ЧААДА́ЕЎ Пётр Якаўлевіч (7.6.1794, Масква — 26.4.1856),
расійскі мысліцель і публіцыст. Унук М.М.Шчарбатава. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1808—11). Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў 1813—14. З 1816 чл. масонскай ложы «З’яднаныя сябры» (з А.С.Грыбаедавым, П.І.Песцелем, С.П.Валконскім, М.І.Мураўёвым-Апосталам), блізкі сябра А.С.Пушкіна. З 1819 чл. «Саюза працвітання», з 1821 — Паўночнага таварыства дзекабрыстаў. У 1823—26 падарожнічаў за мяжой, пазнаёміўся з Ф.Шэлінгам і Ф.Ламенэ, рэліг.-філас. ідэі якіх паўплывалі на яго светапогляд. У 1829—31 напісаў свой гал. твор «Філасафічныя пісьмы». Публікацыя першага з іх (1836) успрынята ўладамі як прамая атака на існуючы лад; Ч. быў падвергнуты мед. агляду, імператарскім указам аб’яўлены вар’ятам і назаўсёды пазбаўлены права друкавацца. Паводле Ч., Расія ўспрыняла рэлігію і культуру ад Візантыі, якая знаходзілася па-за Усходам і Захадам, таму засталася па-за гісторыяй сусв. цывілізацыі. Ізаляцыянізму і дзяржаўнасці праваслаўя ў Расіі Ч. супрацьпастаўляў каталіцтва з яго ідэяй усеагульнасці і наддзяржаўнасці. «Філасафічныя пісьмы» стымулявалі палеміку паміж славянафіламі і заходнікамі, на баку якіх першапачаткова выступаў Ч. У больш позніх творах («Апалогія вар’ята», нап. 1837, і інш.) падкрэсліваў неабходнасць рускім вучыцца ў Еўропы, крытыкаваў і пэўныя адмоўныя бакі еўрап. культуры, а ў духоўным абліччы рус. людзей адкрываў якасці, якія, на яго думку, павінны забяспечыць вял. будучыню Расіі. На думку Ч., асабісты інтарэс і эгаістычныя памкненні вядуць чалавека да зла, а падпарадкаванне агульнаму, суб’ектыўнаму, усечалавечаму пачатку — да маральнага дабра, да ідэальнага грамадскага ладу — «царства Божага на Зямлі».
Тв.:
Полн. собр. соч. и избр. письма. Т. 1—2. М., 1991.
Літ.:
П.Я.Чаадаев: pro et contra: Антология. СПб., 1998;
Лазарев В.В. Чаадаев. М., 1986;
Тарасов Б.Н. Чаадаев. 2 изд. М. 1990.
Н.К.Мазоўка.
т. 17, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)