ВО́ІНСКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,

устаноўлены законам абавязак насельніцтва несці ваенную службу ва ўзбр. сілах сваёй краіны. Упершыню воінская павіннасць уведзена ў 1798 у Францыі законам пад назвай «канскрыпцыя». З мэтаю стварэння масавай арміі да сістэмы воінскай павіннасці паступова перайшлі Прусія (1814—15), Аўстра-Венгрыя (1868), Расія (1874; да гэтага існавала рэкруцкая павіннасць), Італія (1875) і інш. дзяржавы. Вялікабрытанія і ЗША, дзе войскі камплектаваліся праз вярбоўку, уводзілі ўсеагульную воінскую павіннасць у час 1-й і 2-й сусв. войнаў. У СССР ваен. служба ажыццяўлялася на аснове абавязку воінскага. Гэты спосаб камплектавання ўзбр. сіл захаваўся і ў Рэспубліцы Беларусь.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАВА (Людміла Пятроўна) (н. 29.7.1944, г. Рубцоўск, Расія),

бел. графік. Скончыла маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1967). Працуе ў галіне акварэлі і пастэлі. Створаны ёю фантаст.-казачны свет вобразаў навеяны літ. творамі або ўласнымі ўяўленнямі; мнагамернасць вобразнасці набліжае творы да традыцый сімвалізму. Сярод твораў: «Над возерам» (1967), «Марс. Зямляне» (1969), «Стары Віцебск» (1981), «Сінія кветкі» (1990), «Нацюрморт са званочкамі» (1991), «Кветкі і кераміка» (1992), «Кентаўр», «Флора» (абодва 1994), «Іншыя светы» (1995); серыі «Восень» (1975), «Фантастыка» (1977), «Крылатыя» (1993), «Багі — прывіды цемры» (1996) і інш.

М.​Л.​Цыбульскі.

Л.Воранава. Флора. 1994.

т. 4, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЭ́ЙСКІ (Арэст Георгіевіч) (н. 20.7.1915, в. Аносава Смаленскай вобл., Расія),

рускі графік. Нар. мастак СССР (1983). Правадз. чл. АМ СССР (1983). Сын Г.С.Вярэйскага. У 1936—38 свабодны слухач Ленінградскай АМ. Асн. работы: ілюстрацыі да кн. «Васіль Цёркін» А.​Твардоўскага (1942—48); «Ціхі Дон» (1951—52), «Лёс чалавека» (1958) і «Паднятая цаліна» (1967) М.​Шолахава і інш. Выканаў серыі станковых работ: «Твар ворага» (1942), «А.​В.​Сувораў» (1950), «Ангара» (1959—60), «Петраградцы 1917 г.» (1967) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Н.​В.​Шаранговіч.

А.Вярэйскі. Рыгор і Аксіння. Ілюстрацыя да кнігі М.​А.​Шолахава «Ціхі Дон». 1951—52.

т. 4, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЗ»,

марка грузавых аўтамабіляў. Выпускаецца акц. аб’яднаннем «ГАЗ» (г. Ніжні Ноўгарад, Расія) з 1932. Мае алюмініевы блок цыліндраў, гіпоідную гал. перадачу, гідравакуумны ўзмацняльнік тармазоў, самаблакіравальны дыферэнцыял. З 1996 выпускаюцца бартавыя аўтамабілі з магутнасцю рухавіка 73,5—102 кВт, грузападымальнасцю 4—5,5 т, найб. скорасцю 80—90 км/гадз, а таксама поўнапрыводная мадэль ГАЗ-66-12-010 (88,3 кВт; 2 т; 90 км/гадз); з 1994 — «Газель» ГАЗ-3302 (73,5 кВт; 1650 кг; 115 км/гадз); з 1995 — яе мадыфікацыі, у т. л. 12-месцавы мікрааўтобус ГАЗ-3221.

Да арт. «ГАЗ». Грузавы аўтамабіль «Газель».

т. 4, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДА́Й (Зоя Міхайлаўна) (1.6.1902, г. Тамбоў, Расія — 21.4.1965),

украінская спявачка (сапрана). Нар. арт. СССР (1944). Скончыла Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.​Лысенкі (1927). У 1928—55 салістка Кіеўскага, у 1930—34 — Харкаўскага т-раў оперы і балета. У 1947 — 65 выкладала ў Кіеўскай кансерваторыі (з 1963 праф.). Сярод партый: Наталка («Наталка Палтаўка» Лысенкі), Аксана («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Ганна («Наймічка» М.​Верыкоўскага), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Выступала як камерная спявачка. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1933, 1-я прэмія). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛКО́ (Іван Кірылавіч) (н. 11.8.1935, в. Палянка Бранскай вобл., Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1982), праф. (1983). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1965). Быў на камсамольскай і парт. рабоце, выкладаў у ВНУ Брэста і Мінска. З 1992 праф. Бел. недзяржаўнага ін-та правазнаўства. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы сац. планавання, сацыялогіі асобы, працы і права. Аўтар навуч. дапаможніка «Сацыялогія; Сацыялогія права як галіновая сацыялагічная тэорыя» (1992, разам з В.​А.​Уладзіміравым).

Тв.:

Роль труда и искусства в формировании духовного облика строителя коммунизма. Мн., 1971;

Человеческий фактор в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1988.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБІ́НСКІ (сапр. Пяскоў) Яўген Еўсцігнеевіч

(12.3.1834, г. Кастрама, Расія — 20.1.1912),

гісторык рус. правасл. царквы. Д-р багаслоўя (1880), праф. (1881), акад. Пецярбургскай АН (1903; чл.-кар. 1882). Скончыў Кастрамскую семінарыю, Маскоўскую духоўную акадэмію (1858), дзе з 1861 выкладаў гісторыю рус. царквы. У гал. працы «Гісторыя рускай царквы» (т. 1—2, 1880—1900; ахоплівае перыяд з 10 да сярэдзіны 16 ст.) змешчаны вял. фактычны матэрыял, у т. л. па гісторыі правасл. царквы ў ВКЛ. Быў лібералам-заходнікам, падзяляў гісторыю рус. царквы на перыяд «пісьменнасці» (дапятроўскі) і «асветы» (пасляпятроўскі), абверг верагоднасць шэрагу царк. легенд.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПЕ́ЕЎ (Яфім Данілавіч) (8.3.1908, в. Левенка Бранскай вобл., Расія — 3.7.1990),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1949). З 1931 у Чырв. Арміі. З 1933 на сав. і парт. рабоце. З ліп. 1941 у тыле ворага, з студз. 1943 упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і БШПР па Лідскай зоне, у крас. 1943 — ліп. 1944 камандзір Лідскага партыз. злучэння, адначасова кіраўнік Лідскага падп. міжрайпартцэнтра, сакратар Баранавіцкага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны на парт. рабоце. Ганаровы грамадзянін г. Ліда.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́НІН (Анатоль Іванавіч) (н. 27.5.1923, в. Чартовічы Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1982). Скончыў Бежыцкі ін-т трансп. машынабудавання (1951). У 1959—62 1-ы сакратар Гродзенскага гаркома КПБ. У 1967—73 дырэктар праектна-тэхнал. ін-та «Белбыттэхпраект», адначасова генеральны дырэктар НВА «Белбыттэхніка». У 1976—88 у Бел. дзярж. ін-це нар. гаспадаркі. У 1991—93 у Акадэміі кіравання пры СМ Беларусі. Навук. працы па праблемах паскарэння, навук.-тэхн. прагрэсу, асаблівасцях развіцця рыначнай эканомікі ў Беларусі.

Тв.:

Технический прогресс и экономика предприятий бытового обслуживания. Мн., 1974;

Бытовые услуги при социализме. Мн., 1977.

т. 5, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБУНО́ВА (Людміла Васілеўна) (н. 13.8.1939, г. Новасібірск, Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла студыю пры Астраханскім драм. т-ры (1961), у якім і працавала. З 1968 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Паланея, Альжбета («Прымакі», «Паўлінка» Я.​Купалы), Марыля («Легенда пра песню няспетую» М.​Пало і І.​Папова), Ігнаціха («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа), Марфа («Дагарэла свечачка да палічкі» А.​Петрашкевіча), Насцёна («Жыві і помні» паводле В.​Распуціна), Юлечка, Ларыса («Даходнае месца», «Беспасажніца» А.​Астроўскага), Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Інеса («Каханне не жарты» П.​Кальдэрона).

т. 5, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)