ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІ́Ў МІНІСТЭ́РСТВА АБАРО́НЫ РАСІ́ЙСКАЙ ФЕДЭРА́ЦЫІ (ЦАМА РФ) у г. Падольск, установа Мін-ва абароны Рас. Федэрацыі, якая ажыццяўляе прыём, захаванне і навук.-тэхн. апрацоўку дакументальных матэрыялаў Сав. і Рас. армій з 1941. Створаны ў 1936 у Маскве як Аддзел архіваў пры Упраўленні справамі Наркама абароны СССР (у 1946 перавезены ў г. Падольск Маскоўскай вобл., у 1992 створаны філіял у г. Пугачоў Саратаўскай вобл.); з 1947 Архіў Мін-ва абароны ўзбр. сіл СССР, з 1975 Цэнтр. архіў Мін-ва абароны СССР, з ліп. 1992 сучасная назва. Каля 17,8 млн. адзінак захавання, каля 109 тыс. фондаў (2000). Захоўвае дакументы Сав. Арміі і ўстаноў Мін-ва абароны СССР — Рас. Федэрацыі з пач. Вял. Айч. вайны, у т. л. дакументы часцей і злучэнняў, што прымалі ўдзел у баявых дзеяннях і дыслацыраваліся на тэр. Беларусі ў 1941—91. Пры архіве дзейнічаюць экспертна-праверачная і метадычная камісіі. Архіў удзельнічае ў распрацоўцы пытанняў ваен. архіўнага справаводства і архіваграфіі.
т. 17, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯРЭ́НЦЬЕЎ Валянцін Міхайлавіч (7.4.1907, г. Веліж Смаленскай вобл., Расія — 14.12.1983),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1959), праф. (1962). Скончыў БСГА (1937). З 1945 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (з 1954 заг. аддзела, з 1970 заг. лабараторыі). Навук. працы па абмене рэчываў, росце, развіцці і фарміраванні мех. тканак раслін. Даследаваў уздзеянне воднага і светлавога рэжымаў, мінер. жыўлення на жыццёвыя праяўленні раслін. арганізма на тарфяной глебе і іонаабменных субстратах ва ўмовах штучнага асяроддзя. Дзярж. прэмія Беларусі 1980.
Тв.:
Аб паветраным і мінеральным жыўленні раслін. Мн., 1953 (разам з Ц.М.Годневым);
Особенности физиологии роста хлебных злаков на торфяной почве. Мн., 1970;
Вырошчванне капусты Хібінскай у працяглай монакультуры на іанітнай глебе (разам з Т.П.Суровай, Л.Л.Кошалевай) // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1970. № 6;
Физиология устойчивости растений к полеганию и методы ее оценки // Физиология растений в помощь селекции. М., 1974.
М.А.Ламан.
т. 17, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРЭ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА, Чарэя. У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка, каля в. Чарэя, за 26 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 3,38 км², даўж. 6,71 км, найб. шыр. 1,12 км, найб. глыб. 17 м, даўж. берагавой лініі 17,3 км. Пл. вадазбору 17 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнута з Пн на Пд, складаецца з некалькіх плёсаў. Схілы катлавіны выш. да 10 м, на Пд да 18 м, участкамі на ПдУ і З паніжаюцца да 2 м, разараныя, часткова пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі на Пн, ПнЗ і З зліваюцца са схіламі, абрывістыя, абразійныя, на Пд і ПдУ сплавінныя. Дно ў прыбярэжнай частцы выслана глінай, пясчанымі і пясчана-ілістымі адкладамі, глыбей — ілам. У цэнтры востраў пл. 0,02 км². Зарастае да глыб. 4 м, шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 50 м. Злучана пратокай з азёрамі Галаўня і Чамярыца, упадаюць больш за 10 ручаёў і меліярац. каналаў, выцякае ручай у воз. Родамля.
т. 17, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРЭ́НЦ (сапр. Сагаманян) Егішэ Абгаравіч
(25.3.1897, г. Карс, Турцыя — 27.11.1937),
армянскі пісьменнік. Вучыўся ў Маскве ва ун-тах Нар. імя А.Л.Шаняўскага (з 1916), працоўных Усходу (1921). З 1922 працаваў у друку. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1912. Першы паэт. зб. «Тры песні сумна-бледнай дзяўчыне...» (1914). У творах уплывы сімвалізму (паэмы «Блакітнавокая радзіма», «Ваагн», абедзве 1915; цыкл «Лірычныя балады», 1915—17; зб. вершаў «Вясёлка», 1917), рэв. рамантызму з агітацыйна-прапагандысцкімі рысамі (паэмы «Сома», 1918; «Шалёныя натоўпы», 1919; «Усепаэма», 1921), эстэтыкі футурызму і канструктывізму (паэт. зб-кі «Раманс без кахання», «Паэзазурна», абодва 1922; сатыр. раман «Краіна Наіры», нап. 1921—24). У паэме «Хмбапет Шаварш» (1928), нарысе-ўспамінах «З Ерэванскага папраўчага дома» (1927), зб-ках вершаў «Эпічны світанак» (1930), «Кніга шляху» (1933) тэмы гіст. пералому ў лёсе народа. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі М.Дзелянкоўскі, М.Маляўка, Ю.Свірка, М.Танк.
Тв.:
Рус. пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1973.
Літ.:
Агабабян С. Е.Чаренц. М., 1982.
Д.Гаспаран.
т. 17, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́ГАРАЎ Анатоль Уласавіч (н. 2.12.1941, в. Жаркі Вохамскага р-на Кастрамской вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне тэарэт. і прыкладной механікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1987), праф. (1989). Чл. Нью-Йоркскай АН (1996). Віцэ-прэзідэнт Бел. т-ва тэарэт. і прыкладной механікі (1995). Брат Ю.У.Чыгарава. Скончыў Варонежскі ун-т (1967). З 1979 у Бел. нац. тэхн. ун-це (з 1991 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі распаўсюджвання хваль і пытаннях узнікнення дэтэрмінаванага хаосу і самаарганізацыі ў неаднародных асяроддзях; праблемах назапашвання пашкоджанняў, якія выклікаюць эфекты паўзучасці і рэлаксацыі ў гетэрагенных матэрыялах; па праектаванні шумавібраізаляцыйных матэрыялаў і канструкцый, некаторых пытаннях біямеханікі.
Тв.:
Стохастическая и регулярная динамика неоднородных сред. Мн., 2000;
Механика контактного взаимодействия тел с круговыми границами. Мн., 2000 (разам з А.С.Краўчуком);
Теоретическая механика и методы математики. Мн., 2000 (разам з А.А.Фядутам, Ю.У.Чыгаравым);
Биомеханика. Мн., 2003 (разам з Г.І.Міхасёвым).
А.І.Болсун.
т. 17, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫЧАГО́Ў Васіль Якаўлевіч (11.3.1726—16.4.1809),
расійскі мараплавец, ваен. дзеяч. Адмірал (1782). Бацька П.В.Чычагова. Вучыўся ў школе навігацкіх навук, потым у Англіі. На флоце з 1742. З 1764 нач. экспедыцыі па адшуканні марскога шляху з г. Архангельск праз Паўн. Ледавіты ак. да ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі і праз Берынгаў праліў да Камчаткі. У 1765 экспедыцыя дасягнула 80°26′ паўн. ш. на ПнЗ ад Шпіцбергена, але з-за цяжкага лёду вярнулася ў Архангельск; у 1766 дайшла да 80°30′. У рус.-тур. вайну 1768—74 камандаваў (1772—74) атрадам Данской флатыліі, якая абараняла Керчанскі праліў. У рус.-швед. вайну 1788—90 камандаваў Балт. флотам, у т. л. ў бітвах каля Эланда, Рэвеля (Талін), Выбарга. З 1797 у адстаўцы. Імем Ч. наз. астравы ў архіпелагу Новая Зямля, востраў у архіпелагу Аляксандра каля Паўн. Амерыкі, заліў і мыс в-ва Науку-Хіва ў Паўд. Палінезіі, мыс на в-ве Кюсю (Японія) і гара на в-ве Шпіцберген.
У.Я.Калаткоў.
т. 17, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫЧЭ́РЫН Георгій Васілевіч (24.9.1872, в. Караул Інжавінскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 7.7.1936),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Пляменнік Б.М.Чычэрына. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1896). З 1897 працаваў у Мін-ве замежных спраў. З 1904 удзельнічаў у с.-д. руху. У 1904—17 у эміграцыі (Германія, Францыя, Англія). У часы эміграцыі сакратар Цэнтр. бюро замежных груп рус. палітэмігрантаў. З 1905 чл. РСДРП, з 1906 прыхільнік меншавізму. У 1-ю сусв. вайну інтэрнацыяналіст. У студз. 1918 вярнуўся ў Расію. У 1918—30 нарком замежных спраў СССР (да 1922 РСФСР). У складзе сав. дэлегацыі падпісаў Брэсцкі мір 1918. Узначальваў сав. дэлегацыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922, Лазанскай канферэнцыі 1922—23. Падпісаў Рапальскі дагавор 1922 з Германіяй і інш. Чл. ЦК ВКП(б) у 1925—30. Аўтар прац па гісторыі рэв. руху, міжнар. адносін.
Тв.:
Статьи и речи по вопросам международной политики. М., 1961.
Літ.:
Зарницкий С.В., Сергеев А.Н. Чичерин. 2 изд. М., 1975.
т. 17, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРАХО́ЎСКІ Янка (Іван Захаравіч; 4.3.1908, г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл. — 6.4.1973),
бел. пісьменнік і літаратуразнавец. Скончыў Ленінградскі гісторыка-лінгвістычны ін-т (1931). Працаваў у рэдакцыях часопісаў, з 1948 гал. рэдактар Дзярж. выд-ва БССР, з 1957 нам. міністра культуры Беларусі, з 1959 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1961—68 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Творчую дзейнасць пачаў як паэт з 1927, як літ. крытык з 1931. Даследаваў жыццё і творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, П.Пестрака, В.Таўлая і інш. Аўтар зб. апавяданняў «Срэбраная раніца» (1951), кн. для дзяцей «Сердалікавая бухта» (1955). На бел. мову пераклаў раманы І.Тургенева «Рудзін» і «Напярэдадні», аповесць У.Караленкі «Сляпы музыкант», а таксама некат. творы М.Бубяннова, Ф.Гладкова, А.Первенцава, М.Салтыкова-Шчадрына, І.Франко, М.Шолахава.
Тв.:
Пясняр народных дум: (Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы): Дарэвалюцыйны перыяд. Мн., 1970;
Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы: Савецкі перыяд. Мн., 1976;
Сплочаны доўг. Мн., 1978.
т. 17, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУЛЬГА́ Сяргей Мікалаевіч (н. 15.11.1953, г. Бугульма, Татарстан),
бел. акцёр, кінарэжысёр. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975), Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1985). З 1975 у Магілёўскім абл. драм. т-ры, у 1976—77, 1979—80 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. З 1985 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1997 — у «Белвідэацэнтры». Сярод найб. значных роляў: у Магілёўскім т-ры — Дзімка Малахаў («Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага), Пашка («Летась у Чулімску» А.Вампілава), Марат («За ўсё добрае — смерць» М.Ібрагімбекава); у т-ры імя Я.Коласа — Сымон («Сымон-музыка» паводле аднайм. твора Я.Коласа), Арман Дзюваль («Дама з камеліямі» А.Дзюма-сына), Кей («Снежная каралева» Я.Шварца), Сакрат («Ноч пасля выпуску» У.Цендракова). Паставіў фільмы: маст. — «Цубанікі» (1988, паводле А.Дударава), «Хам» (4 серыі, 1989, з Дз.Зайцавым), «Хроніка мёртвай Савы» (1994; тэлевізійны фільм-спектакль), а таксама шэраг кароткаметражных фільмаў; дакумент. — «Пра кінарэжысёра» (1997), «Шляхі Гасподнія...» (1999), «Экспансія» (2000), «Час акцёра. Дывертысмент» (2001), «Яго Вялікасць Тэатр» (2002). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978.
т. 17, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСКІМО́СКАЯ МО́ВА,
адна з эскімоска-алеуцкіх моў. Пашырана сярод эскімосаў на Чукоцкім п-ве (Расія), на Алясцы (ЗША), у Канадзе, Грэнландыі (Данія, дзе яна служыць мовай астраўной аўтаноміі; у астатніх рэгіёнах — мовай побытавых зносін). Мае 2 групы дыялектаў: юіцкую і інуіцкую. Э.м. — аглюцінатыўна-полісінтэтычная. Ёй уласцівы: у марфалогіі — 7 склонаў, суфіксальнае словаўтварэнне, наяўнасць іменных і дзеяслоўных асноў, якія, далучаючы да сябе серыі розных па семантыцы і функцыях суфіксаў, здольны выражаць значэнне цэлага сказа (т.зв. слова-сказ), лексіка-семантычным цэнтрам якога служыць толькі каранёвая марфема; у сінтаксісе — выразны падзел сказа паводле структуры на абсалютную і эргатыўную канструкцыі. Пісьменства ў Грэнландыі з сярэдзіны 19 ст., у СССР з 1930-х г. (у 1932—37 на лац. графічнай аснове, з 1937 на аснове рус. графікі), у ЗША і Канадзе — з 1970-х г. (на аснове лац. графікі).
Літ.:
Меновщиков Т.А. Грамматика языка азиатских эскимосов. Ч. 1—2. М.; Л., 1962—67.
А.Я.Міхневіч.
т. 18, кн. 1, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)