ЭКСТЭ́РН (ад лац. externus знешні, старонні, вонкавы),
1) асоба, што здае экзамены за курс навуч. установы, у якой не вучылася.
2) У Расіі да 1917 — вучань закрытай навуч. установы, які не жыў у інтэрнаце пры ёй.
3) Пазаштатны ўрач ці студэнт-медык, які працаваў у бальніцы ці інш. мед. установе з мэтай праходжання практыкі.
т. 18, кн. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСЦЭ́НТРЫКА (ад экс... + цэнтр) у цырку, тэатры, кіно, на эстрадзе, мастацкі прыём завострана-камедыйнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Заключаецца ў наўмысным парушэнні логікі, паслядоўнасці і ўзаемасувязі паміж падзеямі, у алагічных, з пункту гледжання агульнапрынятых норм, паводзінах персанажаў. У выніку Э. з’явы атрымліваюць нечаканае пераасэнсаванне. Э. блізкая да буфанады. Патрабуе майстэрства мімікі, пантамімы, акрабатыкі, пластыкі, умення віртуозна выкарыстоўваць рэквізіт.
т. 18, кн. 1, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАІЗАЛЯ́ЦЫЯ,
ахова (ізаляцыя) электраэнергетычнага, электратэхн. і радыёэлектроннага абсталявання ад непажаданага перамяшчэння эл. зараду паміж элементамі з неаднолькавым электрычным патэнцыялам.
Бывае вонкавая (напр., ізалятары электрычныя паветраных ліній электраперадачы, шын, правадоў і абсталявання адкрытых размеркавальных устройстваў падстанцый) і ўнутраная (сілавых кабеляў і кандэнсатараў электрычных, трансфарматараў і інш.). Для ўнутранай Э. выкарыстоўваюць газападобныя, вадкія або цвёрдыя электраізаляцыйныя матэрыялы (дыэлектрыкі).
т. 18, кн. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТА́Н,
арганічнае злучэнне з класа насычаных ацыклічных вуглевадародаў, CH3CH3; другі член гамалагічнага шэрагу алканаў; кампанент прыродных і нафтавых спадарожных газаў (да 10% ад агульнага аб’ёму).
Гаручы газ без колеру і паху, шчыльнасць 1,357 кг/м³ (0 °C), tкіп -88,63 °C. Добра раствараецца ў вуглевадародах. Сыравіна для атрымання этылену і вінілхларыду. У сумесі з паветрам выбухованебяспечны. Нетаксічны.
т. 18, кн. 1, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮНІЁР (ад лац. junior малодшы),
1) спартсмен ва ўзросце 19—22 гадоў (напр., у боксе — 18—19 гадоў, у тэнісе — 19—20 гадоў), які ўдзельнічае ў спаборніцтвах, у тым ліку чэмпіянатах Еўропы і свету, сваёй узроставай групы.
2) Удзельнік спаборніцтваў у сярэдняй узроставай групе ў жывёл і сярэдняя ўзроставая група жывёл (напр., племянных сабак, кацянят).
т. 18, кн. 1, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯМУСУ́КРА (Yamoussoukro),
сталіца (з сак. 1983) Рэспублікі Кот-д’Івуар. Размешчана за 260 км на Пн ад г. Абіджан, на шашы Абіджан—Буаке. 120 тыс. ж. (1996). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Рэзідэнцыя прэзідэнта «Дом партыі». Прам-сць: харч., дрэваапрацоўчая. У раёне Я. вырошчваюць каву, какава, ямс, бананы і інш. с.-г. культуры, гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз.
т. 18, кн. 1, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯН ЯНЬ (?—781),
кітайскі дзярж. дзеяч, міністр. У 780 правёў падатковую рэформу: скасаваў трохступеньчатае абкладанне (зямельны і прамысл. падаткі, прац. павіннасці) і замяніў іх адзіным грашовым падаткам, які залежаў ад памераў маёмасці. У выніку прыдворных інтрыг асуджаны на смяротнае пакаранне (прымушаны да самазабойства). Уведзеная ім сістэма падаткаабкладання (са зменамі) праіснавала ў Кітаі да сярэдзіны 17 ст.
т. 18, кн. 1, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯСЫ́Р (ад тур. esir палонны, раб),
1) у сярэднія вякі пашыраная сярод цюркамоўных народаў (туркі, татары і інш.) назва ваеннапалонных, якіх прадавалі ў рабства. Гэтае слова было перанята і ў Расіі, дзе да 18 ст. ўжывалася ў значэннях «палонныя ў татараў», проста «палонныя».
2) Назва найб. бяспраўнай групы насельніцтва ў башкіраў у феад. эпоху.
т. 18, кн. 1, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФЕ́Т, Іафет,
у Старым запавеце Бібліі адзін з трох сыноў (Сім, Хам, Я.) Ноя — адзінага з людзей, каму Бог даў магчымасць выратавацца з сям’ёй у час сусв. патопу. Лічыцца, што ад Я. і яго братоў паходзіць усё сучаснае чалавецтва. Паводле хрысц. падання, нашчадкі Я. насялялі Еўропу і ч. Азіі, утварыўшы т.зв. «яфетаву» (еўрапеоідную) расу.
т. 18, кн. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯФІ́МАК (ад ням. Jaaximstallergulden),
назва высакапробных талераў у рускамоўных крыніцах 17 ст. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на Беларусь траплялі «Я. з прыкметаю»: еўрапейскія талеры з маскоўскай кантрамаркаю «1655», якія афіцыйна былі ў абарачэнні да 1659 з прымусовым курсам.
Літ.:
Спасский И.Г. Русские ефимки: Исслед. и кат. Новосибирск, 1988.
І.І.Сінчук.
т. 18, кн. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)