ЛІЯФІЛІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. lyō раствараю + phileō люблю),

ліяфільная сушка, высушванне біял. матэрыялу ў замарожаным стане пад вакуумам. Вільгаць выдаляецца з замарожаных аб’ектаў шляхам сублімацыі лёду (пераўтварэння яго ў пару без вадкай фазы). Абязводжаны матэрыял лёгка раствараецца ў вадзе і аднаўляе свае ўласцівасці. Выкарыстоўваецца для захоўвання асн. якасцей біял. прэпаратаў (у электроннай мікраскапіі), атрымання сухой плазмы крыві, мікрабіял., харч. і хім. прамысловасці.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́Т, Мануту (араб. лёс, смяротны лёс),

у старажытнаарабскай міфалогіі багіня лёсу і помсты, валадарка падземнага царства і захавальніца магільнага спакою, якая шанавалася пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Аравіі. У арабаў Сірыйскай пустыні і Цэнтр. Аравіі лічылася дачкой Алаха — вярх. бога дамусульм. араб. вераванняў. У Набатэйскай дзяржаве (цяпер тэр. Іарданіі) і Пальміры (Сірыя) атаясамлівалася з грэч. багіняй Немесідай. Была апякункай г. Медына, дзе знаходзілася яе свяцілішча.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАЙРО́ДЫ (Machairodus ад грэч. machaira кароткі крывы меч + odus зуб),

шаблязубыя тыгры, род вымерлых жывёл сям. кашэчых. Вядомы з міяцэнавых і пліяцэнавых адкладаў. Былі пашыраны ў паўд. ч. Еўропы, Азіі, Афрыцы. Блізкія роды (Smilodon і інш.) жылі ў Паўн. Амерыцы.

Большыя за сучасных тыграў. Мелі вял. (даўж. да 14 см) шаблепадобныя верхнія іклы з рэжучымі зазубленымі краямі, якімі забівалі буйных таўстаскурых жывёл (мастадонтаў, насарогаў і інш.).

Махайрод.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛАС (грэч. melos),

1) у Стараж. Грэцыі — напеў, мелодыя. У муз.-тэарэт. трактатах М. разумелі як уласна муз. бок песні (у адрозненне ад вершаў і танц. руху). Складаецца з гукаў, інтэрвалаў і працягласцей. М. называлі таксама лірычны верш, прызначаны для спеваў.

2) Абагульненае паняцце меладычнага, песеннага пачатку ў музыцы. Першакрыніцы М. — цякучасць, працягласць, энергія і сіла меладычнай плыні. У рас. музыказнаўстве канцэпцыю М. абгрунтаваў Б.Асаф’еў.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТРЫКА (грэч. metrikē ад metron мера, памер),

1) у вершаскладанні — сістэма правіл, выпрацаваных на аснове ўзораў пабудовы верша, найб. прыдатных і ўласцівых пэўнай мове. Напр., М. антычнага верша, М. беларускага верша і г.д. М. называюць таксама раздзел вершазнаўства, які вывучае сукупнасць правіл вершаскладання ў пэўнай л-ры.

2) У музыцы — сукупнасць усіх праяў метра ў музыцы ці канкрэтным муз. творы. М. называюць таксама вучэнне пра муз. метр.

т. 10, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГМАТЫ́Т (ад грэч. migma сумесь),

горная парода, якая ўтвараецца пры пранікненні магмы ва ўмяшчальныя пароды або пры метамарфічнай дыферэнцыяцыі рэчыва. Для М. характэрна палосчатая, плойчатая, плямістая і інш. тэкстуры, якія адлюстроўваюць паасобную сканцэнтраванасць цемнаколернай ч. пароды (палеасомы) і светлаколернай (неасомы). Вядомы разнавіднасці М.: артэрыты (паслойныя М.), агматыты (глыбавыя М.), веніты (жыльныя М.), небуліты (ценевыя М.) і інш. М. пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСЕ́ЙСМЫ (ад мікра... + грэч. seismos ваганне, землетрасенне),

пругкія ваганні зямной паверхні. М. першага роду (перыяд 2—10 с), асабліва інтэнсіўныя на астравах і марскіх берагах, узнікаюць ад дзеяння тайфунаў і цыклонаў; другога роду (перыяд 0,1—0,001 с) — ад змены атмасфернага ціску, уздзеяння ветру на зямную паверхню, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў, работы транспарту, марскога прыбою і інш. Амплітуда М. ад доляў мікрона да соцень мікронаў, звычайна некалькі мікронаў.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЎПЛІУСЫ (ад грэч. nauplios жывёла з панцырам),

планктонныя лічынкі розных ракападобных. Цела не сегментаванае; прыдаткаў 3 пары: спераду рота аднагалінастыя адчувальныя антэнулы, ззаду — двухгалінастыя антэны і жвалы жавалы* (мандзібулы), якія выкарыстоўваюцца пры плаванні. Маюць няпарнае (наўпліяльнае) вока. Паміж жваламі жаваламі* і анальнай адтулінай знаходзіцца зона росту, у якой па меры развіцця ўзнікаюць т.зв. постнаўпліяльныя сегменты з канечнасцямі.

Наўпліусы: 1 — прэснаводнага рачка цыклопа; 2 — дзесяціногага рака трахіпенеуса.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРО́ПАЛЬ (ад грэч. nekros мёртвы + polis горад),

назва могільніка ў краінах Стараж. Усходу, антычнага свету, Міжземнамор’я і Прычарнамор’я. Бываюць грунтавыя, падземныя (катакомбы), курганныя, а таксама могілкі, што маюць асаблівы статус (напр., Н. Аляксандра-Неўскай лаўры ў С.-Пецярбургу). Найб. вядомыя Н. — «Даліна цароў» у Егіпце, «Дыпілонскія могілкі» ў Афінах з надмагільнымі скульптурамі 5—4 ст. да н.э. Знаходкі ў Н. даюць уяўленне пра побыт і культуру народа.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СТАР (Nestor),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Піласа (у Месеніі). Лічыўся сынам Нелея (заснавальніка Піласа) і ўнукам Пасейдона. Вылучаўся мудрасцю і красамоўствам. Паводле «Іліяды» Н. — адзін з правадыроў грэч. войска ў Траянскай вайне. З-за старасці амаль не ўдзельнічаў у баях, але дапамагаў грэкам мудрымі парадамі. У сусв. л-ры імя Н. — сімвал мудрай старасці.

Літ.:

Кун Н.А. Легенды и мифы Древней Греции. Мн., 1989.

Я.​У.​Новікаў.

т. 11, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)