АДБО́РУ ПРА́ВІЛЫ ў фізіцы,

умовы, што вызначаюць магчымасць пераходу квантавых сістэм (ядраў, атамаў, малекул і інш.) з пачатковага стану ў канчатковы пры фіз. працэсах, звязаных з выпрамяненнем і паглынаннем энергіі.

Адбору правілы выражаюць выкананне пэўных захавання законаў у дадзеным працэсе і фармулююцца ў выглядзе суадносін паміж квантавымі лікамі. Аснова тэарэт. вызначэння адбору правілаў — патрабаванне адрознення ад нуля імавернасці пераходу паміж пач. і канчатковым станамі сістэмы, напр., імавернасць дыпольных пераходаў, звязаных з выпрамяненнем святла атамам, адрозніваецца ад нуля пры змене квантавых лікаў; ΔL = ±1, Δs = 0, ΔI = 0 або ±1 (за выключэннем, калі I = 0 у пач. і канчатковым станах), дзе I, L і s — адпаведна квантавыя лікі поўнага моманту імпульсу электроннай абалонкі, арбітальнага моманту і агульнага спінавага моманту электронаў. Пераходы, якія падпарадкоўваюцца адбору правілам дыпольнага выпрамянення, наз. дазволенымі, у адваротным выпадку — забароненымі (іх імавернасць у атамах вельмі малая). Адпаведныя адбору правілы існуюць у ядз. спектраскапіі і фізіцы элементарных часціц.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЭФЕКТЫ́ЎНАСЦЬ выпрамяненняў,

паказчык колькаснага параўнання біял. ўздзеяння розных відаў радыеактыўнага выпрамянення. Вызначае, у колькі разоў біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў пэўнага тыпу (напр., альфа-, бэта-выпрамяненне, нейтроны і інш.) большае (ці меншае) за ўздзеянне на той жа біял. аб’ект стандартнага выпрамянення (жорсткіх рэнтгенаўскіх ці гама-прамянёў). Асобныя віды выпрамяненняў суправаджаюцца вызваленнем рознай колькасці энергіі і маюць пэўную пранікальную здольнасць, таму па-рознаму ўздзейнічаюць на жывыя арганізмы. Чым больш энергіі выпрамяненне перадае тканкам, тым больш пашкоджанняў атрымлівае жывы арганізм. Напр., альфа-выпрамяненне (паток цяжкіх часціц — нейтронаў і пратонаў) мае невял. пранікальную здольнасць, што не дазваляе пранікнуць праз вонкавы слой скуры, аднак яно лічыцца найбольш небяспечным пры траплянні радыенуклідаў унутр арганізма праз раны, з ежай ці пры ўдыханні. Адносная біялагічная эфектыўнасць для электроннага, пазітроннага, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, а таксама хуткіх пратонаў блізкая да 1, для альфа-часціц і хуткіх нейтронаў роўная 10, для цяжкіх шматзарадных іонаў і ядраў аддачы — 20.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́ЎНАЕ,

тое, што належыць самому аб’екту, існуе незалежна ад дзеючага суб’екта і яго свядомасці. Тэрмін аб’ектыўнае мае некалькі аспектаў. Анталагічны ўключае ўяўленне аб аб’ектыўным як існуючым па-за чалавекам і чалавецтвам і незалежна ад іх (напр., памеры і канфігурацыі рэчаў як іх аб’ектыўныя ўласцівасці). Гнасеалагічны звязаны з уяўленнем аб аб’ектыўным як уласцівасці ведаў, упэўненасці ў тым, што яны адлюстроўваюць аб’ект, які даследуецца, у сваіх асабістых характарыстыках (напр., найб. фундаментальныя характарыстыкі сістэм нежывой прыроды — скорасць святла, гравітацыйная пастаянная, у біял. відавой папуляцыі — суадносіны паміж асобінамі рознага полу). У аб’ектыўным ідэалізме аб’ектыўнае — гэта ідэі і паняцці, што існуюць незалежна ад суб’екта. У грамадскім жыцці пад аб’ектыўным разумеюць працэсы і фактары, якія не залежаць ад волі і жаданняў людзей. Аб’ектыўным з’яўляюцца сац. законы, хоць яны фарміруюцца праз механізм чалавечай дзейнасці. Аб’ектыўнае проціпастаўляецца суб’ектыўнаму і суб’ектыўна-асабоваму. Аднак такое проціпастаўленне не мае абсалютнага характару: тое, што ў адных адносінах з’яўляецца аб’ектыўным, у іншых можа быць суб’ектыўным.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НЫЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ («аб’яднанкі»),

агульныя арганізацыі бальшавікоў і меншавікоў, якія існавалі ў 1917 на тэр. Расіі. На Беларусі ў іх уваходзілі таксама бундаўцы. Да сак. 1917 такія арг-цыі сфарміраваліся ва ўсіх бел. гарадах і многіх злучэннях Зах. фронту. Адзінства ў «аб’яднанках» не было з моманту іх стварэння, хоць не было і выразнага фракцыйнага падзелу. Пасля VII (Красавіцкай) канферэнцыі РСДРП (1917) акрэслілася тэндэнцыя на размежаванне бальшавіцкіх арг-цый з інш. партыямі і групамі ў прамысл. цэнтрах Расіі. Пасля VI з’езда РСДРП(б), які вызначыў курс на ўзбр. паўстанне, бальшавікі фарсіравалі разрыў з меншавікамі. У ліп. 1917 пачалі афармляцца раздзельныя арг-цыі ў Бабруйску, Рэчыцы, многіх вайск. часцях Зах. фронту і тылавых гарнізонах. Да жн.вер. 1917 працэс размежавання ў «аб’яднанках» на Беларусі цалкам завяршыўся. Утварыліся Паўн.-Зах. абласныя арг-цыі РКЛ(б) і РСДРП (меншавікоў), абласны к-т Бунда.

Літ.:

Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;

Большевики Белоруссии в борьбе за победу Октября. Мн., 1987.

А.​С.​Кароль.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЁС (Avena),

род аднагадовых травяністых раслін сям. злакаў. Каля 30 відаў, пашыраных у Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы, Аўстраліі. Кармавыя травы, збожжавыя культуры, ёсць пустазельныя віды. На Беларусі культывуецца авёс пасяўны яравы і азімы (каштоўная харч. і кармавая культура; вядомы з 7 ст. н.э.), 2 віды — авёс шчаціністы і аўсюк — дзікарослыя (пустазелле ў пасевах яравых культур).

Авёс пасяўны — вільгацелюбівая, непатрабавальная да цяпла расліна. Вегетац. перыяд 85—115 сут. Самаапыляльнік. Лепшыя глебы — дзярнова-падзолістыя, супясчаныя і лёгкасугліністыя з добрай аэрацыяй. Пасяўная пл. ў рэспубліцы 309 тыс. га (1993); сярэдняя ўраджайнасць 2,3—2,5, макс. — 7 т/га. Высяваецца на корм у сумесі з лубінам, вікай, гарохам і інш. культурамі. Асн. зернефуражная культура. Пажыўнасць 1 кг зерня аўса прынята за кармавую адзінку. Раянаваныя сарты: Эрбграф, Буг, Асілак. Асн. шкоднікі аўса пасяўнога: шведская муха, збожжавыя блохі, тля, злакавыя трыпсы; хваробы: іржа, галаўня, бактэрыёз, мучністая раса.

Літ.:

Митрофанов А.С., Митрофанова К.С. Овёс. 2 изд. М., 1972.

Авёс: 1 — пасяўны; 2 — шчаціністы.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́ЙО (Ohio),

штат на ПнУ ЗША, паміж воз. Эры і р. Агайо. Пл. 106,1 тыс. км². Нас. 11 091 тыс. чал., гарадскога каля 80% (1993). Адм. цэнтр — г. Калумбус. Найб. гарады Кліўленд, Цынцынаты, Акран, Кантан, Таліда, Дэйтан, Янгстаўн. На У — невысокае Апалачскае плато, парэзанае рачнымі далінамі. На З — узгорыстыя Цэнтральныя раўніны з урадлівымі глебамі. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да -3 °C, ліп. 23—25 °C; ападкаў 800—1000 мм за год. На плато месцамі захаваліся шыракалістыя лясы. Буйны індустр. штат, займае 3-е месца ў краіне па кошце вырабленай прадукцыі. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне, электратэхніка ў спалучэнні з аўтамабіле- і с.-г. машынабудаваннем, чорная металургія, хім., гумавая, харч., папяровая, керамічная; здабыча каменнага вугалю, нафты, прыроднага газу, солі і інш. Малочная і мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць кукурузу, авёс, сеяныя травы, пшаніцу, агародніну, садавіну, вінаград. Транспарт чыг. і водны (р. Агайо і воз. Эры). Гал. парты Кліўленд, Цынцынаты, Таліда.

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАЦЭМЕ́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

танкасценныя будаўнічыя канструкцыі з дробназярністага бетону, арміраванага частымі тканымі ці зварнымі сеткамі з тонкага дроту. Армацэментавыя канструкцыі лёгкія, трывалыя, воданепранікальныя, адрозніваюцца дысперсным размеркаваннем трэшчын і замаруджаным іх раскрыццём. Выкарыстоўваюцца як апорныя і агараджальныя канструкцыі будынкаў і збудаванняў, пры буд-ве рэзервуараў, вадаводаў, невял. суднаў, водаахоўных элементаў метрапалітэна і г.д.

Адрозніваюць армацэментавыя канструкцыі з дысперсным арміраваннем (да 4 тонкіх сетак з дроту дыям. 0,7—1 мм на 1 см таўшчыні канструкцыі) і камбінаваным (2 тонкія сеткі і 1 каркасная з дроту дыям. 3—4 мм). Іх робяць пераважна ў выглядзе тонкіх (10—30 мм) прасторавых канструкцый складкаватага і хвалепадобнага профіляў пралётам да 75 м. Канструкцыі пралётам да 18 м складаюцца з аднаго элемента, больш за 18 м — з некалькіх. Армацэментавыя канструкцыі вырабляюцца ў спец. матрыцах ці напырскваннем бетоннай сумесі.

Армацэментавыя канструкцыі: а — панэль хвалепадобнага профілю; б — зборна-маналітная абалонка з армацэментавых элементаў (крыты рынак «Камароўскі» ў Мінску).

т. 1, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1612—1820 у Оршы. Заснаваны па фундацыі караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы, які разам з канцлерам ВКЛ Л.​Сапегам і ксяндзом Лаўрэнціем у 1609 распрацаваў план яго стварэння, а ў 1610—11 падараваў аршанскім езуітам 210 валок зямлі з прыгоннымі сялянамі в. Князі, Крыніцы, Цянкі, Чабаданы, Чално, Чэрніца; у 1616 — маёнтак Фашчаўка (больш за 2 тыс. сялян). Кароль надзяліў езуітаў манаполіяй на адукацыю шляхетнай моладзі ў горадзе і Аршанскім пав. У калегіуме выкладаліся рыторыка, логіка, філасофія. У 1634 адкрыты 2 бурсы: музычная і для шляхетнай моладзі са збяднелых сем’яў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) калегіум на 9 гадоў прыпыніў дзейнасць. Пажар 1680 знішчыў усе пабудовы, праз 3 гады адбудаваны. У калегіуме быў створаны «Аршанскі кодэкс».

Літ.:

Демьянович А. Иезуиты в Западной России в 1569—1772 гг. Спб., 1872;

Митрошенко Н.Я. Иезуиты в восточной части Белоруссии с 1579 по 1772 год // Полоцко-Витебская старина. Витебск, 1912. Вып. 2.

Т.​Б.​Блінова.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЗО́НА (Arizona),

штат на ПдЗ ЗША. Мяжуе з Мексікай. Плошча 295,3 тысяч км², насельніцтва 3936 тысяч чалавек (1993). Адм. ц. — горад Фінікс. Буйныя гарады Тусон, Меса. Заняты гарамі ў цэнтральнай частцы, пустыннымі плато Каларада (з каньёнамі) на ПнУ (гара Хамфрыс-Пік 3851 метраў) і Хіла на ПдЗ.

Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі (самыя гарачыя ў ЗША пустыні). Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0—4 °C, ліпеня 21—30 °C, ападкаў 75—380 мм за год. Рэкі Каларада, Літл-Каларада, Хіла і іншыя. У аснове эканомікі апрацоўчая і здабыўная прамысловасць, земляробства, турызм. Прамысловасць: электронная, авіякасмічная, каляровая металургія (выплаўка медзі і вытворчасць алюмінію), паліграфічная, харчовая, швейная і іншыя. Найбольшая ў ЗША здабыча медных Рудаў, значная — малібдэнавых, поліметалічных, золата. На рацэ Каларада ГЭС Боўлдэр-Дам. Земляробства на арашальных землях. Вырошчваюць бавоўнік, цукровыя буракі, ячмень, кукурузу, пшаніцу, гародніну, цытрусавыя. Гадуюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, свойскую птушку. Турызм. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, авіяцыйны, трубаправодны. Міжнародныя авіяпарты Фінікс, Тусон, Юма. У Арызоне нацыянальны парк Вялікі Каньён.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 2, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭА́Л (ад лацінскага area плошча, прастора),

вобласць пашырэння на зямной паверхні якой-небудзь з’явы, відаў жывёл, раслін, карысных выкапняў і інш., а таксама рассялення людзей у выніку міграцыі. На геаграфічных картах арэал перадаецца абмежаваннем яго лініямі рознага колеру і рысунка, афарбоўкай, штрыхоўкай і інш. У біягеаграфіі арэал — вобласць пашырэння групы жывых арганізмаў, у эканамічнай геаграфіі — сельскагаспадарчых культур або галін прамысловасці, у геаграфіі насельніцтва — канцэнтрацыі насельніцтва і інш.

Межы арэала залежаць ад клімату, глебы, рэльефу, біялагічных фактараў, часцей за ўсё ад іх сумарнага ўплыву. Арэал бывае адносна ўстойлівы, расшыраецца або скарачаецца. Арэал касмапалітычны займае значную частку тэрыторыі зямнога шара, эндэмічны — невялікую вобласць. Адрозніваюць арэалы суцэльныя (віды пастаянна сустракаюцца ў адпаведных ім біятопах), разарваныя (складаюцца з некалькіх адасобленых частак), стужкавыя (вузкія палосы, напрыклад, уздоўж рэк).

На тэрыторыі Беларусі праходзяць граніцы арэалаў многіх відаў раслін, птушак, некаторых відаў млекакормячых. Вывучэнне арэалаў памагае рэгуляваць пашырэнне жывёл і раслін, правільна выкарыстоўваць іх, весці барацьбу са шкоднікамі.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)