ЭКАНОМІКА ПРАМЫСЛОВАСЦІ
Эканоміка прамысловасці як навука на Беларусі пачала развівацца ў пач. 20 ст. З 1921 гэтымі пытаннямі займаліся на эканам. аддзяленні ф-та грамадскіх навук БДУ, з 1922 — у Ін-це бел. культуры (з 1929 Бел. АН). Распрацоўваліся пераважна метадалагічныя асновы і методыка фарміравання новых галін прамысловасці, праблемы рацыянальнага спалучэння экстэнсіўнага і інтэнсіўнага тыпаў расшыранага ўзнаўлення. У пасляваенны час у Ін-це эканомікі АН Беларусі і Бел. ін-це нар. гаспадаркі даследаваліся структура, эканоміка асн. галін нар. гаспадаркі рэспублікі, эфектыўнасць капітальных укладанняў і новай тэхнікі ў прамысловасці (М.І.Вядута, Г.Ц.Кавалеўскі, І.М.Качура, С.М.Малінін, І.Ц.Чарняўскі і інш.). Вывучаліся рэзервы прадукцыйнасці працы ў прамысловасці, праблемы ўмацавання фінансаў прамысл. прадпрыемстваў і гасп. разліку, асн. фондаў і капітальных укладанняў у прамысловасць, тэхн. прагрэсу і асваення новай прадукцыі (Л.Е.Баранава, Г.В.Грэк, Ф.А.Дронаў, Т.С.Карачун, М.С.Куняўскі, В.І.Клецкі, В.А.Мухіна, А.М.Пашкевіч, А.С.Сітнікаў, С.А.Ходас, М.М.Шатохіна і інш.). У сувязі з падрыхтоўкай у краіне гасп. рэформы і пераходам прадпрыемстваў на новыя ўмовы планавання і эканам. стымулявання ў 1960-я г даследаваліся крытэрыі ацэнкі дзейнасці прадпрыемстваў, метады іх колькаснага выражэння, паляпшэння сістэмы эканам. стымулявання прац. калектываў і асобных работнікаў (З.А.Анцуфрыева, В.І.Выбарнаў, А.Р.Гарадзецкі, А.Г.Заўялкаў, Э.Л.Лутохіна, В.С.Маўрышчаў, В.Ф.Рамашкін, Г.А.Рысіна, А.І.Ясінскі і інш.). У 1970-я г. вяліся даследаванні эканам. праблем навук.-тэхн. прагрэсу ў прамысловасці, удасканалення сістэм яго планавання і эканам. стымулявання, павышэння эфектыўнасці грамадскай вытворчасці на аснове інтэнсіфікацыі (Ф.В.Баравік, С.М.Гальдштэйн, К.І.Невельская, М.А.Плашчынскі і інш.).
Развіццё прамысловасці ў 1980—90-я г. стымулявала правядзенне навук. даследаванняў у галіне размяшчэння прамысловасці, рэгіянальных праблем, абгрунтавання метадаў ацэнкі і павышэння эфектыўнасці развіцця інфраструктуры рэгіёна, міжгаліновай вытворчасці, шляхоў вырашэння сац. праблем, абумоўленых развіццём прамысловасці (Л.В.Казлоўская, А.Д.Паўлава, В.С.Шымава, У.М.Шымаў). У Ін-це эканомікі Нац. АН Беларусі праведзены даследаванні па абгрунтаванні цаны на новую тэхніку, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання капіталаўкладанняў, зніжэнні матэрыялаёмістасці з мэтай актывізацыі выкарыстання якасных фактараў эканам. развіцця (П.А.Капітула, І.А.Міхайлава-Станюта, У.І.Тарасаў і інш.). У Навук.-доследным эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь (з прыцягненнем вядучых эканамістаў інш. арганізацый) праведзены комплекс навук. даследаванняў па ацэнцы перспектыў развіцця эканомікі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы, абгрунтаваны кірункі структурнай перабудовы эканомікі ў цэлым, у т. л. ў прамысловасці, распрацавана канцэпцыя і праграма яе развіцця (Я.М.Александровіч, З.А.Анцуфрыева, П.А.Капітула, І.А.Міхайлава-Станюта, В.У.Пінігін, У.М.Шымаў). Праводзіліся даследаванні па такіх важных кірунках, як рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці, стварэнне і развіццё фін.-прамысл. груп, эколага-эканам. рэгуляванне, фарміраванне і рэалізацыя рэгіянальнай палітыкі, ацэнка ўплыву крызісаў і цыклічнасці на эканам. развіццё (І.М.Абрамаў, А.І.Лучанок, М.У.Мясніковіч, У.С.Фацееў, В.С.Шымава). Вывучаліся пытанні выкарыстання навук. патэнцыялу, яго трансфармацыі, эфектыўнасці навук. прац і інавацыйнай дзейнасці (Л.М.Крукаў, Э.Дз.Меяроўская, П.Г.Нікіценка, А.А.Слонімскі, І.І.Сяржынскі).
Эканам. праблемы навук.-тэхн. развіцця, венчурнай дзейнасці, фарміравання інавацыйнай інфраструктуры і рэгулявання інавацыйнай дзейнасці распрацоўваліся ў навук. праектах Рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў, Дзярж. камітэта Рэспублікі Беларусь па навуцы і тэхналогіях, дзярж. праграме «Сацыяльна-эканамічныя прыярытэты Рэспублікі Беларусь», якія былі выкананы пад кіраўніцтвам Л.М.Нехарошавай. У Ін-це эканомікі Нац. АН Беларусі распрацаваны комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу Рэспублікі Беларусь на 2001—20 (А.В.Маркаў, В.Ф.Мядзведзеў, П.Г.Нікіценка і інш.). Метадалаг. асновы фарміравання канцэпцыі развіцця прамысловасці даследуюцца на кафедры эканомікі прамысл. прадпрыемстваў Бел. дзярж. эканам. ун-та (навук. кіраўнік Л.М.Нехарошава). Падрыхтаваны падручнікі і навуч. дапаможнікі, якія ахопліваюць комплекс пытанняў па прагназіраванні і планаванні эканомікі, развіцці прамысл. рэгіёна (В.І.Барысевіч, Г.А.Кандаурава і інш.), асновах эканомікі і экалогіі прыродакарыстання (В.С.Шымава), цэнаўтварэнні (І.І.Паляшчук, В.В.Цярэшына), эканоміцы прадпрыемства (Л.М.Нехарошава і інш.), эканоміцы прадпрыемстваў канкрэтнай галіны прамысловасці (І.М.Бабук, У.І.Дзямідаў, В.І.Пахабаў, М.С.Сачко і інш.). Навук. і навучальную працу па эканоміцы прамысл. прадпрыемстваў вядзе кафедра эканомікі прамысл. прадпрыемстваў БДЭУ (заснавальнікі В.І.Выбарнаў, В.С.Маўрышчаў, К.І.Невельская), тут сфарміравана навук.-пед. школа па гэтым кірунку, развіваецца навукова-педагагічная школа па эканоміцы і кіраванні інавацыямі (Л.М.Нехарошава). Вучоныя-эканамісты ўдзельнічалі ў распрацоўцы нац. стратэгіі ўстойлівага сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь (Я.М.Александровіч, А.У.Багдановіч, І.В.Вайтовіч, Л.М.Крукаў, С.С.Палонік, С.П.Ткачоў, У.М.Шымаў і інш.). Актуальныя праблемы павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі, эфектыўнасці знешнеэканам. дзейнасці Рэспублікі Беларусь даследуюць Я.М.Александровіч, П.Г.Нікіценка, В.У.Пінігін, С.С.Палонік і інш.
Літ.:
Ведута Н.И. Об экономической эффективности капитальных вложений в промышленности. Мн., 1960;
Боровик Ф.В., Плащинский Н.А. Образование фонда производственного накопления в промышленности. Мн., 1972;
Региональные проблемы развития инфраструктуры и межотраслевых производств. Мн., 1985;
Нехорошева Л.Н. Научно-технологическое развитие и рынок: регулирование, венчурная деятельность, инфраструктура. Мн., 1996;
Шимова О.С. Эколого-экономическое регулирование деятельности предприятий промышленности: вопросы методологии и практика переходного периода. Мн., 1998;
Методология формирования концепции развития промышленности Республики Беларусь. Мн., 2000;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Экономика развития промышленности региона. Мн., 2002;
Экономика предприятия. Мн., 2003;
Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;
Фатеев В.С. Региональная политика: теория и практика. Мн., 2003.
Ф.А.Дронаў, Л.М.Нехарошава.
т. 18, кн. 2, с. 478