ПЕ́РШАЯ ПО́ЛЬСКАЯ ПЯХО́ТНАЯ ДЫВІ́ЗІЯ ІМЯ́ Т.КАСЦЮ́ШКІ, Першая Варшаўская пяхотная дывізія імя Т.Касцюшкі. Сфарміравана па ініцыятыве Саюза польскіх патрыётаў у СССР у маі 1943 на тэр. Сав. Саюза (в. Сяльцы, каля г. Разань, Расія) і з яго дапамогай. Першы бой дывізія на чале з ген. З.Берлінгам правяла разам з сав. войскамі 12—13.10.1943 каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. З сак. 1944 у складзе 1-й Польскай арміі, якая 21.7.1944 аб’яднана з Арміяй Людовай у Войска Польскае. Назву «Варшаўская» атрымала за ўдзел у вызваленні сталіцы Польшчы. У гонар першага сумеснага бою часцей Чырв. Арміі і гэтай дывізіі ў в. Леніна адкрыты Музей савецка-польскай баявой садружнасці.
т. 12, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЭЛЬМА́Н (Тэадор Львовіч) (30.9.1933, Мінск — 12.10.1974),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1969), праф. (1970). Скончыў БДУ (1957). З 1957 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі (з 1963 заг. лабараторыі), адначасова выкладаў у БДУ. Навук. працы па матэм. фізіцы, тэорыі цеплаправоднасці, цеплафізіцы, стат. фізіцы. Распрацаваў (разам з А.В.Лыкавым) тэарэт. асновы спалучаных задач цеплаабмену пры знешнім абцяканні цел і метады іх рашэння. Даследаваў асаблівасці працэсаў пераносу пры сублімацыі цвёрдых цел у вакуум.
Тв.:
Тепло- и массообмен в процессах сублимации в вакууме. М., 1973 (разам з Дз.П.Лебедзевым);
Диффузия в сложных молекулярных структурах. Мн., 1974 (разам з С.Г.Галакціёнавым, Р.В.Нікіфаровічам);
Физика биологических мембран. М., 1976 (у сааўт.).
М.М.Далгіх.
т. 12, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КУЛЬ (Міхаіл Іванавіч) (н. 5.7.1946, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізікі плазмы і тэхналогіі мікраэлектронікі. Канд. фіз.-матэм. н. (1976), праф. (1994). Скончыў Харкаўскі ун-т (1968). З 1970 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1995 у Мінскім ін-це кіравання (з 1997 прарэктар). Навук. працы па плазменнай тэхналогіі. Распрацаваў метады вызначэння параметраў плазмы металаў, тэхнал. працэсы вытв-сці вырабаў мікраэлектронікі з выкарыстаннем дасягненняў у галіне фізікі плазмы. Дзярж. прэміі Беларусі 1982, 1996.
Тв.:
Плазменная металлизация в вакууме. Мн., 1983 (у сааўт.);
Технология производства ЭВМ. Мн., 1994 (разам з А.П.Дастанкам, А.А.Хмылем);
Конструирование и технология производства ЭВМ. Мн., 1996 (разам з І.М.Русаком, М.А.Цыральчуком).
т. 12, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),
род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.
т. 12, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкар. кераміка 16—19 ст. з г. Пінск Брэсцкай вобл. Кафля 16 ст. гаршковая з квадратным вусцем, а таксама (з канца 16 ст.) каробчатая з вонкавай пласцінай, дэкарыраванай геам. малюнкам. Кафля 17—18 ст. каробчатая гзымсавая, вуглавая дывановая), аздобленая расл. арнаментам, геральдычнымі выявамі, манаграмамі; выраблялі таксама каронкі. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Пінску пашырылася паліхромная рэльефная кафля, у 18 ст. — размаляваная гладкая. З канца 17 ст. малюнак паступова спрашчаўся, з сярэдзіны 18 ст. выраблялі кафлю звычайна без дэкору. Пры абпальванні выкарыстоўвалі пераважна зялёную, а таксама паліхромную паліву. З 2-й пал. 19 ст. была наладжана прамысл. вытв-сць кафлі з расл. дэкорам па замежных ўзорах.
І.М.Чарняўскі.
т. 12, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НТАЛЬ (Станіслаў Францавіч) (10.4.1894, г. Білгорай Люблінскага ваяв., Польшча — 10.12.1937),
удзельнік грамадз. вайны на Беларусі, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя Жукоўскага (1935). З 1915 у арміі. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Петраградзе. У 1918—20 у Чырв. Арміі, удзельнік баёў на Зах. фронце, камісар па польскіх справах Зах. вобл. З 1920 у органах дзярж. бяспекі: з 1921 нам. старшыні ЧК БССР, у 1923—24 старшыня ДПУ БССР, потым у АДПУ СССР. Канд. у чл. ЦБ КП(б)Б у 1923—24. Канд. у чл. ў 1922—24 і чл. ЦВК БССР у 1924. 19.7.1937 арыштаваны, 9.12.1937 неабгрунтавана прыгавораны да расстрэлу за прыналежнасць да т.зв. «Польскай арганізацыі вайсковай». Рэабілітаваны 7.3.1956.
т. 12, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЎЧАНКА (Пётр Рыгоравіч) (н. 2.1.1947 г.п. Хоцімск, Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне анатоміі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974), працуе ў ім (з 1979 дэкан, у 1979—84 прарэктар). Навук. працы па структурна-функцыян. арганізацыі шэрага рэчыва спіннога мозга, уплыве рэнтгенаўскага выпрамянення на перыферычную нерв. сістэму, рэгенерацыі нерв. ствалоў, аднаўленні інервацыі ўнутр. органаў, эмбрыянальным развіцці і будове храмафіннай тканкі (парагангліяў), інфарм. аналізе. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Структура серого вещества спинного мозга человека и экспериментальных животных // Здравоохранение Беларуси. 1993. №10;
Закономерности регенерации подчревного нерва собаки при его трансплантации в стенку толстой кишки // Морфология: архив анатомии, гистологии и эмбриологии. 1997. Т. 111, №1.
т. 12, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВАЕ ЦЕЛА,
ёмішча спараносных органаў большасці сумчатых і базідыяльных грыбоў. Утворана спляценнем міцэліяльных гіфаў; звычайна складае бачную ч. грыба. Служыць для аховы і распаўсюджвання спор. У аскаміцэтаў П.ц. — апатэцыі, клейстатэцыі і перытэцыі. У базідыяльных грыбоў П.ц. плевачныя, распасцёртыя па субстраце, капыта- (губы), булава-, карала- (рагацікі), парасонападобныя ў выглядзе шапкі на ножцы (шапкавыя), шара- або грушападобныя (порхаўкі). У інш. грыбоў адрозніваюць П.ц. з адкрытым гіменіем, паўзакрытым і поўнасцю закрытым. Споры развіваюцца на паверхні П.ц. (напр., на пласцінках — у сыраежак, у трубачках — у баравікоў). Ніжэйшыя грыбы, некат. сумчатыя (напр., дрожджы), некат. базідыяльныя (галаўнёвыя, іржаўныя) і ўсе недасканалыя грыбы П.ц. не маюць. Форма, памеры, кансістэнцыя і афарбоўка П.ц. ў грыбоў з’яўляюцца сістэм. адзнакамі.
т. 12, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНТЭ́Н (Plantin, Plantijn) Крыстаф (каля 1514, Сент-Авертэн, каля г. Тур, Францыя — 1.7.1589), нідэрландскі выдавец-друкар. Вывучаў пераплётную і друкарскую справу ў Францыі. У 1549 у Антверпене (Бельгія) адкрыў пераплётную майстэрню, у 1555 — друкарню (існавала да 1865, з 1877 музей) і філіялы друкарні ў Парыжы і Лейдэне. За 34 гады выдавецкай дзейнасці фірма Плантэнаў «Афіцына Плантыніяна» выдала на высокім паліграф. і маст. узроўні больш за 1600 назваў кніг на розных мовах з гравюрамі на медзі — навук. працы па анатоміі, батаніцы, геаграфіі і гісторыі, творы ант. аўтараў з каментарыямі вучоных, літургічную і тэалагічную л-ру, у т. л. «Каралеўскую Біблію — Біблію паліглота» (т. 1—8, 1569—73) на 4 мовах, кішэнныя выданні, каталогі сваіх кніг.
т. 12, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕ́ВЕ (Вячаслаў Канстанцінавіч) (1846—28.7.1904),
расійскі дзярж. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1867). Служыў у судовым ведамстве. З 1881 дырэктар дэпартамента паліцыі, у 1884—94 сенатар і таварыш міністра ўнутр. спраў, з 1894 дзярж. сакратар і гал. кіраўнік кадыфікацыйнай часткі пры Дзярж. савеце. З 1899 міністр, статс-сакратар па справах Фінляндыі. З 1902 міністр унутр. спраў і шэф жандараў. Праводзіў палітыку разлажэння рэв. руху знутры, задушэння рабочых і сял. выступленняў. Актыўны прыхільнік рус.-яп. вайны 1904—05. Забіты эсэрам Я.С.Сазонавым.
Літ.:
Памяти В.К.Плеве: Краткий биогр. очерк. СПб., 1904;
Михайловский Н.К. Воспоминания В.К.Плеве. Берлин, 1906;
Государственные деятели России XIX — начала XX в.: Биогр. справ. М., 1995.
т. 12, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)