царкоўны і дзярж. дзеяч Рэспублікі Кіпр. Скончыў багаслоўскія факультэты Афінскага (Грэцыя, 1943) і Бостанскага (ЗША, 1948) ун-таў. З 1948 епіскап, з 1950 архіепіскап, кіраўнік аўтакефальнай Кіпрскай правасл. царквы і лідэр грэч. абшчыны вострава. Напачатку выступаў за далучэнне (энозіс) Кіпра да Грэцыі, за што ў 1956 высланы брыт. калан. ўладамі на Сейшэльскія а-вы. У 1957—59 жыў у Грэцыі. Узначальваў дэлегацыю грэкаў-кіпрыётаў на перагаворах пра будучыню Кіпра ў Цюрыху і Лондане, афіцыйна адмовіўся ад энозіса. У 1959—77 прэзідэнт Рэспублікі Кіпр.

т. 9, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯ́МІ (Miami),

горад на ПдУ ЗША у штаце Фларыда. Засн. ў 1895. Больш за 2 млн. ж. з прыгарадамі (1997). Марскі порт на Атлантычным ак. Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы ў краіне грузавы аэрапорт (вываз цытрусавых і ранняй агародніны). Цэнтр круізнага суднаходства. Буйнейшы ў свеце круглагадовы кліматычны курорт (пляжы, гасцініцы, санаторыі, матэлі, больш за 5 млн. наведвальнікаў штогод). Важны гандл.-фін. цэнтр. Прам-сць: радыёэлектронная, авіябуд., паліграф., швейная, харч., тытунёвая, суднабудаўнічая. Вытв-сць мед. абсталявання, інструментаў, ювелірных вырабаў. 2 ун-ты. Мастацкі музей. Акіянарыум. Бат. сад. Цэнтр турызму. На З ад М. — нац. парк Эверглейдс.

т. 10, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЖАВА,

возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нішча, за 8 км на ПнУ ад г.п. Расоны. Пл. 2,06 км², даўж. больш за 2,8 км, найб. шыр. каля 1,4 км, найб. глыб. 3,3 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Пл. вадазбору 86,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на Пн і З 10—15 м), параслі лесам і хмызняком, на Пн зліваюцца са схіламі, у залівах сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-ілістае, глыбей дно сапрапелістае. 4 астравы агульнай пл. 5 га. Упадаюць 6 ручаёў, у т. л. Чарапяціца, што выцякае з воз. Шэвіна.

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖБА́НКАЎСКІЯ РАЗЛІ́КІ,

плацяжы, якія звычайна ажыццяўляюцца шляхам пералічэння грашовых сродкаў на рахунак іх атрымальніка або шляхам заліку ўзаемных патрабаванняў. Ажыццяўляюцца пры дапамозе банкаўскіх аперацый, гал. чынам крэдытных, якія выкарыстоўваюцца для замены наяўных грошай у плацежным абарачэнні безнаяўнымі разлікамі. Маюць важнае значэнне ў рэгуляванні грашовага абарачэння, стварэнні банкаўскіх рэсурсаў, ажыццяўленні кантролю за працай гасп. суб’ектаў, скарачэнні выдаткаў абарачэння. Асн. формамі разліку паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі за адгружаныя або адпушчаныя тавара-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы або аказаныя паслугі з’яўляюцца таварны акрэдытыў, разлікі па інкаса, пераводы і інш. Гл. таксама Акцэпт, Міжнародныя разлікі.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕ́ЙКА (Зыгмунт) (Мінейка Газдава Сігізмунд Станіслававіч, псеўд. Баравы, 1840, в. Зялёны Бор Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., паводле інш. звестак Вільня — 27.12.1925),

удзельнік паўстання 1863—64. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Парыжы (1868). У 1861 вёў рэв. агітацыю сярод сялян Ашмянскага пав., у 1863 у атрадах М.​Лянгевіча, паўстанцкі ваен. начальнік Ашмянскага пав., камандзір атрада. 3.6.1863 атрад разбіты пад Расолішкамі, М. схоплены і прыгавораны да 12 гадоў катаргі. У Сібіры адзін з кіраўнікоў рэв. арг-цыі ссыльных. У 1865 уцёк за мяжу. З 1891 у Грэцыі, удзельнічаў у вайне з Турцыяй за Крыт. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ ГІМНА́ЗІЯ.

Дзейнічала ў 1899—1918. Адкрыта як 8-класная (8-ы клас педагагічны). Утрымлівалася за кошт сродкаў гар. думы і платы за навучанне. Выкладаліся: рус., ням., франц. і лац. мовы, педагогіка, матэматыка, фізіка, гісторыя, прыродазнаўства, геаграфія, чыстапісанне, маляванне, рукадзелле, музыка, танцы, гімнастыка. Выкладчыцкі корпус: начальнік, гал. наглядчыца і 15 класных, 3 законанастаўнікі, 20 выкладчыкаў. У гімназіі працавалі выхаванцы ун-таў Пецярбурга, Юр’ева, Магілёўскай духоўнай семінарыі, Пецярбургскай духоўнай акадэміі і жаночай гімназіі, Царскасельскага жаночага вучылішча, Херсонскіх пед. і Віленскіх Марыінскіх вышэйшых жаночых курсаў, Пензенскага маст. вучылішча. Сярод навучэнцаў С.М.Станюта.

А.​Ф.​Самусік.

т. 10, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІНСКІНЖПРАЕ́КТ»,

дзяржаўны праектны інстытут. Засн. ў 1974 у Мінску. Асн. кірункі дзейнасці: выкананне праектна-вышукальных работ на буд-ва, рэканструкцыю, пашырэнне і рамонт інж. сетак і збудаванняў гар. інфраструктуры; аўтарскі нагляд за буд-вам аб’ектаў; вядзенне дзяжурнага аператыўнага плана інж. сетак горада; распрацоўка інж. раздзелаў генплана, праектаў планіроўкі, комплексных схем развіцця рэгіёна; праектаванне аб’ектаў водаправода, каналізацыі і энергазабеспячэння, дарог і збудаванняў транспарту, водазабеспячэння і ачысткі; рэкамендацыі па размяшчэнні новых, пашырэнні і рэканструкцыі дзеючых прадпрыемстваў, аб’ектаў і збудаванняў; распрацоўка дакументацыі; кантроль за рэалізацыяй генплана Мінска і прыгараднай зоны і інш.

У.​С.​Котаў.

т. 10, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (цячэ праз возера), за 36 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,79 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі больш за 3,5 км. Пл. вадазбору 258 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, пераважна разараныя, участкамі на У і Пд парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя і тарфяністыя, пад хмызняком. Пойма шыр. ад 25 м да 300 м, забалочаная. Мелкаводдзе да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй дно ілістае. Востраў пл. 0,1 га. Зарастае. Упадае р. Шыша.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)