БУТАДЫЕ́НАВЫЯ КАЎЧУКІ́,

дывінілавыя каўчукі, сінтэтычныя палімеры; прадукт полімерызацыі бутадыену. У залежнасці ад метаду полімерызацыі атрымліваюць бутадыёнавыя каўчукі з рознай колькасцю цыс -1,4; транс -1,4 і 1,2 бутадыенавых звёнаў (гл. Геаметрычная ізамерыя).

Адрозніваюць бутадыенавыя каўчукі стэрэарэгулярныя (полімерызацыя ў растворы) і нестэрэарэгулярныя (полімерызацыя ў прысутнасці шчолачных металаў), якія маюць адпаведна сярэднялікавую мал. масу (70—280)·10​3 і (85—200)·10​3, шчыльн. 900—920 кг/м³. У вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, гумавага абутку і інш. выкарыстоўваюць стэрэарэгулярныя Б.к. (гума на іх аснове зноса- і марозаўстойлівая, з добрымі дынамічнымі ўласцівасцямі).

Я.І.Шчарбіна.

т. 3, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТЫЛКАЎЧУКІ́,

сінтэтычны палімер, супалімер ізабутылену з невял. колькасцю ізапрэну, [—C(CH3)2—CH2—]m—[—CH2—C(CH3)=CH—CH2—]n. Мал. маса (3—7)·10​5, шчыльн. 910—920 кг/м³, т-ра шклавання -69 °C. Асаблівасці — нізкія ненасычанасць, пара- і газапранікальнасць. Атрымліваюць нізкатэмпературнай (ад -80 °C да -95 °C) полімерызацыяй ізабутылену з 0,6—5 малярнымі % ізапрэну ў прысутнасці каталізатара (хларыд алюмінію AlCl3). Гума на аснове бутылкаўчукоў ўстойлівая да ўздзеяння азону, к-т, шчолачаў і інш. агрэсіўных рэчываў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці аўтамабільных і варачных камер, дыяфрагмаў фарматараў-вулканізатараў шын, дэталяў харч. машынабудавання, мед. вырабаў, электраізаляцыйных матэрыялаў і інш.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙЦЕ́НКА (Уладзімір Сяргеевіч) (н. 14.2.1938, в. Вязавое Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне геамеханікі. Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1988). Скончыў Маскоўскі ін-т нафтахіміі і газавай прам-сці імя І.М.Губкіна (1964). У 1974—76 і з 1991 (нам. дырэктара) у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це. Навук. працы па тэхналогіі бурэння, мацавання і выпрабавання нафтавых і газавых свідравін у складаных горна-геалагічных умовах.

Тв.:

Управление горным давлением при бурении скважин. М., 1985;

Прикладная геомеханика в бурении. М., 1990;

Физикохимия дисперсных систем. М., 1990 (разам з У.Дз.Шантарыным).

т. 3, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНАЕ ЛІЦЦЁ,

атрыманне адлівак ліццём вадкага металу ў ліцейную форму пад вакуумам (40—0,3 Па). Ажыццяўляецца вакуумным усмоктваннем металу ў форму, вакуумна-цэнтрабежнай заліўкай, ліццём у вакууме пад ціскам, заліўкай формы свабодна падаючым струменем у вакуумнай камеры і інш. Пры вакуумным ліцці з формы выдаляюцца газы, што дае магчымасць атрымаць шчыльныя, з гладкай паверхняй высакаякасныя адліўкі. Вакуумнае ліццё выкарыстоўваецца ў вытв-сці нікелю, тытану, цырконію, урану, берылію, іншых каляровых металаў і іх сплаваў. У спалучэнні з вакуумнай плаўкай пашыраны пры вырабе фасонных адлівак са спец. сплаваў і сталяў.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНАДА́ТЫ,

солі ванадыевых кіслот (не вылучаныя ў свабодным стане): ортаванадыевай H3VO4, метаванадыевай HVO3 і інш. Метаванадаты шчолачных і шчолачназямельных металаў (крышталічныя рэчывы) адносна легкаплаўкія злучэнні (кальцыю метаванадат tпл 775 °C), ортаванадаты больш тугаплаўкія (натрыю ортаванадат tпл 1285 °C). Ванадаты шчолачных металаў, магнію і амонію добра раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць пры растварэнні аксіду ванадыю (V2O5) у шчолачах ці пры яго сплаўленні з аксідамі, карбанатамі і нітратамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ванадыю і яго сплаваў, як каталізатары, пратраву пры фарбаванні тканін, ванадаты кальцыю і рэдказямельных элементаў — у лазернай тэхніцы.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЕ́ННЕ,

працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.

Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ЛІЦЕ́ЙНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.

Створаны ў 1902 у г. Ваўкавыск (цяпер у Гродзенскай вобл.) на базе майстэрні як чыгуналіцейны з-д. У 1902 працавала 13 рабочых, якія выплаўлялі 50—60 пудоў чыгуну за год і выраблялі ручныя сячкарні і конныя прыводы да малатарань. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944. У 1947 дабудаваны. З 1962 сучасная назва. У 1964—66 рэканструяваны. Дзейнічаюць цэхі: ліцейны, загатовачна-зварачны, 2 механазборачныя. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для ліцейнай вытв-сці, буд. тэхніка, с.-г. абсталяванне, у т. л. сячкарні.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

здольнасць глебы паглынаць і затрымліваць вільгаць. Вызначаецца ў працэнтах ад аб’ёму або ад масы сухой глебы. Залежыць ад грануламетрычнага саставу і структуры глебы, колькасці ў ёй гумусу. Найб. вільгацяёмістыя чарназёмы і балотныя глебы. Адрозніваюць поўную, капілярную, палявую, максімальную адсарбцыйную, або гіграскапічную, і інш. віды вільгацяёмістасці глебы. Для с.-г. вытв-сці найб. значэнне мае палявая вільгацяёмістасць глебы, якая вызначае макс. велічыню запасу карыснай для раслін глебавай вільгаці. Па яе велічыні вызначаюць аптымальныя нормы палівання с.-г. і інш. культур. Гл. таксама Вільготнасць глебы, Водны рэжым глебы.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НКЛЕР ((Winkler) Клеменс Аляксандр) (26.12.1838, г. Фрайберг, Германія — 8.10.1904),

нямецкі хімік, распрацоўшчык прамысл. спосабу атрымання сернай кіслаты. Вучыўся ў Фрайбергскай горнай акадэміі (1857—59) і Лейпцыгскім ун-це, працаваў на хім. з-дах. У 1873—1902 праф. Фрайбергскай горнай акадэміі. Навук. працы па хім. тэхналогіі, неарган. і аналітычнай хіміі. Адкрыў германій (1886), існаванне якога прадказваў Дз.І.Мендзялееў у 1870. Распрацаваў метады хім. аналізу газаў і даследаваў асноўны працэс кантактнага спосабу вытв-сці сернай к-ты: каталітычнае акісленне дыаксіду серы.

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАМІНАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія ўтвараюць і назапашваюць у розных органах (лістах, пладах, каранях, сцёблах і інш.) вял. колькасць вітамінаў ці правітамінаў. Адна з асн. крыніц забеспячэння арганізма чалавека і жывёл вітамінамі, сыравіна для іх вытв-сці. Напр., з пладоў шыпшыны, няспелых пладоў грэцкага арэха гатуюць вітамінныя канцэнтраты, з ягад чорных парэчак, абляпіхі — вітамінізаваныя прадукты харчавання, з ігліцы хвоі, елкі, з лісця бярозы, пладоў шыпшыны — экстракты. Амаль усе расліны маюць у сабе розныя вітаміны ў рознай колькасці, некаторыя вітаміны ёсць толькі ў пэўных відах раслін.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)