эрцгерцагіня Аўстрыі, каралева Чэхіі і Венгрыі (з 1740), імператрыца «Свяшчэннай Рым. імперыі» (з 1745). З дынастыі Габсбургаў. Дачка імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла VI (правіў у 1711—40). Атрымала ў спадчыну аўстр. прастол пасля смерці бацькі паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (у 1740—48 спадчыннае права М.Т. аспрэчвалі еўрап. манархіі ў ходзе вайны за аўстрыйскую спадчыну). Да 1765 яе суправіцелем быў муж (з 1736) герцаг Франц Стэфан Латарынгскі (з 1745 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Франц I), з 1765 — старэйшы сын Іосіф II. У час праўлення М.Т. Аўстрыя ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63 і 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772), завалодала Букавінай (1775); ва ўнутр. палітыцы цэнтралізавала дзярж. кіраванне, садзейнічала развіццю прам-сці і гандлю, прытрымлівалася асветнага абсалютызму, у т. л. заснавала нар. школьніцтва ў Аўстрыі (1774), абмежавала паншчыну ў Чэхіі (1775), адмяніла катаванні (1776).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РАМЭ́Н»,
адзіны ў свеце цыганскі т-р. Адкрыты ў 1931. У спектаклях традыцыі і каларыт нац. мастацтва, багатая музыкальнасць, песеннае і танц. майстэрства артыстаў зліты з сучаснымі тэатр.-эстэт. прынцыпамі. Сярод спектакляў: «Табар у стэпе» і «Нарадзіўся я ў табары» І.Ром-Лебедзева (паводле Ю.Нагібіна), «Крывавае вяселле» Ф.Гарсія Лоркі, «Макар Чудра» паводле М.Горкага, «Грушачка» паводле М.Ляскова, «Закон продкаў» І.Хрусталёва, «Мы — цыганы» М.Слічэнкі, «Жывы труп» Л.Талстога, «Мужчыны ў нядзелю» Ж.Л.Ранкароні, «Графіня — цыганка» П.Градава. У розныя гады т-р узначальвалі: М.Гольдблат, М.Яншын, П.Саратаўскі і інш.Маст. кіраўнікі С.Баркан (з 1958), М.Слічэнка (з 1977). У розны час у т-ры працавалі: Т.Агамірава, Л.Баброва, В.Бізеў, Р.Валшанінава, М.Валшанінаў, Р.Дземент, Е.Жамчужная, Н.Залатарова, С.Залатароў, І.Някрасава, В.Пятрова, Ром-Лебедзеў, М.Скварцова, Б.Ташкенцкі, Ляля Чорная (Н.Хмялёва), С.Шышкоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «РУСКІ БАЛЕ́Т».
Створаны ў 1981 як Ансамбль Класічнага балета Маскоўскай абл. філармоніі; з 1984 наз. Ансамбль «Маскоўскі балет», з 1988 сучасная назва. Маст. кіраўнікі І.Ціхамірнава (з 1981), В.Гардзееў (з 1984). У рэпертуары класічныя, у т. л.рус., балеты «Жызэль» А.Адана, «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Дон Кіхот» і «Баядэрка» Л.Мінкуса, карціны і фрагменты з балетаў «Пахіта» Э.Дэльдэвеза, «Сільфіда» Ж.Шнейцгофера, «Эсмеральда» Ц.Пуні, «Шчаўкунок» Чайкоўскага, «Вальпургіева ноч» з оперы «Фауст» Ш.Гуно; 1-актовыя балеты «Нечаканыя манеўры, або Вяселле з генералам» на муз. Дж.Расіні, «Тэатр Карабаса» на муз. І.Штрауса, «Карціны, якія ажылі» на муз. І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля і В.А.Моцарта, а таксама канцэртныя нумары «Паганіні» на муз. Гендэля, «Мужчыны і жанчына» на муз. Г.Свірыдава, «Мелодыя кахання» на нар. аргенцінскую музыку (усе ў паст. Гардзеева). Сярод салістаў: С.Анкудзінаў, М.Багданава, К.Дурнеў, Я.Казанцава, А.Казлоў, І.Лузганава, А.Рабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ ПРАГРАМАВА́НЕ,
раздзел прыкладной матэматыкі, прысвечаны тэорыі і метадам вызначэння максімумаў (ці мінімумаў) функцый многіх пераменных пры наяўнасці дадатковых абмежаванняў, зададзеных сістэмай роўнасцей і няроўнасцей. Сфарміравалася ў 1950-яг. ў сувязі з практычнымі задачамі выбару аптымальнага варыянта сярод многіх магчымых (гл.Аперацый даследаванне, Гульняў тэорыя).
Задачы М.п. з’яўляюцца матэм. мадэлямі розных задач эканомікі, тэхнікі, вытв-сці, ваен. справы, у якіх патрабуецца вызначыць аптымальны план (праграму) дзеянняў з улікам пэўных умоў і абмежаванняў. Асн. раздзелы М.п.: лінейнае праграмаванне, нелінейнае праграмаванне, а таксама выпуклае (мэтавая функцыя і мноства дазволеных планаў у ім выпуклыя; гл.Выпукласць і ўвагнутасць) і цэлалікавае (пераменныя — цэлыя лікі) праграмаванні; шэраг задач М.п. рашаецца на аснове метаду дынамічнага праграмавання. Разглядаюцца таксама стахастычныя задачы для мадэліравання практычных сітуацый ва ўмовах рызыкі і неакрэсленасці.
На Беларусі мадэлі і метады М.п. даследуюцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ.
Літ.:
Карманов В.Г. Математическое программирование. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХТУМКУЛІ́ (каля 1733, с. Хаджыгаўшан Балканскай вобл., Туркменістан — 1780-яг.),
туркменскі паэт-мысліцель; пачынальнік туркм. л-ры. Сын Д.Азадзі. Вучыўся ў медрэсэ Шыргазі (г. Хіва). Шмат падарожнічаў, вывучаў л-ру, фальклор Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана. Захавалася больш за 10 тыс. вершаваных радкоў (вершы, паэмы, оды, элегіі; упершыню апублікаваны ў 1842). У вершах, ліра-эпічных паэмах сац.-філас. зместу асуджаў міжплемянныя спрэчкі і варожасць, выказваў пратэст супраць феад. ўціску, заклікаў да яднання ў змаганні за незалежнасць. Пісаў творы інтымнай тэматыкі. У сатыр. вершах высмейваў людскія заганы. Многія яго творы адметныя рэліг. настроем. Замяніў араба-перс. метрыку (аруз) нар. сілабічнай сістэмай, наблізіў мову паэзіі да народнай і фальклору. На бел. мову творы М. пераклалі Р.Баравікова, Р.Барадулін, А.Вольскі, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, У.Караткевіч, А.Клышка, В.Коўтун, А.Лойка, П.Макаль, У.Паўлаў, П.Прыходзька, М.Танк, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЯЁНАК (Мацвеенка) Іван Кузьміч
(3.7.1899, в. Новы Быхаў Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — пасля 1959),
бел. гісторык, мовазнавец, краязнавец. Канд.філал.н. (1947). Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (1911—15), Смаленскай ваен.-інж. школе (1920—21), скончыў БДУ (1930). З 1916 на настаўніцкай і выкладчыцкай рабоце ў Быхаўскім пав., Рагачове, Магілёве, Мінску (у 1918—20 у Чырв. Арміі). У Вял.Айч. вайну на фронце. З 1947 выкладаў у БДУ, у 1950-яг. ў Горна-Алтайскім пед. ін-це. Пасля 1959 лёс невядомы. Аўтар прац па мовазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі рэв. руху на Магілёўшчыне.
Тв.:
Пытанні краязнаўства ў Рагачоўскім педтэхнікуме // Асвета. 1924. № 2;
Некаторыя краязнаўчыя тэмы Магілёўшчыны // Наш край. 1927. № 3;
Рэвалюцыя 1905 г. на Магілёўшчыне // Сав. краіна 1931. № 3—4;
Развіццё беларускай літаратурнай мовы за 30 год БССР // Сав. школа. 1948. № 6;
О корневом составе лексики восточнославянских языков // Уч. зап. Горно-Алтайского гос. пед. ин-та. 1959. Т. 1, вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ ГРА́ФІКА,
сукупнасць метадаў стварэння, захоўвання і апрацоўкі на ЭВМ (у т. л. ўвод/вывад) інфармацыі, якая мае форму відарысаў, графікаў і інш. Выкарыстоўваецца ў прамысл. сістэмах аўтаматызаванага праектавання для стварэння мадэляў новых вырабаў, у навук. і інж. даследаваннях, бізнесе, рэкламнай справе, індустрыі забаў, мастацтве.
Станаўленне М.г. як навук. кірунку адбылося ў сярэдзіне 1960-х г. М.г. звязана з выкарыстаннем сродкаў выліч. тэхнікі, якія інтэнсіўна развіваюцца, і з неабходнасцю апрацоўкі вельмі вял. аб’ёмаў інфармацыі за кароткі час. Выкарыстоўвае вынікі ў галіне структур даных, аперацыйных сістэм, моў праграмавання, геам. мадэліравання і інш.Асн.тэхн. сродкі: графічныя дысплеі, сканеры, графапабудавальнікі, прынтэры, дыгітайзеры. Праграмныя сродкі залежаць ад галіны іх выкарыстання.
На Беларусі работы ў галіне М.г. пачаты ў 1960-яг. ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, дзе створаны першыя графапабудавальнікі і вектарныя дысплеі, распрацаваны пакеты праграм для фарміравання маш.-буд. чарцяжоў і рашэння графічных і геам. задач. Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ Алег Уладзіміравіч (н. 13.7.1961, Мінск),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1993). З 1993 саліст Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру поўнага дыяпазону, добрай вак. школай. Сярод партый: Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Спарафучыле і Мантэроне, Рамфіс, Захарыя («Рыгалета», «Аіда», «Набука» Дж.Вердзі), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Канчак і Уладзімір Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава). Барыс і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Стары катаржнік («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча). Выканаў таксама партыю баса ў Рэквіеме Вердзі, удзельнічаў у запісе на кампакт-дыск кантаты С.Рахманінава «Званы» (Дублін, 1996). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу маладых оперных спевакоў імя Ф.Шаляпіна (1989), міжнар. конкурсаў вакалістаў у Більбао (Іспанія) і Карлавых Варах (Чэхія; абодва 1988), імя Г.Отса (1989), «Новыя галасы» (Германія) і SIEM (Жэнева; абодва 1991), імя Л.Тодзі (Партугалія, 1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНЕДЖЭРЫ́ЗМ,
тэорыя навук. кіравання вытв-сцю; кірунак эканам. думкі, які вывучае і разглядае ролю кіравання ў эканоміцы праз менеджэраў. Узнік у 1880—90-яг. ў ЗША. Заснавальнік — Ф.Тэйлар. Распрацаваная ім сістэма кіравання была першай і ўдалай спробай стварэння навук.менеджменту. А.Фаёль, Г.Эмерсан, Г.Форд і інш. абгрунтавалі неабходнасць падзелу працы ў апараце кіравання, яго іерархічную структуру і ролю, аўтарытэту кіраўніка для матэрыяльнага і маральнага стымулявання працы работнікаў. Выкарыстанне навук. аналізу, эфектыўнай сістэмы кіравання і дасканалая арг-цыя паточна-канвеернага метаду дазвалялі прыхільнікам М. дамагчыся значнага зніжэння выдаткаў вытв-сці і павышэння прадукцыйнасці працы. Некаторыя прыхільнікі М. прызнавалі значэнне ў кіраванні чалавечага фактара, але іх рэкамендацыі зводзіліся пераважна да матэрыяльных фактараў — справядлівай аплаты, матэрыяльнага стымулявання і да т.п. Гэта абумовіла неабходнасць пошуку новых шляхоў росту эфектыўнасці вытв-сці, што прадвызначыла паяўленне новых школ і тэорый («школа чалавечых адносін», «тэорыя індустрыяльнага кіравання» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЦЭЛЬ (Menzel) Адольф фон (8.12.1815, г. Вроцлаў, Польшча — 9.2.1905),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся літаграфіі ў свайго бацькі (з 1832 кіраваў яго майстэрняй) і ў Берлінскай АМ (1830). У творчасці часта звяртаўся да адлюстравання гісторыі і значных тагачасных падзей Прусіі: 200 дрэварытаў для ілюстравання «Гісторыі Фрыдрыха Вялікага» Ф.Куглера (1839—42), карціны «Ушанаванне загінуўшых у сакавіцкія дні» (1848), «Круглы стол у Сан-Сусі» (1850), «Канцэрт Фрыдрыха II у Сан-Сусі» (1852), «Фрыдрых Вялікі ў Гохкірсе» (1856), «Прамова Фрыдрыха II перад яго генераламі перад боем пад Лойтэнам» (1858—60), «Ад’езд Вільгельма I у армію ў 1870 годзе» (1871) і інш. Ствараў таксама пейзажы, інтэр’еры, жанравыя карціны: «Пакой з балконам» (1845), «Сястра мастака са свечкай у інтэр’еры» (1847), «Тэатр Жымназ у Парыжы» (1856), «У садзе Цюільры» (1867) і інш. Адзін з першых у еўрап. мастацтве звярнуўся да індустр. тэмы («Жалезапракатны завод», 1875). Майстар малюнка, акварэлі, гуашы, афорта, літаграфіі.