ЛІЧЫ́НКА (лац. larva),

постэмбрыянальная стадыя індывідуальнага развіцця арганізмаў, у якіх запасаў пажыўных рэчываў у яйцы недастаткова для завяршэння марфагенезу. Характэрна для многіх беспазваночных і некат. пазваночных (рыбы, земнаводныя). Жыве самастойна, актыўна корміцца, расце і (у беспазваночных) перыядычна перажывае лінькі. Можа мець органы, якіх няма ў дарослай формы і не мець тых органаў, што характэрны для імага. Найб. характэрныя формы Л. — апалонік, вусень, маляўка, наўпліус, трахафора. Працягласць стадыі Л. ад 1 месяца (матылі, мухі) да 2—3 гадоў (хрушч майскі). Гл. таксама Метамарфоза, Неатэнія.

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЛАН (Lolland),

востраў у Балтыйскім м., у паўд. ч. архіпелага Дацкіх а-воў. Тэр. Даніі. Пл. 1,2 тыс. км². Складзены з вапнякоў і глін. Пераважае марэнная раўніна, у цэнтры і на ПнЗ узгоркі (выш. да 25 м), месцамі ўкрытыя лясамі з буку і дубу. Большая ч. пад ворывам. Шырокія мелкаводдзі каля берагоў асушаны, закрыты ад мора дамбамі. Л. злучаны чыгуначным мостам з в-вам Фальстэр, паромныя зносіны з мацерыком (з Германіяй, праз праліў Фемарн-Бельт). Гал. горад і порт — Накскаў.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБ, флаэма,

складаная тканка ў сцёблах і каранях дрэвавых і травяністых раслін. Служыць для правядзення па расліне арган. і мінер. рэчываў; выконвае таксама запасальную, механічную, выдзяляльную функцыі. Складаецца з праводных (сітападобных) трубак з клеткамі-спадарожніцамі, з лубяных парэнхімы і валокнаў. У дрэвавых раслін утварае ўнутр. ч. кары. Адрозніваюць Л. першасны (утвараецца з пракамбію, характэрны для папарацей, дзеразы, хвашчоў) і другасны (адкладваецца ў голанасенных і двухдольных ад дзейнасці камбію). У Л. назапашваюцца алей, крухмал, дубільныя і інш. рэчывы. Лубяныя валокны выкарыстоўваюць як тэкст. сыравіну.

т. 9, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБУ́СКАЯ ЗЯМЛЯ́ (Ziemia Lubuska),

гістарычная тэр. ў Польшчы і Германіі, абапал р. Одра (у сярэднім яе цячэнні). У раннім сярэдневякоўі была населена заходнеслав. племем любушан. У 2-й пал. 10 ст. ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Падвяргалася нападам немцаў, у сярэдзіне 13 ст. ўвайшла ў склад княства Брандэнбург (Сярэдняя марка на 3, Новая марка на У). На працягу стагоддзяў аб’ект ням. каланізацыі і германізацыі. У 1945 тэрыторыя на У ад Одры вернута Польшчы (Любускае ваяв.), зах. ч. засталася ў межах Германіі (зямля Брандэнбург).

т. 9, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДВІГ ((Ludwig) Карл Фрыдрых Вільгельм) (29.12.1816, г. Вітцэнгаўзен, Германія — 24.4.1895),

нямецкі фізіёлаг, стваральнік школы фізіёлагаў. Скончыў Марбургскі ун-т (1839), працаваў у ім (з 1846 праф.). З 1849 праф. ун-та ў г. Цюрых (Швейцарыя), з 1855 — Ваенна-мед. акадэміі ў Вене. З 1865 узначальваў Ін-т фізіялогіі ў г. Лейпцыг. Прапанаваў фіз. тэорыю мочааддзялення, адкрыў сакраторныя нервы слінных залоз, даследаваў дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы, газаабмен. Адкрыў цэнтраімклівы нерв, які адыходзіць ад дугі аорты, паказаў яго ролю ў рэгуляванні дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КШЫНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 8 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,66 км², даўж. каля 1,6 км, найб. шыр. 750 м, найб. глыб. 10,7 м, даўж. берагавой лініі каля 4,9 км. Пл. вадазбору 27,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—13 м (на ПдЗ — 5 м), пад хмызняком. Берагі нізкія, параслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком. На З пойма шыр. да 200 м. Да глыб. 2 м ложа выслана пяском, ніжэй — ілам і сапрапелем.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЦЫНСКІ МО́ГІЛБНІК,

могілкі латгалаў 9—10 ст. каля г. Лудза (ранейшая назва Люцын) у Латвіі. Адкрыты Е.​Р.​Раманавым у 1890. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, трупаспаленне і пахаванне адных рэчаў. У жаночых пахаваннях знойдзена шмат бронзавых упрыгожанняў (нагрудныя ланцужкі, вітыя і пласціністыя грыўні, бранзалеты са змяінымі галоўкамі на канцах, пярсцёнкі, трапецападобныя падвескі і інш.); у мужчынскіх — жал. наканечнікі дзідаў, сякеры, масіўныя бранзалеты, якія выконвалі ролю кастэтаў. Багатых пахаванняў няшмат, але яны выразна адрозніваліся ад звычайных пахаванняў, што сведчыць пра значную сац. дыферэнцыяцыю.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБІЛІ́ЗМ (ад лац. mobilis рухомы),

геалагічная гіпотэза, якая дапускае вялікія (да некалькі тысяч кіламетраў) гарызантальныя перамяшчэнні буйных пліт літасферы на працягу геал. часу. Тэрмін уведзены швейц. геолагам Э.​Арганам (1924). М. супрацьпастаўляўся канцэпцыі фіксізму (гл. Тэктанічныя гіпотэзы). Навук. тэорыя М. распрацавана ў 1910—12 амер. вучоным Ф.​Тэйларам і ням. геафізікам А.​Вегенерам (гл. Вегенера гіпотэза). Сучасны варыянт М., т.зв. тэктоніка пліт або новая глабальная тэктоніка, заснавана на выніках даследаванняў рэльефу дна акіяна і магнітных анамалій яго парод і на даных палеамагнетызму.

т. 9, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

адм.-тэр. адзінка ў Магілёўскай губ. Рас. імперыі ў 1772—76. Цэнтр — г. Магілёў. Пл. каля 700 тыс. дзес. Паводле ўказа ад 22.7.1773 падзялялася на 3 паветы: Быхаўскі (Старабыхаўскі), Магілёўскі, Шклоўскі (створаны на аснове Астраўлянскай, Любавіцкай, Макрэдскай, Мікулінскай, Обальскай, Руднянскай, Сенненскай парафій). Уключала 19 мястэчак, 61 сяло, 627 вёсак; каля 164 тыс. чал. падатковага насельніцтва. На тэр. правінцыі знаходзілася Магілёўская эканомія. Буйнейшыя прыватныя ўладанні — Быхаўскае графства (належала кн. А.​Сапегу), Шклоўскае графства (належала кн. А.​Чартарыйскаму).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 9, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д «ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К».

Створаны ў 1958 у Магілёве на базе металаапр. камбіната (працаваў з 1945, вырабляў буд. і мэблевую фурнітуру, прадметы хатняга ўжытку, з 1950 электрарухавікі). У 1958, 1966 і 1973 уведзены новыя вытв. карпусы. Прадпрыемства складаецца з 3 асн. вытв-сцей: па вырабе электрарухавікоў, тавараў нар. спажывання і загатовак, а таксама дапаможных цэхаў і ўчасткаў. Асн. прадукцыя (1999): трохфазныя і аднафазныя асінхронныя электрарухавікі магутнасцю ад 0,15 да 11 кВт, быт. заточныя станкі, быт. электрапомпы, электрасокавыціскалкі, дзвярныя электразванкі, каляровае і пластмасавае ліццё.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)