ЭКСЦЭ́НТРЫКА (ад экс... + цэнтр) у цырку, тэатры, кіно, на эстрадзе, мастацкі прыём завострана-камедыйнага адлюстравання з’яў рэчаіснасці. Заключаецца ў наўмысным парушэнні логікі, паслядоўнасці і ўзаемасувязі паміж падзеямі, у алагічных, з пункту гледжання агульнапрынятых норм, паводзінах персанажаў. У выніку Э. з’явы атрымліваюць нечаканае пераасэнсаванне. Э. блізкая да буфанады. Патрабуе майстэрства мімікі, пантамімы, акрабатыкі, пластыкі, умення віртуозна выкарыстоўваць рэквізіт.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)