спецыяльна абсталяваны поезд, які выкарыстоўваўся як перасоўны агітпункт. Створаны ў грамадз. вайну 1918—20 для правядзення ідэалаг. работы, збору сродкаў для фронту. Быў укамплектаваны аркестрамі, харамі, фатографамі, забяспечваўся плакатамі, лістоўкамі і паліт. літаратурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІЯ́ДЫ
(Agiadai),
царская дынастыя ў Спарце ў сярэдзіне 6 — сярэдзіне 3 ст. да н.э. Правіла адначасова з дынастыяй Эўрыпантыдаў. Паходзіла, відаць, з ахейцаў, Агіяды лічыліся нашчадкамі паўлегендарнага цара Агіса I. Вядомыя прадстаўнікі дынастыі: Клеамен І, Леанід [488—480 да н.э.], Паўсаній [408—394 да н.э.], Клеамен III [235—221 да н.э.].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́Я-ТРЫЯ́ДА
(Hagia Triada),
паселішча неаліту і бронзавага веку каля в. Агія-Трыяда на в-ве Крыт, адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Захаваліся рэшткі палаца («царскай вілы»), пабудаванага мінойцамі каля 1600 да н.э. Складаўся з жылых і інш. памяшканняў, упрыгожаных фрэскамі, ванных пакояў, тэрас. Выяўлены культавае памяшканне з алтаром і ахвярныя рэчы (статуэткі, посуд і інш.), керамічны саркафаг з выявамі сцэн пахавальнага рытуалу. Заняпад Агія-Трыяды звязаны з нашэсцем ахейцаў (сярэдзіна 15 ст. да н.э.).
Да арт. Агія-Трыяда. Ваза з палаца. Каля 1500 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛАБІ́ДЫ,
дынастыя араб. эміраў
[800—909] у Іфрыкіі (Паўн. Афрыка). Заснавальнік — Ібрахім Ібн аль-Аглаб [800—812],
нам. абасідскага халіфа Харун ар-Рашыда. Аглабіды стварылі фактычна незалежную дзяржаву са сталіцай у Кайруане, захапілі Сіцылію, Калабрыю, вялі рэліг. барацьбу з харыджытамі, змагаліся са створаным імі імаматам Тахерт (паўд.ч. Іфрыкіі). Пасля падзення дынастыі Аглабідаў улада перайшла да Фатымідаў (гл.Фатымідаў халіфат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛАМЕРА́ЦЫЯ,
1 у металургіі, тэрмахімічны працэс спякання дробназярністых ці пылападобных матэрыялаў руднай шыхты ў вял. кавалкі (агламераты). Уключае падрыхтоўку шыхты, спяканне яе, апрацоўку гарачага пеку, ахаладжэнне да 100 °C і сартаванне. Шыхта складаецца з дробнай сырой руды і яе канцэнтрату, паліва (дробны кокс ці антрацыт), флюсу (здробненая вапна і вапняк). Агламерацыя адбываецца пры прадзіманні паветра цераз слой шыхты на каласніковых рашотках агламерацыйнай машыны і згаранні паліва (1500 °C); у выпадку сульфідных рудаў — пры акісленні (працякае з выдзяленнем цеплаты). Агламерат выкарыстоўваецца ў чорнай металургіі, у каляровай — для вытв-сці алюмінію, нікелю і свінцу.
2) У мікрабіялогіі, утварэнне мікраарганізмамі намнажэнняў у вадкасцях або тканках у выніку змены фіз. і хім. уласцівасцяў мікробных клетак (пад уздзеяннем імунных целаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛАПАРЫ́Т,
штучны порысты буд. матэрыял. Атрымліваецца спяканнем гліністых парод або адходаў абагачэння і спальвання вугалю (шлакаў, попелу) з далейшым драбненнем на фракцыі (друз, гравій, пясок). Выкарыстоўваецца як запаўняльнік для вырабу лёгкіх (аглапарытабетон), гарачаўстойлівых і кіслотатрывалых бетонаў, як цеплаізаляцыйныя, водапаглынальныя і водазатрымныя засыпкі. Тэхналогія вытв-сці аглапарыту з рыхлых гліністых парод распрацавана ў НДІ будматэрыялаў (Мінск, 1958).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЮЦІНАТЫ́ЎНЫЯ МО́ВЫ
(ад лац. agglutinare прыклейваць),
мовы, у якіх словы і іх формы ўтвараюцца пераважна праз аглюцінацыю (спалучэнне граматычна адназначных афіксаў з нязменным коранем). Напр., у цюркскіх мовах -lar- — суфікс множнага л.: тур. bulut «воблака», bulutlar «воблакі»; каз. ара «піла», аралар «пілы». Характэрныя рысы аглюцінатыўных моў — стандартная парадыгма словазмянення, адсутнасць унутранай флексіі, адназначнасць афіксаў, фіксаваны націск, строгі парадак слоў і інш. Да аглюцінатыўных моў адносяцца вял. колькасць моў Азіі і Еўропы (цюркскія, фіна-угорскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, японская, карэйская і інш.), Акіяніі (папуаскія, інданезійскія, мікранезійскія), Афрыкі (банту, мандэ, бантоідныя).