наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбіты гал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл.Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.
Да арт.Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́КА МІЖНАРО́ДНАЯ,
сістэма кіравання былымі залежнымі тэрыторыямі, якая ажыццяўлялася ад імя і пад кіраўніцтвам ААН. Створана ў 1945. Апекавала тэрыторыі, на якія раней распаўсюджвалася мандатная сістэма Лігі Нацый, а пасля 2-й сусветнай вайны былі адарваны ад дзяржаў гітлераўскай кааліцыі і добраахвотна ўвайшлі ў сістэму апекі. Грунтавалася на праве нацый на самавызначэнне, была больш прагрэсіўная па сваіх мэтах і накіравана на ліквідацыю каланіяльнай залежнасці. У сістэму апекі міжнароднай было ўключана 11 тэрыторый. Кантрольныя функцыі за выкананнем дзяржавамі-апекунамі сваіх абавязкаў ускладаліся на Савет па апецы ААН і Савет Бяспекі ААН. Прыняцце Ген. Асамблеяй ААН у 1960 Дэкларацыі аб прадастаўленні незалежнасці каланіяльным краінам і народам садзейнічала таму, што ўсе падапечныя тэрыторыі да 1994 атрымалі незалежнасць. Такім чынам сістэма апекі міжнароднай вычарпала свае функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАЛА́БАЎСКІ ЖАНО́ЧЫ МАНАСТЫ́Р УШЭ́СЦЯ.
Існаваў у 1641—1918. Засн. 24.6.1641 Багданам Статкевічам ва ўрочышчы Барок каля в. Баркалабава Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. разам з цэрквамі Ушэсця Хрыста і Нараджэння Іаана Прадцечы. Першыя манашкі былі з Куцеінскага манастыра (каля Оршы), адкуль запазычаны і статут. У 1659 у манастыры з’явіўся цудатворны абраз Маці Божай. Да 1772 манастыр знаходзіўся пад юрысдыкцыяй кіеўскіх мітрапалітаў, потым падначалены магілёўскаму епіскапу. З-за таго, што будынкі падмываў Дняпро, у 1835 б.ч. манашак пераведзена ў Буйнічы, дзе напярэдадні быў адчынены жаночы манастыр. У 1901 Баркалабаўскі манастыр адноўлены, пры ім існавала аднакласная школа для дзяўчатак. Зачынены ў 1918, будынкі разбураны, абраз захаваўся. Першапачаткова ў Баркалабаве планаваўся мужчынскі манастыр св. Духа (1626), але з-за смерці яго фундатара Багдана Саламярэцкага не быў адкрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Клічаўскім раёне Магілёўскай вобл., на р. Ольса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г.п. Клічаў, 106 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Нясета. 1034 ж., 432 двары (1995). У Бацэвічах Клічаўская райсельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
Вядомы з 1560 як сяло ў Свіслацкай вол.ВКЛ. У 1743 сяло ў Аршанскім пав. У 19 ст. цэнтр воласці Бабруйскага пав. У 1844 — 283 ж., 51 двор, цэнтр маёнтка, у 1865 былінар. вучылішча, царква, 2 млыны, праводзіўся кірмаш. У 1892 заснаваны бровар і тартак, у 1915 адкрыта земская бальніца. У 1940 — 1214 ж., 312 двароў. З ліп. 1941 да 28.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 — 1315 ж., 408 двароў.
парнакапытнае млекакормячае сям. Пустарогіх. Вядомы 4 падвіды. Пашыраны ў Зах., Сярэдняй і Паўд. (Пакістан) Азіі. Жыве на цяжкадаступных схілах гор на выш. да 4200 м над узр. м.
Даўж. цела 1,2—1,6 м, выш. 0,7—1 м, маса 25—40, зрэдку да 80 кг. Поўсць на спіне і баках летам рыжавата-бурая, зімой шаравата-бурая. Уздоўж спіны і на шыі чорна-бурыя палосы. Рогі шаблепадобныя, сціснутыя з бакоў, у самцоў даўж. да 1,3 м. Мае бараду. Нараджае 1—2 казлянят. Корміцца расліннасцю. У страўніку або кішэчніку ёсць мінералізаваныя адклады ежы — безаар (адсюль назва), якім прыпісвалі магічныя лек. ўласцівасці. Безааравы казёл — адзін з продкаў свойскіх козаў. 2 падвіды былі занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТ (Марк Юній) (Marcus Junius Brutus; 85—42 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч, філосаф, прамоўца і пісьменнік. У сваіх філас. поглядах прытрымліваўся ідэй стаіцызму і стараж.Акадэміі платонаўскай. Цыцэрон, які высока цаніў Брута як філосафа і прамоўцу (захавалася іх перапіска), прысвяціў яму некалькі твораў. Паліт. праціўнік Цэзара, у час грамадз. вайны падтрымаў Пампея. Пасля перамогі над Пампеем каля г. Фарсала (48) Цэзар памілаваў Брута, у 46 прызначыў яго намеснікам прав. Цызальпінская Галія, у 44 — прэтарам. Брут разам з Касіем узначаліў змову супраць Цэзара. Паводле падання, у дзень сакавіцкіх ідаў (15.3.44) адзін з першых нанёс яму ўдар кінжалам і да яго былі скіраваны словы Цэзара: «І ты, Брут, супраць мяне!» У 42 каля г. Філіпы войскі Актавіяна і Антонія разбілі войскі Брута і Касія. Брут скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1563,
заканадаўчы акт, якім фармальна былі ўраўнаваны ў паліт. правах правасл. феадалы ВКЛ з феадаламі-католікамі. Выдадзены на бел. мове вял.кн.ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам II Аўгустам 7.6.1563 на Віленскім сейме. Тэкст прывілея ў якасці прэамбулы ўвайшоў у Статут Вялікага княства Літоўскага 1566. Прывілеем устаноўлена, што правасл. шляхціцы, як і католікі, могуць займаць розныя дзярж. пасады. Было засведчана, што дыскрымінацыйныя адносна правасл. шляхты ВКЛ нормы Гарадзельскага прывілея 1413 фактычна і раней не дзейнічалі (асабліва пасля прыняцця прывілея 1434 і прывілея 1447). Таму Віленскі прывілей 1563 меў не столькі практычнае значэнне, колькі фармальнае, і быў выдадзены з мэтай паліт. кансалідацыі шляхты пасля няўдач у Лівонскай вайне 1558—83, у час правядзення валочнай памеры, напярэдадні заключэння Люблінскай уніі 1569.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЕ́ТКА-ПЛАН, Уінетка-план,
адна з сістэм арганізацыі навуч. работы ў пач. школе, адметнай рысай якой з’яўлялася спалучэнне індывідуалізаванага навучання з некаторымі формамі калект. работы (дыспуты, гурткі і інш.). Узнік у 1919—20 у ЗША. Аўтар К.Уошберн — інспектар школ Уінеткі — прыгарада Чыкага (адсюль назва). Атрымаў сусв. вядомасць у 1920—30-я г.
Паводле гэтай сістэмы настаўнік пераважна толькі назіраў за заняткамі вучняў і ў патрэбных выпадках дапамагаў. Навуч. матэрыялы былі разлічаны на дасягненне вучнямі канкрэтна вызначаных вучэбных мэт і прапрацоўваліся ў 1-й пал. дня індывідуальна ў аптымальным для кожнага вучня тэмпе. Індывідуалізацыя навучання па «акадэмічных» школьных дысцыплінах дапаўнялася сумеснай дзейнасцю вучняў у 2-й пал. дня, якая была накіравана на пераадоленне іх раз’яднанасці і прывучала да калект. працы. Дыдактычныя асаблівасці Вінетка-плана вызначылі практыку праграмаванага навучання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГЕ́РДАВІЧЫ,
галіна велікакняжацкай дынастыі ў ВКЛ у 14—16 ст.; нашчадкі вял. князя Альгерда. Мелі ўдзелы на Беларусі, Украіне і ў велікарус. землях. Ад 2 жонак (князёўнаў Марыі Віцебскай і Ульяны Цвярской) Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Усе сыны праваслаўныя, некаторыя з 1386 католікі. Вял. князямі ВКЛ з роду Альгердавічаў былі сыны Альгерда Ягайла і Свідрыгайла. Нашчадкі Альгерда сыны Ягайлы наз.Ягелонамі. Нашчадкі Дзмітрыя Альгердавіча наз. князямі Трубяцкімі, нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча і яго сына Алелькі (Аляксандра) — князямі Алелькавічамі (Слуцкімі), нашчадкі Івана Уладзіміравіча — князямі Бельскімі; нашчадкі Фёдара Альгердавіча — князямі Кобрынскімі, іх сваякі — князямі Сангушкамі; нашчадкі Лугвена (Лінгвена) Сямёна Альгердавіча — князямі Мсціслаўскімі. Часам Альгердавічы намагаліся заняць велікакняжацкі пасад, карысталіся пэўнымі прывілеямі як найбліжэйшыя сваякі дынастыі Ягелонаў, засядалі ў радзе ВКЛ на спадчыннай аснове, карысталіся гербам «Пагоня».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. у сутоках Дняпра і Аршыцы на месцы гарадзішча 11 ст. (сучасны г. Орша). Мураваны 5-вежавы замак будаваўся з 1398 па 1407, не закончаны, у 15 ст. дабудаваны з дрэва. Меў патаемны ход да Дняпра. Пасля 1620 замак цалкам дабудаваны з каменю. На яго ўзбраенні былі гарматы, у цэйхгаузе захоўваліся 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невял. жалезныя гарматы, інш.ваен. рыштунак. Замак неаднаразова зведаў аблогі і захопы рус. войскамі (1500, 1507, 1519, 1562—64, 1654). У снеж. 1654 войска Радзівіла авалодала замкам і ўтрымлівала яго да 11.5.1655. Пазней рус. войскі занялі яго і ўтрымлівалі да канца вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У канцы 17 ст. замак заняпаў і страціў свае абарончыя функцыі.