СТАНДАРТЫЗА́ЦЫЯ,

працэс устанаўлення і выкарыстання стандартаў з мэтай упарадкавання дзейнасці ў пэўнай галіне. Аб’ектамі С. з’яўляюцца сыравіна, прадукцыя, нормы, патрабаванні, метады, тэрміны, адзнакі і г.д., якія маюць тэндэнцыю да шматразовага выкарыстання. Адрозніваюць С. міжнародную, рэгіянальную, нацыянальную, галіновую і суб’ектаў гаспадарання. У міжнароднай С. Маюць права ўдзельнічаць адпаведныя органы ўсіх краін; у рэгіянальнай — адпаведныя органы пэўнага, геагр., паліт. ці эканам. рэгіёна. Нацыянальная С. ўстанаўліваецца ў канкрэтнай краіне; галіновая — у канкрэтнай галіне, суб’ектаў гаспадарання — на канкрэтным прадпрыемстве, установе, фірме і інш.

Дзярж. сістэма С. Рэспублікі Беларусь пачала фарміравацца ў 1922. Яе дзейнасць рэгламентавана Законам Рэспублікі Беларусь «Аб стандартызацыі» (1995). Яе асн. задачы і мэты: гарантыя бяспекі прадукцыі, работ і паслуг для жыцця і здароўя грамадзян і іх маёмасці; канкурэнтаздольнасці бел. тавараў на сусв. рынку; ахова навакольнага асяроддзя; сумяшчальнасць і ўзаемазамяняльнасць прадукцыі, маркіроўкі, адзінства метадаў кантролю; садзейнічанне ўкараненню рэсурса- і энергазберагальных тэхналогій і г.д. Палітыку ў галіне С. ў рэспубліцы ажыццяўляюць Камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і яго органы на месцах.

І.​В.​Нікалаева.

т. 15, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫ́СТЫКІ НДІ Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1993 у Мінску з мэтай правядзення фундаментальных і прыкладных даследаванняў у галіне статыстыкі, распрацоўкі і рэалізацыі дзярж. праграм яе ўдасканалення, укаранення ў стат. практыку міжнар. стандартаў, аказання інфарм. паслуг, папулярызацыі стат. ведаў і стат. інфармацыі. Асн. кірункі дзейнасці: даследаванне макраэканам. працэсаў; маніторынг і прагназіраванне дэмаграфічнай сітуацыі; распрацоўка канцэпцый дэмаграфічнай палітыкі; даследаванне праблем ценявой эканомікі; статыстыка навукі і інавацыйнай дзейнасці; распрацоўка сістэмы эколага-эканам. ўліку; тэарэт. абгрунтаванне і аналіз звестак выбарачных даследаванняў; апрацоўка звестак метадамі традыц. і мнагамернай статыстыкі; стварэнне інфарм. сістэм на CD ROM; інфарм. абслугоўванне, правядзенне маркетынгавых абследаванняў; канструяванне і стварэнне баз даных эканам. і бізнес інфармацыі і інш. У ін-це распрацаваны методыкі: уліку нефармальнай эканомікі; арг-цыі выбарачных абследаванняў; разліку аб’ёмаў валавой прадукцыі і ацэнкі сезонных ваганняў вытв-сці ў сельскай гаспадарцы; ацэнкі прыродных рэсурсаў, будовы экалагічных рахункаў; правядзення перапісу насельніцтва 1999; прагнозу колькасці і полаўзроставай структуры насельніцтва Беларусі і інш. З 1999 выдае зб. навук. прац «Актуальная статыстыка».

Літ.:

Тамашевич В.Н. Белорусскому институту статистики — 5 лет // Вопр. статистики. 1999. №5.

т. 15, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТЫГО́ДНІК ІЛЮСТРАВА́НЫ»

(«Tygodnik ilustrowany», «Ілюстраваны штотыднёвік»),

польскі ілюстраваны часопіс, прысвечаны л-ры, мастацтву і грамадскім праблемам. Выдаваўся ў 1859—1939 у Варшаве на польскай мове. Змяшчаў краязнаўчыя, гіст.-літ., фальклорна-этнагр. матэрыялы, у т. л. прысвечаныя Беларусі: «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан» Ю.​Крашэўскага, «Пінск і Піншчына» А.​Бандзкевіча, «Пра паэтычныя ўяўленні літоўска-крывіцкага народа ў яго песнях» М.​Камінскага, «Канстанцін Тышкевіч», «Рамуальд Зянькевіч» і «Ігнат Дамейка» В.​Каратынскага, «Альфрэд Ромер» Я.​Карловіча, «Некалькі слоў пра творы фантазіі народа на Беларусі» і «Людвік Кандратовіч і яго паэзія» Ф.​Сурына, «Касцёл у Дзятлаве» А.​Багдановіча, «Над Нёманам» і «Успаміны з Пінскага павета» Э.​Ажэшкі, «Слядамі вешчуна» і «Францішак Багушэвіч» Н.​Роўбы, «Беларускі народ» С.​Горскага, «Польшча і Беларусь» Ф.​Гільхэна, «Літва» Сыракомлі», «На Літве і Белай Русі» і «Беларусь прабуджаецца...» Ч.​Янкоўскага і інш. Рэпрадуктаваў творы мастакоў М.​Андрыёлі, Н.​Орды, Ю.​Фалата, Ф.​Бжазоўскага, К.​Альхімовіча, Ф.​Рушчыца, Ю.​Бранта, А.​Ромера, Ю.​Косака.

А.​Ф.​Літвіновіч, І.​І.​Янушкевіч.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць макраскапічных цел, якія ўзаемадзейнічаюць (абменьваюцца энергіяй і рэчывам) паміж сабой і з інш. целамі (навакольным асяроддзем). Бывае адкрытая (абменьваецца энергіяй і рэчывам з навакольным асяроддзем), закрытая (без абмену рэчывам), адыябатная (без цеплаабмену) і ізаляваная (без цеплаабмену і абмену рэчывам). Уласцівасці раўнаважных Т.с. вывучае тэрмадынаміка раўнаважных працэсаў, нераўнаважных — тэрмадынаміка нераўнаважных працэсаў.

Складаецца з вял. колькасці структурных адзінак (атамаў, малекул і інш.), што дае магчымасць кожную яе макраскапічную частку таксама лічыць Т.с. і характарызаваць макраскапічнымі параметрамі (шчыльнасцю, ціскам, канцэнтрацыяй, хім. саставам, аб’ёмам і інш.). Т.с. знаходзіцца ў раўнавазе (гл. Раўнавага тэрмадынамічная), калі яе параметры не мяняюцца з цягам часу і ў сістэме адсутнічаюць стацыянарныя патокі цеплаты, рэчыва і інш. Для раўнаважных Т.с. уводзіцца паняцце тэмпературы як параметра стану, і яна мае аднолькавае значэнне для ўсіх макраскапічных частак сістэмы. Лік незалежных параметраў стану роўны ліку ступеней свабоды, астатнія параметры звязаны з незалежнымі з дапамогай ураўнення стану. Т.с. можа быць фіз. аднароднай (гл. Гамагенная сістэма) і неаднароднай (гл. Гетэрагенная сістэма). У выніку фазавых і хім. пераўтварэнняў (гл. Фазавыя пераходы) гетэрагенная Т.с. можа стаць гамагеннай і наадварот.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБІЁНТЫ (ад неа... + біёнт),

заносныя віды раслін (адвентыўныя расліны, неафіты) і жывёл (неафілы). Адрозніваюць Н., занесеныя чалавекам (антрапабіёнты, напр., каларадскі жук, пацукі і інш.) і прыродным шляхам (прыродная інвазія): воднымі патокамі і цячэннямі, ветрам і інш. (напр., насенне раслін, плады і інш.).

т. 11, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА МЕТА́ЛАЎ,

раздзел фізікі, у якім вывучаецца будова і ўласцівасці металаў і сплаваў, умовы раўнавагі тэрмадынамічнай і характар працякання ў іх розных працэсаў (дыфузіі, фазавых пераўтварэнняў і інш.). У Ф.м. даследуюцца трываласць, пластычнасць, электраправоднасць і інш. ўласцівасці металаў і сплаваў. Гл. таксама Металафізіка.

т. 16, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЦЦЁ,

філасофскае паняцце, якім абазначаюць аб’ектыўную рэальнасць існавання ўсіх матэрыяльных і духоўных з’яў. Складанасць вызначэння гэтага паняцця абумоўлена мноствам прадметаў рэальнасці, разнастайнасцю іх якасцяў і прыкмет. У прыватнасці, аб’екты рэчаіснасці падзяляюцца на матэрыяльныя і духоўныя, жывыя і мёртвыя, прыродныя і сац.; яны могуць мець прыкметы адзінкавага і агульнага, істотнага і неістотнага, магчымага і сапраўднага. Спалучэнне гэтых прыкмет і вызначае рознае тлумачэнне прыроды быцця. Найперш быццё абазначае факт існавання пэўнага прадмета ў межах пэўнай прасторы і часу. Па-за гэтымі рамкамі настае смерць, разбурэнне, знішчэнне прадмета, адбываецца яго пераход з быцця ў небыццё. У гэтым значэнні быццё набывае абсалютнае, а небыццё адноснае значэнне. Але быццё разумеецца і як субстанцыя, аснова свету і яго асобных, канкрэтных рэчаў. Пад быццём разумеюць таксама сутнасць аб’ектаў — сукупнасць агульных, значных прыкмет аб’ектаў. Пры такім падыходзе быццё падзяляецца на рэальнае і ідэальнае. Рэальнае — гэта спалучэнне агульных, істотных прыкмет пэўнага класа прадметаў, якія зноў і зноў утвараюцца ў працэсе іх узнікнення і існавання. Тым самым агульныя прыкметы прадметаў набываюць статус абсалютнага быцця, канкрэтная рэч характарызуецца паняццем адноснага быцця. Акрамя таго, існасць (а разам з ёю і быццё) можа пераўтварацца і ў ідэальную форму, г. зн. у форму паняцця. Напр., стол можа існаваць у рэальнасці (стол — аб’ект) і ў ідэальнай рэчаіснасці як паняцце (стол — ідэя). Г. зн., што ў ідэальнай форме быцця магчымасць і рэчаіснасць як бы зліваюцца ў сваім дыялект. адзінстве, набываючы нейкі першасны субстанцыйны сэнс. Ідэя таго ж стала (як і любая іншая ідэя) становіцца вечнай, абсалютнай, нязменнай і характарызуе, з пункту гледжання аб’ектыўных ідэалістаў, сапраўднае быццё, сапраўдную рэальнасць, а канкрэтны прадмет (той жа стол) уяўляе сабой як бы копію гэтай ідэі, яе пераходны злепак, або небыццё. Таму, паводле Платона, у ідэальным свеце ёсць толькі быццё і няма небыцця, а ў свеце канкрэтных рэчаў ёсць толькі небыццё і няма быцця. Яшчэ больш складаны характар набывае праблема быцця, калі яна пераносіцца ў галіны гнасеалогіі і сацыялогіі, таму што тут гаворка ідзе пра магчымасць адлюстравання быцця, пра спецыфіку чалавечага быцця (Платон, М.​Хайдэгер). Тут ідэальнасць становіцца не толькі сэнсам адлюстравання, але і элементам існавання; самаперажыванне быцця набывае характар быційнай характарыстыкі, а паняцце небыцця становіцца сімвалам невядомага канца, асэнсаванне якога таксама надае асаблівую афарбоўку чалавечаму быццю.

Філосафы розных эпох істотна разыходзіліся ў азначэнні сутнасці быцця і небыцця, па-рознаму вызначалі іх суадносіны. Напр., прадстаўнікі стараж.-грэч. мілецкай школы лічылі, што ёсць толькі быццё, якое вызначаецца зыходнымі элементамі (стыхіямі) свету (зямля, вада, паветра, агонь). Геракліт сцвярджаў, што быццё і небыццё — гэта адно і тое ж і адначасова не адно і тое ж. Парменід лічыў, што ёсць толькі быццё, а небыцця няма. Паводле Платона, чалавек існуе адначасова ў фізічным і духоўным, вонкавым і ўнутраным сусветах, таму неабходна адрозніваць быццё эмпірычнае (пераходнае) і сапраўднае (вечнае). Для Г.​Гегеля быццё ёсць ідэальнае, божае, а прырода — другаснае быццё ідэі. Ф.​Ніцшэ лічыў, што ніякага абсалютнага быцця няма, быццё — гэта вечны ланцуг паўтораў. Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму зыходзілі з таго, што быццё вечнае і першаснае ў адносінах да свядомасці, вызначае яе функцыянаванне і развіццё, хоць сама свядомасць здольна не толькі адлюстроўваць быццё, але і аказваць уздзеянне на яго.

Літ.:

Доброхотов А.Л. Категория бытия в классической западной европейской философии. М., 1986;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990;

Zaslawski D. Analyse de l’être. Paris, 1982.

А.​М.​Елсукоў.

т. 3, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЫ́ЗМ (франц. tourisme ад tour прагулка, паездка),

падарожжа (паход, паездка) у вольны час, адзін з відаў актыўнага адпачынку; від спорту. Спалучае розныя віды рэкрэацыйнай дзейнасці (гл. Рэкрэацыя) — аздараўленне, пазнанне, узнаўленне прадукцыйных сіл чалавека і інш. Т. — састаўная ч. аховы здароўя, фіз. культуры, сродак духоўнага, культ. і сац. развіцця асобы. Паводле напрамкаў турысцкіх патокаў падзяляецца на ўнутр. (нацыянальны), у межах адной краіны, і знешні, міжнародны. У залежнасці ад мэты падарожжаў вылучаюць Т. спарт., рэкрэацыйны і пазнавальны. Адрозніваюць арганізаваны Т. — падарожжа па праграме, абумоўленай турысцкай арганізацыяй (установай) з прадастаўленнем комплексу паслуг, і неарганізаваны (самадзейны) — падарожжа паводле плана самога турыста на аснове самаабслугоўвання.

Спартыўны Т. ажыццяўляецца пешкі, на лыжах, веласіпедах, матацыклах, вёславых і ветразевых суднах і інш. Турысцкія паходы падзяляюць на 6 катэгорый складанасці. якія абумоўліваюцца даўж. маршруту, колькасцю і характарам прыродных перашкод і інш., маюць адпаведную тэхніку і тактыку пераадолення маршрутаў. Экскурсійны Т. ажыццяўляецца на аўтамабілях, цягніках, водных і паветр. суднах і інш., без актыўных форм руху. Яго сутнасць — наведванне адметных чым-небудзь месцаў, агляд культ., гіст., прыродных і інш. славутасцей. Міжнар. Т. развіваецца з сярэдзіны 19 ст., з 2-й пал. 20 ст. набыў масавы характар. Т. з’яўляецца самастойнай галіной эканомікі большасці краін свету ў невытв. сферы, прадпрыемствы і арг-цыі якой задавальняюць патрэбы турыстаў у матэрыяльных і нематэрыяльных паслугах. Прадукцыя Т. — комплексная паслуга (т.зв. тур), якая ўключае ў якасці ўзаемазвязаных элементаў паслугі транспарту, гасцінічнай гаспадаркі, гандлю, у т. л. харчаванне, экскурсійных, культурна-відовішчных, спарт., лячэбна-аздараўленчых, быт. і інш. устаноў і прадпрыемстваў. Адрозненні у мэтах падарожжаў і спосабах іх арганізацыі абумоўліваюць існаванне розных па функцыях прадпрыемстваў (гасцініцы. турысцкія базы, матэлі, пансіянаты і інш.) і спецыялізацыю турысцкіх устаноў, якія ўлічваюць у праграмах абслугоўвання асаблівасці відаў Т., спосабы арганізацыі падарожжаў, узроставыя, прафесійныя і інш. асаблівасці кліентуры. У эканоміцы многіх краін, асабліва Еўропы і Афрыкі, Т. займае адно з вядучых месцаў. Т. садзейнічае мэтам аховы прыроды, з’яўляецца экалагічна эфектыўнай галіной эканомікі.

На Беларусі турысцкі рух пачаў фарміравацца ў 1920-я г. Аматарскі Т. актывізаваўся з канца 1950-х г. Першы злёт турыстаў адбыўся ў 1959 (пас. Зялёнае Мінскага р-на). З 1964 праводзяцца спаборніцтвы па асобных відах Т. (арыентаванне на мясцовасці, пешаходны, водны, лыжны, веласіпедны, аўтамотатурызм, спелеатурызм і інш.). Створаны і працуюць рэсп. і абл. турысцкія арг-цыі, турысцкія клубы і фірмы, якія займаюцца арганізацыяй Т. і адпачынку. Распрацаваны туры і маршруты падарожжаў па Беларусі і ў інш. краіны. Напр., у 2000 Беларусь наведалі 48 тыс. замежных турыстаў; беларусы зрабілі каля 1,2 млн. паездак у інш. краіны. У рэспубліцы функцыянуе каля 250 гасцініц, турысцкіх баз, матэляў і інш. з агульнай умяшчальнасцю каля 26 тыс. месцаў (2000). У сістэме адукацыі дзіцяча-юнацкі Т. развіваецца з 1920—30-х г. З канца 1940 — пач. 1950-х г. працуюць Рэсп. і абл. станцыі юных турыстаў. Першы рэсп. турысцкі злёт (паход) вучняў адбыўся ў 1957. З 1992 штогод праводзяцца спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагабор’і ў асобных відах турызму, з 1999 — турысцкія злёты сярод розных катэгорый вучняў і студэнтаў. Выдаюцца час. «Падарожнік», газ. «Туризм и отдых». Сярод арганізатараў і ветэранаў турысцкага руху — П.​Н.​Багданаў, М.​З.​Гальчун, У.​І.​Ганапольскі, Ю.​М.​Кокараў, Ф.​В.​Наркевіч, Г.​А.​Новікаў і інш.

У.​І.​Ганапольскі.

т. 16, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТРЫХАВА́НАЙ КЕРА́МІКІ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура балцкіх плямён, якія ў 7—6 ст. да н.э. — 4—5 ст. н.э. насялялі тэр. сярэдняй Беларусі і ўсх. Літвы. Назва ад глінянага посуду, знешняя (часта і ўнутраная) паверхня якога пакрывалася штрыхамі. Паводле асаблівасцей развіцця вылучаюць 3 яе храналагічныя перыяды. На 1-м этапе (7—5 ст. да н.э.) насельніцтва жыло на адкрытых паселішчах, якія размяшчаліся на ўзвышэннях у паплавах рэк і азёр і мысападобных выступах 1-й надпоплаўнай тэрасы. У ахаваных прыродных мясцінах (на ўзгорках, часам сярод балот або на мысах па берагах рэк і азёр) ствараліся гарадзішчы. Самыя раннія з іх умацоўваліся па краі пляцовак толькі драўлянай сцяной, а схілы ўзгорка або мыса штучна зразаліся, чым дасягалася большая стромкасць. Былі пашыраны прылады працы з косці, рогу, крэменю, дрэва (каменныя сякеры, зерняцёркі, тачыльныя брускі і інш.), касцяныя і рагавыя ўпрыгожанні. Вырабляліся разнастайныя пасудзіны: слоікападобныя, з конусападобным і выпуклым тулавам, гладкасценныя або штрыхаваныя гаршкі (з прамым або адагнутым венчыкам, кароткай шыйкай, апушчаным або прыўзнятым плечуком і выпуклым тулавам, плоскім ці круглаватым дном). Па шыйцы іх арнаментавалі рознымі па дыяметры ямкавымі ўцісканнямі, якія размяшчаліся па адным у рад або групамі па 2—3 у кожнай, часам у выглядзе трохвугольнікаў. У гаспадарцы побач з лядным земляробствам і жывёлагадоўляй значную ролю адыгрывалі паляванне і рыбалоўства. На 2-м этапе (4—1 ст. да н.э.) у плямён Ш.к.к. ўзніклі новыя, добра ўмацаваныя гарадзішчы, а ранейшыя перабудоўваліся: пляцоўкі павялічвалі, па іх краях з боку поля насыпалі валы і выкопвалі равы. Насельніцтва жыло ў вял. доўгіх дамах слупавой канструкцыі, падзеленых на некалькі (ад 3 да 6) жылых памяшканняў. Унутры іх размяшчаліся агнішчы круглай, авальнай ці падковападобнай формы, абкладзеныя па краях камянямі або валікамі гліны. Разам з каменнымі, касцянымі, рагавымі вырабамі выкарыстоўваліся і жал. прылады працы, зброя. Ва ўжытку па-ранейшаму былі таўстасценныя і слабаабпаленыя слоікападобныя пасудзіны і гладкасценныя або штрыхаваныя гаршкі. На 3-м этапе (1—5 ст.н. э.) гарадзішчы ўмацоўвалі складанай сістэмай земляных валоў з драўлянымі канструкцыямі на іх грэбені і глыбокіх равоў. На змену доўгім дамам прыйшлі невял. чатырохвугольныя наземныя жытлы слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі ўнутры. Асн. галінамі гаспадаркі былі ляднае земляробства і жывёлагадоўля, а таксама апрацоўка жалеза, косці, рогу, каменю, дрэва, бронзаліцейная справа, ганчарства, прадзенне, ткацтва, пляценне і інш. Насельніцтва вырабляла і ўжывала жал. сякеры, нажы, нажы для жніва, брытвы з выпуклым лязом, сярпы, падковападобныя і латэнскага тыпу фібулы, посахападобныя шпількі, бронзавыя пярсцёнкі, драцяныя скроневыя кольцы, спіралькі, падвескі і інш. ўпрыгожанні, жал. іголкі і шылы, наканечнікі коп’яў і дроцікаў, гліняныя прасліцы (часта арнаментаваныя наразнымі лініямі і кропкавымі ўзорамі ў выглядзе трохвугольнікаў, ромбаў і трапецый) і інш. Кераміка — штрыхаваныя і гладкасценныя рабрыстыя і слабапрафіляваныя гаршкі і пасудзіны слоікавай формы, арнаментаваныя па рабры і ў верхняй частцы зашчыпамі, ямкавымі і пазногцевымі ўцісканнямі, насечкамі і інш. Трапляюцца глянцаваны і падглянцаваны посуд, мініяцюрныя пасудзіны міскападобных і слоікападобных форм. Да прывазных вырабаў адносяцца падковападобныя фібулы з выемчатай эмаллю, бляхі з выявай галоўкі арла і выпуклыя бляшкі з пяцелькамі з тыльнага боку. Найб. даследаваныя помнікі Ш.к.к. ў Беларусі — Аздзяцічы, Банцараўшчына, Вязынка, Гарадзішча, Дзедзілавічы, Івань, Кімія, Лабеншчына, Малышкі, Мыслі (Вілейскі і Капыльскі р-ны Мінскай вобл.), Рацюнкі.

Літ.:

Археалогія Беларусі. Т. 2. Мн., 1999.

А.​Р.​Мітрафанаў.

Да арт. Штрыхаванай керамікі культура. Упрыгожанні з гарадзішча Івань.

т. 17, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРГЕНЕ́З (ад гіпер... + генез),

працэс хім. і фіз. ператварэння мінералаў і горных парод у верхніх частках зямной кары і на яе паверхні пад уздзеяннем атмасферы, гідрасферы і жывых арганізмаў пры т-рах, характэрных для паверхні Зямлі. Тэрмін увёў сав. вучоны А.​Я.​Ферсман (1922). У зоне гіпергенезу магутнасцю ад 1—2 м да 3—5 км пад уплывам фіз., хім. і біял. фактараў адбываюцца выветрыванне горных парод і разбурэнне асобных мінералаў, што ўтварыліся ў нетрах Зямлі, перанос рыхлых прадуктаў, акісленне, асадканамнажэнне і глебаўтварэнне.

Асаблівасць зоны гіпергенезу — вял. рухомасць хім. і біяхім. рэакцый у залежнасці ад фізіка-геагр. умоў асяроддзя (клімату, рэльефу, саставу парод, якія разбураюцца, і інш.), развіцця жыццёвых працэсаў, змены акіслення і аднаўлення, гідратацыі і дэгідратацыі, тэхн. дзейнасці чалавека і інш. Гіпергенез адбываецца пры невысокіх т-рах (ад 50 да -50 °C), адносна невял. ціску, наяўнасці свабоднага актыўнага кіслароду, вады і водных раствораў. У зоне гіпергенезу намнажаюцца гліністыя прадукты (кааліны, баксіты), тэрыгенныя адклады (россыпы золата, плаціны, волава і інш.), руды жалеза, марганцу, нікелю, кобальту, рэдкіх элементаў, вапнякі, кам. вугаль, солі і інш. (Гл. Гіпергенныя радовішчы).

На Беларусі вывучэнне гіпергенных працэсаў пачата К.І.Лукашовым у 1953.

В.​К.​Лукашоў.

т. 5, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)