рускі драматург. Скончыў Муз.-драм. вучылішча пры Маскоўскім філарманічным т-ве (1889). У 1889—93 акцёр на правінцыяльнай сцэне. У першай п’есе на аўтабіягр. аснове «Дзеці Ванюшына» (паст. 1901) карціна расколу ў асяроддзі рас. купецтва, выкліканага развіццём капіталіст. адносін. У п’есах «Нумар трынаццаты» (1903), «Аўдоціна жыццё» (паст. 1904), «Сцены» (1907), «Раман цёці Ані» (1912), «Работніца» (1915) і інш. паказаў маральную раз’яднанасць людзей у капіталіст. грамадстве. Аўтар п’есы пра рэвалюцыю 1905 «Масква: Сцэны з маскоўскага жыцця 1905 г.» (нап. 1921). Яго драматургіі ўласцівы імкненне ўвасабляць сац. праблемы ў форме інтымнай псіхал. драмы, дынамічнасць у развіцці канфлікту, тонкасць і лаканізм псіхал. характарыстык. П’еса «Дзеці Ванюшына» пастаўлена ў Бел.дзярж. т-ры імя Я.Коласа (1938), Гродзенскім абл.драм. т-ры (1948), Рускім дзярж.драм. т-ры Беларусі (1948 і 1971).
Тв.:
Дети Ванюшина. М., 1955.
Літ.:
Чернышев А.А. Путь драматурга: С.А.Найденов. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЛЯ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
бой падраздзяленняў 415-й стралк. дывізіі (палк. П.І.Машчалкоў) 61-й арміі Бел. фронту і 27-й Нараўлянскай партыз. брыгады імя Кірава (камандзір У.П.Яромаў) супраць ням.-фаш. захопнікаў за вызваленне г.п. Нароўля 28—30 ліст. ў Вял.Айч. вайну. У пасёлку знаходзілася каля 500 гітлераўцаў з 13 танкамі, 2 штурмавымі гарматамі «фердынанд», 2 бронемашынамі. 28 ліст.сав. дывізія фарсіравала р. Прыпяць і з Пд наблізілася да Нароўлі. Партызаны разведалі ўмацаванні праціўніка, наяўнасць і месцазнаходжанне яго агнявых кропак і разам з камандаваннем дывізіі распрацавалі план вызвалення Нароўлі. У ноч на 30 ліст. партызаны (камандзір П.І.Літоўскі) і падраздзяленні стралк. палка абышлі пасёлак з 3 і Пн і пачалі наступленне. Баючыся акружэння, праціўнік адступіў. Нароўля была вызвалена, захоплены ваен. склады праціўніка. Партызаны і часці Чырв. Арміі вызвалілі таксама в. Верхні і Ніжні Млынок, з дапамогай насельніцтва пабудавалі мост цераз Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ Георгій Іванавіч (26.2.1886, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 23.5.1920),
расійскі і ўкраінскі графік. Брат У.І.Нарбута. З 1906 жыў у Пецярбургу, з 1917 у Кіеве. Вучыўся ў Л.Бакста, І.Білібіна, К.Сомава. Рэктар Укр.АМ, начальнік аддзела выяўл. мастацтва Нар. камісарыята асветы Украіны (1919). Творчасць сфарміравалася пад уплывам аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910-яг. яго чл.). Працаваў пераважна ў галіне кніжнай графікі. Творы вызначаюцца лаканізмам выяўл. сродкаў, дакладнасцю контурнага малюнка, дэкаратыўнасцю: іл. да казак «Гаршэня» і «Снягурка» (1906), «Як мышы ката хавалі» (1910), кн. «Тры байкі Крылова» (1913) і інш. З сярэдзіны 1910-х г. звяртаўся да традыцый укр. барока і нар. творчасці, арнаментыкі і геральдыкі старадаўніх укр. гравюр: іл. да кн. Г.Лукомскага «Старадаўняя архітэктура Галіцыі» (1915), афармленне «Украінскай азбукі» (1917—18, не выдадзена), час. «Мистецтво», «Зори» і інш. Аўтар акварэляў «Эней» (1919) і інш. Рабіў сілуэтныя партрэты, карыкатуры, эмблемы і інш.
умоўная назва стылявога кірунку ў рус. архітэктуры канца 17 — пач. 18 ст. Паходзіць ад прозвішча баяраў Нарышкіных, у чыіх маёнтках і на заказ якіх у Маскве і Падмаскоўі будавалі невял. сядзібныя храмы, а таксама буйныя гар. цэрквы яруснага тыпу. Паводле кампазіцыі Н.б. — традыц. васьмярык на чацверыку, ускладнены дэкарацыямі і карункавай арнаментыкай. Характэрныя рысы пабудоў, падкрэсленая сіметрычнасць, яруснасць, адпаведнасць арх. форм канструкцыям; аздабленне ярусаў калонкамі па вуглах у завяршэнні карнізнымі паясамі; магутныя валюты, карнізы, якія моцна выступаюць, авальныя і шматвугольныя аконныя праёмы, сістэма спалучэння чырвоных цагляных сцен і белакаменных разных дэкар. дэталей. Сярод узораў Н.б.: цэрквы Пакрова ў Філях (1690—93), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704; абедзве цяпер у межах Масквы), Успенскі сабор у Разані (1693—99, арх.Я.Бухвостаў) і інш. Рысы Н.б. ўласцівы таксама грамадз. і жылым пабудовам (Сухарава вежа, 1692—95, арх. М.Чаглакоў, не захавалася).
Г.А.Лаўрэцкі.
Да арт.Нарышкінскае барока. Царква Пакрова ў Філях (цяпер у межах Масквы). 1690—93.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТЭ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ,
монакарбонавыя к-ты, што ўваходзяць у састаў нафты. Змяшчаюць насычаныя цыклы з 5 і 6 атамаў вугляроду (гл.Аліцыклічныя злучэнні); вядомыя мона-, бі- і трыцыклічныя к-ты. Н.к. у нафце ад 0,01 да 3% па масе; асн. іх колькасць (да 80%) знаходзіцца ў газойлевай фракцыі і ў мазуце.
Вязкія алеепадобныя рудыя вадкасці з непрыемным пахам, tкіп 214—300 °C. Практычна нерастваральныя у вадзе, добра раствараюцца ў вуглевадародах і інш.арган. растваральніках. Паводле хім. уласцівасцей падобныя на тлустыя кіслоты; утвараюць солі і эфіры, якія наз. нафтэнатамі. У прам-сці вылучаюць з газавых і масленых дыстылятаў і мазуту, сінт. Н.к. атрымліваюць акісленнем нафтэнаў. Выкарыстоўваюць як растваральнікі палімераў, каўчукоў і фарбавальнікаў, кампаненты лакаў, дадаткі да друкарскіх фарбаў і маторнага паліва; эфіры — як пластыфікатары сінт. каўчукоў, полівінілхларыду і інш.; солі шчолачных металаў — як мыйныя сродкі, эмульгатары, інсектыцыды, стымулятары росту раслін. Аказваюць моцнае (больш за фенол) антысептычнае ўздзеянне на патагенныя арганізмы, аднак таксічныя для цеплакроўных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕДАТЫКА́ЛЬНЫЯ»,
члены найніжэйшых індуісцкіх кастаў, якія не належаць да ніводнай з 4 індуісцкіх варнаў. Да «Н.» адносілі тых, хто займаўся нячыстымі для прававерных індусаў заняткамі, звязанымі з забойствам жывёл, брудам і смеццем: рыбаловы, гарбары, абутнікі, прачкі, смецяры, асенізатары і інш., а таксама прадстаўнікі адсталых плямён. Лічылася, што зносіны «Н.» з членамі вышэйшых кастаў апаганьваюць апошніх. Найб. жорсткія абмежаванні для «Н.» існавалі на Пд Індыі, ім забаранялася жыць разам з іншымі, наведваць храмы, карыстацца агульнымі калодзежамі і г.д. У 1920—30-яг. барацьбу за правы «Н.» узначаліў М.К.Гандзі, які называў іх «харыджанамі» («божымі дзецьмі»; афіц. назва «Н.» у сучаснай Індыі). Канстытуцыя 1949 гарантавала «Н.» усе грамадз. правы, а закон 1955 прыраўноўваў іх дыскрымінацыю да крымін. злачынства. Чл.т.зв. «спісачных» (ніжэйшых) кастаў і плямён (16% насельніцтва Індыі) атрымалі льготы пры паступленні ў ВНУ і на дзярж. службу. Аднак поўнае скасаванне «недатыкальнасці» застаецца адной з найб. складаных праблем інд. грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЙМАН (Neumann) Станіслаў Костка (5.6.1875, Прага — 28.6.1947),
чэшскі паэт.Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (1945). Вучыўся ў Гандлёвай акадэміі. Удзельнік нац.-вызв. руху чэш. моладзі «Омладзіна», быў зняволены. Дэбютаваў сімвалісцкімі зб-камі «Я — апостал новага жыцця» (1896) і «Слава сатаны сярод нас» (1897). Ідэямі нац. і сац. вызвалення прасякнуты зб-кі «Сон пра натоўп, які страціў надзею, і іншыя вершы» (1903), «Чэшскія песні» (1910). Антыфаш. пафас характэрны для паэт. зб-каў «Сэрца і хмары» (1935), «Саната зямных даляглядаў» (1937), «Бяздонны год» (1945), «Зачумленыя гады» (1946). Аўтар зб-каў пейзажнай і філас. лірыкі («Кніга лясоў, узгоркаў і вод», 1914), інтымнай («Каханне», 1933), кніг публіцыстыкі і мемуараў. На бел. мову паасобныя яго вершы пераклалі М.Аўрамчык, М.Гамолка, Х.Жычка, К.Кірэенка, М.Машара, С.Шушкевіч і інш.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958;
Соната земных горизонтов: Избр. лирика. М., 1986.
Літ.:
Шерлаимова С.А. Станислав Костка Нейман. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎРАЎ Мікалай Васілевіч (1830, Масква — 16.5.1904),
расійскі жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1851—56), у 1887—90 выкладаў у гэтым вучылішчы. Член т-ва перасоўных выставак (з 1881, гл.Перасоўнікі). Жанравым карцінам уласцівы пераканаўчасць сац. характарыстык і сюжэтных сітуацый, падрабязная распрацоўка фактуры: «Хатняя сялянская сцэна» (1856), «Торг» (1866), «Выхаванка» (1867), «Паніхіда на сельскіх могілках», «Пахаванне селяніна», «Протадыякан абвяшчае даўгалецце на імянінах купца», «Агледзіны» (1888) і інш. Аўтар гіст. карцін: «Князёўна П.Р.Юсупава перад пострыгам» (1866), «Раман Галіцкі прымае паслоў папы Інакенція III» (1875), «Прысяга Лжэдзмітрыя каралю Жыгімонту III» (1877) і інш. Пісаў партрэты: невядомага, М.С.Шчэпкіна, аўтапартрэт (1863), Траццяковых (1860-яг.) і інш. У канцы 19 ст. пераехаў на Беларусь. Жыў у в. Лыскоўшчына Круглянскага р-на Магілёўскай вобл., дзе напісаў творы «Эпізод з жыцця Пятра», «Чым былі моцныя шлюбныя вузы» і інш. У 1998 у Магілёве адбыўся міжнар. пленэр, прысвечаны Н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва сярэдніх вякоў і Адраджэння (т.зв. старанідэрландская школа), якое ўзнікла і склалася на тэр. сучасных Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга і паўн.-ўсх. Францыі. У архітэктуры 12—13 ст. развіваліся раманскі стыль і готыка, часам іх рысы спалучаліся (сабор у Турнэ), у 13—14 ст. — грамадз. архітэктура (гандл. рады і ратуша ў Бруге і інш. гарадах). У 16 ст. горадабудаўніцтва імкнулася да рэнесансавай ансамблевай забудовы цэнтр. плошчаў, важнае месца займалі гар. ратушы — у Бруселі, Антверпене (арх. К.Флорыс). У выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве ў 12—13 ст. развіваліся маст. ліццё і ювелірнае мастацтва (рэлікварый у Кёльнскім саборы). У 14—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнулі кніжная мініяцюра (браты Лімбург) і жывапіс (Пітэр Артсен, Дз.Баўтс, Х.Босх, П.Брэйгель, Р. ван дэр Вэйдэн, Х. і Я. ван Эйкі і інш.). Пра развіццё мастацтва фламандскай і галандскай школ гл. ў арт.Бельгія, Нідэрланды.
Б.А.Зярноў.
Да арт.Нідэрландскае мастацтва. Х.Босх. Спакушэнне св. Антонія.Да арт.Нідэрландскае мастацтва. П.Брэйгель. Сляпыя. 1568.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНІНСКІ РОЎ,
геалагічнае агаленне ў яры на левым беразе р. Дняпро, за 1 км на Пн ад г. Шклоў Магілёўскай вобл.; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Лінза арганагенных і гумусаваных адкладаў шклоўскага міжледавікоўя падсцілаецца марэнай і лімнагляцыяльнымі адкладамі дняпроўскага зледзянення і перакрываецца лімнагляцыяльнымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі ўтварэннямі сожскага зледзянення. Даўж. яра каля 700 м, глыб. ў вусці 30 м. Магутнасць міжледавіковых адкладаў (торф, гіція, суглінак і супесак) да 13 м, даўж. каля 100 м. Міжледавіковыя адклады багатыя выкапнёвымі рэшткамі — пылок і споры 220 відаў раслін, плады і насенне 195 відаў і форм раслін, астракоды 16 відаў, насякомыя 109 відаў. У азёрна-балотнай тоўшчы міжледавіковых адкладаў адлюстраваны працяглы геал. летапіс канца дняпроўскага зледзянення, усяго шклоўскага міжледавікоўя і пачатку сожскага зледзянення. Знаходка каля вусця яра за 60 м ад міжледавіковай лінзы гляцыякупала сведчыць аб парушэннях парод карэннага берага р. Дняпро ў час актыўнай дзейнасці дняпроўскага ледавіка.