БРЭ́ГМАН (Авель Пінхусавіч) (12.4.1906, в. Людзяневічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.5.1958),
бел. архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх.ін-т (1936). Працаваў у Мінску. У 1945—58 кіраўнік майстэрні ін-та «Белдзяржпраект», выкладчык Мінскага арх.-буд. тэхнікума. Сярод работ: гасцініца «Дняпро», жылыя дамы (1931—41, у сааўт.) у Магілёве; ін-т фізкультуры (1938, у сааўт.), жылыя дамы па праспекце Ф.Скарыны (1948—51), будынкі інтэрната Мінскай вышэйшай парт. школы, «Белпрамсавета», «Прамэнергапраекта» (1953—55), тэхнал. ін-та (1956, у сааўт.) у Мінску. У 1937—41 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФЕРНАЯ ЗО́НА,
прыродная тэрыторыя, прылеглая да асабліва ахоўнай (запаведнік, нац. парк і інш.) тэрыторыі, на якой часткова абмяжоўваецца гасп. дзейнасць. Ствараецца з мэтаю лепшай аховы ці падтрымання больш устойлівай экалагічнай раўнавагі на асн. ахоўнай тэр., для змяншэння ўздзеяння на запаведны рэжым антрапагенных фактараў (эксплуатацыя прыродных рэсурсаў, прамысл. і жыллёвага буд-ва, строга рэгламентуюцца паляванне і рыбная лоўля). Асаблівае значэнне мае прадухіленне ўздзеяння на асн. ахоўныя тэр. гідрамеліярацыйных і гідратэхн. работ, што вядуцца ў верхніх участках басейнаў рэк, якія цякуць праз запаведнікі ці закранаюць рэжым падземных вод на іх тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БХО́ПАЛ,
горад у цэнтр.ч. Індыі. Адм. ц. штата Мадх’я-Прадэш. 1062,8 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Аэрапорт. Гандаль збожжам і бавоўнай. Хім. (вытв-сць сродкаў аховы раслін), маш.-буд., цукр., гарбарна-абутковая, баваўняная, мукамольная, алейная прам-сць. Саматужная вытв-сць запалак, тканін, швейна-трыкат. і ювелірных вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Маўзалей Тадж-ал Масаджыд (незакончаны). У снеж. 1984 горад пацярпеў ад буйной індустр. катастрофы — выкіду атрутнага газу ізацыянату з хім. прадпрыемства амер. кампаніі «Юніян карбайд» (загінула 2,5 тыс.чал., пацярпела больш за 100 тыс.чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,
сістэма абарончых збудаванняў у г.Быхаў у 16—18 ст.Буд-ва ўмацаванняў, як і Быхаўскага замка, пачата ў 1590 уладальнікам Быхава Я.К.Хадкевічам, скончана пасля 1625 пры новым уладальніку горада Л.Сапегу. Уключалі земляны вал (даўж. 800 м, выш. 7—8 м, шыр. ў аснове да 30 м) з бастыёнам, равелінамі і мураванымі ўязнымі брамамі, амаль такой жа даўжыні абарончы роў, у якім пастаянна была вада. Меліся брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўн. частцы горада) і Рагачоўская (Навабыхаўская, у паўд. частцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНІ́ХІН (Андрэй Нічыпаравіч) (28.10.1759, с. Новае Усолле Пермскай вобл., Расія — 5.3.1814),
рускі архітэктар, прадстаўнік ампіру. Да 1785 прыгонны графа А.С.Строганава. З 1777 вучыўся ў Маскве жывапісу, а таксама архітэктуры ў В.Бажэнава і М.Казакова. З 1779 у Пецярбургу. Праф. Пецярбургскай АМ (1811—14). Асн. работы ў Пецярбургу: Казанскі сабор (1801—11) і Горны ін-т (1806—11). Прымаў удзел у стварэнні арх. ансамбляў у Паўлаўску і Пецяргофе (цяпер Петрадварэц). Выкарыстоўваў аблегчаныя канструкцыі, натуральныя буд. матэрыялы. Майстар інтэр’ера і малых арх. формаў.
А.Вараніхін. Будынак горнага інстытута ў Пецярбургу. 1806—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ЛІЦЕ́ЙНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.
Створаны ў 1902 у г. Ваўкавыск (цяпер у Гродзенскай вобл.) на базе майстэрні як чыгуналіцейны з-д. У 1902 працавала 13 рабочых, якія выплаўлялі 50—60 пудоў чыгуну за год і выраблялі ручныя сячкарні і конныя прыводы да малатарань. У час Вял.Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944. У 1947 дабудаваны. З 1962 сучасная назва. У 1964—66 рэканструяваны. Дзейнічаюць цэхі: ліцейны, загатовачна-зварачны, 2 механазборачныя. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для ліцейнай вытв-сці, буд. тэхніка, с.-г. абсталяванне, у т. л. сячкарні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРУ́ВІЙ (Vitruvius),
рымскі архітэктар і інжынер 2-й пал. 1 ст. да н.э. Аўтар «Дзесяці кніг пра архітэктуру» — першай буд.-тэхн. энцыклапедыі, што захавалася. Трактат Вітрувія істотна паўплываў на засваенне ант. спадчыны, фарміраванне эстэтыкі і тэорыі архітэктуры ў эпоху Адраджэння; у 19 ст. быў важным дапаможнікам для археолагаў, крыніцай звестак пра ант. помнікі, архітэктараў і іх тэарэт. працы. Ён сфармуляваў «тры законы» архітэктуры, т.зв. трыяду Вітрувія: трываласць, карысць, прыгажосць (firmitas, utilitas, venustas).
Вітрувій. Машыны для падняцця грузаў. Іл. да кнігі «Дзесяць кніг пра архітэктуру». Парыж. 1684.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРКО́ (Мікалай Паўлавіч) (н. 14.9.1935, в. Краснае Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне буд-вааўтамаб. дарог. Канд.тэхн.н. (1970), праф. (1986). Скончыў Бел.тэхнал.ін-т (1962). З 1965 у Бел.тэхнал. ун-це. навук. працы па аптымізацыі канструкцый лесавозных дарог і па дарожна-будаўнічых матэрыялах. Аўтар падручнікаў «Дарожнае грунтазнаўства з асновамі механікі грунтоў» (1977, з І.І.Леановічам) і «Сухапутны транспарт лесу» (1987).
Тв.:
Механика землянога полотна. Мн., 1975 (разам з І.І.Леановічам);
Эксплуатация автомобильных дорог и организация дорожного движения. Мн., 1988 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КАЕ,
вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Аршыца, на аўтадарозе Орша—Віцебск. Цэнтр сельсавета. За 13 км на Пн ад г. Орша, 67 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Хлусава. 1605 ж., 449 двароў (1996). Аршанскае дзярж.буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі помнік К.С.Заслонаву. Помнік архітэктуры — сядзіба (мяжа 19—20 ст.). У 1828—85 у Высокім дзейнічала Высокаўская папяровая фабрыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,
уласцівасць матэрыялаў прапускаць паветра і іншыя газы пры наяўнасці перападу ціску. Характарызуецца каэфіцыентам пранікальнасці: аб’ём газу, які праходзіць за 1 с праз адзінку паверхні матэрыялу пры перападзе ціску, роўным адзінцы.
Каэфіцыент пранікальнасці залежыць ад прыроды газу і т-ры. Адна з асн. характарыстык порыстых керамічных матэрыялаў (буд. вырабы, керамічныя фільтры).
Газапранікальнасць уласцівая і бяспорыстым матэрыялам: палімерам, металам, шклу. Газапранікальнасць уплывае на ахоўныя ўласцівасці палімерных пакрыццяў, скорасць акіслення палімераў, абмен рэчываў у жывых арганізмах (гл.Біялагічныя мембраны), якасць вырабаў з палімераў (шыны, пракладкі, раздзяляльныя мембраны, абутак, упакоўкі і інш.).