«ЗА́ПИСЫ»,

навуковы часопіс бел. эміграцыі. Выдаецца з 1952 на бел. мове (кн. 1—22; у 1952—54 і з 1974 у Нью-Йорку; у 1962—70 у Мюнхене, Германія) Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Гал. рэдактары В.​Тумаш, С.​Станкевіч, Т.​Бэрд. Мае раздзелы: «Даследаванні», «Рэфератныя працы», «Нарысы», «Успаміны», «Дакументы», «Зацемкі», «Бібліяграфія», «Хроніка беларускага жыцця ў беларускім замежжы», «Кнігапіс». Друкуе працы па бел. гісторыі, мове, л-ры, мастацтве, эканоміцы, матэрыялы пра дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі, рэцэнзіі на беларусазнаўчыя выданні, хроніку бел. навук.-культ. жыцця на эміграцыі. За час існавання «З.» сталі цэнтрам гуртавання інтэлектуальных сіл зах. бел. дыяспары.

А.​С.​Ляднёва.

т. 6, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСУ́ЛІЧ Вера Іванаўна (8.8.1849, в. Міхайлаўка Смаленскай губ. — 8.5.1919),

дзеяч рас. рэв. руху. З 1868 удзельніца рэв. гурткоў. У 1869—71 у зняволенні па справе С.Г.Нячаева, потым у ссылцы. З 1875 чл. кіеўскай народніцкай групы «бунтароў». З 1877 у Пецярбургу. 24.1.1878 страляла ў пецярбургскага граданачальніка Ф.​Ф.​Трэпава за катаванне па яго загаду паліт. вязня. 31.3.1878 апраўдана судом прысяжных. Эмігрыравала. З 1879 у Расіі, чл. арг-цыі «Чорны перадзел». У 1880—1905 зноў у эміграцыі. Адзін з арганізатараў групы «Вызваленне працы» (1883). З 1900 чл. рэдакцыі газ. «Искра» і час. «Заря». Пасля расколу РСДРП (1903) актыўны дзеяч меншавізму. Кастр. рэвалюцыю 1917 сустрэла варожа.

т. 7, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХВО́РВАННЕ,

медыка-статыстычны паказчык здароўя насельніцтва, які характарызуе распаўсюджанасць, структуру і дынаміку хвароб у цэлым, зарэгістраваных за год, а таксама ў асобных узроставых, палавых, сац., прафес., тэр. яго групах. Вылічваецца колькасцю хвароб на 100, 1000, 10 000, 100 000 насельніцтва. Адрозніваюць першасныя З. — сукупнасць хвароб, упершыню зарэгістраваных на працягу года, і хваравітасць (распаўсюджанасць) — сукупнасць усіх хвароб сярод насельніцтва і частата паталогіі, выяўленая пры мед. аглядзе (вызначаецца частата новых хвароб і распаўсюджанасць усіх хвароб, што працякалі доўгі час). Сістэма аховы здароўя ажыццяўляе спец. ўлік інфекц. (эпідэміял.), неэпідэміял. і прафес. З., улічвае і вывучае З. з часовай стратай працаздольнасці ці часовай непрацаздольнасцю.

Э.​А.​Вальчук.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ КАРПА́ТЫ,

найбольш высокая і шырокая ч. горнай сістэмы Карпат на тэр. Чэхіі, Славакіі, Польшчы і Венгрыі. Даўж. каля 400 км, шыр. больш за 200 км. Хрыбты і ізаляваныя масівы накіраваны з ПдЗ на ПнУ. На Пн вылучаюць сярэдневышынныя хр. Зах. Бяскідаў, у цэнтр. частцы — высока- і сярэднягорныя масівы Татры (найб. выш. 2655 м, г. Герлахоўскі-Шціт), Нізкія Татры, Вял. Фатра, на Пд — сярэдневышынныя масівы з плоскімі вяршынямі Славацкіх Рудных гор, Шцяўніцкіх гор, Бюк, Матра і інш. Складзены пераважна з крышт. парод і вапнякоў, на Пд таксама і вулканічных парод. Мяшаныя і хваёвыя лясы, горныя лугі. Татранскі нац. парк, запаведнікі, курорты, турызм, зімовыя віды спорту.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІЯ РУМЫ́НСКІЯ ГО́РЫ, Апусені (Munţii Apuseni),

частка горнай сістэмы Карпат на З Румыніі. Абмежаваны на З Сярэднедунайскай раўнінай, на Пн — далінай р. Самеш, на У — Трансільванскім плато, на Пд — далінай р. Мурэш. Вылучаюць цэнтр. платопадобны горны масіў Біхар (выш. да 1848 м), вапняковыя горы Траскэў (да 1370 м) і Металіч (да 1438 м), на З хрыбты Кодру (1112 м), Зэранд і Пэдура-Краюлуй (ніжэй за 1000 м), на Пн — хрыбты Месеш, Плапіш і Фэджэт. Складзены з гранітаў, крышт. сланцаў, вапнякоў і вулканічных парод. Радовішчы каляровых металаў (золата, серабро, поліметалы, ртуць), здабыча мармуру. андэзіту, вапняку. Букавыя, дубовыя і хваёвыя лясы, лугі.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРЫ́ДЫ Аляксандр Міхайлавіч (н. 23.2.1904, г. Саратаў, Расія),

кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1969), Герой Сац. Працы (1990). З 1932 рэжысёр «Саюзтэхфільма», потым «Мастэхфільма» («Цэнтрнавукфільм»). Праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфістаў (э 1966). Многія навук.-папулярныя фільмы заснаваны на навук. назіраннях за прыродай і пабудаваны ў форме аповесцей, казак: «У пясках Сярэдняй Азіі» (1943), «Лясная быль» (1950), «У льдах акіяна» (1953), «Сцежкай джунгляў» (1959), «Зачараваныя астравы» (1965), «Лясная сімфонія» (1967), «Здаравяка» (1982, разам з М.​Клдыяшвілі) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1950, Дзярж. прэмія Расіі 1969. Прэміі Міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1946, 1962, 1965), Карлавых Варах (1950) і інш.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МАН (Zeman) Карэл (3.11.1910, г. Острамерж, Чэхія — 1989),

чэшскі рэжысёр; адзін з заснавальнікаў чэхаславацкага лялечнага фільма. Засл. арт. ЧССР (1960). Скончыў школу маст. рэкламы ў Парыжы (1928). Сярод фільмаў: «Калядны сон» (1945), «Падарожжа ў першабытную эпоху» (1956, Дзярж. прэмія ЧССР 1957), «Тайна вострава Бэк-Кап» паводле Ж.​Верна (1958, Дзярж. прэмія ЧССР 1959), «Барон Мюнхгаўзен» (1962), «Хроніка блазна» (1964), «Казкі тысяча і адной ночы» (1975), «Казкі пра Гонзіка і Маржэнку» (1981) і інш. Характэрны пошукі новых стылістычных прыёмаў, спалучэнне пластычных сродкаў мультыплікацыйнага і ігравога кіно. Прэмія Міру за дасягненні ў галіне кінамастацтва (1959), прызы на міжнар. кінафестывалях у Кане, Венецыі, Карлавых Варах і інш.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МБРЫХ (Sembrich) Марчэла [сапр. Каханская (Kochańska) Марцаліна; 18.2.1858, Вішнёўчык, Галіцыя, цяпер Украіна — 11.1.1935], польская спявачка (каларатурнае сапрана). У 1869—73 вучылася ў Львоўскай, у 1875—77 удасканальвалася ў Венскай кансерваторыі па класе фп. Спевам вучылася (па парадзе Ф.​Ліста) у Дж.​Б.​Ламперці ў Мілане. Гастраліравала ў Еўропе і ЗША. Карысталася сусв. вядомасцю. Яе голас вылучаўся вял. дыяпазонам, рэдкай выразнасцю. У 1898—1909 салістка т-ра «Метраполітэн-опера». Выканала больш за 40 партый у операх В.​А.​Моцарта, Дж.​Расіні, В.​Беліні, Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера. З 1924 выкладала ў Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі і ў Джульярдскай школе ў Нью-Йорку.

т. 7, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКАЯ РЭФО́РМА ІВА́НА IV,

рэформа мясц. кіравання ў Рус. дзяржаве. Праведзена ў пач. 1550-х г. у асобных землях, у 1555—56 — у агульнадзярж. маштабе. Замест намеснікаў і валасцеляў, якія «карміліся» непасрэдна за кошт насельніца, з ліку найб. заможных пасадскіх людзей і сялян выбіраліся на 1—2 гады адпаведна земскія старасты і земскія цалавальнікі, а ў дапамогу ім — земскія судзейкі (суддзі), дзячкі, соцкія і пяцідзесяцкія. Земскія старасты ўзначальвалі земскія ізбы, пад кантролем дзярж. адміністрацыі кіравалі цяглым насельніцтвам і зборам падаткаў з яго, разам з судзейкамі карысталіся абмежаванай суд. уладай. Рэформа завяршыла фарміраванне мясц. кіравання на саслоўна-прадстаўнічых пачатках і ўзмацніла цэнтралізацыю дзяржавы.

т. 7, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМНЕЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны ўмераных шырот, якія зімуюць з зялёным лісцем. Адрозніваюць: уласна З.р. (пераважна адналетнікі і некат. шматгадовыя расліны — метлюжок цыбульны, віды эрэмурусу і інш.), у якіх зялёнае лісце перазімоўвае пад снегам і адмірае вясной пасля ўтварэння новага, і летне-зімнезялёныя расліны (суніцы, кісліца, многія лугавыя злакі), якія захоўваюць зялёнае лісце круглы год, але працягласць жыцця кожнага іх ліста (у адрозненне ад вечназялёных раслін) менш за 1 год. На Беларусі з З.р. растуць: у лясах — суніцы лясныя, падлеснік еўрапейскі, кісліца звычайная, дабраполь жоўты, падалешнік еўрапейскі; на лугах — панікніца рачная, гарлянка паўзучая, аўсяніца (лугавая і чырвоная), цімафееўка лугавая, вострыца дзірваністая, некат. асокі.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)