вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каляр. Мышанка, на аўтадарозе Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета. За 7 км на З ад г. Баранавічы, 212 км ад Брэста. 1669 ж., 691 двор (2000). Баранавіцкі філіял Брэсцкага дзяржплемпрадпрыемства, філіял Баранавіцкай ф-кі дзіцячых цацак «Брыг». ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі, пач. і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Навамышскі Праабражэнскі касцёл, Праабражэнская царква (1859).
Вядома з 1-й пал. 15 ст. як сяло Мыш у Навагрудскім пав. У 1563 Жыгімонт ІІ Аўгуст перадаў сяло за ваен. заслугі Я.Хадкевічу. У дакументах 1566 згадваецца як мястэчка. У 16—17 ст. тут існаваў замак, у 17 ст. — касцёл, школа. У 2-й чвэрці 17—18 ст. належала Сяняўскім, Юдзіцкім, Масальскім, Несялоўскім. У пач. 18 ст. Масальскія заснавалі тут шкляную гуту. У 1725 у Н.М. больш за 100 двароў, школа, шпіталь. касцёл, царква, млын, карчма. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1886—1031 ж., 162 двары, школы. у т. л. 3 яўр. школы, цагельня, піваварня, вятрак, паравы млын, 21 крама, царква, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы. цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Н.М. і раёне 1803 чал. З 1954 у Брэсцкай вобл. З 1957 цэнтр сельсавета Баранавіцкага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКАЯ ДРУКА́РНЯ.
Існавала ў 16 і 18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. 1) Н.д. 16 ст.засн. М.Кавячынскім і Л.Крышкоўскім; ідэйным кіраўніком у першыя гады яе існавання быў С.Будны. Першая на тэр. Беларусі друкарня, якая карысталася кірыліцай. Друкар кірылічных выданняў невядомы. У 1562 выдадзены «Катэхізіс» Буднага — першая на Беларусі кніга на бел. мове, а таксама яго твор «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збярогся). Друкавала творы на польск. і лац. мовах (друкар Д.Ланчыцкі); усяго ў 1563—71 надрукавала 11 выданняў, у асн. творы палемічнай пратэстанцкай публіцыстыкі. Спыніла дзейнасць паводле загаду М.К.Радзівіла Сіроткі. Апошняе выданне — «Біблія» (пераклад на польск. мову Буднага) дадрукавана ў 1572 у Заслаўі ці ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Большасць кніг Н.д. аформлены проста, без ілюстрацыйных гравюр. У маст. афармленні кніг прытрымлівалася друкарскіх традыцый Ф.Скарыны: выкарыстанне наборнага арнаменту, разнастайных шрыфтоў, ініцыялаў з дэкаратыўна-раслінным фонам. Маёмасць друкарні ў 1572 купіў Я.С.Кішка, які ў 1574 заснаваў Лоскую друкарню. 2) Н.д. 18 ст. (1750—90-я г.) засн. Радзівіламі. У 1751 падаравана мясц. калегіуму езуітаў. Гравёрам быў Г.Ляйбовіч. У ёй надрукавана каля 70 белетрыстычных, рэлігійных, палемічных і вучэбных твораў, панегірыкаў на польск. і лац. мовах, у т. л. «Пра жыццё і справы Аляксандра Вялікага» К.Руфа (1763), «Жыццё і ерасі Вальтэра» Ф.Нано (1781), «Артыкулы вайсковыя» (1754), альбом медзярытаў «Партрэты сям’і Радзівілаў...» (1757, усяго 165 гравюр на медзі).
Літ.:
Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІНЕ́ЗІЯ (ад палі... + грэч. nesos востраў),
адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі, у цэнтр.ч. Ціхага ак. Цягнецца ад Гавайскіх а-воў на Пн да Новай Зеландыі (паміж 23°30′паўн. ш. і 28°паўд. ш. і 176°усх. — 109°20′зах. д.). Пл.каля 26 тыс.км². Асн. а-вы: Гавайскія, Туамоту, Тонга, Самоа, Уоліс, Хорн, Тувалу, Такелау, Кука, Тубуаі, Лайн, Таварыства, Маркізскія, Вялікадня і інш. У межах П. дзяржавы: Зах. Самоа, Кірыбаці, Тонга, Тувалу; Гаваі — штат ЗША; уладанні Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Нов. Зеландыі. Нас. 1870 тыс.чал. (1999), пераважна палінезійцы. Астравы вулканічнага або каралавага паходжання. Вулканічныя астравы гарыстыя (выш. да 4205 м на Гавайскіх а-вах, 2241 м на Таіці), каралавыя — нізінныя. На а-вах Гавайскіх, Самоа, Тонга — дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і трапічны пасатны. Сярэднія гадавыя т-ры 22—26 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з У на З ад 1500 да 3500 мм. Большасць астравоў церпяць ад моцных ураганаў. На наветраных схілах гарыстых астравоў густыя вечназялёныя лясы, на падветраных — саванны; на ўзбярэжжах — пальмы, хлебнае дрэва, панданусы, баньяны. Жывёльны свет бедны млекакормячымі, шматлікія птушкі. Трапічнае земляробства. Вырошчваюць для мясц. патрэб тара, ямс, хлебнае дрэва, рыс, кукурузу, цукр. трыснёг; на экспарт какаву, какосы, ананасы, бананы, цытрусавыя. Лесараспрацоўкі. Рыбалоўства. Лоўля жэмчугу, марскіх чарапах. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, каштоўнай драўніны (на экспарт). Міжнар. турызм. Астравы П. знаходзяцца на шляхах, якія звязваюць Амерыку з Паўд.-Усх. Азіяй і Аўстраліяй. Буйнейшыя гарады і порты П.: Ганалулу (Гавайскія а-вы), Папеэтэ (Таіці), Апія (Зах. Самоа), Пага-Пага (Усх. Самоа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА, культура тваравых урнаў, усходнепаморская культура, культура падклёшавых пахаванняў,
вейхераўска-краташынская культура, археалагічная культура плямён, якія ў 7—2 ст. да н.э. насялялі тэр. Польшчы, ПдЗ Беларусі і ПнЗ Украіны. Падзяляецца на 3 этапы: 7 — сярэдзіна 6 ст., сярэдзіна 6 ст. — 5 ст., 4—2 ст. да н.э. На тэр. Беларусі яе помнікі маюць перыферыйны характар і датуюцца 4—2 ст. да н.э. Прадстаўлены неўмацаванымі паселішчамі і бескурганнымі могільнікамі з абрадам трупаспалення. На Бел. Палессі зафіксавана каля 20 пунктаў з матэрыяламі П.к. Селішчы размяшчаліся паблізу рэк і азёр, забудоўваліся невял. паўзямлянкамі і наземнымі жытламі слупавой канструкцыі. На Беларусі, на тэр. ад Зах. Буга да р. Льва, адкрыта 8 могільнікаў П.к., на якіх выяўлена ад 1 да 5 пахаванняў. Яны прадстаўлены 3 тыпамі — падклёшавыя, урнавыя і ямныя. Нябожчыкаў спальвалі па-за межамі могільніка, рэшткі спалення ссыпалі на дно ямкі або змяшчалі ў гліняныя урны; у шэрагу выпадкаў урну накрывалі зверху вял. гаршком — клёшам. У магілы ставілі разнастайны посуд, клалі быт. рэчы і ўпрыгожанні: жал. і бронзавыя фібулы, спіральныя бранзалеты, кольцы, каменныя і шкляныя пацеркі. Асн. маса знаходак — ляпны посуд (таўстасценныя гаршкі з бугрыстай і шурпатай паверхняй, глянцаваныя міскі, збаны, вазы, накрыўкі, кубкі, падстаўкі). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, чорнай і каляровай металургіяй, ганчарствам і інш. П.к. мела поліэтнічны характар. Ёсць меркаванні пра ўваходжанне яе ў склад праславян. Найб. вядомыя на Беларусі помнікі П.к. Камень Пінскага, Аздамічы Столінскага, Трасцяніца і Кусічы (Агароднікі) Камянецкага р-наў Брэсцкай вобл. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1974,
«рэвалюцыя гваздзікоў», ваенны пераварот, які заклаў асновы для стварэння сучаснага грамадска-паліт. ладу Партугаліі. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва сац.-эканам. і паліт. наступствамі дыктатуры А.Салазара (прэм’ер-міністр да 1968), якія не пераадолеў і ўрад яго пераемніка М.Каэтану: 20—30% гадавая інфляцыя, беднасць, агр. перанаселенасць, непісьменнасць каля 40% дарослых, выдаткаванне 40—50% дзярж. бюджэту на ўзбр. сілы і калан. войны ў Афрыцы—Анголе (з 1961), Гвінеі-Бісау (з 1963) і Мазамбіку (з 1964), самавольства ўлад, цэнзура і інш. Падрыхтавана Рухам капітанаў (з сак. 1974 Рух узброеных сіл; РУС). 25.4.1974 часці РУС занялі гарады Порту і Лісабон. У цэнтры Лісабона яны акружылі казармы Нац. гвардыі, дзе схаваліся Каэтану і яго міністры. У канцы дня яны здаліся і перадалі ўладу ген. А. ды Спіналу (з 15 мая прэзідэнт Партугаліі), які ўзначаліў Ваен. савет (7 чал.) і Савет нац. выратавання (СНВ). 25—26 крас. супраціўляліся толькі работнікі службы бяспекі. У першыя дні рэвалюцыі амнісціраваны паліт. вязні, ліквідаваны паліцэйскія органы ранейшай улады. У ходзе паліт. барацьбы, у т. л. няўдалых путчаў прыхільнікаў Спіналы, прэзідэнтам краіны 30 вер. стаў ген. Ф. да Кошта Гомеш. З мая 1974 да вер. 1975 змяніліся 6 часовых урадаў; у лют. 1975 абвешчана, што Партугалія зрабіла «сацыяліст. выбар», былі нацыяналізаваны банкі, палавіна прам-сці. На дэмакр. выбарах ва Устаноўчы сход 25.4.1975 перамаглі Партуг.сацыяліст. партыя і Нар.-дэмакр. партыя, у ліп. праведзена агр. рэформа. З ліп. 1974 Партугалія спыніла і сваю калан. палітыку ў Афрыцы.
Літ.:
Цоппи В.А. Португальская революция: пути и пробл. М., 1979;
Суханов В.И. «Революция гвоздик» в Португалии: Страницы истории. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ЎМАЦАВА́ННІ Існавалі ў 14—18 ст. Складаліся з замка і гар. умацаванняў. Замак размяшчаўся на гарадзішчы, на левым беразе р. Піна. У вопісе горада за 1561—66 згадваецца «вежа Уладычная», якая стаяла асобна ў паўн.ч. замкавых умацаванняў. Акрамя брамы з пад’ёмным мостам перад ёю ў лініі абароны стаялі яшчэ не менш як 3 вежы, назвы якіх невядомы. Перыметр замкавых умацаванняў складаў 0,5 км. У мірны час у замку пастаянна размяшчаліся невял. гарнізоны салдат на чале з ротмістрамі. У час вайны дзейнічалі законы аб усеаг. абароне. Гарадскія ўмацаванні складаліся з 2 ліній абароны. 1-я лінія ў выглядзе вала, паркана і рова ахоплівала сетку радыяльных вуліц, якія адыходзілі ад замка і дугой упіраліся ў высокі бераг Піны, і фактычна ўключалі тэр. горада 11—13 ст. Вал перарываўся 4 брамамі (Уладычная, Меская, Траецкая і Спаская). Уздоўж берага ракі ішоў драўляны паркан, які спускаўся ў абарончы роў. Агульная даўжыня 1-й лініі абароны складала 1,4 км. 2-я лінія абароны, т.зв. «астрог», даўж.каля 2 км, таксама ўпіралася ў бераг Піны. Яна ўключала 4 брамы: Берасцейскую, Віленскую, Северскую і Лешчанскую. На З і ПнЗ перад валам ішоў штучны абарончы роў, які на ПнУ і У пераходзіў у прыродны з ручаём на дне, т.зв. Каралінскай канавай. З У горад прыкрываўся Пінскім Лешчанскім манастыром і комплексам умацаванняў Пінскага Каралінскага замка. Перад кожнай брамай быў пад’ёмны мост, перакінуты цераз абарончы роў. Усе лініі абароны Пінска захоўваліся да канца 18 ст. Апошні раз яны згадваюцца ў інвентары Пінскага староства за 1783. Пазней, на працягу 19 ст., гар. ўмацаванні паступова знівеліраваны.
спроба захопу ўлады ў Баварыі нацыстамі і праварадыкаламі пад кіраўніцтвам А.Гітлера і Э.Людэндорфа (далучыўся па просьбе Гітлера) 8—9 ліст. Адбыўся ва ўмовах рэв. крызісу 1923 у Германіі і пад уплывам паспяховага паходу на Рым 1922італьян. фашыстаў. Быў накіраваны супраць Веймарскай рэспублікі. Увечары 8 ліст. 600 узбр. нацысцкіх штурмавікоў (гл.СА) на чале з Гітлерам уварваліся ў мюнхенскую піўную залу «Бюргербройкелер» (адсюль назва путчу), дзе праходзіў афіц. мітынг з удзелам кіраўнікоў Баварыі Г. фон Кара (в.а. прэм’ер-міністра), ген. О. фон Лосава (каманд.ўзбр. сіламі) і палк. Г. фон Зайсера (нач. паліцыі); Гітлер абвясціў пачатак «нац. рэвалюцыі» і стварэнне новага ўрада. Змушаныя на словах далучыцца да «рэвалюцыянераў» і іх урада, Кар, Лосаў і Зайсер пазней здолелі ўцячы і па загадзе з Берліна мабілізавалі сілы для ліквідацыі путчу. Удзень 9 ліст. 3-тысячную калону ўзбр. путчыстаў на чале з Гітлерам, Людорфам Людэндорфам, Г.Герынгам і інш. сустрэлі ў цэнтры Мюнхена каля 100 узбр. паліцэйскіх. Пасля кароткай перастрэлкі, у ходзе якой загінулі 16 нацыстаў і 3 паліцэйскія, путчысты разбегліся. Правал путчу стаў падставай для забароны Нацыянал-сацыялісцкай партыі (да 1925), арышту і зняволення за дзярж. здраду яго лідэраў. Але асвятленне гэтай падзеі ў друку прынесла Гітлеру і яго партыі агульнагерм. вядомасць. Няўдалая спроба путчу навяла Гітлера на думку, што ў далейшым нацысцкай партыі трэба дамагацца ўлады законнымі, парламенцкімі, а не гвалтоўнымі сродкамі.
Літ.:
Мазер В. Адольф Гитлер: Пер. с нем. Мн., 2000;
Тоталитаризм в Европе XX в.: Из истории идеологий, движений, режимов и их преодоления. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕРЫЗА́ЦЫЯ,
метад сінтэзу палімераў, пры якім макрамалекула ўтвараецца шляхам паслядоўнага далучэння малекул аднаго ці некалькіх манамераў да актыўнага цэнтра, што знаходзіцца ў канцы растучага ланцуга; адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў. У П. ўступаюць нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх маюць кратныя сувязі (алефіны, дыенавыя і ацэтыленавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрыты і інш.) або цыклічныя групоўкі, здольныя раскрывацца (аксіды алефінаў, цыклічныя эфіры, лактоны, лактамы і інш.).
Паводле колькасці манамераў, што ўдзельнічаюць у П., адрозніваюць гамаполімерызацыю (адзін манамер) і суполімерызацыю (2 і больш), паводле прыроды актыўнага цэнтра — радыкальную П., калі актыўны цэнтр — свабодны радыкал (гл.Ланцуговыя хімічныя рэакцыі), і іонную П., актыўныя цэнтры — іоны (аніённая ці катыённая П.) або палярызаваныя малекулы (каардынацыйна-іонная П.). Пры П. развіццё кінетычнага ланцуга (працэс П. ўключае некалькі асн. стадый, т.зв. элементарных актаў — ініцыіраванне, рост ланцуга, яго абрыў і перадача) адбываецца адначасова з ростам матэрыяльнага ланцуга макрамалекулы. Найб. пашыраныя спосабы ажыццяўлення П.: П. ў масе, ці блочная (П. вадкага манамера ў адсутнасці растваральніку), П. ў растворы (полімерызуецца раствораны манамер), эмульсійная П. і суспензійная П. (П. манамера, дыспергаванага ў вадзе), газафазная (П. газападобнага манамера пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ці на паверхні каталізатара), а таксама цвердафазная П. (П. манамераў у крышт. або шклопадобным стане). Метадам П. атрымліваюць каля 75% агульнага аб’ёму сінт. палімераў, што вырабляюць у свеце, (у т. л.найб. буйнатанажныя поліалефіны, полістырол, полівінілхларыд), а таксама асн. масу каўчукоў сінтэтычных.
Літ.:
Оудиан Дж. Основы химии полимеров: Пер. с англ.М., 1974;
Иванчев С.С. Радикальная полимеризация. Л., 1985;
Брук М.А., Павлов С.А. Полимеризация на поверхности твердых тел. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТНЫ СТАН,
агрэгат (комплекс машын і механізмаў) для апрацоўкі металаў ціскам спосабам пракаткі з дапамогай вярчальных валкоў пракатных; адзін з асн. відаў абсталявання металургічнай прамысловасці. Акрамя пракаткі П.с. транспартуюць зліткі ці загатоўкі да награвальных печаў і валкоў стана, перадаюць пракат ад адной рабочай клеці да другой, робяць кантоўку загатовак, ахаладжэнне і інш.
Прамысл. пракатка жалеза пачалася з 18 ст. У Расіі асабліва шырока развівалася на Урале. З 1960-х г. у СССР, ЗША, ФРГ і Італіі ствараюць ліцейна-пракатныя агрэгаты, у якіх сумяшчаюцца працэсы бесперапыннага ліцця і пракаткі ў адзіным непарыўным патоку. П.с. падзяляюць на 5 асн. відаў, сярод якіх вызначаецца некалькі тыпаў: абціскальныя і загатовачныя (блюмінгі, слябінгі, загатовачныя сартавыя, трубазагатовачныя); сартавыя (рэйкабэлечныя, буйна-, сярэдне- і дробнасартавыя, драцяныя; ліставыя — гарачай і халоднай пракаткі; трубапракатныя; спецыяльныя для асаблівых відаў пракату (колапракатныя, шарапракатныя, для зубчастых колаў і інш.) Паводле колькасці валкоў П.с. дзеляць на 2-валковыя (стан-дуа), З-(стан-трыо), 4-(стан-кварта) і шматвалковыя, у т. л. планетарныя; паводле колькасці рабочых клецей — на 1-, 2-, 3-, 4-, 5-, 6-, шматклецевыя. П.с. для вытв-сці сартавога пракату характарызуецца дыяметрам валкоў, для вырабу ліставога пракату — даўжынёй бочкі валкоў, для вытв-сці труб — вонкавым дыяметрам валкоў. Прадукцыйнасць бесперапыннага загатовачнага П.с. складае каля 4—6 млн.т загатовак за год, аўтам. трубапракатнага 50—70 т бясшвовых труб за гадзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫХО́ДСКІЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ, парафіяльныя вучылішчы,
ніжэйшыя пачатковыя навуч. ўстановы ў межах царк.правасл. прыходаў або каталіцкіх парафій. На Беларусі сталі вынікам развіцця школ граматы пры манастырах (гл.Манастырскія школы) і кляштарах. Да 1770-х г. большасць школ на Беларусі адносілася да П.в., акрамя калегіумаў. Адукацыйная камісія ўпершыню ўвяла афіц. падзел паміж рознымі тыпамі навуч. устаноў, што існавалі ў Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці са статутамі 1774 і 1783 планавалася адкрываць П.в. на сродкі царквы і прыватныя ахвяраванні. Настаўнікаў для П.в. рыхтавала асобная пед. семінарыя, адкрытая ў Вільні ў 1775. Аднак недахоп сродкаў прыводзіў да скарачэння колькасці П.в. (у 1777 іх было 330, 1781—276, 1782—251). Паводле статутаў 1803 і 1804 у Віленскай навучальнай акрузе П.в. лічыліся ніжэйшай ступенню сістэмы адукацыі, куды прымалі дзяцей усіх саслоўяў. Паводле статута 1807 П.в. падзяляліся на 2-класныя гарадскія і 1-класныя вясковыя. Агульная колькасць П.в. у Віленскай навуч. акрузе была ў 1804—245, 1807—298, 1811—395, 1813—211, 1819—326, 1827—265. Школьны статут 1828 абвясціў П.в. школамі для «самых нізкіх станаў», выпускнікам якіх было забаронена паступаць у павятовыя вучылішчы і гімназіі. Колькасць прадметаў абмяжоўвалася катэхізісам, чытаннем, пісьмом, лічэннем, царк. спевамі. З 1864 П.в., адкрытыя царквой, пераўтвораны ў царкоўнапрыходскія школы. З астатніх П.в. захаваліся толькі тыя, што падпарадкоўваліся Мін-ву нар. асветы. У канцы 19 — пач. 20 ст. засталося 11 двухкласных (4 гады навучання) і каля 60 аднакласных (2 гады навучання) П.в. Пасля 1917 П.в. скасаваны ў выніку рэарганізацыі сістэмы адукацыі.
Літ.:
Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.