КУДА́САВА Надзея Сяргееўна (н. 19.9.1932, в. Дзякавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел.самадз. мастачка. Другая жонка Я.Запрудніка. У 1944 з сям’ёй старэйшага брата выехала ў Германію. З 1950 у ЗША. Жыве ў г. Самэрсэт (штат Нью-Джэрсі), працавала лабаранткай у мед. школе. Адна з арганізатараў выставак бел. мастацтва і ўмельства ў г. Саўт-Рывер (з 1974), уваходзіць у кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў. Працуе ў тэхніцы акварэлі і алейнага жывапісу, У творчасці адлюстроўвае маляўнічыя бел. краявіды, узаемадзеянне чалавека з прыродай — «Сланечнік» (1970-я г.), «Бярозы» (1976), «Васількі» (1989) і інш. Творы ўпрыгожваюць бел. цэрквы і культ.-грамадскія цэнтры за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТЫ,
урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУСБССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСКО́ВА,
архітэктурна-мастацкі ансамбль 18 ст. ў Маскве. Былая загарадная рэзідэнцыя графаў Шарамецевых, з 1960 у межах Масквы. Уключае класіцыстычныя драўляны палац (1769—75, пад кіраўніцтвам арх. К.І.Бланка, у інтэр’еры больш за 60 мармуровых статуй і бюстаў 18 ст.), рэгулярны парк з дэкар. скульптурай і павільёнамі — «Галандскі» (1749—51) і «Італьянскі» (1754—55, арх. Ю.І.Калагрываў, Ф.С.Аргуноў) домікі, «Грот» (1755—75), «Аранжарэя» (1761—64, абодва арх. Аргуноў), «Эрмітаж» (1765—67, пры ўдзеле арх. Бланка) і інш. З 1918 музей (з 1938 Музей керамікі і «Сядзіба Кускова XVIII стагоддзя»).
Літ.:
Баранова О. Кусково: Иллюстрированный очерк. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГАДА (сапр.Лагадзінскі Валянцін Канстанцінавіч; 27.5.1913, с. Сцяпаны Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.1.1991),
украінскі паэт. Вучыўся ў Днепрапятроўскім ун-це (1938—41). Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Красавік» (1953), «Натхненне» (1960), «Бурлівая плынь» (1963), «Кліча зямля» (1983), сатырыка-гумарыстычных твораў «Што пасееш, тое і пажнеш» (1955), «Гарачая завіўка» (1968), «Вымушаная пасадка» (1982), камедыі «Заечая пазіцыя» (1959) і інш. Пераклаў на ўкр. мову шэраг твораў Н.Гілевіча, У.Корбана. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.Валасевіч, Р.Няхай, Я.Тачыла, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАДЭ́ХСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Грузіі, у бас.р. Алазані, на Паўд. схілах усх.ч.Гал. Каўказскага хр.Засн. ў 1912 для аховы горных біягеацэнозаў. Пл. каля 18 тыс.га. Горы, цясніны, вадаспады, азёры, серныя крыніцы. Рэзка выяўленая верт. занальнасць расліннасці. Дубова-грабавыя, букавыя лясы, горныя лугі. У флоры 1400 відаў кветкавых раслін, у т. л. 12 эндэмічных. У фауне 38 відаў млекакормячых, у т. л. каўказскі алень, дагестанскі тур, казуля, серна, мядзведзь, ліс, воўк, шакал, рысь; 120 відаў птушак, у т. л. каўказскі цецярук, улар, фазан і інш. Больш за 1 тыс. відаў цвердакрылых і 800 відаў матылькоў. Занесены ў спіс Помнікаў прыроды ЮНЕСКА.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗАРАЎ Мікалай Аляксандравіч (25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),
бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПАТАНО́ГІЯ (Scaphopoda), лодканогія,
клас марскіх малюскаў. 2 атр., 26 родаў, каля 1000 відаў. Вядомы з ардовіку. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў трапічных морах. Жывуць на дне да глыб. 7,5 км. Вядуць рыючы спосаб жыцця. Найб. вядомы прадстаўнік марскі зуб (Dentalium vulgaris).
Даўж. ад 0,15 да 15 см. Цела двухбакова-сіметрычнае, размешчана ў трубчастай, злёгку выгнутай ракавіне, пярэдняя адтуліна якой шырэйшая за заднюю. Праз яе Л. высоўваюць галаву і нагу. Над галавой ёсць скурныя складкі з пучкамі ніткападобных вусікаў (каптакуламі), пры дапамозе якіх Л. выконваюць функцыі дотыку і захопу корму. Кормяцца дробнымі доннымі арганізмамі і інш. Раздзельнаполыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎЦЭ́ВІЧ (Лаўцінская, Лаўчынская) Разалія (1767 ?, Пастаўшчына — ?), бел. танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетнай школе ў Гродне. У жн. 1778 удзельнічала як салістка ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Г.Петынеці на сцэне Гродзенскага т-ра. У 1785—94 у балетнай трупе «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве, выступала на каралеўскай сцэне і ў Нац. т-ры. Пасля задушэння паўстання 1794 у балетных трупах С.Гальніцкага і Т.Трускаляскага. У 1797 па ініцыятыве і за кошт былога караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага выехала ў Пецярбург і паступіла фігуранткай у трупу імператарскіх т-раў. З 1799 выступала пад прозвішчам Дукштэйн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́НСКІ ВЕРШ, леанін,
верш, у якім асобныя паўрадкоўі рыфмуюцца паміж сабой (у адрозненне ад нерыфмаванага ант. верша). У бел. вершатворчасці танізаваны Л.в. спарадычна сустракаўся ў 17 ст. З пісьмовай л-ры ён перайшоў у фальклор. Фальклорны Л.в. у сваю чаргу паўплываў на творчасць некаторых паэтаў: Я.Баршчэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, М.Багдановіча, Я.Купалы і інш.
Біце ж чалом тром сакалом,
хлопцы, маладзіцы!
Гэта ж кветкі з свойскай веткі
славянскай зямліцы.
(В.Дунін-Марцінкевіч, «Павіншаванне войта Наума»)
У новай бел. паэзіі Л.в. — верш з рэгулярнымі ўнутр. рыфмамі. Да такога верша асабліва часта звяртаўся Я.Купала («Касцам», «З дарогі», «За праўду»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕГА́ЛЬНЫ МАРКСІ́ЗМ»,
ідэйна-палітычная плынь рас. інтэлігенцыі ў 1890-я г. Прадстаўнікі «Л.М.» (П.Б.Струвэ, М.І.Туган-Бараноўскі, С.М.Булгакаў і інш.), выступаючы ў легальных часопісах «Новое слово» (1894—97), «Жизнь» (1897—1901), «Начало» (1899) і інш., выкарыстоўвалі палажэнні марксісцкай эканам. тэорыі для абгрунтавання развіцця капіталізму ў Расіі як прагрэсіўнай з’явы, але адмаўлялі ці рэвізавалі марксісцкую рэв. тэорыю. Яны выступалі супраць самадзяржаўя, задэмакр. свабоды, развівалі ліберальныя тэорыі сац. рэфармавання капіталіст. грамадства. У сярэдзіне 1890-х г. разам з сацыял-дэмакратамі змагаліся супраць народніцтва і інш. тэорый, якія адмаўлялі капіталіст. шлях развіцця Расіі. З канца 1890-х г. перайшлі ад марксізму да лібералізму, іх лідэры сталі ядром партыі кадэтаў.