РЭЦІНО́Л, вітамін A,
растваральны ў тлушчах вітамін, C20H30O. У арганізме жывёл і чалавека ўтвараецца з караціну, які паступае з ежай. Назапашваецца гал. чынам у печані (асабліва ў печані марскіх жывёл, рыб).
Недахоп Р. (або правітамінаў A) у ежы вядзе да хвароб вачэй, затрымкі росту маладых арганізмаў; лішак — да парушэнняў абмену рэчываў (гл. Гіпервітамінозы). Р. удзельнічае ў біяхім. працэсах. Сутачная патрэба ў Р. дарослага чалавека — 0,4—0,7 мг, дзіцяці — 1 мг Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
т. 14, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ТРА (Socotra, Sokotra),
група астравоў у Індыйскім ак., на У ад мыса Гвардафуй (Афрыка), тэр. Йемена. Пл. 3,6 тыс. км². Самы буйны — в-аў Сакотра (выш. да 1503 м). Складзены пераважна з крышт. парод. Клімат трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. 21 °C, ліп. 28 °C. Ападкаў 250—300 мм за год. Паўпустынная расліннасць. На У і ў гарах — ксерафітная дрэвава-хмызняковая расліннасць. Вырошчванне фінікавай пальмы. Рыбалоўства. Гал. горад — Хадыбу (на в-ве Сакотра).
т. 14, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-ХУА́Н (San Juan),
горад, адм. ц. Пуэрта-Рыка, на паўн. узбярэжжы в-ва Пуэрта-Рыка. Засн. ў 1508 пад назвай Капара. 439,6 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 1 млн. ж. (1999). Гал. марскі порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая (цукровая, тытунёвая), гарбарна-абутковая, тэкст., швейная, нафтаперапр., хімічная. Ун-ты. Музеі. Гіст. парк руін Капара (16 ст.). Арх. помнікі 16—17 ст. (умацаванні і будынкі).
т. 14, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САТ’ЯГРА́ХА (санскр. літар. — упартасць у ісціне),
форма грамадска-паліт. барацьбы ненасільнага характару ў калан. Індыі, распрацаваная М.К.Гандзі. Уяўляла сабой масавае несупрацоўніцтва індыйцаў з калан. ўладамі, што ўключала дэманстрацыі, байкот брыт. устаноў і тавараў, адмову ад выплаты падаткаў (як апошняя мера). Упершыню выкарыстана індыйцамі-эмігрантамі ў Паўд. Афрыцы ў пач. 20 ст. ў барацьбе за свае правы, у 1920—30-я г. — гал. форма барацьбы Індыйскага нацыянальнага кангрэса супраць брыт. калан. панавання ў Індыі.
т. 14, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНЦО́ВЫЯ РУ́ДЫ,
састаўная частка поліметалічных руд, радзей утвараюць самаст. паклады. Вядома каля 180 мінералаў свінцу, прамысл. значэнне маюць сульфіды (галеніт — 86,6% свінцу), меншае — сульфасолі і карбанаты. Акісленыя руды складзены з цэрусіту (карбанат свінцу) і англезіту (сульфат свінцу). С.р. маюць цынк (мінералы сфалерыт, смітсаніт, каламін), серу, радзей медзь і барый, а таксама серабро, золата, кадмій, вісмут, сурму, ртуць, талій, германій і інш. Гал. радовішчы ў ЗША, Аўстраліі, Канадзе, Перу, Мексіцы.
У.Я.Бардон.
т. 14, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАБРО́ САМАРО́ДНАЕ,
мінерал класа самародных элементаў, Ag. Колькасць серабра ў С.с. 99%. Мае прымесі вісмуту, медзі, жалеза, цынку, мыш’яку. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае выгнутыя і скручаныя воласападобныя, дротавыя (да 10 см), пласціністыя, шкілетныя і дэндрытавыя выдзяленні, тонкія ўкрапванні ў сульфідах. Колер серабрыста-белы. Бляск моцны металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 10,5 г/см³. Вельмі коўкі. Праваднік цяпла і электрычнасці. Паходжанне гідратэрмальнае і гіпергеннае. Трапляецца ў поліметалічных і сульфідных радовішчах. Гал. кампанент сярэбраных руд.
т. 14, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРА́КСІН (Фёдар Мацвеевіч) (1661—10.11.1728),
расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра I, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.
т. 1, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Юрый Аляксандравіч) (12.6.1893, с. Тамышава Наваспаскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 2.10.1966),
сав. палеантолаг і гістолаг. Акад. АН СССР (1960; чл.-кар. 1953). Скончыў Петраградскі ун-т (1917). Праф. Ленінградскага (1933—41), Маскоўскага (з 1939) ун-таў; адначасова з 1932 у Палеанталагічным ін-це АН СССР (з 1945 дырэктар). Навук. працы па параўнальнай марфалогіі і палеанеўралогіі выкапнёвых пазваночных, нейрагісталогіі сучасных беспазваночных. Рэдактар «Палеонтологического журнала» (1959—66) і гал. рэдактар 15-томнай працы «Асновы палеанталогіі». Ленінская прэмія 1967.
т. 1, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРАПІ́Н,
арганічнае рэчыва з групы алкалоідаў. Ёсць у некат. раслінах сям. паслёнавых (беладонна, блёкат, дурнап’ян і інш.). Лекавы (гал. чынам халіналітычны) сродак пры язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пілараспазме, жоўце- і нырачнакамянёвай хваробах, бранхіяльнай астме, ірытах, атручванні марфінам, ацэтылхалінам, карбахалінам і інш. Дзейнічае як антаганіст ацэтылхаліну: паслабляе гладкую мускулатуру (здымае спазмы бронхаў і інш.), зніжае сакрэцыю залоз, паскарае біццё сэрца, павышае ўзбуджальнасць дыхальнага цэнтра, расшырае зрэнкі. У медыцыне і эксперым. нейрафізіялогіі звычайна выкарыстоўваюць сульфат атрапіну.
т. 2, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СРА, Басора,
горад на Пд Ірака. Адм. ц. мухафазы Басра. Засн. ў 638. 616,6 тыс. ж. (1985). Гал. рачны і марскі порт краіны паблізу ўпадзення р. Шат-эль-Араб у Персідскі зал. Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр. раёна здабычы і перапрацоўкі нафты. Вытв-сць азотных угнаенняў, абутку, канатаў; папяровы камбінат. Рамёствы. Каля Басры ў Эз-Зубайры з-ды: нафтахім., металургічны, па звадкаванні прыроднага газу. Перапрацоўка фінікаў. Ун-т. За 10 км ад горада — руіны сярэдневяковай Басры.
т. 2, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)