літаратурна-мемарыяльны музей у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Адкрыты 11.9.1938 у будынку, пастаўленым на месцы дома, дзе жылі бацькі А.Міцкевіча. У Вял.Айч. вайну разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1955 да 100-годдзя з дня смерці Міцкевіча. У 1989 праведзена рэканструкцыя сядзібы, якой нададзены выгляд пач. 19 ст. Адноўлены свіронак, альтанка, студня, флігель, які злучаны падземным пераходам з гал. домам. У 1992 адкрыта новая экспазіцыя. У музеі 7 экспазіц. залаў, пл. экспазіцыі 337 м². Больш за 5000 экспанатаў (2000) асн. фонду знаёмяць з жыццёвым і творчым шляхам Міцкевіча, яго грамадскай і паліт. дзейнасцю. Сярод экспанатаў прыжыццёвыя і сучасныя выданні твораў паэта, яго кнігі ў перакладах на мовы народаў свету, асабістыя рэчы, рукапісы перакладаў твораў Міцкевіча бел. паэтамі, карціны мастакоў 19 — пач. 20 ст. Ю.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Р.Мясаедава, творы жывапісу, графікі і скульптуры сучасных бел. майстроў Л.Асецкага, К.Качана, П.Крахалёва, А.Шыбнёва, прысвечаныя паэту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АРГАНІЗАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Тпа падрыхтоўцы да сустрэчы трэцяга тысячагоддзя і святкавання 2000-годдзя хрысціянства.
Створаны 4.8.1998. Узначальвае Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь У.В.Ярмошын (да 14.4.2000 С.С.Лінг); уваходзяць дзеячы культуры, прадстаўнікі органаў дзярж. кіравання, духавенства. Асн. кірункі дзейнасці: міжнар. сувязі, культ.-масавая і інфарм.-тлумачальная работа, выдавецкая дзейнасць, правядзенне навук.-практычных канферэнцый, фестываляў, конкурсаў, прысвечаных знамянальным падзеям, а таксама садзейнічанне рэліг. арг-цыям ва ўмацаванні іх матэрыяльна-тэхн. базы [буд-ва, рэстаўрацыя і рамонт храмаў, напр., праваслаўных цэркваў (комплексаў) Мінска, Віцебска, Друцка, касцёлаў у Гродне, Пінску, Нясвіжы і інш.]. Аргкамітэт мае сваю эмблему (аўтар мастак Л.І.Талбузін) з выявай узноўленага Крыжа Ефрасінні Полацкай. Рабочую групу Аргкамітэта ўзначальвае старшыня Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь А.М.Білык. Рабочая група каардынуе дзейнасць міжнар., дзярж. і грамадскіх арг-цый па падрыхтоўцы да юбілеяў, падтрымлівае сувязі з аргкамітэтамі, якія створаны ў шэрагу краін свету, і з суайчыннікамі за межамі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖЫ́НСКАЯ (Браніслава Фамінічна) (8.1.1891, Мінск —22.2.1972),
расійская танцоўшчыца, балетмайстар, педагог; адзін з рэфарматараў харэаграфіі 20 ст. Сястра В.Ф.Ніжынскага. Скончыла Пецярбургскую тэатр. школу (1908). У 1908—11 у Марыінскім т-ры. У 1909—13 выступала ў спектаклях Рускіх сезонаў за мяжой; партыі Матылёк («Карнавал» на муз. Р.Шумана), Вулічная танцоўшчыца («Пятрушка» І.Стравінскага) і інш. З 1915 выступала і выкладала ў Кіеве. У 1921—24 танцоўшчыца, балетмайстар і рэж. трупы Рускі балет Дзягілева. Ў 1938 засн. балетную школу ў Лос-Анджэлесе, з 1952 кіравала школай «Бале тыэтр» (Нью-Йорк). Да 1966 працавала ў т-рах і трупах свету. Сярод пастановак: «Байка пра Лісу...» (1922), «Вяселейка» (1923), «Пацалунак феі» (1928) Стравінскага, «Лані» Ф.Пуленка і «Блакітны экспрэс» Д.Міё (1924), «Эцюды» на муз. І.С.Баха і «Варыяцыі» на муз. Л.Бетховена (1932), «Гамлет» на муз. Ф.Ліста (1934, і гал. роля). Сярод вучняў А.Кент, С.Ліфар. Аўтар кн. «Школа руху: тэорыя харэаграфіі» (1920), «Танцавальная спадчына» (выд. 1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫ РАМА́Н»,
«неараман», «антыраман», разнавіднасць франц. мадэрнісцкай прозы 1950—70-х г. Характарызуецца адмаўленнем традыцый франц.рэаліст. рамана 19—20 ст., яго маст. тэхнікі, традыц. манеры апавядання, сюжэта, устойлівых характараў і непаўторных лёсаў герояў. Ідэі «неараманістаў» пераклікаліся з філасофіяй «смерці чалавека» культуролага М.Фуко. Прадстаўнікі «Н.р.» (Н.Сарот, А.Роб-Грые, М.Бютор, К.Сімон, К.Марыяк і інш.) лічылі ўстарэлым і неактуальным само паняцце асобы і трактоўку яе ў л-ры і культуры. Акцэнт рабіўся на ўнутр. дыялагічную стыхію несвядомага і падсвядомага («магма падсвядомага» Сарот), на падкрэслена бясстраснае апісанне прадметаў знешняга свету («рэчавізм» Роб-Грые), на мазаіцы думак, успрыняццяў, якія складваліся ў «міфалагему» пэўнай цывілізацыі (поліфанічныя тэксты Бютора). «Неараманісты» спрабавалі выпрацаваць новую тэхніку і структуру бясфабульнага і безгеройнага апавядання, проціпастаўлялі пазнавальныя здольнасці мастацтва і яго каштоўнасна-сэнсавую накіраванасць, што заводзіла прозу ў тупік самагоднай пісьменніцкай тэхналогіі.
Літ.:
Еремеев Л.Н. Французский «новый роман». Киев, 1974;
Андреев Л.Г. Современная литература Франции, 60-е гг.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ФОНД,
сукупнасць паляўнічых жывёл, што жывуць у стане прыроднай свабоды, таксама выпушчаных у паляўнічыя ўгоддзі з мэтай узбагачэння іх фауны ці развядзення. Выкарыстанне і ахова П.дз.ф. рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету», палажэннямі аб паляванні і вядзенні паляўнічай гаспадаркі і інш. нарматыўнымі актамі. Здабыча ласёў, аленяў высакародных, дзікоў, казуль, баброў, выдры, глушцоў вядзецца па разавых дазволах з паляўнічымі пуцёўкамі, астатнія віды паляўнічых жывёл — па паляўнічых пуцёўках. Здабычу дзікіх жывёл плануюць на кожны каляндарны год і паляўнічы сезон з улікам рацыянальнага выкарыстання запасаў і захавання матачнага пагалоўя, здольнага забяспечыць макс. аднаўленне статка. Выдаецца таксама дазвол на адлоў ці адстрэл дзікіх жывёл у навук. мэтах. Штогод праводзіцца ўлік колькасці паляўнічых жывёл. Для павелічэння колькасці і відавога складу праводзяцца мерапрыемствы па выпуску ў паляўнічыя ўгоддзі фазанаў, качак і інш. У П.дз.ф. не ўваходзяць дзікія жывёлы, якіх гадуюць на фермах, у гадавальніках, заапарках, вальерах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІ́РУС (лац. papyrus ад грэч. papuros),
пісчы матэрыял, які ў старажытнасці і раннім сярэдневякоўі вырабляўся з травяністай расліны папірусу, а таксама рукапісы на гэтым матэрыяле. Упершыню вынайдзены ў Стараж. Егіпце ў пач. 3-га тыс. да н.э. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. шырока распаўсюдзіўся ў іншых краінах Міжземнамор’я. Для прыгатавання пісчага матэрыялу стрыжань сцябла расліны разразалі на падоўжныя палосы, шчыльна ўкладвалі на гладкую дошку, склейвалі, клалі пад прэс і высушвалі на сонцы — атрымлівалі доўгую трывалую старонку. Старонкі склейвалі і скручвалі ў скруткі. У Егіпце П. карысталіся да 9 ст.н.э. Дакументы папскай канцылярыі пісаліся на П. яшчэ ў 11 ст., з 8 ст. яго пачала замяняць папера (слова паходзіць ад «П.»), якая пранікла ў Еўропу з Кітая праз Багдад. Захаваліся егіп., грэч., лац., копцкія, арабскія і інш. П. — каштоўная крыніца для вывучэння гасп., культ. і паліт. жыцця Стараж. Егіпта і антычнага свету. Тэксты П. вывучае папіралогія.
Літ.:
Коростовцев М.А. Введение в египетскую филологию. М., 1963. С. 19—27.
французскі паэт-песеннік. Удзельнік і чл.Парыжскай камуны 1871. У 1871—80 у эміграцыі ў Англіі і ЗША. Літ. дзейнасць пачаў у 1830 у час рэв. падзей у Францыі. Аўтар «Інтэрнацыянала» (1871, апубл. 1877; пакладзены на муз. П.Дэгейтэрам, 1888), паэм «Парыжская камуна», «Рабочыя Амерыкі — рабочым Францыі», «Партыя рабочых» (усе 1877), паэт. зб-каў «Юная муза» (1831), «Сацыяльна-эканамічныя вершы і сацыялістычныя рэвалюцыйныя песні», «Дык хто ж вар’ят?» (абодва 1884), «Рэвалюцыйныя песні» (1887). Яго вершы па форме і змесце — паліт. маніфесты, адметныя дынамізмам, экспрэсіўнасцю, спалучэннем патэтыкі і пафаснасці з сатырай і гратэскам. У сваёй творчасці сумясціў традыцыі П. Беранжэ і В.Гюго. На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі Я.Купала, А.Александровіч, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Паэты Парыжскай камуны. Мн., 1971;
У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАБЫ́ТНЫЯ ЖЫВЁЛЫ І РАСЛІ́НЫ,
першыя на Зямлі арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі біясферы далі пачатак усёй разнастайнасці раслінных і жывёльных форм жыцця. Узнікалі, развіваліся і знікалі на працягу многіх мільёнаў гадоў. Першыя сляды жывых істот выяўлены ў горных пародах, узрост якіх вызначаны ў 3,5 млрд. гадоў. Першыя формы жыцця ўзніклі, верагодна, у дакембрыйскіх морах (гл.Дакембрый) і падзяліліся на 2 асн. групы — расліны і жывёлы, якія за пэўны час прайшлі эвалюц. шлях ад аднаклетачных да шматклетачных арганізмаў. Першапачатковыя аднаклетачныя істоты адносіліся да групы найб. прымітыўных арганізмаў — пракарыёт. Сярод некат. плаваючых іх форм узніклі першыя сапраўдныя аднаклетачныя — эўкарыёты. У канцы пратэразою (у вендзе, каля 600 млн.г. назад) у адкладах адзначаны адбіткі мнагаклетачных арганізмаў, якія бачны простым вокам. Прадстаўнікі найб.стараж. жывёл — археацыяты — з’явіліся каля 570 млн.г. назад. У канцы кембрыйскага перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, а расліны былі прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі. Далейшая эвалюцыя біясферы прывяла да сучаснага стану флоры і фауны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫ́КЛ (Periklēs; каля 490—429 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч, стратэг Афінаў у 444—31 і 429 да н.э. Паходзіў са стараж. арыстакратычнага роду; атрымаў добрую адукацыю, Прыхільнік дэмакратыі, працягваў распачатую Эфіяльтам дэмакратызацыю дзярж. ладу Афінаў. Ініцыіраваў скасаванне маёмаснага цэнзу пры выбранні службовых асоб і ўвядзенне грашовай аплаты працы суддзяў. Пры ім вялося шырокае ваен., грамадскае і культавае буд-ва, у т. л. пабудаваны Афінскі Акропаль. Імкнуўся забяспечыць марскую магутнасць Афінаў, цэнтралізацыю Архе Афінскай, супрацьстаяў Пелапанескаму саюзу. Паспрыяў паліт. і эканам. росквіту Афінаў, ператварэнню іх ў буйны культ. цэнтр стараж.свету.
Літ.:
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до н.э.Мн., 1975;
Кравчук А. Перикл и Аспазия: Ист.-худож. хроника: Пер. с пол. М., 1991;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания. М.;
Харьков, 1999.
Я.У.Новікаў.
Перыкл. Мармуровая копія з бронзавага бюста Крэсілая. 2-я пал. 5 ст да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНА́ЕВА ((дзявочае Хведасюк) Людміла Іосіфаўна) (н. 14.1.1936, г. Краснае Сяло Ленінградскай вобл., цяпер у межах г. С.-Пецярбург),
расійская спартсменка і трэнер (веславанне на байдарках). Засл. майстар спорту СССР (1964). Скончыла школу трэнераў пры Дзярж. ін-це фіз. культуры (1963, С.-Пецярбург). Педагог-выхавацель. Чэмпіёнка XVIII і XIX Алімп. гульняў (1964, Токіо; 1968, Мехіка) па веславанні на байдарцы-адзіночцы (к-1) на дыстанцыі 500 м, XX Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія) — на байдарцы-двойцы (к-2) з К.Курышка; бронз. прызёр на к-2 (з А.Серадзінай). Чэмпіёнка свету 1966 на к-1 і на байдарцы-чацвёрцы (к-4); 1970 на к-1; 1971 на к-1 і к-4; 1973 на к-4. Чэмпіёнка Еўропы 1961 на к-2 (з Н.Грузінцавай); 1965 на к-1 і к-4; 1967 на к-1, к-2 (з Серадзінай) і к-4. 19-разовая чэмпіёнка СССР (1960—62, 1964—68, 1970—73) на к-1, к-2 і к-4.