абэвільская культура, археалагічная культура ранняга (ніжняга) палеаліту ў Еўропе. Назва ад г. Абвіль (Францыя, даліна р. Сома), дзе ў 19 ст. знойдзены найб. тыповыя для яе прылады — ручныя масіўныя (даўж. да 10—20 см) груба адбітыя рубілы міндалепадобнай, авальнай ці коп’епадобнай формы; выкарыстоўваліся і адшчэпы. Верагодна, датуецца часам гюнц-міндэльскага міжледавікоўя і міндэльскага зледзянення (каля 700 — 400 тыс.г. таму назад). Большасць сучасных даследчыкаў разглядаюць абэвіль як пачатковы этап эпохі ашэль. У л-ры трапляецца і ўстарэлая назва абэвіль — шэльская культура, ці шэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНО́ЎСКІ (Ян Юзаф) (7.9.1805, г.п. Смілавічы Мінскай вобласці — 30.3.1888),
фінансіст, вынаходнік. Скончыў Мінскую класічную гімназію (1821), Віленскі ун-т (1826) са ступенню канд. права. З 1827 служачы ў Польскім банку, пазней — у банках Францыі, з 1843 інспектар бухгалтэрыі чыгункі Парыж—Руан—Гаўр. На сусв. выстаўках у Парыжы (1849) узнагароджаны медалём за такс-машыну для кантролю праязных білетаў, у Лондане (1851) вял. медалём за машыну для друку і кантролю чыг. білетаў. Распрацаваў сістэму аўтам. сігналізацыі на чыгунцы. Аўтар праекта нар.франц. пазыкі. Склаў англ.-польскі навук.-тэхн. слоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБАКА́Н (франц.),
падковападобная ў плане прысадзістая вежа без даху перад уваходнай брамай і звязаная з ёю функцыянальна і канструкцыйна; элемент абарончай сістэмы сярэдневяковага замка ці гар. фартыфікацыі. Прызначаўся для дадатковага мацавання і абароны гал. ўезду. Прылягаў да брамы або размяшчаўся асобна і злучаўся з ёю сценамі праходу («шыяй»). Пры значных памерах меў уласную сістэму абароны, якая складалася з брамы, пад’ёмнага моста, размешчанага перад барбаканам або ўнутры яго, некалькіх ярусаў баёў (спец. памяшканняў з байніцамі). Некаторыя барбаканы завяршаліся зубцамі. На Беларусі вядомы ў Мірскім замку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАРО́ЛА (італьян. barcarola ад barca лодка),
лірычная песня венецыянскіх гандальераў (наз. таксама гандальерай). Муз. памер . Для баркаролы тыповыя мяккае пагойдванне руху мелодыі накшталт плёскату хваляў, манатонны рытмічны малюнак суправаджэння, мінорны лад. З 18 ст. жанр прафес. музыкі; найб. пашыраны ў 19 ст. У такіх баркаролах мажорны лад, памер 12/8, 3/4 і інш. Сустракалася ў операх пераважна італьян. і франц. кампазітараў. Вакальныя баркаролы ёсць у Ф.Шуберта, М.Глінкі, баркаролы для фп. — у Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, А.Лядава і інш. У аснове некаторых баркарол — нар. мелодыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Клеменс) (1828, Вільня — ?),
бел. скульптар. Вучань К.Ельскага. Скончыў Пецярбургскую АМ, дзе атрымаў дыплом за бюст з натуры (1851). З 1861 жыў у Парыжы. Ствараў партрэтныя скульптуры (бюсты, медалі), надмагільныя помнікі, творы на рэліг. тэмы, выкарыстоўваючы пластыку з розных матэрыялаў — гіпсу, мармуру, бронзы. З 1867 дэманстраваў работы ў парыжскіх салонах. Сярод твораў: бюсты генерала В.Замойскага (1867), Л.Нядзведскага (1869), франц. мастака Э.Дэлакруа (1873), рус. філосафа Р.Вырубава, публіцыста З.Кржыжаноўскага-Лакруа (абодва 1881), эпітафія А.Чартарыйскага (1866—68), партрэтныя медальёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСКЕ́Т (франц. bosquet ад італьян. baschetto лясок, гаёк),
дэкаратыўная група дрэў або кустоў, густа пасаджаных вакол невял. замкнёнага ўчастка геам. формы і падстрыжаных у выглядзе высокіх роўных сценак (шпалер). Ствараюцца ў парках, бат. садах, дэндрарыях. У зялёных сценках баскету часам выразаюць спец. нішы для скульптур або малых арх. формаў. У еўрап. садова-паркавым мастацтве пашыраны з 16—18 ст. На Беларусі вядомы ў парках 18 ст. (Дубайскі парк, у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.). Элементы баскету выкарыстоўваюцца ў сучасным садова-паркавым мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЙЛЬ ((Bayle) П’ер) (18.11.1647, Карла-Бейль, дэп. Ар’еж, Францыя — 28.12.1706),
французскі публіцыст, філосаф, адзін з ранніх прадстаўнікоў франц. Асветніцтва. Праф. Седанскай акадэміі (1675—82) і Ратэрдамскага ун-та (1681—92). Яго светапогляд сфарміраваўся пад уплывам скептыцызму Мантэня, філасофіі Дэкарта, прыродазнаўчанавук. адкрыццяў 17 ст.Асн. твор «Гістарычны і крытычны слоўнік» (т. 1—2, 1695—97) паўплываў на развіццё еўрап. вальнадумства. Ад ідэі верацярпімасці Бейль прыйшоў да рэліг. скептыцызму, крытыкаваў рэліг. догматы і сцвярджаў незалежнасць маралі ад рэлігіі, распаўсюджваючы свой скептыцызм на традыц. філасофію і навуку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАЖЫ́Р (франц. autogyre ад грэч. autos сам + gyros круг),
вінтакрылы лятальны апарат, цяжэйшы за паветра, папярэднік верталёта. Выкарыстоўвалі аўтажыр для сувязі, разведкі, карэкціроўкі артыл. агню і інш. Вынаходнік аўтажыра — іспанскі інж. Хуан дэ ла Сіерва (1922). У б.СССР будаваліся ў 1929—40.
Пад’ёмная сіла аўтажыра стваралася нясучым вінтом-ротарам, што знаходзіўся на верт. восі і свабодна круціўся ў гарыз. плоскасці пад дзеяннем патоку паветра. Цягу для гарыз. палёту забяспечваў самалётны вінт, аўтажыр не меў патрэбы ў вял. узлётнай (пасадачнай) скорасці і даўжыні разбегу, не зрываўся ў штопар. Выцеснены верталётамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІНА́Ж (ад франц. affinage ачыстка),
працэс атрымання высакародных металаў высокай чысціні шляхам ачысткі ад дамешкаў; адзін з відаў рафінавання металаў. Золата і серабро ачышчаюць электролізам (чысты метал асядае на катодзе); атрыманае золата мае пробу не ніжэй за 999,9. Плаціну і металы плацінавай групы ачышчаюць т.зв. «мокрым» спосабам: раствараюць у мінер. кіслотах і асаджаюць спец. рэагентамі (хлорысты амоній, аміяк, цукар). Афінаж золата робяць і «сухім» спосабам: расплаўляюць, насычаюць хлорам, хларыды невысакародных металаў выпарваюць, хларыды серабра ўсплываюць на паверхню. Проба золата 996,5, серабра, адноўленага з хларыдаў, 999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́ША (франц. affiche),
від рэкламы, паведамлення пра спектакль, канцэрт, лекцыю, кінафільм ці інш.культ.-масавае, відовішчнае, спарт. мерапрыемства. Размнажаюць паліграф. або трафарэтным спосабам. Можа быць шрыфтавая, маляваная, з выкарыстаннем фатаграфіі.
Як выдавецкая, відовішчна-тэатр. і гандл. аб’ява вядома ў Еўропе з 16 ст. Масавае пашырэнне атрымала ў 19 ст. На Беларусі пашырана з сярэдзіны 19 ст. Друкаваная афіша папярэднічала пастаноўцы першай бел. оперы «Ідылія» С.Манюшкі (1852). У галіне афішы працуюць бел. плакатысты У.Васюк, У.Жук, У.Крукоўскі, І.Радунскі, В.Смаляк, М.Стома, І.Уладычык і інш.