ХА́БЕРМАС, Габермас (Habermas) Юрген (н. 18.6.1929, г. Дзюсельдорф, Германія), нямецкі філосаф і сацыёлаг. Праф. Гайдэльбергскага (1962—64) і Франкфурцкага (1964—71, 1983—94) ун-таў. У 1971—83 садырэктар Ін-та даследаванняў жыццёвых умоў навук.-тэхн. свету (г. Штэрнберг). Аўтар прац «Структурныя змены грамадскасці» (1962), «Пазнанне і інтарэс», «Тэорыя і практыка» (абедзве 1963), «Тэорыя камунікатыўнага дзеяння» (т. 1—2, 1981), «Запозненая рэвалюцыя» (1990) і інш. Ранні перыяд у эвалюцыі яго поглядаў характарызуецца ўплывам неамарксізму і франкфурцкай школы, позні — набліжэннем да традыц. лібералізму і гуманізму. Распрацаваў тэорыю камунікатыўнага дзеяння, пад якім разумеў моўнае ўзаемадзеянне індывідаў, што ўпарадкоўваецца паводле абавязковых норм і накіроўваецца на дасягненне згоды ў фармальных і нефармальных структурах грамадства. Камунікатыўнае дзеянне адрозніваў ад інструментальнага ці стратэгічнага, якое характэрна для сферы працы і адпавядае тэхн. нормам і правілам рацыянальнага выбару. Адрозніваў таксама нармалізаванае дзеянне, звязанае з устанаўленнем прававых норм і забеспячэннем іх выканання з выкарыстаннем уладных паўнамоцтваў, і экспрэсіўнае («драматургічнае»), звязанае са стварэннем і разуменнем твораў мастацтва. Ядром грамадзянскай супольнасці лічыў сац. ўтварэнні, што ўзнікаюць па-за межамі дзейнасці дзяржавы і эканомікі (культ. асацыяцыі, царква, спарт. клубы, сродкі масавай інфармацыі, паліт. партыі і інш.), задача якіх — пашырэнне сац. роўнасці і свабоды, перабудова і дэмакратызацыя дзяржавы. Выступаў за стварэнне агульнаеўрап. канстытуцыі, якая б забяспечыла фарміраванне агульнаеўрап. грамадзянскай супольнасці, паліт. культуры і грамадз. салідарнасці.

Тв.:

Рус. пер. — Демократия. Разум. Нравственность: Московские лекции и интервью. 2 изд. М., 1995;

Моральное сознание и коммуникативное действие. СПб., 2000;

Вовлечение Другого: Очерки полит. теории. СПб., 2001;

Почему Европе нужна конституция? // Социология. 2001. № 4. Философия как местоблюститель и интерпретатор // Путь в философию: Антология. СПб., 2001.

Літ.:

Фурс В.Н. Философия незавершенного модерна Юргена Хабермаса. Мн., 2000;

Современная западная теоретическая социология. Вып. 1. Юрген Хабермас. М., 1992;

Современные социологические теории общества. М., 1996.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 16, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАРО́БЫ ЖЫВЁЛ,

парушэнні нармальнай жыццядзейнасці арганізма жывёл, якія ўзнікаюць у адказ на дзеянне надзвычайных раздражняльнікаў знешняга і ўнутр. асяроддзя і праяўляюцца функцыян. і арган. парушэннямі фізіял. сістэм з адначасовай мабілізацыяй ахоўна-адаптацыйных механізмаў (гл. Хвароба). Вывучае Х.ж. ветэрынарыя.

Прычыны Х.ж. — мех. (выклікаюць раны. выцятыя месцы. пераломы), фіз. (іанізавальнае выпрамяненне, высокія і нізкія т-ры. ціск), хім. (кіслоты. шчолачы, атрутныя рэчывы), біял. (патагенныя мікраарганізмы. гельмінты. кляшчы, насякомыя) раздражняльнікі. Паводле прыроды раздражняльніка Х.ж. падзяляюцца на незаразныя і заразныя. Незаразныя ўзнікаюць у выніку няправільнага кармлення, утрымання і эксплуатацыі жывёл; падзяляюцца на ўнутр. (парушэнні абмену рэчываў. авітамінозы, хваробы сардэчна-сасудзістай і нерв. сістэм, органаў дыхання, стрававання, мочавыдзялення і інш.). вонкавыя (хваробы скуры, капытоў і інш.) і палавой сферы (бясплоддзе. пасляродавы парэз, мастыты, эндаметрыты і інш.). Заразныя Х.ж. падзяляюцца на інфекцыйныя, што выклікаюцца вірусамі, бактэрыямі (напр., ангіна, батулізм, мыт коней. сап, слупняк, туберкулёз і інш.), грыбамі (гл. Мікозы, Мікатаксікозы), мікаплазмамі, хламідыямі (гл. Хламідыёзы), рыкетсіямі (гл. Рыкетсіёзы) і інвазійныя, што выклікаюцца прасцейшымі (гл. Протазаозы), гельмінтамі (гл. Гельмінтозы), насякомымі (напр., педыкулёз), кляшчамі (гл. Акарапідозы). Есць заразныя хваробы, агульныя для жывёл і чалавека — зоаантрапанозы (бруцэлёз, лістэрыёз, сібірская язва, трыхінелёз, шаленства і інш.), агульныя для некалькіх відаў жывёл, і ўласцівыя аднаму віду (чума буйн. раг. жывёлы, воспа авечак). Заразныя Х.ж. узнікаюць у форме спарадычных (адзінкавых) выпадкаў і масава (гл. Панзаотыя, Энзаотыя, Эпізаотыя). Асн. крыніцы ўзбуджальнікаў заразных Х.ж. — жывёлы-носьбіты, хворыя жывёлы і іх трупы. Узбуджальнікі перадаюцца пры кантакце з хворымі жывёламі, пераносчыкамі (грызунамі, насякомымі, кляшчамі) праз заражаныя корм, ваду, прадметы догляду. Ступень цяжкасці працякання Х.ж. вызначаецца станам арганізма і вірулентнасцю (ступенню патагеннасці) узбуджальніка. Для прафілактыкі і барацьбы з Х.ж. выкарыстоўваюць мерапрыемствы — агульныя, накіраваныя на аздараўленне навакольнага асяроддзя (дэзінфекцыя, дэзінсекцыя, дэратызацыя і інш.) і спецыфічныя (вакцынацыя, дэгельмінтызацыя, дэзінвазія, каранцін) і інш.

В.​Л.​Мароз.

т. 16, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Багдан (Зіновій) Міхайлавіч (каля 1595, верагодна, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна — 6.8.1657),

гетман Украіны (з 1648), дзярж. дзеяч, палкаводзец. Паходзіў з дробнай правасл. шляхты. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме ў Львове. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў і крымскіх татар, у казацкіх паўстаннях. У рэестравым казацкім войску быў вайсковым пісарам, пасля паўстання 1637—38 чыгірынскі сотнік. У 1647 арыштаваны за падрыхтоўку новага паўстання супраць Польшчы. Пасля вызвалення ўцёк у Запарожскую Сеч, дзе выбраны гетманам запарожскага войска. У 1648 заключыў саюз з крымскім ханам супраць Польшчы і пачаў баявыя дзеянні. У маі 1648 у бітвах на Жоўтых Водах і каля Корсуня разбіў польскае войска, пасля чаго на Украіне пачалася вызв. вайна (гл. Вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54). Напачатку быў прыхільнікам аўтаноміі Украіны ў складзе Каралеўства Польскага, што было замацавана Збораўскім дагаворам 1649. Па ініцыятыве Х. Пераяслаўская рада 1654 зацвердзіла пагадненне з рас. царом Аляксеем Міхайлавічам пра ўваходжанне Украіны ў склад Расійскага царства як аўтаномнай дзяржавы. Аднак у 1656 выявіліся супярэчнасці паміж Х. і царскім урадам, які не прытрымліваўся пагаднення аб аўтаноміі Украіны. Х. пачаў перагаворы са Швецыяй і Малдовай з мэтай замацаваць сваё становішча і забяспечыць сваім сынам пераемнасць улады на пасадзе гетмана. Падтрымліваў кантакты з кіраўніком кальвінісцкай групоўкі ў ВКЛ Б.Радзівілам, якому выдаў універсал на недатыкальнасць Слуцка і Слуцкага княства ад дзеянняў казацкіх атрадаў. У гісторыю Х. ўвайшоў як дзярж. дзеяч, які садзейнічаў адраджэнню ў сярэдзіне 17 ст. Украінскай дзяржавы. Ацэнка яго дзейнасці сярод укр. гісторыкаў неадназначная.

Літ.:

Документы Богдана Хмельницкого, 1648—1657. Киев, 1961;

Крип’якевич І.П. Богдан Хмельницький. 2 вид. Львів, 1990;

Смолій В.А., Степанков В.С. Богдан Хмельницький: Соціально-політич. портрет. Київ, 1993;

Іх жа. Богдан Хмельницький: Хроніка життя да діяльності. Київ, 1994;

Доба Богдана Хмельницького: (До 400-річчя від дня народження великого гетьмана). Київ, 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

Б.М.Хмяльніцкі.

т. 17, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧААДА́ЕЎ Пётр Якаўлевіч (7.6.1794, Масква — 26.4.1856),

расійскі мысліцель і публіцыст. Унук М.М.Шчарбатава. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1808—11). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў 1813—14. З 1816 чл. масонскай ложы «З’яднаныя сябры» (з А.​С.​Грыбаедавым, П.​І.​Песцелем, С.​П.​Валконскім, М.​І.​Мураўёвым-Апосталам), блізкі сябра А.​С.​Пушкіна. З 1819 чл. «Саюза працвітання», з 1821 — Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. У 1823—26 падарожнічаў за мяжой, пазнаёміўся з Ф.​Шэлінгам і Ф.​Ламенэ, рэліг.-філас. ідэі якіх паўплывалі на яго светапогляд. У 1829—31 напісаў свой гал. твор «Філасафічныя пісьмы». Публікацыя першага з іх (1836) успрынята ўладамі як прамая атака на існуючы лад; Ч. быў падвергнуты мед. агляду, імператарскім указам аб’яўлены вар’ятам і назаўсёды пазбаўлены права друкавацца. Паводле Ч., Расія ўспрыняла рэлігію і культуру ад Візантыі, якая знаходзілася па-за Усходам і Захадам, таму засталася па-за гісторыяй сусв. цывілізацыі. Ізаляцыянізму і дзяржаўнасці праваслаўя ў Расіі Ч. супрацьпастаўляў каталіцтва з яго ідэяй усеагульнасці і наддзяржаўнасці. «Філасафічныя пісьмы» стымулявалі палеміку паміж славянафіламі і заходнікамі, на баку якіх першапачаткова выступаў Ч. У больш позніх творах («Апалогія вар’ята», нап. 1837, і інш.) падкрэсліваў неабходнасць рускім вучыцца ў Еўропы, крытыкаваў і пэўныя адмоўныя бакі еўрап. культуры, а ў духоўным абліччы рус. людзей адкрываў якасці, якія, на яго думку, павінны забяспечыць вял. будучыню Расіі. На думку Ч., асабісты інтарэс і эгаістычныя памкненні вядуць чалавека да зла, а падпарадкаванне агульнаму, суб’ектыўнаму, усечалавечаму пачатку — да маральнага дабра, да ідэальнага грамадскага ладу — «царства Божага на Зямлі».

Тв.:

Полн. собр. соч. и избр. письма. Т. 1—2. М., 1991.

Літ.:

П.​Я.​Чаадаев: pro et contra: Антология. СПб., 1998;

Лазарев В.В. Чаадаев. М., 1986;

Тарасов Б.Н. Чаадаев. 2 изд. М. 1990.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́СТКА І ЦЭ́ЛАЕ,

філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць адносіны паміж сукупнасцю прадметаў ці элементаў асобнага аб’екта і сувяззю, што іх аб’ядноўвае. Праблема Ч. і ц. пастаўлена яшчэ ў ант. філасофіі (атамістыка, Платон, Арыстоцель); яна разглядалася ва ўсіх значных філас. вучэннях (матэрыялізм, схаластыка, ням. класічная філасофія і інш.). У філасофіі 20 ст. склаліся 2 процілеглыя тэндэнцыі: мерызм (яе прадстаўнікі абсалютызавалі ролю часткі) і халізм (абсалютызацыя цэлага). Дыялект. падыход зыходзіць з таго, што суадносіны паміж Ч. і ц. могуць характарызавацца адытыўнасцю (калі цэлае роўна суме частак), суперадытыўнасцю (калі цэлае не зводзіцца да сумы частак і характарызуецца новымі інтэгратыўнымі якасцямі), субадытыўнасцю (частка дастаткова незалежная ад цэлага). Паняцце часткі абазначае фрагмент, момант цэлага, таму ў працэсе пазнання Ч. і ц. не павінны разглядацца асобна. Напр., элементарныя часціцы, якія валодаюць дваістай карпускулярна-хвалевай прыродай, непасрэдна звязаны з палямі: энергія і імпульс якіх непасрэдна складаюцца з мноства асобных порцый — квартаў (гл. Квантавая тэорыя поля). У палях бесперапыннасць спалучаецца з перапыннасцю, г.зн. з пэўнай частковасцю. Уласцівыя мозгу чалавека ідэальныя прадукты дзейнасці, розныя псіхічныя з’явы, у т. л. мысленне, таксама раздзелены на пэўныя функцыянальныя часткі. Паняцці Ч. і ц. ўжываюцца і ў адносінах працэсаў руху, функцыянавання і развіцця, у якіх вылучаюцца пэўныя моманты, стадыі, ступені і т.п. У працэсах развіцця суадносіны частак паміж сабой і з цэлым змяняюцца, узнікаюць новыя часткі і новыя сувязі, што выяўляецца ў працэсе дыферэнцыяцыі і інтэграцыі. Сучасная навука прытрымліваецца сістэмнага падыходу ў аналізе Ч. і ц., пры якім адрозніваюцца сістэмы інтэгральныя і суматыўныя ў залежнасці ад перавагі адпаведных уласцівасцей. Пастулат аб прымаце над часткай нярэдка выкарыстоўваўся для апраўдання таталітарных ідэалогій і паліт. рэжымаў (фашызм і інш.), якія ігнаруюць правы і свабоды асобы. Абсалютызацыя ролі часткі знайшла сваё ўвасабленне ў канцэпцыі «сацыяльнага атамізму», у адпаведнасці з якой перавага аддаецца інтарэсам індывіда, а інтарэсы грамадства — падпарадкаваны апошнім. Гл. таксама Цэласнасць.

В.​Дз.​Марозаў, С.​А.​Яцкевіч.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́СЦІ АСО́БАГА НАЗНАЧЭ́ННЯ (ЧАН),

ваенныя атрады, якія ствараліся пры парт. арг-цыях для дапамогі сав. органам у барацьбе супраць контррэвалюцыі. Арганізацыя ЧАН адносіцца да пач. 1918, калі мясц. ўлады па сваёй ініцыятыве стваралі атрады з прыхільнікаў рэвалюцыі. Адна з форм мабілізацыі рэв. сіл для абароны сацыяліст. дзяржавы, уяўлялі сабой фарміраванні міліцэйскага тыпу. Вясной і летам 1918 ствараліся на неакупіраванай тэр. Беларусі (на У ад р. Дняпро) і дзейнічалі ў Аршанскім, Сенненскім, Гарадоцкім, Горацкім, Клімавіцкім, Чавускім і інш. паветах. Пасля вызвалення Беларусі ад ням. войск (снеж. 1918 — пач. 1919) ЧАН сфарміравалі і ў інш. раёнах рэспублікі. Паводле «Інструкцыі па фарміраванні атрадаў асобага назначэння», выдадзенай ЦК РКП(б) 14.5.1919, атрады складаліся з аддзяленняў, узводаў, рот і батальёнаў. Акрамя ўдзелу ў баявых аперацыях супраць інтэрвентаў і ўнутр. контррэвалюцыі, ЧАН вялі барацьбу супраць бандытаў, дэзерціраў і інш. У ЧАН Зах. фронту на канец 1922 было 22,6 тыс. чал., у т. л. 1800 жанчын; камандуючыя А.​І.​Ягораў, са студз. 1922 М.​М.​Тухачэўскі. Найб. шматлікія ЧАН былі ў Мінску, Віцебску, Гомелі (1300—2000 байцоў), падраздзяленні ў Оршы, Магілёве (300—500), Слуцку, Бабруйску, Барысаве, Ігумене, Навагрудку, Полацку, Рагачове (150—200 байцоў). Камандуючыя ЧАН БССР: П.​А.​Агурэеў, Я.​А.​Адамовіч, М.​Л.​Шастакоў; Віцебскай губ. Э.​Ф.​Біге, Гомельскай губ. П.​Ю.​Пурвін, А.​П.​Ведзяняпін. У 1924 у сувязі з амаль паўсюднай ліквідацыяй паліт. бандытызму, узмацненнем Чырв. Арміі, стабілізацыяй міжнар. становішча дзейнасць ЧАН стала паступова згортвацца. Загадам Рэўваенсавета СССР ад 30.3.1924 пачалося іх расфарміраванне. ЧАН БССР расфарміраваны на працягу 25.6—1.7.1924.

Літ.:

Меринг Ф. Милиция и постоянное войско: Пер. с нем. М., 1923;

Прокопенко В.Н., Романов В.М. Советская милиция (1917—1920 гг.). М., 1965;

Хохлов А.Г. Коммунистические части особого назначения в Белоруссии. Мн., 1974;

Мурашко П.Е. Особого назначения...: Из истории ЧОН Белоруссии, 1918—1924. Мн., 1979.

А.​С.​Жмуроўскі.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУЖА́Я МО́ВА,

1) выказванне іншай асобы, выкладзенае аўтарам або апавядальнікам. У залежнасці ад лексіка-сінтакс. сродкаў і спосабаў перадачы Ч.м. адрозніваюцца прамая мова, ускосная мова і няўласна-прамая мова. Шырокае выкарыстанне Ч.м. — характэрная асаблівасць мастацкага стылю і размоўнага стылю.

Кожная з разнавіднасцей Ч.м. мае свае стыліст. асаблівасці. Прамая мова, якая дакладна адлюстроўвае мову персанажа, а таксама ўключае словы аўтара, дапамагае пісьменніку адлюстраваць моўныя асаблівасці герояў, іх паводзіны, характар, зрабіць вобраз больш жыццёвым. Ускосная мова, якая перадае чужое выказванне з пункта гледжання і ад імя аўтара ці апавядальніка, дазваляе больш яскрава выказаць аўтарскую ацэнку падзеі, з’явы, паведамлення. У няўласна-прамой мове захоўваюцца асн. лексічныя, сінтакс. і інш. асаблівасці Ч.м., нярэдка выяўляюцца і адносіны аўтара да таго, што думае, гаворыць, робіць персанаж. Прыклады Ч.м.: «Калі вобыск быў скончаны, ротмістр строга сказаў Лабановічу: «Калі вы ў трохдзённы тэрмін не выедзеце самі, дык я вас арыштую і адашлю этапам да месца вашага пражывання» (Я.​Колас; прамая мова); «Калі вобыск быў скончаны, ротмістр катэгарычна заявіў Лабановічу, каб ён пакінуў горад, калі не хоча быць высланым па этапе» (ускосная мова); «Ротмістр скончыў вобыск і катэгарычна заявіў: халі Лабановіч у трохдзённы тэрмін не выедзе сам, дык яго арыштуюць і адашлюць этапам да месца яго пражывання» (няўласна-прамая мова).

2) Замежная мова ў тэксце мастацкага, навук., публіцыстычнага і інш. твораў. У маст. л-ры Ч.м. звычайна — выказванне персанажа на роднай або характэрнай для яго і чужой аўтарскаму апавяданню мове. У навук.-публіцыстычнай л-ры Ч.м. — цытацыя або ўстойлівыя выразы на замежнай мове. Ч.м. перадаецца літарамі адпаведнага замежнага алфавіта або літарамі аўтарскай мовы. Пераклад Ч.м. звычайна даецца ў падрадковых спасылках. Гл. таксама Варварызм.

Літ.:

Будагов Р.А. Литературные языки и языковые стили. М., 1967;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

Л.​А.​Антанюк, Г.​Ф.​Вештарт.

т. 17, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАДУ́РСКІ (Szadurski) Станіслаў (18.9.1726, каля г. Даўгаўпілс, Латвія — 1789),

бел. і польскі філосаф. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Вільні і Оршы. Выкладаў грэч. і лац. мовы ў Вільні і Варшаве. У 1752 накіраваны Віленскім ун-там у Парыж вывучаць тэалогію, філасофію, прыродазнаўства і матэматыку. З 1757 выкладаў філасофію ў Варшаўскім шляхецкім калегіуме, у 1759—62 праф. філасофіі Навагрудскага калегіума. У навагрудскі перыяд напісаў і апублікаваў свае найб. значныя філас. творы. Асн. працы — «Прынцыпы філасофіі мыслення і адчування» (1758), «Зачаткі разважанняў у розных дыялогах, а таксама практыкаванняў па логіцы, этыцы і метафізіцы» (1760), «Філасофскія азначэнні агульнай фізікі, выказаныя публічна аўтарам» (1761), «Фізіка, або Філасофія прыроды» (не апубл.). У 1762—65 прыдворны капелан мінскага ваяводы, праф. тэалогіі і царк. права ў Гродне (1768—70) і Браневе (1770—71). Паводле Ш., у тэорыі пазнання неабходна гарманічна спалучаць рацыяналізм і эмпірызм, а гал. крытэрыем ісціны павінна быць відавочнасць; пры гэтым ён не адмаўляў ролю гіст. аўтарытэту, веры і думкі. У галіне фармальнай логікі Ш. разглядаў традыц. для схаластыкі аперацыі розуму (паняцце, суджэнне і вывад), пытанні тэорыі дэдуктыўнага разважання (сілагістыка), семантыкі лагічнай і аналогіі выказванняў. Як прыхільнік эклектычнай філасофіі, лічыў магчымым карыстацца рознымі філас. сістэмамі і запазычваць з іх тое, што ўяўлялася яму дакладным і не выклікала сумнення. У вырашэнні праблемы суадносін матэрыі і свядомасці падзяляў дуалізм Р.​Дэкарта, адначасова спрабаваў аб’яднаць яго вучэнне аб прыроджаных ідэях са схаластычным палажэннем аб інтэлектуальным пазнанні. Асаблівай увагі заслугоўваюць яго рацыянальна-эмпірычны погляд на прыродазнаўства, спробы вытлумачыць рэліг. догматы з дапамогай законаў механікі, дынамікі, статыкі, оптыкі і інш.

Тв.:

Философские положения по общей физике // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн. 1991.

Літ.:

Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;

Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980;

Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 17, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНО́МІКА (ад грэч. oikonomikē літар. — мастацтва вядзення хатняй гаспадаркі),

сукупнасці грамадскіх адносін у сферы вытворчасці, абмену і размеркавання прадукцыі; гаспадарка краіны або групы краін, галіны гаспадаркі, прам-сці і віды вытв-сці, іх стан, што характарызуецца аб’ёмам вытв-сці прадукцыі, яе якасцю і ўзроўнем выкарыстання рэсурсаў; навук. дысцыпліна, якая займаецца вывучэннем пэўнай галіны гаспадаркі. Э. — частка грамадскай сістэмы і функцыянуе ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі патрэбнасцямі, стварае матэрыяльныя ўмовы развіцця цывілізацыі. Гэта своеасаблівы рэгулятар патоку «прырода—грамадства»; на яго «ўваход» паступаюць прыродныя і працоўныя рэсурсы, на «выхад» — прадукты, якія адпавядаюць грамадскім патрэбнасцям. Э. як сукупнасць галін забяспечвае грамадства неабходнымі дабротамі і паслугамі. Яна падзяляецца на асобныя галіны матэрыяльнай вытв-сці: прам-сць, сельская гаспадарка, буд-ва, транспарт; на галіны невытворчай сферы: асвета, навука, ахова здароўя, культура, спорт; на комплексы галін (машынабудаўнічы, паліўна-энергетычны), інфраструктуры.

Эканам. навукі — сістэма навук, якія займаюцца вывучэннем аб’ектыўных эканам. заканамернасцей развіцця грамадства, статыстычнай апрацоўкай і тэарэт. сістэматызацыяй з’яў гасп. жыцця, распрацоўкай практычных рэкамендацый у галіне вытв-сці, размеркавання, спажывання матэрыяльных даброт і абмену. Адрозніваюць агульныя, або агульнаэканамічныя дысцыпліны (палітэканомія, тэорыя кіравання грамадскай вытворчасцю, эканам. статыстыка, бухгалтарскі ўлік) і канкрэтныя (прыватныя), якія, у сваю чаргу, падзяляюцца на міжгаліновыя (фінансы, крэдыт, цэнаўтварэнне, эканоміка працы), галіновыя (Э. прам-сці, сельскай гаспадаркі, транспарту), на дысцыпліны, што вывучаюць эканам. праблемы асобных галін прам-сці і вытв-сцей, адм.-тэр. адзінак, рэгіёнаў. Паводле практычнага выкарыстання вылучаюць эканам. навукі фундаментальныя, што займаюцца пазнаннем аб’ектыўных эканам. законаў, абгрунтаваннем шляхоў і эфектыўнага выкарыстання, раскрыццём умоў і фактараў функцыянавання гасп. механізму, і прыкладныя, мэта якіх — вырашэнне канкрэтных прыватных задач, пастаноўка і правядзенне гасп. эксперыментаў, распрацоўка канкрэтных эканам. мерапрыемстваў і г.д. Асновай прыкладных эканам. навук з’яўляюцца фундаментальныя.

Літ.:

Зубко Н.М., Зубко А.Н. Экономическая теория. Мн., 2002. Экономика Беларуси: Пути стабилизации и соц.-экон. обновления. Мн., 1995.

Г.​А.​Шмарлоўская.

т. 18, кн. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКАНО́МІКА-МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ МАДЭ́ЛІ,

мадэлі эканам. аб’ектаў, працэсаў, пры апісанні якіх выкарыстоўваецца матэматычнае мадэліраванне.

Гістарычна першая такая мадэль — эканам. табліца Ф.Кенэ з абгрунтаваннем працэсаў стварэння, узнаўлення і пераразмеркавання грамадскага даходу (1758). Першую агульную мадэль эканомікі для знаходжання максімальна магчымага тэмпу эканам. росту і адпаведных гэтаму росту прапорцый і цэн сканструяваў Дж.Нейман (1937). У СССР вопыт Э.-м.м. выкарыстоўваўся для планавання і прагназіравання ўсіх звёнаў і ўзроўняў эканомікі.

Адрозніваюць дэскрыптыўныя і аптымізацыйныя Э.-м.м. Дэскрыптыўныя растлумачваюць пэўныя эканам. з’явы і працэсы, напр., мадэлі эканам. росту, канкурэнтнай эканам. раўнавагі. Да іх адносяць і прагнозныя мадэлі для розных частак эканомікі, якія грунтуюцца на матэм. статыстыцы, у прыватнасці карэляцыйны аналіз. Аптымізацыйныя, аптымальныя мадэлі — сістэмы ўраўненняў, роўнасцей і няроўнасцей, якія акрамя абмежаванняў (умоў) уключаюць і асобага роду ўраўненне (функцыянал, або крытэрый аптымальнасці). З дапамогай такога крытэрыя знаходзяць найлепшае рашэнне па якім-н. паказчыку, напр., мінімум затрат на матэрыялы пры зададзеным аб’ёме прадукцыі, або максімум прадукцыі (ці прыбытку) пры зададзеных абмежаваннях па рэсурсах і г.д. Аптымізацыйныя мадэлі звычайна адносяць да тыпу мадэлей лінейнага праграмавання. Э.-м.м., у якіх апісваецца момантавы стан аб’екта, наз. статыстычнымі, а тыя, што паказваюць развіццё аб’екта — дынамічнымі. Вылучаюць таксама аналітычныя мадэлі (у выглядзе формул функцыянальнай залежнасці розных паказчыкаў), лікавыя (у выглядзе лікавых прыкладаў), матрычныя (у форме табліц), сеткавыя (у форме сеткавых графікаў). Прынята падзяляць Э.-м.м. на 2 групы: мадэлі, якія адлюстроўваюць пераважна вытв. аспекты эканомікі і мадэлі, якія адлюстроўваюць сац. аспекты эканомікі.

Літ.:

Немчиков В.С. Экономико-математические методы и модели. 2 изд. М., 1963;

Канторович Л.В., Горстко А.Б. Оптимальные решения в экономике. М., 1972;

Иванилов Ю.П., Лотов А.В. Математические модели в экономике. М., 1979;

Вилкас Э.И., Майминас Е.З. Решения: теория, информация, моделирования. М., 1981.

М.​І.​Холад.

т. 18, кн. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)