ВАСІ́ЛЬ (свецкае імя Тамашчык Уладзімір; 15.4.1900, в. Вялікія Азяраны, Беласточчына — 9.6.1970),
бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч. Д-р багаслоўя. Скончыў Пражскі політэхн. Ін-т (1934), Украінскую багаслоўскую акадэмію ў Мюнхене (1948). У 1927 арыштаваны польск. ўладамі за бел. грамадска-паліт. дзейнасць. З 1930 у г. Прага. З 1941 на Беласточчыне. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1949 пастрыжаны ў манахі і яму нададзены сан архімандрыта, пасля — епіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. З 1951 у ЗША, узначаліў амер. епархію БАПЦ, у 1951—52 — Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Браў удзел у выданні час. «Голас царквы».
Л.У.Языковіч.
т. 4, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙЦМАН Эзер (н. 15.6.1924, Тэль-Авіў),
ваенны і палітычны дзеяч Ізраіля. Генерал. Пляменнік Х.Вейцмана. Вучыўся ў каралеўскім штабным каледжы ваен.-паветр. сіл, лётным вучылішчы ў Радэзіі, на авіяц. інж. курсах у Англіі. У 1942—46 служыў у брыт. арміі ў Егіпце і Індыі. У 1948—66 на камандных пасадах у ВПС Ізраіля, у 1966—69 у ген. штабе. З 1969 у адстаўцы. У 1969—70 міністр транспарту. У 1970—72 старшыня выканкома партыі «Херут». У 1977—80 міністр абароны. З 1984 лідэр партыі «Ягад», якая выступае за мір з арабамі. У 1988—90 міністр навукі і даследаванняў. З 1993 прэзідэнт Ізраіля.
т. 4, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬЯ (Villa) Франсіска, Панча Вілья [сапр. Аранга (Arango) Даратэа; 4.10.1877, г. Рыо-Грандэ, Мексіка — 20.7.1923], дзеяч Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, нац. герой Мексікі. Удзельнічаў у звяржэнні дыктатуры П.Дыяса (1911), задушэнні мяцяжу П.Ароска (1912). У 1913 сфарміраваў і ўзначаліў паўстанцкую Паўн. дывізію, якая дзейнічала ў штатах Чыўаўа і Кааўіла, дзе праводзілася раздача канфіскаваных зямель сялянам, канфіскацыя прамысл. прадпрыемстваў, адкрываліся школы. Разам з сял. арміяй Э .Сапаты атрады Вільі ў снеж. 1914 уступілі ў Мехіка, але ў студз. 1915 пасля паражэння пакінулі сталіцу. У 1916—17 змагаўся супраць інтэрвенцкіх войск ЗША. У 1916—19 вёў партыз. барацьбу супраць урада Карансы. У 1920 адышоў ад рэв. руху. Забіты.
т. 4, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РХАЎ (Virchow) Рудольф (13.10.1821, Шыфельбайн, Германія, цяпер г. Свідвін, Польшча — 5.9.1902),
нямецкі прыродазнавец, анатам і патолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік паталагічнай анатоміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1881). Скончыў Берлінскі ун-т (1843). З 1849 у Вюрцбургскім ун-це (з 1856 праф.), адначасова дырэктар Ін-та паталогіі. Навук. працы па тэорыі цэлюлярнай (клетачнай) паталогіі, у адпаведнасці з якой паталаг. працэс — сума парушэнняў жыццядзейнасці асобных клетак арганізма. Апісаў патамарфалогію і растлумачыў патагенез асн. агульнапаталагічных працэсаў. Займаўся антрапалогіяй, археалогіяй і этнаграфіяй. У апошнія гады жыцця праціўнік эвалюц. вучэння Ч.Дарвіна. У 1880—93 чл. рэйхстага, адзін з заснавальнікаў і лідэраў ням. бурж.-ліберальнай прагрэс. партыі (1861, з 1884 — Партыя свабодамысных).
т. 4, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЛАВУ́Х (Wysłouch) Ігнацій Баляслаў Людвігавіч (22.11.1855, маёнтак Сохі, цяпер у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. — 13.9.1937),
польскі грамадскі дзеяч, публіцыст. У 1874—79 вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це. У 1879 арыштаваны за рэв. прапаганду сярод бел. і польскага студэнцтва. У 1880 адзін з кіраўнікоў Варшаўскай сацыял.-рэв. арг-цыі. Распрацаваў яе тэарэт. аснову, склаў новую праграму, у т. л. па нац. пытанні. У лют. 1880 арыштаваны, на 3 гады зняволены ў турму. У 1884 выехаў у Галіцыю. У 1886—87 рэдактар львоўскага час. «Przegląd Społeczny» («Грамадскі агляд»), у 1889 заснаваў газ. «Przyjaciel Ludu» («Сябар народа»). У 1922—28 чл. польскага сената.
В.М.Чарапіца.
т. 4, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТА́ЛІЙ,
усходнеславянскі рэліг. дзеяч і пісьменнік 1-й пал. 17 ст. Аўтар духоўных вершаў, перакладчык царк. кніг з грэч. і лац. моў. Пераклаў на царк.-слав. мову і выдаў кн. «Дыёптра, або Люстра жыцця людскога на тым свеце...» (Еўе, 1612; перавыдадзена ў Еўі і Вільні ў 1642, Куцейне ў 1651 і 1654, Магілёве ў 1698, Клінцах у 1786), прасякнутую царк.-рэліг. тэндэнцыямі. У кнізе змешчаны таксама тыпова барочныя паводле характару і стылю філас.-дыдактычныя вершы Віталія, у якіх праводзяцца ідэі хрысц. аскетызму, марнасці зямнога жыцця.
Літ.:
Франко І. Забутий український віршописець XVII в. // Зап. наук. т-ва ім. Шевченка. 1898. Т. 22, кн. 2.
А.Ф.Коршунаў.
т. 4, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІЧАРДЫ́НІ, Гуічардыні (Guicciardini) Франчэска (6.3.1483, г. Фларэнцыя, Італія — 22.5.1540), італьянскі гісторык, паліт. дзеяч. Праф. акадэміі права ў Фларэнцыі. Сябра і вучань Н.Макіявелі. У 1511—14 пасол Фларэнцыі ў Іспаніі. У 1516—34 нам. рымскага папы Льва Х у гарадах Мадэна, Рэджа-нель-Эмілія і Парма. З 1534 дарадчык Медычы, да 1537 адыгрываў значную ролю пры фларэнційскім двары. Аўтар прац: «Гісторыя Італіі» (1537—40, апубл. ў 1561—64, ахопліваў перыяд 1492—1532); «Дыялог аб кіраванні Фларэнцыяй» (1525); «Нататкі палітычныя і грамадзянскія» (1525—29) і інш. У сваіх працах выступаў за нац. і дзярж. аб’яднанне Італіі ў форме федэрацыі дзяржаў, за алігархічна-рэсп. форму кіравання.
т. 5, с. 106
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАРГІ́ЕЎ Кіман (11.8.1882, г. Пазарджык, Балгарыя — 28.9.1969),
дзярж. і паліт. дзеяч Балгарыі. Двойчы Герой Сац. Працы НРБ (1962, 1967). Скончыў ваен. школу ў Сафіі. Чл. паліт. партый і арг-цый: «Народная змова» (1921—23), «Дэмакратычная змова» (1923—31), «Звяно» (1931—34). У 1926—28 міністр транспарту, поштаў і тэлеграфа. Пасля ўзначаленага ім дзярж. перавароту (1934) стаў прэм’ер-міністрам (да 1935). У 1944—46 кіраўнік першага ўрада Айчыннага фронту Балгарыі. У 1944—49 старшыня паліт. партыі Нар. саюз «Звяно». Пазней займаў шэраг кіруючых парт. і дзярж. пасад, у т. л. нам. старшыні (1946—50, 1959—62), нам. старшыні Нац. савета Айч. фронту (1962).
т. 5, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ДСТАН (Gladstone) Уільям Юарт (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),
брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.
т. 5, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯКО́ЎСКІ Станіслаў (1896, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 1943),
бел. грамадскі і культурны дзеяч, публіцыст. Д-р тэалогіі. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, Грыгарыянскі ун-т у Рыме. Быў ксяндзом у прыходах Гродзеншчыны і Беласточчыны, выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і настаўніцкай семінарыі. Пасля высылкі польск. ўладамі з Вільні А.Станкевіча ўзначальваў бел. каталіцкую парафію. Арганізатар і выдавец бел. дзіцячага час. «Пралескі». Аўтар шэрагу артыкулаў па бел. гісторыі, філасофіі, этыцы ў перыяд. друку, якія падпісваў уласным прозвішчам і псеўданімамі (Стасіла, Стасюк з-пад Нёмна і інш.). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі разам з групай бел. каталіцкіх святароў.
А.С.Ліс.
т. 5, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)