У цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 47 тыс.км². Нас. 6517 тыс.чал. (1998, з Масквой 14 816 тыс.чал.), гарадскога 80% (з улікам нас. Масквы 91%). Цэнтр — г.Масква. Найб. гарады: Падольск, Люберцы, Мыцішчы, Каломна, Электрасталь, Серпухаў, Хімкі, Каралёў, Балашыха. Разам з Масквой М.в. утварае Маскоўскі сталічны рэгіён.
Прырода. Размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрап. раўніны, у міжрэччы Волгі і Акі. Рэльеф пераважна раўнінны. На З і Пн Смаленска-Маскоўскае ўзв. (выш. да 310 м) з узгорыстай часткай — Клінска-Дзмітраўскай градой (выш. да 285 м). Паўд.ч. займае Маскварэцка-Окская раўніна, паўд.-ўсх. — забалочаная Мяшчорская нізіна. Карысныя выкапні: торф, фасфарыты, шкловыя пяскі, вогнетрывалая гліна, жвір, вапнякі. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—650 мм за год. Густая рачная сетка. Гал. рэкі — Ака (з прытокамі Пратва, Нара, Лапасня, Цна, Асётр) і Масква (з прытокамі Руза, Істра, Яўза, Пахра), Клязьма. На Пн прытокі Волгі — Дубна, Лама. Больш за 350 азёр, у т. л. Сянежскае, Трасценскае, Святое. На канале імя Масквы і р. Масква шэраг вадасховішчаў (Істрынскае, Мажайскае, Клязьмінскае і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пн і ў Мяшчорскай нізіне балотныя, на Пд светла-шэрыя і чарназёмныя ападзоленыя, па далінах рэк алювіяльныя. Каля 40% тэрыторыі М.в. занята мяшанымі лясамі, асн. масівы на З і У вобласці. Лесапаркавы ахоўны пояс, рэкрэацыйная зона. Прыокска-тэрасны запаведнік, нац. парк Ласіны Востраў.
Гаспадарка. М.в. эканамічна цесна звязана з Масквой. Па ўзроўні развіцця прам-сці яна саступае толькі Маскве і С.-Пецярбургу. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (энергетычнае, цяжкае, транспартнае, станкабудаванне, эл.-тэхн., прыладабудаванне і інш.), прадстаўлена вытв-сцю катлоў для цеплавых электрастанцый, пракатнага абсталявання, металарэзных станкоў, вагонаў метрапалітэна, грузавых і пасаж. вагонаў, цеплавозаў, аўтобусаў, легкавых аўтамабіляў, сіласаўборачнай тэхнікі, швейных машын, фотаапаратаў, аптычнай і быт. тэхнікі, кабельнай прадукцыі і інш. Развіты ваенна-прамысл. комплекс (аэракасмічная, радыёэлектронная прам-сць, вытв-сць зброі, боепрыпасаў). Вял. значэнне для машынабудавання мае пераробная металургія (вытв-сць высакаякаснай сталі і пракату). Энергетыка працуе пераважна на прывазным паліве (Кашырская, Шатурская ДРЭС, Люберацкая, Маскоўская ЦЭЦ, Загорская ДАЭС і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 22 млрд.кВт∙гадз (1996). Самая старая галіна лёгкай прам-сці — тэкстыльная; выраб баваўняных, шарсцяных, шаўковых тканін (каля 10% агульнарас. вытв-сці). Развіты трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, дывановая галіны. Хім.прам-сць (вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў, сернай к-ты, сінт. смол, пластмасы, хім. валакна і нітак, гумавых вырабаў, лакаў і фарбаў). Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шыфер, жалезабетонныя канструкцыі, азбестацэментныя трубы). Вытв-сць фарфора-фаянсавых і шкляных вырабаў, мэблі, буд. дэталей, паперы, паліграф. прадукцыі. Шэраг прадпрыемстваў харч. прам-сці. Маст. промыслы (кераміка, размалёўка драўляных шкатулак, метал. падносаў і інш.) у Фядоскіне, Гжэлі, Жоставе і інш. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Пл.с.-г. угоддзяў 1880 тыс.га, у т. л. пад ворывам 1504 тыс.га. Вядучая галіна — жывёлагадоўля (малочнага і малочна-мяснога кірунку), свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. У раслінаводстве гал. месца займае вытв-сць кармоў (каля 3/5 пасяўных плошчаў). Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, бульбы, агародніны, у т. л. у закрытым грунце. Кветкаводства і вырошчванне грыбоў. М.в. мае густую сетку ўсіх відаў транспарту; 11 радыяльных чыг. магістралей у напрамку ад Масквы, 13 аўтадарог, Маскоўская кальцавая аўтадарога. Суднаходства па рэках Ака, Масква і па канале імя Масквы. Рачныя парты: Дубна, Серпухаў, Каломна, Васкрасенск. 4 аэрапорты: Шарамецева (міжнар.), Дамадзедава, Унукава, Быкова. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды да Масквы ад Разані і Яраслаўля, газаправоднае кальцо Серпухаў—Васкрасенск—Нагінск—Дзмітраў—Валакаламск—Серпухаў. Курорты Дорахава, Цішкава, Міхайлаўскае. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЯО́Н ПО́ЛАЦКІ (сапр.Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл Емяльянавіч, паводле некат. звестак — Гаўрылавіч; 1629, г. Полацк Віцебскай вобл. —25.8.1680),
бел. і рус. паэт, драматург, перакладчык, педагог, рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскі калегіум (каля 1650), вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1653). У 1654—64 настаўнік брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У 1656 прыняў манаства пад імем Сімяон. Прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай рымскага папы і пад дзярж. патранатам маскоўскага цара. У полацкі перыяд творчасці пісаў на бел., польскай, лац. мовах, раннія вершы («Акафіст», «Канон», 1648) маюць рэліг., павучальны характар, вытрыманы ў духу тагачаснай панегірычнай паэзіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вітаў цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацку дэкламацыяй «Метры», прысвяціў яму шэраг віншаванняў з выпадку ўзяцця пэўных гарадоў і інш.: «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта», «Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства» і інш. Тады ж напісаў шэрагпаліт.-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкія войны швед. караля Карла X Густава: «Кароль шведскі шукае сваіх афіцэраў...», «Адчай шведскага караля...», а таксама іранічнае «Віншаванне... Амфінагену Крыжаноўскаму, вандруючаму псеўдаепіскапу». З 1664 жыў у Маскве. Арганізаваў «лацінскую» школу пры Заіконаспаскім манастыры, заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, быў першым прыдворным паэтам рас. цароў, выхавацелем дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Прыхільнік асветнага абсалютызму, быў у цэнтры дзярж. і рэліг. праблем Маскоўскай дзяржавы. Прапаведніцкая дзейнасць С.П. адлюстравана ў 2 зборніках яго пропаведзей: «Абед душэўны» (1675, выд. 1681) і «Вячэра душэўная» (1676, выд. 1683). Аснову яго літ. спадчыны складаюць 2 манументальныя зб-кі, падрыхтаваныя ў 1670-я г., але выдадзеныя пасмяротна: «Вертаград мнагацветны» і «Рыфмалагіён» (1678, выд. 1681). Яшчэ пры жыцці першы яго зборнік быў ацэнены як энцыклапедыя, з якой чэрпалі веды па хрысц. сімволіцы, гісторыі, ант. міфалогіі, тэалогіі. У другім зборніку змешчаны драм. творы «Камедыя прытчы пра блуднага сына...» і «Пра Навухаданосара цара...», якія ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля. Як перакладчык пазнаёміў чытачоў з многімі шырокавядомымі тагачаснымі творамі: «Казанне пра Магамета», «Тастамент, або Запавет Васіля, цара грэчаскага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш. Значнае месца ў паэзіі С.П. займалі і сатыр. матывы, выкрыццё каставых заган, кар’ерызму, прыстасавальніцтва («Клятва», «Жонка», «Помста» і інш.). У многіх выказваннях С.П. прыкметны ўплыў натурфілас. поглядаў ант. аўтараў Арыстоцеля і Плінія, а таксама здабыткаў сярэдневяковай навукі. Панегірычны дух яго паэзіі выявіўся ў некат. структурных асаблівасцях сілабічных вершаў: ён звяртаўся да зрокава-графічных эфектаў і прыёмаў (каляровае пісьмо, новыя страфічныя формы і інш.), распрацоўваў чыста барочныя формы ўскладненых метафар, мудрагелістых алегорый, сімвалаў, гіпербал і інш. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя С.П. было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980.
Тв.:
Избр. соч. М.; Л., 1953;
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;
У кн.: Русская силлабическая поэзия XVII—XVIII вв. Л., 1970;
Вирши. Мн., 1990.
Літ.:
Татарский И. Симеон Полоцкий: (Его жизнь и деятельность). М., 1886;
Майков Л.Н. Симеон Полоцкий // Майков Л.Н. Очерки из истории русской литературы XVII и XVIII столетий. СПб., 1889;
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд.Мн., 1985;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;
Панченко А.М. Русская стихотворная культура XVII в. Л., 1973;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Симеон Полоцкий и его книгоиздательская деятельность. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА БЯСПЕ́ЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ (АБСЕ),
міжнар.арг-цыя. Склалася да сярэдзіны 1990-х г. у выніку дзейнасці Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ). На пач. 1970-х г.СССР і яго партнёры па Арг-цыі Варшаўскага дагавору (гл.Варшаўскі дагавор 1955) ініцыіравалі скліканне нарады еўрап. дзяржаў для абмеркавання захадаў, якія забяспечылі б калект. бяспеку ў Еўропе. Ва ўмовах паляпшэння адносін паміж СССР, ЗША і краінамі Зах. Еўропы ў г. Хельсінкі адбыліся папярэднія шматбаковыя кансультацыі (ліст. 1972 — чэрв. 1973) і пасяджэнні міністраў замежных спраў 33 еўрап. дзяржаў (акрамя Албаніі), ЗША і Канады (ліп. 1973). 2-і этап перагавораў аб скліканні НБСЕ прайшоў у вер. 1973 — ліп. 1975 у Жэневе. 30.7.1975 у Хельсінкі на ўзроўні кіраўнікоў урадаў 35 дзяржаў пачалася нарада, 1.8.1975 падпісаны Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. У 1977—94 адбыўся шэраг сустрэч прадстаўнікоў дзяржаў — удзельніц НБСЕ. У 1991 удзельнікамі НБСЕ сталі Албанія, Эстонія, Латвія, Літва, у 1992 — Беларусь і інш. краіны. На сустрэчы ў Будапешце (5—6.12.1994) кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 52 краін (без Югаславіі), прынялі рашэнне аб пераўтварэнні НБСЕ у АБСЕ, падпісалі мемарандумы аб гарантыі бяспекі Украіны, Беларусі і Казахстана, прынялі паліт. дэкларацыю «Да сапраўднага партнёрства ў новую эпоху», якая вызначае ролю, месца і задачы АБСЕ ў пабудове будучай Еўропы. Органамі АБСЕ (з 1990) з’яўляюцца: сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў (адбываюцца кожныя 2 гады); Савет міністраў замежных спраў (засядае не менш як 1 раз на год); Сакратарыят з рэзідэнцыяй у Празе; Цэнтр па прадухіленні канфліктаў (Вена); бюро «За свабодныя выбары» (Варшава, ажыццяўляе назіранне за выбарамі); Парламенцкі сход АБСЕ; Камітэт вышэйшых дзярж. служачых (у ліку абавязкаў падрыхтоўка пасяджэнняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СІЙ БРЭ́СЦКІ (Афанасій Філіповіч; каля 1595, Брэстчына — 15.9.1648),
святы бел.правасл. царквы, пісьменнік-публіцыст, паліт. і царк. дзеяч. З сям’і незаможнага шляхціца. Меў даволі добрую адукацыю. У 1622 канцлер ВКЛ Леў Сапега прызначыў яго выхавацелем Я.Лубы, якога польскія прыдворныя выдавалі за рус. царэвіча, прэтэндэнта на маскоўскі трон. У 1627 пастрыгся ў манахі пры віленскім Святадухаўскім манастыры. Жыў у манастырах Куцеінскім (пад Оршай), Міжгорскім (пад Кіевам), Дубайскім, Купяціцкім (каля Пінска); у 1640—41 ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце. У 1637—38 ездзіў да рус. цара, у спец. рэляцыі «Гісторыя падарожжа ў Маскву» расказаў пра цяжкае становішча правасл. насельніцтва Беларусі і Украіны ў складзе Рэчы Паспалітай. За супрацьдзеянне Брэсцкай уніі 1596, рэзкія выпады ў адрас караля ў 1643 сасланы ў Кіеў, у 1644 арыштаваны як «дзяржаўны злачынца» па справе Я.Лубы. З варшаўскай турмы накіраваў каралю шэраг артыкулаў з крытыкай палітыкі Рэчы Паспалітай, царк. іерархаў і свецкіх магнатаў. Выступаў за адраджэнне правасл. царквы і саюз з Рус. дзяржавай. Праз год пасля выхаду на волю (1648) зноў арыштаваны і абвінавачаны ў аказанні дапамогі казакам Б.Хмяльніцкага. Пасля здзекаў і жорсткіх катаванняў па прыгаворы суда быў расстраляны. Аўтар «Дыярыуша» (1646), які змяшчае ўсю яго публіцыстыку і напеў (запісаны кіеўскай 5-лінейнай натацыяй) гімнападобнага канта — аднаго з найб. ранніх нотных запісаў у бел. музыцы. Кананізаваны царквой паміж 1658 і 1666. Мошчы Афанасія Брэсцкага знаходзяцца ў Брэсце. У яго памяць пабудаваны капліца ў в. Гершоны Брэсцкага р-на, а ў Гродзенскім Барысаглебскім манастыры — царква (не захавалася).
Літ.:
Коршунов А.Ф. Афанасий Филипович: Жизнь и творчество. Мн., 1965;
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПАЗВАНО́ЧНЫЯ (Invertebrata),
шматлікая пазасістэматычная група жывёл, у якіх няма пазваночнага слупа і хорды. Назву ў пач. 19 ст. прапанаваў франц. заолаг Ж.Б.Ламарк. Падзяляюцца на 2 падцарствы: прасцейшыя, або аднаклетачныя, і шматклетачныя, у якіх адпаведна 5—9 і да 26 тыпаў жывёл. Узніклі беспазваночныя яшчэ ў дакембрыі (1,5—2 млрд. гадоў назад, магчыма, і раней). Каля 1 млрд. гадоў назад ад аднаклетачных (прасцейшых) развіліся шматклетачныя жывёлы. Прамежкавая ступень паміж імі — каланіяльныя прасцейшыя. У кембрыі ўжо існавалі прадстаўнікі многіх тыпаў беспазваночных. Да беспазваночных належаць тыпы інфузорый, губак, кішачнаполасцевых, ігласкурых, малюскаў, некаторых тыпаў ніжэйшых чарвей, членістаногіх і шэрагінш., усяго да 1—2 млн. відаў. Сярод сучасных беспазваночных найб. колькасцю відаў вызначаюцца членістаногія — да 1 млн. і малюскі — 250 тыс. Беспазваночныя пашыраны ва ўсіх біятопах Зямлі. Сярод іх па колькасці відаў пераважаюць насякомыя. На Беларусі каля 11 тыпаў беспазваночных, больш за 30 тыс. відаў, найбольш насякомых.
Важны момант у эвалюцыі беспазваночных — пераход ад радыяльнай (кішачнаполасцевыя) да двухбаковай (білатэральнай) сіметрыі, якая ўласціва больш высокаарганізаваным беспазваночным. Вышэйшыя беспазваночныя маюць другасную поласць цела (цэлом); лічыцца, што яны далі пачатак першым хордавым жывёлам. Беспазваночныя ўдзельнічаюць у біял. кругавароце рэчываў і энергіі ў біясферы. Доля іх складае да 95% біямасы наземных жывёл. Многія беспазваночныя — корм для звяроў, птушак і рыб, носьбіты ўзбуджальнікаў розных хвароб, шкоднікі с.-г. раслін; выкарыстоўваюцца таксама на харч., лек., гасп.-тэхн. мэты, для барацьбы са шкоднымі жывёламі. Некаторыя ахоўваюцца: 85 відаў беспазваночных занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Літ.:
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1—3. 2 изд. М., 1987—89;
Хаусман К. Протозоология: Пер. с нем. М., 1988;
Беспозвоночные: Новый обобщ. подход: Пер. с англ.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),
шляхецкі род герба «Ястрамбец» у ВКЛ. Валодалі мяст. Варняны ў Віленскім пав. Найбольш вядомыя:
Ян (? — 19.4.1602), войскі і намеснік віленскі (1579), староста вендзенскі (1589), прэзідэнт дэрпцкі, ваявода менскі (1593) і смаленскі (1596). Адстойваючы інтарэсы ВКЛ, праваслаўнай царквы, быў у апазіцыі да Каралеўства Польскага. Адзін з гал. дзеячаў-кальвіністаў. Пабудаваў у Варнянах кальвінісцкую царкву, шпіталь і школу. Быў звязаны з К.Астрожскім і Радзівіламі. Схіліў паэта Я.Радвана да напісання паэмы пра Радзівілаў (1592), апякаў кальвінісцкага палеміста А.Волана. Аўтар працы «Погляды літвіна аб набыцці таннага збожжа і продажу яго даражэй» (1595). Выдаў за свой кошт шэраг кніг. Мікалай (? — люты 1651), сын Яна. Ваяваў супраць шведаў у Курляндыі (1621—25), Прусіі і Памераніі (1626—27). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 ваяваў пад Смаленскам. Ген. артылерыі, кашталян (1640), ваявода мсціслаўскі (1643) і трокскі (1647). Падтрымліваў кальвіністаў. Самуэль (1617—?), сын Мікалая. Староста старадубскі. Пасля смерці бацькі перайшоў у каталіцтва. Адам (24.8.1710 — каля 1770), выкладчык філасофіі і тэалогіі, рэгент і 1-ы рэктар віленскага шляхецкага калегіума (Калегіум Нобіліум), рэктар калегіумаў у Нясвіжы, Мінску, Полацку. Аўтар кн. «Нядзельныя казанні» (1753). Андрэй (? — вер. 1763), сын Самуэля. Стольнік віленскі (1742), кашталян берасцейскі (1757). Юры (Ежы; ?—?), падваявода віленскі (1750), падчашы віленскі, староста старадубскі (1763). Мікалай (1788—5.10.1835), сын Яўхіма. Маршалак Віленскага пав., камергер царскага двара. У 1812 на баку французаў, увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага. Удзельнік кампаній 1813, 1814. Пасля заканчэння вайны жыў у Варнянах і Вільні. Падаў праект віленскай шляхты аб паляпшэнні становішча сялян. Ігнацы (1793—1867), змагаўся ў напалеонаўскіх войсках у 1809—14. Пазней у складзе рас. войскаў ваяваў на Каўказе, ад’ютант Паскевіча (1829). Ген. корпуса жандараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВЕЧКАГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі па развядзенні авечак. Дае сыравіну для лёгкай прам-сці (воўну, аўчыну, смушак) і харч. прадукты (бараніну, лой, малако). Найб. каштоўная сыравіна — тонкая і паўтонкая воўна, з якой вырабляюць шарсцяныя тканіны. У свеце існуюць дзесяткі парод і пародных груп авечак. Авечкагадоўля мае шэраг кірункаў: танкарунны, паўтанкарунны, паўгрубашэрсны і грубашэрсны, апошні падзяляецца на смушкавы, футравы, мяса-воўнавы, мяса-воўна-малочны, мяса-сальны.
У краінах Еўропы гадуюць пераважна паўтанкарунныя пароды авечак (Вялікабрытанія, Ірландыя, Нарвегія, Данія, Балгарыя) і танкарунныя (Францыя, Румынія, Венгрыя і інш.). У Кітаі і Манголіі пераважаюць грубашэрсныя пароды. У краінах Сярэдняй Азіі, Афганістане і Паўд. Афрыцы развіта каракуляводства. У Аргенціне пераважаюць паўтанкарунныя авечкі, ва Уругваі — красбрэды, у ЗША — авечкі тыпу англ. караткашэрсныя. Найб. пагалоўе авечак сканцэнтравана ў Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Уругваі, ЗША і ПАР (больш за 50% сусв. вытв-сці воўны). У краінах СНД асн. раёны авечкагадоўлі — Паўн. Каўказ, Паволжа, Украіна, Казахстан, Сярэдняя Азія і Закаўказзе. Па колькасці авечак і вытв-сці воўны 1-е месца ў свеце займае Аўстралія, па экспарце бараніны і вытв-сці найб. высакаякаснай красбрэднай воўны — Новая Зеландыя, дзе амаль уся авечкагадоўля мяса-воўнавых і паўтанкарунных парод.
На Беларусі авечкагадоўляй сталі займацца ў пач. 18 ст. Гадавалі пераважна грубашэрсных нізкапрадукцыйных авечак. У 1913 танкарунных авечак (мерыносаў) было толькі 6% ад агульнага пагалоўя. Паляпшэнне племянных і прадукцыйных якасцей авечак пачалося ў даваен. гады. Планавыя пароды — прэкас, латвійская цёмнагаловая і раманаўская. У гаспадарках рэспублікі авечкагадоўля — дадатковая галіна жывёлагадоўлі. Пераважае мяса-воўнавая авечкагадоўля. Пагалоўе авечак па шэрагу прычын, у асн.эканам. характару, паступова змяншаецца. На пач. 1985 ва ўсіх гаспадарках было 640,2 тыс. авечак, у 1900 — 475,5, у 1994 — 271,3 тыс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНАКІСЛО́ТЫ,
арганічныя (карбонавыя) к-ты, якія маюць у малекуле адну або некалькі амінагруп (NH2). Адрозніваюць α-амінакіслоты, β-амінакіслоты, γ-амінакіслоты. У прыродзе пашыраны пераважна α-амінакіслоты агульнай формулы H2N-<FORMULA>-COOH. Амінакіслоты — бясколерныя крышталічныя рэчывы, большасць з якіх добра раствараецца ў вадзе. Амфатэрныя злучэнні маюць уласцівасці к-т і асноў. У жывых арганізмах знойдзена больш за 100 амінакіслот, каля 20 з іх асн. структурныя элементы малекул бялкоў. Іншыя амінакіслоты ўваходзяць у састаў ферментаў, гармонаў, некаторых антыбіётыкаў, вітамінаў і інш. рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці арганізма. Могуць быць у тканках жывых арганізмаў у свабодным стане. Біял. роля і функцыі некаторых амінакіслот не высветлены. Шэраг амінакіслот (арніцін, цыстатыянін і інш.) — прамежкавыя прадукты абмену рэчываў.
У большасці прыродных амінакіслот амінагрупа звязана з вугляродам, самым блізкім да карбаксільнай групы; у малекуле β-амінакіслот яна звязана з другім пасля карбаксільнай групы вугляродам. α-амінакіслата падзяляецца на ацыклічныя (тлустага шэрагу) і цыклічныя (араматычнага шэрагу); па колькасці аміна- і карбаксільных груп у малекуле α-амінакіслот адрозніваюць монаамінамонакарбонавыя, напр.гліцын, серын, трэанін; монаамінадыкарбонавыя, напр.аспарагінавая кіслата, глутамінавая кіслата; дыамінамонакарбонавыя к-ты, напр.лізін, аргінін. У прыродзе большая частка α-амінакіслот сінтэзуецца раслінамі, некаторыя з іх (заменныя амінакіслоты) могуць сінтэзавацца і жывёльнымі арганізмамі з неарган. злучэнняў азоту, напр. аміяку і кетонакіслот. Незаменныя амінакіслоты (валін, лейцын, ізалейцын, лізін, трыптафан, феніланін, метыянін, трэанін і інш.) у чалавека і жывёл не ўтвараюцца і паступаюць у арганізм з ежай. Ад нястачы іх у арганізме ўзнікаюць розныя хваробы.
Атрымліваюць і сінтэтычна, у т. л. ва ўмовах, якія мадэліруюць атмасферу першабытнай Зямлі. Амінакіслоты выкарыстоўваюць у медыцыне, для павышэння біял. каштоўнасці некаторых харч. прадуктаў, як зыходныя прадукты ў прамысл. сінтэзе поліамідаў, фарбавальнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРПЕТАЛО́ГІЯ (ад грэч. herpeton паўзун + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае паўзуноў і земнаводных. Раней аб’ектам вывучэння герпеталогіі былі паўзуны, а раздзел, што вывучаў земнаводных, наз.батрахалогіяй. Герпеталогія цесна звязана з праблемамі агульнай біялогіі, экалогіі, біягеацэналогіі, зоагеаграфіі, паразіталогіі і інш. Развіццё герпеталогіі як самаст. раздзела заал. навукі найб. прыкметнае з пач. 20 ст. Вялікі ўклад зрабілі рус. Вучоныя А.Р.Баннікаў, І.С.Дрэўскі, А.М.Нікольскі, П.В.Цярэнцьеў, С.А.Чарноў.
На Беларусі амфібіі і рэптыліі ўпамінаюцца ў працах 18—19 ст. (А.М.Нікольскі, П.Г.Жачынскі, П.Баброўскі, І.Зяленскі, А.С.Дамбавецкі). Сістэматызаваныя звесткі пра герпетафауну ёсць у працах А.В.Фядзюшына (1927—32) і Ю.Ф.Сапажэнкава (1961). Шэраг пытанняў аб стане амфібій і рэптылій краіны адлюстраваны ў працах Ю.В.Дзьякава, Б.З.Галадушкі, Т.М.Курсковай, І.В.Жаркова, М.М.Пікуліка і інш.Найб. развіццё герпеталагічныя даследаванні атрымалі ў 1976—97 у Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі (Пікулік, В.А.Бахараў, С.У.Косаў, С.М.Драбянкоў, А.У.Хандогій, Л.У.Косава, К.К.Рыжэвіч і інш.), праводзяцца таксама на кафедрах заалогіі ВНУ і навук. аддзелаў запаведнікаў і нац. паркаў. Дадзена характарыстыка сучаснага стану фауны амфібій і рэптылій Беларусі, параметраў яе біял. разнастайнасці, пашырэння межаў арэалаў відаў, біятыпічнага размеркавання і колькасці, асаблівасцей размнажэння, развіцця і ландшафтнай дыферэнцыяцыі дамінуючых відаў, некат. іншых экалагічных і эталагічных аспектаў. Сфарміраваны значны калекцыйны фонд (каля 20 тыс.экз.). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Распрацаваны рэкамендацыі па ахове і рацыянальным выкарыстанні герпетафауны Беларусі.
Літ.:
Пикулик М.М. Герпетология // Институт зоологии Академии наук Беларуси Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСПА́НСКАЯ СПА́ДЧЫНАвайна за Іспанскую спадчыну 1701—14,
вайна за права наследавання ісп. трона пасля згасання ў 1700 ісп. лініі Габсбургаў. Паводле завяшчання апошняга ісп. Габсбурга Карла II ісп. трон павінен быў заняць Філіп V Бурбон (унук франц. караля Людовіка XIV), жанаты з сястрой Карла II. Свае прэтэнзіі на ісп. трон прад’явілі таксама аўстр. Габсбургі, вылучыўшы прэтэндэнтам эрцгерцага Карла (будучы імператар Карл V). Аўстрыю падтрымалі Англія, Галандыя, Партугалія, Савоя і большасць герм. княстваў. Ваен. дзеянні вяліся адначасова ў Ісп. Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Зах. Германіі і на морах; у Іспаніі, дзе супраць панавання Філіпа V выступіла Каталонія, яны набылі характар грамадз. вайны. Англа-галандскія войскі ўзначальваў герцаг Мальбара, імперскія войскі — Яўгеній Савойскі. Франц. войскі (на чале маршалы Л.Вілар, Н.Каціна, Л.Вандом) пацярпелі шэраг паражэнняў пры Гохштэце (1704), Раміі і Турыне (1706), Аўдэнардэ (1708); англ. флот захапіў Гібралтар (1704), в-аў Менорка (1708). Эрцгерцаг Карл высадзіўся ў Іспаніі, абвясціў сябе ісп. каралём і захапіў Каталонію і Арагон. У 1709 франц. войскі разгромлены каля Мальплаке. Уступленне на імператарскі прастол Карла V (1711) прывяло да выхаду з кааліцыі Англіі і Галандыі, якія апасаліся аб’яднання ісп. і аўстр. уладанняў і ўзнікнення ў Еўропе магутнай імперыі Габсбургаў. Паводле Утрэхцкага міру 1713 і Раштацкага міру 1714 ва ўладанні Філіпа V засталася Іспанія з калоніямі пры ўмове яго адмовы ад правоў на франц. прастол. Аўстр. Габсбургі атрымалі паўд. Нідэрланды, Сардзінію, Міланскае герцагства і Неапалітанскае каралеўства, Савоя — Сіцылію, Вялікабрытанія — Гібралтар, Менорку, прывілеі ў гандлі з ісп. калоніямі і частку франц. уладанняў у Паўн. Амерыцы. Вайна пацвердзіла рост магутнасці Вялікабрытаніі на морах і ў каланіяльным саперніцтве, прыпыніла тэр. экспансію Францыі ў Еўропе.