РЭФЛЕ́КСІЯ (ад позналац. reflexio абарачэнне назад, адлюстраванне),
прынцып мыслення, накіраваны на асэнсаванне суб’ектам уласнага духоўнага свету; прадметны перагляд ведаў, крытычны аналіз іх зместу і метадаў пазнання. Адрозніваюць індывідуальную Р., накіраваную на спасціжэнне чалавекам уласных ведаў, учынкаў, іх межаў і значэння; навуковую Р., вынікам якой з’яўляецца асэнсаванне і крытычны аналіз тэарэт. ведаў, атрыманых пры дапамозе метадаў і прынцыпаў, уласцівых пэўнай галіне навукі; філасофскую Р., накіраваную на пазнанне межаў мыслення і чалавечай культуры наогул.
Праблема Р. паўстала яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Сакрат акцэнтаваў ролю Р. ў пазнавальнай дзейнасці. Платон і Арыстоцель лічылі Р. неад’емным атрыбутам божага розуму. У сярэдневяковай філасофіі Р. разглядалася як самавыяўленне «разумовай энергіі» Бога. Як асн. метадалагічны прынцып філасофіі Р. ўсталявалася з 17 ст. Р.Дэкарт трактаваў Р. як спосаб спасціжэння сапраўдных асновапалажэнняў свядомасці. Дж.Лок лічыў Р. крыніцай пазнання, якая мае пачуццёвы, эмпірычны характар. У процілегласць Локу Г.Лейбніц бачыў у Р. крыніцу вышэйшай формы ведаў і характарызаваў яе як выключна інтэлектуальны працэс. І.Кант у сваёй трактоўцы Р. аб’яднаў погляды Лока і Лейбніца: лічыў, што Р. складаецца з пачуццёвага і разумовага сузірання. Г.В.Ф.Гегель разглядаў Р. як унутр. форму развіцця гіст. самасвядомасці і самаразвіцця культуры. З канца 19 ст. ў вырашэнні праблемы Р. існуюць супрацьлеглыя погляды: абсалютызацыя ролі Р. як спосабу аналізу свядомасці (фенаменалогія, неакантыянства) і крытыка Р. як неадэкватнай крыніцы самапазнання чалавека (Ф.Ніцшэ, В.Дзільтэй, М.Хайдэгер, Ж.Дэрыда).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІЧ (Аляксандр Антонавіч) (13.3.1890, в. Лапеніца Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.10.1957),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1937), праф. (1928). Скончыў Пецярбургскую правасл. духоўную акадэмію (1914) і Маскоўскі ун-т (1917). З 1921 у Мінску, чл. Архіўнай камісіі Акадэмцэнтра пры Наркамасвеце БССР (гл.Мінскае таварыства гісторыі і старажытнасці). Выкладаў у БДУ (1921—23, 1944—47), Пермскім ун-це, пед. ін-тах Яраслаўля і Масквы. З 1930-х г. у Дзярж.гіст. музеі Ін-та гісторыі АНСССР. Доктарская дысертацыя па дачыненнях Рас. дзяржавы з Рэччу Паспалітай у час смуты 1600—19. Асэнсоўваючы гісторыю Беларусі, паступова адыходзіў ад пазіцый заходнерусізму, схіляўся да нац.-дзярж. канцэпцыі. 17.6.1922 разам з патрыятычна настроенымі правасл. святарамі і прадстаўнікамі бел. інтэлігенцыі падпісаў адозву да правасл. беларусаў з заклікам стварэння нац. (аўтакефальнай) правасл. царквы Беларусі. У 1923 абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці, арыштаваны і сасланы ў г. Перм. У 1944 вярнуўся ў Мінск. Даследаваў пытанні сац.-эканам. развіцця Рас. дзяржавы ў сярэдневякоўі, гісторыю яе адносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай у 15—17 ст., гісторыю асветы і грамадска-паліт. думкі ў краінах Усх. Еўропы 16—19 ст. і інш.
Тв.:
Униатские школы для западнорусского юношества до Брестской церковной унии // Тр. БГУ. 1922. № 1;
Западнорусские униатские школы XVII—XVIII вв. // Там жа. № 2—3;
Борьба за Белоруссию и Украину в 1654—1667 гг. // Уч. зап. Моск. гор. пед. ин-та. 1947. Т. 2, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАУ́ХІН (Уладзімір Аляксеевіч) (14.6.1924, с. Алепіна Собінскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.4.1997),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1951). Друкаваўся з 1945. Паэзія С. шырокага тэмат. (грамадз., пейзажная, любоўная), эмацыянальнага і рытміка-інтанацыйнага (ад верлібра да «вянка санетаў») дыяпазону (зб-кі «Дождж у стэпе», 1953; «Жыць на зямлі», 1965; «Аргумент», 1972; «Вершы», 1990). Лірычныя аповесці-нататкі «Уладзімірскія прасёлкі» (1957) і «Кропля расы» (1960) пра «малую радзіму» і лёсы сваіх аднавяскоўцаў. У эсэістычных кн. «Лісты з Рускага музея» (1966), «Чорныя дошкі» (1969), «Час збіраць камяні» (1980) роздум пра шляхі рус. мастацтва і нац. традыцыі. Аўтабіягр. аповесць «Смех за левым плячом» (1984) пра гады дзяцінства ў драм. часы калектывізацыі. Аўтар рамана «Маці-мачаха» (1964, пра студэнцкае жыццё), маст.-дакументальных кніг-інвектыў «Пры святле дня» (1992), «Салёнае возера» (1994), «Апошняя ступень» (1995), кн. публіцыстычных нататак, лірычных і анекдатычных былей «Каменьчыкі на далоні» (1977—92) і інш. На рус. мову пераклаў аповесці В.Гігевіча «Калі пойдзе снег» і «Жыціва» (у пер. «Вяртанне памяці»). Яго вершы на бел. мову перакладалі П.Макаль, Я.Сіпакоў, В.Шымук, апавяданні — Я.Брыль, В.Вітка, Гігевіч, Г.Далідовіч, У.Дамашэвіч, А.Жук, А.Кудравец, Я.Лецка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1983—84;
Созерцание чуда: Очерки. М., 1986;
Возвращение к началу: Лирич. повесть и роман. М., 1990;
Древо: [О представителях рода князей Волынских] М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІТАЛО́ГІЯ,
комплекс навук, якія вывучаюць мову, л-ру, культуру і гісторыю семітамоўных народаў. Вывучае жывыя і мёртвыя семіцкія мовы, уключае асірыялогію, арабістыку, біблеістыку, гебраістыку, сабеістыку, эфіопіку і інш.
Вывучэнне семіцкіх моў пачалі сірыйскія, араб., яўр. вучоныя-багасловы з мэтай удакладнення чытання і разумення рэліг. кніг (7—12 ст.). У Еўропе С. ўзнікла ў эпоху Адраджэння (15—16 ст.), калі павялічылася цікавасць да вывучэння семіцкіх моў і Бібліі; яе заснавальнікі І.Ройхлін і І.Буксторф Старэйшы ў Германіі і Ю.Ц.Скалігер у Францыі.
Навук. дысцыплінай С. стала ў 19 ст., калі выйшлі фундаментальныя працы па граматыцы, параўнальным аналізе, эпіграфіцы і інш. праблемах С. У 19 ст.найб. ўклад у С. зрабілі вучоныя Германіі: Т.Нёльдэке, В.Ф.Г.Гезеніус (стараж.-яўр. слоўнік і граматыка), Ю.Вельгаўзен, Р.Кітэль (біблеістыка), Ф.Прэторыус, К.Ф.А.Дзільман (эфіопіка), М.Лідзбарскі (эпіграфіка), К.Брокельман (параўнальная граматыка семіцкіх моў); а таксама Францыі (А.І.Сільвестр дэ Сасі, Э.М.Катрмер), Венгрыі (І.Гольдцыер), Расіі (Д.А.Хвольсан, А.Я.Гаркаві, Б.А.Тураеў, М.В.Нікольскі, у сав. час — І.Ю.Крачкоўскі, Н.В.Пігулеўская, Р.Ш.Шарбатаў, М.У.Юшманаў і інш.). У 1882 утворана Рас. палесцінскае т-ва (з 1918 — прыАН). У 20 ст. С. развівалася на базе матэрыялаў, здабытых у выніку археал. раскопак на Б. Усходзе, знаходак Мёртвага мора рукапісаў. На Беларусі праблемы С. даследавалі М.М.Нікольскі, Г.М.Ліўшыц, Г.В.Сініла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРТЫФІКА́ЦЫЯ (ад сертыфікат),
сістэма захадаў і дзеянняў, якія пацвярджаюць, што фактычная характарыстыка прадукту адпавядае патрабаванням міжнар. стандартаў, рэкамендацыям або інш. дакументам, якія існуюць на сусв. рынку ці ў асобнай краіне. Служыць сродкам абароны пакупнікоў ад з’яўлення на рынку тавараў, што могуць пагражаць здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю. Часта ўжываецца ў міжнар. гандлі як нетарыфны бар’ер для абароны нац. рынку ад засілля імпартных тавараў. Адрозніваюць самасертыфікацыю, якая ажыццяўляецца прадпрыемствам-вытворцам або іх аб’яднаннямі, і С., якую выконвае трэцяя асоба. Асн. ўмовы самасертыфікацыі: прадукт павінен цалкам адпавядаць патрабаванням стандартаў, тэхн. умоў, дагавораў і інш. дакументаў; высокі ўзровень сістэмы комплексных выпрабаванняў і кантролю якасці ад сыравіны да ўпакоўкі і маркіроўкі тавараў; адказнасць (у т. л. юрыдычная) вытворцы за якасць С. і дакладнасць сертыфіката; даступнасць пакупнікоў да інфармацыі аб метадах выпрабаванняў, аб сістэме кантролю за якасцю вырабу. С. трэцяй асобай ажыццяўляецца сертыфікацыйным цэнтрам краіны, які не мае дачыненняў ні да вытв-сці, ні да пастаўкі дадзенага тавару. Перавагі такой С.: незалежнасць, аднолькавасць патрабаванняў да прадукту і сістэм кантролю, раўнапраўе бакоў, зацікаўленых у С.
На Беларусі С. ажыццяўляецца Камітэтам па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзейнічае Нац. сістэма С. — БелСТ. Яна прадугледжвае: С. прадукцыі, паслуг, сістэм якасці і персаналу; інспекцыйны кантроль; падрыхтоўку і атэстацыю экспертаў-аўдытараў; вядзенне рэестра БелСТ, а таксама дзярж. кадастру службовай і грамадз. зброі і інш. Прадпрыемствам, што сертыфікавалі сваю прадукцыю ў БелСТ, даецца права яе маркіроўкі знакам адпаведнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБІ́РСКАЕ ХА́НСТВА, Сібірскі юрт,
феадальная татарская дзяржава ў Зах. Сібіры і Паўн. Казахстане ў 15—16 ст.
Склалася ў 1420—90-я г. ў бас. рэк Табол, Тура, Об, Іртыш пасля распаду Залатой Арды. Да пач. 16 ст. сталіца г. Чынгі-Тура (сучасная Цюмень), пазней — г. Кашлык (другая назва Сібір, ад якой і назва ханства). Асн. насельніцтва — цюркамоўныя і уграмоўныя плямёны, якія паступова кансалідаваліся ў тат. этнас (сібірскія татары); ад іх залежалі ханты, мансі і інш. заходнесібірскія народы. Дзярж. рэлігія — іслам. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, земляробства, паляванне, рыбалоўства, рамёствы (ганчарства, кушнерства, ткацтва, плаўка і апрацоўка металаў), гандаль з Сярэдняй Азіяй, Нагайскай Ардой, Казанскім ханствам, Манголіяй, Зах. Кітаем і Рус. дзяржавай. У С.х. правілі ханы — нашчадкі Джучы і яго сына Шэйбана, вял. уплывам карысталася качавая арыстакратыя — бекі, мурзы і тайбугі. З узмацненнем у сярэдзіне 16 ст.рус. націску на С.х. ханская ўлада ў ім аслабла, у 1555 хан Едыгер прызнаў сябе васалам Рас. дзяржавы. У 1563 ханам стаў Кучум, які з 1572 актыўна выступаў супраць Расіі. У 1581—82 казацкі атаман Ярмакпры падтрымцы рус. прамыслоўцаў Строганавых ажыццявіў паход супраць С.х., разбіў асн. войскі Кучума і захапіў Кашлык. У 1585 Кучум знішчыў атрад Ермака, аднак рас. войскі неўзабаве аднавілі прасоўванне ў С.х., будуючы на яго тэр. крэпасці (Тара, Табольск, Бярозаў). У 1598 Кучум канчаткова разбіты рас. ваяводам А.Ваейкавым на р. Бердзь; С.х. спыніла існаванне, яго тэр. далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
цэласнае, структурна ўпарадкаванае ўтварэнне, якое складаецца з індывідаў і сац. супольнасцей, аб’яднаных сац. сувязямі і ўзаемаадносінамі. Істотнымі рысамі С.с., як і кожнай сістэмы, з’яўляюцца цэласнасць і інтэгральнасць. Новая якасць, якую яна ўтварае, не зводзіцца механічна да сумы якасцей яе элементаў (інтэгральны эфект), а ўласцівасці і заканамернасці элементаў часам выяўляюцца інакш, чым прысамаст. існаванні. У шырокім сэнсе С.с. — усё грамадства з яго падсістэмамі (сац. ін-тамі, арг-цыямі і інш. структурнымі фарміраваннямі). На эмпірычным узроўні — пэўная сац.супольнасць ці арганізацыя, для якой характэрны такія сістэмаўтваральныя якасці, як мэта, іерархія, кіраванне, этн. і нац. супольнасці, дзяржава. С.с. можна лічыць і кожную асобу, калі разглядаць яе з пункту гледжання характарыстык, якія выяўляюцца ў працэсе сац. узаемаадносін. У параўнанні з біял., тэхн. і інш. сістэмамі С.с. максімальна складаная, паколькі Яе асн. элемент (чалавек) валодае суб’ектыўнасцю і вял. дыяпазонам выбару паводзін. Аб’ектыўная складанасць С.с. прапарцыянальная множнасці яе элементаў, колькасці ўзроўняў і падсістэм, разнастайнасці сувязей паміж імі, ступені аўтаномнасці яе частак. Кожнай канкрэтнай С.с. уласціва іерархічнасць пабудовы — сістэмы ніжэйшага ўзроўню паслядоўна ўключаюцца ў сістэмы вышэйшага. Яна арганічна звязана са знешнім асяроддзем, выконвае строга абмежаваныя функцыі. Спосабам рэгулявання шматузроўневай іерархіі, забеспячэння сувязей паміж рознымі ўзроўнямі С.с. з’яўляецца кіраванне. Эфектыўны метад кіравання С.с. — мэтанакіраваны ўплыў на яе сістэмаўтваральныя элементы і сувязі.
Літ.:
Аверьянов А.Н. Система: филос. категория и реальность. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫЛІ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баявыя дзеянні англа-амерыканскіх войск па авалоданні в-вам Сіцылія 10.7—17.8.1943 у 2-ю сусв. вайну. Мэта аперацыі (кодавая назва «Хаскі») — захапіць Сіцылію, каб стварыць плацдарм для наступлення на кантынент. Італію (гл.Італьянская кампанія 1943—45). С.а. ажыццяўляла 15-я англа-амер. група армій у складзе 8-й англ. і 7-й амер. армій (усяго 478 тыс.чал.) пры ўдзеле буйных сіл флоту і авіяцыі. Узначаліў С.а. вярх. галоўнакамандуючы сіламі на Міжземнаморскім тэатры ваен. дзеянняў ген. Д.Эйзенхаўэр. Абаранялі Сіцылію 6-я італьян. армія j 2 ням. дывізіі — усяго 255 тыс.чал. (яшчэ 2 ням. дывізіі былі перапраўлены на в-аў у першыя дні баёў). Высадцы дэсанта папярэднічалі двухмесячныя сістэматычныя налёты саюзнай авіяцыі на аэрадромы, парты, базы падводных лодак, прамысл. цэнтры, размешчаныя ў Сіцыліі, Сардзініі і на Пд Апенінскага п-ва. У ходзе 1-га этапу С.а. англа-амер. войскі 10 ліп. высадзіліся на ПдУ і ПдЗ вострава і да 14 ліп. захапілі плацдармы глыбінёй 5—15 км. Італьян. войскі аказвалі пасіўнае супраціўленне, ням. дывізіі процідзейнічалі наступаючым больш арганізавана. Да 18 ліп. саюзнікі авалодалі паўд.ч. в-ва. На 2-м этапе С.а. англа-амер. войскі занялі ўвесь востраў і 17 жн. ўвайшлі ў г. Месіна, які пакінулі ням. войскі і марскім шляхам пераправіліся на мацерыковую Італію. Большасць італьян. войск трапіла ў палон.
Літ.:
Типпельскирх К. История второй мировой войны, 1939—1945: Пер. с нем. М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАФА́НДР [франц. scaphandre ад грэч. skaphē лодка + anēr (andros) чалавек],
індывідуальны герметычны рыштунак, які забяспечвае жыццядзейнасць і працаздольнасць чалавека ў неспрыяльных умовах. Адрозніваюць С. вентыляцыйныя (дыхальная сумесь паступае ад балонаў або кампрэсараў) і рэгенерацыйныя (выдыхальная сумесь ачышчаецца ад вуглякіслага газу, абагачаецца кіслародам і зноў паступае ў С.); касмічныя (аварыйна-выратавальныя і для выхаду ў адкрыты космас або на паверхню нябесных цел), вышынна-выратавальныя і вадалазныя.
Касм. С. (мяккі, паўжорсткі, жорсткі) прызначаны для работы па-за кабінай касм карабля і на паверхні нябесных цел (напр., на Месяцы). Складаюцца з верхняга адзення, сілавой і герметычнай абалонкі, герметычнага шлема, вентылюючага і проціметэорнага касцюма, сістэмы ахаладжэння. Вышынна-выратавальны С. выкарыстоўваюць пры парушэнні герметычнасці кабіны лятальнага апарата, катапультаванні на вял. вышыні і значнай скорасці палёту, у выпадку прываднення. Мае верхняе адзенне, шлем (з маскай або без яе), сістэму вентыляцыі (разамкнутую, замкнутую, рэгенерацыйную), цеплаахоўны касцюм, здымныя рукавіцы і абутак. Вадалазныя С. бываюць жорсткія (з металу), мяккія (метал. шлем і касцюм з прагумаванай тканіны) і лёгкія (гумавы шлем-маска і касцюм з тонкай прагумаванай тканіны). Гл. таксама Гідракамбінезон.
У.С.Ларыёнаў, У.М.Сацута.
Паўжорсткі скафандр касманаўта арбітальнай станцыі «Салют-6» (без знешняй цеплаахоўнай абалонкі); 1 — мяккія часткі скафандра; 2 — карабін страховачнага фала; 3 — раздым пнеўма- і гідракамунікацый; 4 — клапан уключэння рэзервовага кіслароду; 5 — ссоўны святлафільтр; 6 — жорсткі корпус; 7 — пульт кіравання і кантролю; 8 — рэгулятар рэжымаў ціску ў скафандры; 9 — індыкатар ціску ў скафандры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМЛЬ МАСКО́ЎСКІ,
старажытная частка, гал. грамадска-паліт. і гіст.-маст. комплекс цэнтра Масквы; месцазнаходжанне вышэйшых органаў дзярж. улады Рас. Федэрацыі. Былая рэзідэнцыя маск. вял. князёў (з 14 ст.), цароў (з сярэдзіны 16 ст.), імператараў (месца каранацый і інш. урачыстасцей, з пач. 18 ст.), сав. ўрада (з сак. 1918), з 1991 рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі.
Узнік на Баравіцкім узгорку на левым беразе р. Масква пры ўпадзенні ў яе р. Няглінная. Першапачаткова на тэр. К.М. было паселішча дзякоўскай культуры, не пазней канца 11 ст. тут узнікла ўмацаванае паселішча славян-вяцічаў. У 1156 паводле загаду кн. Ю.Далгарукага ўзведзены новыя ўмацаванні. У 1339—40 пабудаваны дубовыя сцены і вежы. Пры Дзмітрыю Данскім у 1367 значна пашыраны, сцены і вежы пабудаваны з белага каменю (адсюль выраз «Масква-белакаменная»), у 1485—95 — з цэглы. У 17 ст. вежы набылі ярусныя і шатровыя завяршэнні.
Сучасны К.М. ў плане — няправільны трохвугольнік (пл. 27,5 га), абнесены цаглянымі сценамі (даўж. 2.25 км, таўшчыня 3,5—6,5 м, выш. 5—19 м) з 20 вежамі, у т. л. 6 праезных, гал. — Спаская з гадзіннікам (т.зв. крамлёўскімі курантамі). У цэнтры — Саборная пл. з Успенскім саборам (1475—79, арх. А.Фіяраванці; размалёўкі 15—16 і 17 ст., Дыянісій, І. і Б. Паісеіны і інш.; калекцыя абразоў 11—17 ст.). Сярод інш. помнікаў стараж.-рус. архітэктуры: саборы Благавешчанскі (1484—89, пскоўскія дойліды, дабудаваны ў 1562—64; іканастас са старога сабора, 1405, з абразамі Андрэя Рублёва, Феафана Грэка, Прохара з Гарадца, размалёўкі 1508, Феадосій і інш.), Архангельскі (1505—08, арх. Алевіз Фразін Новы; размалёўкі 1652—66, майстры Я.Т.Казанец, С.Г.Разанец, І.Уладзіміраў і інш.); Гранавітая палата (1487—91), званіца «Іван Вялікі» (3 ярусы 1505—08, арх. Бон-Фразін; у 1600 надбудавана да 81 м, шатровыя прыбудовы 1635); Церамны палац (1635—36, арх. А.Канстанцінаў, Б.Агурцоў, Л.М.Ушакоў, Т.Шаруцін) і інш. У 18—19 ст. узведзены будынкі Арсенала (1702—36, арх. Дз.Іваноў, Х.Конрад; барока), Сената (1776—87, арх. М.Ф.Казакоў; класіцызм), Вял. Крамлёўскі палац (1839—49, арх. К.А.Тон і інш.) і Аружэйная палата [цяпер музей; 1844—51, арх. Тон; сярод майстроў выхадцы з Беларусі П.Абросімаў, Арсеній, С.Палубес (Іваноў) і інш.; у рус.-візант. стылі]. Пабудовы 20 ст.: Крамлёўскі т-р (1932—34, арх. І.І.Рэрберг, рэканструкцыя інтэр’ераў 1958, А.Ф.Хракаў, Л.Б.Сегал), Палац з’ездаў (цяпер Дзярж. Крамлёўскі палац; 1959—61, арх. М.В.Пасохін, А.А.Мндаянц, Я.М.Стама, П.П.Штэлер і інш.; Ленінская прэмія 1962). На тэр. К.М. помнікі рус. ліцейнай справы Цар-гармата (1586, майстар А.Чохаў) і Цар-звон (1733—35, майстры І.Ф. і М.І.Маторыны); створаны музеі. У 1920—30 знесены многія помнікі архітэктуры, у т. л. сабор Спаса на Бары (1330), ансамблі манастыроў Чудава з саборам (1503) і Вазнясенскага з Кацярыненскай царквой (1808—17), Малы Мікалаеўскі палац (з 1775) і інш. К.М. з ансамблем Краснай плошчы ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Древности Московского Кремля. М., 1971;
Иванов В. Московский Кремль. М., 1971.
Крэмль Маскоўскі.Успенскі сабор Крамля Маскоўскага.Благавешчанскі сабор Крамля Маскоўскага.