МІ́НСКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕДЧЫ ПРЫБОРАБУДАЎНІ́ЧЫ ІНСТЫТУ́Т (МНДПІ Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь). Засн. ў 1971 у Мінску на базе канструктарскага прыборабуд. бюро (з 1967). З 1996 дзярж. прадпрыемства, з 1997 адкрытае акц.т-ва «МНДПІ». Асн. кірункі дзейнасці: выкананне н.-д. і доследна-канструктарскіх работ; распрацоўка і вытв-сць вымяральнай і мед. тэхнікі, прыбораў, сродкаў тэлекамунікацый і сувязі, мабільных і стацыянарных аўтаматызаваных метралагічных комплексаў, аўтаматызаваных сістэм кантролю складаных тэхн. аб’ектаў; прыбораў, апаратуры і комплексаў для ядзерна-фіз. вымярэнняў і радыяцыйнага кантролю; эталонаў і ўзорных сродкаў вымярэнняў эл. велічынь, электра- і радыёкампанентаў; спец. элементнай базы радыёэлектронных прыбораў, тавараў прамысл., нар.гасп., спец. і культ.-быт. прызначэння; аказанне паслуг юрыд. і фіз. асобам і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМУХСІ́Н (сапр.Мірсаідаў Мірмухсін; н. 3.5.1921, Ташкент),
узбекскі пісьменнік. Засл. работнік культ. Узбекістана (1968). Нар. пісьменнік Узбекістана (1981). Скончыў Ташкенцкі пед.ін-т (1941). Друкуецца з 1936. У лірычных зб-ках «Вернасць» (1945), «Фергана» (1949), «Сэрца і філасофія» (1963), паэмах, рамане ў вершах «Зіяд і Адзіба» (1958) жыццё і праблемы вёскі. У раманах «Загартоўка» (1964), «Умід» (1969), «Сын ліцейшчыка» (1972), «Чаткальскі тыгр» (1977), «Карані і лісты» (1981) тэмы духоўнага сталення нац. рабочага класа, праблемы інтэлігенцыі, жыццё сучаснага Узбекістана. Аўтар гіст. раманаў «Дойлід» (1974), «Цемур Малік» (1985). Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.Агняцвет, В.Вітка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЦУЛЬ (Эдуард Леанардавіч) (н. 9.5. 1924, ст. Добрык Унецкага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. эстрадны спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1970). Вучыўся у Бел. кансерваторыі (1952—55). З 1952 артыст хору Бел. тэлебачання і радыё, з 1953 — Дзярж.акад. харавой капэлы Беларусі. У 1955—81 саліст эстрады Белдзяржфілармоніі, у 1990-я г. выступаў у складзе мужчынскага вак. ансамбля «Памяць сэрца» Рэсп. Палаца ветэранаў; пастаянны ўдзельнік міжнар.муз. фестывалю «Залаты шлягер» (Магілёў). Валодае голасам шырокага дыяпазону, яго выканальніцкай манеры ўласцівы глыбіня і эмацыянальнасць. У рэпертуары эстр. песні сучасных, у т. л.бел., кампазітараў, апрацоўкі нар. песень. Шэраг песень запісаны ім длябел., кінафільмаў («Каханнем трэба даражыць», «Я родам з дзяцінства» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦЭ́ЛЫ (лац. micella памяншальнае ад mica крошка, крупінка),
сальваціраваныя часцінкі дысперсных фаз у калоідных сістэмах. Складаюцца з ядра — складанага комплексу з многіх тысяч атамаў, малекул ці іонаў дысперснай фазы, і процііонаў, якія абкружаюць ядро і ўтвараюць падвойны электрычны слой. Колькасць дадатных і адмоўных зарадаў у гэтым слоі аднолькавая, таму М. ў адрозненне ад часцінак — электранейтральныя. Сярэдні памер М. 10−3—10−7см.
Ліяфільныя мікрагетэрагенныя сістэмы, у якіх дысперснай фазай з’яўляюцца М. паверхнева-актыўных рэчываў, размеркаваныя ў вадкім дысперсійным асяроддзі наз.міцэлярнымі сістэмамі. Наяўнасцю М. абумоўлена мыйнае дзеянне такіх сістэм (напр., водных раствораў мылаў). Міцэлярныя сістэмы выкарыстоўваюць для рэгулявання змочвання, стабілізацыі пен, эмульсій, суспензій. Гл. таксама Залі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІША́ЕВА (Ніна Паўлаўна) (н. 1.1.1937, г.п. Бобр Крупскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне паразіталогіі і вірусалогіі. Д-рбіял.н. (1986). Скончыла БДУ (1959). З 1959 у Бел, НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (з 1975 заг. лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні прыродных ачагоў трансмісійных вірусных інфекцый, распрацоўцы хіміятэрапеўт. прэпаратаў для прафілактыкі прыродна-ачаговых інфекцый, імуналогіі.
Тв.:
Явление регуляции гиперпаразитизма иммунитетом позвоночных (разам з В.І.Вацяковым, Т.І.Лабачовай) // Открытия, изобретения. 1987. № 31;
Достижения в этиотропном лечении вирусных гепатитов (разам з В.І.Вацяковым) // Мед. новости. 1996. № 10;
Проблема контроля за бешенством в различных регионах мира (разам з Л.П.Цітовым, А.К.Кажамякіным) // Постэкспозиционная профилактика бешенства в Республике Беларусь. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШНА,
возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сечна, за 4 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,65 км², даўж. 2,1 км, найб.шыр. 500 м, найб.глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 6 км. Пл. вадазбору 16,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м (на Пд да 9 м), у ніжняй ч. пад хмызняком, у верхняй разараныя, на Пн парослыя лесам. Берагі нізкія, тарфяністыя, на У пясчаныя, у залівах сплавінныя. Дно плоскае, сапрапелістае, на асобных участках да глыб. 2 м пясчанае. Зарастае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. Упадае ручай з воз. Круглік, выцякае ручай у воз. Дабееўскае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬЧЫ́РАВАННЕ (ад англ. mulch абкладваць карані раслін саломай, гноем і інш),
пакрыццё глебы ахоўным слоем з розных матэрыялаў (мульчы); агратэхн. прыём. У якасці мульчы выкарыстоўваюць кампосты, тарфяную крошку, перагной, адкіды, адходы дрэваапрацоўкі (апілкі, папера і інш.), іржышча збожжавых, лісце, салому, палімерныя матэрыялы і інш. Адрозніваюць М. суцэльнае, міжрадковае, у прыствольных кругах дрэў і кустоў і вертыкальнае (з запаўненнем мульчой верт. шчылін для перахоплівання паверхневага сцёку). Затрымлівае вільгаць, рэгулюе паветр. і тэмпературны рэжымы глебы, угнойвае яе, узмацняе карысныя біяхім. глебавыя працэсы, перашкаджае ўтварэнню глебавай скарынкі, ветравой і воднай эрозіі, прыгнечвае прарастанне пустазелля. Выкарыстоўваецца пры вырошчванні с.-г. культур, лясных парод. Найб. эфектыўна ў раёнах з недастатковым увільгатненнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАВЕ́ЙКА (Іван Андрэевіч) (н. 21.10. 1921, в. Таль Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел.паэт.Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1939), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). З 1948 у любанскай раённай газеце Друкуецца з 1936. Аўтар зб. вершаў «Песня над палямі» (1955). Піша пераважна для дзяцей: зб-кі «Ручаінкі» (1956), «Вось якія мы» (1958), «Пра работу і ляноту» (1960), «Дружная сямейка» (1961), «Сняжынкі-смяшынкі» (1962), «Сем колераў вясёлкі» (1965), «Лясное возера» (1970), «Мы таксама падрасцём» (1971), «Дуб і дубок» (1977), «Няхай сонца не заходзіць» (1981), «Я прыдумаў казку» (1985). У кн. «Прынёс з вайны» (1991) — франтавыя запісы, вершы, апавяданні пра аднапалчан і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЖЭ́ВІЧ (Уладзімір Навумавіч) (23.5.1907, пас. Якаўлевічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 1.7.1982),
бел. пісьменнік, журналіст. Вучыўся ў БДУ (1930—32). З 1925 на камсамольскай рабоце, з 1929 у газ. «Звязда», з 1934 карэспандэнт газ. «Известия» па Беларусі. Ў 1937 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956—67 літ. супрацоўнік час. «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнт газ. «Лесная промышленность». Друкаваўся з 1924. Выдаў зб-кі апавяданняў і нарысаў «Крок у будучыню» (1931), «Шляхам герояў» (1932), «Землякі» (1969), «Яны былі першымі» (1970), «Спатканні на дарогах» (1978), кн. гумару «Аксамітны бляск» (1971). Пісаў для дзяцей: кнігі «Медунічкі» (1966), «Лясныя знаходкі» (1969), «Выдумшчыцы» (1971), «Стрэлы на зялёнай палянцы» (1973), «На ўсходзе сонца» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЛКІ́Х (Сяргей Міхеевіч) (21.5.1877, Масква — 7.7.1952),
бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Чл.-кар.АН Беларусі (1940). Д-рмед.н. (1934), праф. (1922). Засл. дз. нав. Беларусі (1938). Скончыў Маскоўскі ун-т (1900). З 1922 заг. кафедры БДУ, з 1930 — Мінскага мед. ін-та, адначасова ў Наркамаце аховы здароўя Беларусі (1937—41) і дырэктар Ін-та тэарэт. і клінічнай медыцыны АН Беларусі (у 1940—41 і 1944—52). Навук. працы па злаякасных анеміях і пухлінах, малярыі, лейкозах, прафілактыцы і лячэнні туберкулёзу пнеўматораксам.
Тв.:
Колибациллярный сепсис (колибациллез). Мн., 1938;
Прымяненне люмінесцэнтнага метаду даследавання мачы для дыягностыкі злаякасных пухлін // Весці АНБССР. 1950. №2.