сядзібны ансамбль 18—19 ст.за 20 км ад Масквы, з 1918 музей-сядзіба. З 1703 належала князям Галіцыным, у 1810—1917 — князям Юсупавым. Пабудавана ў стылі класіцызму. На тэр. Архангельскага палац (1780-я г., арх. дэ Герн, перабудаваны ў 1811—28), у якім захаваліся аддзелка, мэбля, кераміка і інш. вырабы прыгонных майстроў, а таксама карціны (А.Ван Дэйка, Дж.Б.Цьепала, Ф.Бушэ, П.Ратары) і скульптура (Э.М.Фальканэ, І.П.Віталі), парк (18 ст.) з тэрасамі, шматлікімі бюстамі, статуямі і паркавымі збудаваннямі (у т. л.тэатр., 1817—18, з дэкарацыямі П.Ганзага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХЕАЛО́ГІЯ І НУМІЗМА́ТЫКА БЕЛАРУ́СІ»,
аднатомная галіновая энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. У сістэматызаваным выглядзе і алфавітным парадку ў ёй падаюцца звесткі па гісторыі бел.археал. і нумізматычнай навукі. Аб’екты апісання — выяўленыя на працягу апошніх 250 гадоў археолагамі розных краін помнікі матэрыяльнай культуры далёкіх продкаў беларусаў, усе манеты і боны, што хадзілі на тэр. Беларусі. Уключае аглядныя нарысы па бел. археалогіі і нумізматыцы і больш за 2,3 тыс. энцыклапедычных артыкулаў; спіс л-ры (1756 назваў) на бел., рус., англ., польскай, ням., італьян., літ., чэшскай, швед. і інш. мовах. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, картамі, планамі, схемамі.
В.К.Шчэрбін.
Энцыклапедыя «Археалогія і нумізматыка Беларусі». Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭНБУ́РГСКАЯ ПАРО́ДАкозаў,
пуховага кірунку. Выведзена ў Арэнбургскай вобласці працяглым адборам мясцовых козаў па пуховай прадукцыйнасці. Гадуюць у Арэнбургскай, Чэлябінскай абласцях, Башкортастане і Казахстане.
Жывёлы буйныя, рухомыя, моцнай канстытуцыі, з добра развітымі рагамі. Маса казлоў 55—65, матак 44—45 кг. Воўна складаецца з цёмна-шэрага тонкага пуху даўжынёй 5—6 см і грубай восці чорнага колеру даўжынёй 7—9 см, радзей пух і восць белыя. Начос пуху з дарослай жывёліны 180—400 г; выкарыстоўваюць на выраб пуховых хустак і шаляў. Выхад чыстай воўны 96%. Удой за лактацыю 90—120 кг, тлустасць малака 4,8—5%. Пладавітасць 130—140%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАДКАНАМНАЖЭ́ННЕ, седыментацыя,
прыродны працэс утварэння ўсіх відаў адкладаў у выніку пераходу матэрыялу, які асаджваецца, з рухомага завіслага або растворанага стану (у водным або паветраным асяроддзі) у нерухомы — асадак. Адбываецца на дне рэк, азёраў, мораў і акіянаў, на паверхні сушы за кошт абломкавага матэрыялу, вулканічнага і касм. рэчыва, біягенных і хемагенных кампанентаў. На тэр. Беларусі ў геал. мінулым (ад рыфею да палеагену ўключна) асадканамнажэнне адбывалася пераважна ў марскіх умовах; з позняга палеагену і да цяперашняга часу — у кантынентальных умовах. Асадкі — пяскі, алеўрыты, торф і інш.Стараж. асадкі ператварыліся ў асадкавыя горныя пароды, найб. магутныя ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і Брэсцкай упадзінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЕ́НІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва на Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу на ўзгорыстым рэльефе. Пл. каля 10 га. У паўн.-ўсх. частцы парку на самым высокім месцы сядзібны дом, на зах. схіле — тэрасы. У стварэнні ландшафтных кампазіцый выкарыстаны экзоты (больш за 60 відаў і формаў). Сярод іх унікальныя на Беларусі клён вастралісты далоненадрэзаны, вольха шэрая лопасцевая, аксаміт амурскі, явар і яго пурпуровалістая форма, клёны (палявы, прырэчны, татарскі, серабрысты, ясенялісты), піхта белая, елкі (канадская, Энгельмана, калючая блакітная), хвоя веймутава, лістоўніца еўрапейская, туя заходняя і шмат дэкар. кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБАРДЗІРО́ЎШЧЫК,
баявы самалёт, прызначаны для паражэння наземных і марскіх аб’ектаў праціўніка бомбамі ці ракетамі. Першыя бамбардзіроўшчыкі створаны напярэдадні 1-й сусв. вайны, у Расіі першы бамбардзіроўшчык — «Ілья Мурамец» (1913). Найб. тыповыя бамбардзіроўшчыкі на пач. 2-й сусв. вайны: сав. Пе-2, ням. Ю-87, англ. «Галіфакс», амер. «Ліберэйтар» і інш. Паводле канструкцыі сучасны бамбардзіроўшчык — суцэльнаметалічны манаплан (часам з крылом зменнай стрэлападобнасці), мае 2—8 рэактыўных рухавікоў. Палётная маса 35—227 т, скорасць больш за 1000 км/гадз, далёкасць палёту без дазапраўкі да 18 тыс.км. Узбраенне: пушкі, да 20 ракет, бомбы да 23 т. Абсталяваны дапаможнымі сістэмамі і прыстасаваннямі для жыццезабеспячэння і выратавання экіпажа ў аварыйных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКАЎСКІ БІЛЕ́Т, банкнота,
крэдытны грашовы знак, што выпускаецца эмісійным банкам наўзамен метал. грошай. З’явіліся з развіццём крэдытных адносін, асабліва пашырыліся ў 17 ст. Банкаўскі білет — даўгавое абавязацельства яго ўладальніка, на якое можна набыць любы тавар (паслугі). Напачатку такім даўгавым абавязацельствам быў вэксаль, на змену якому прыйшлі банкаўскія білеты. У 18—19 ст. яны свабодна абменьваліся на золата. З 1920-х г. у большасці краін (за выключэннем Швейцарыі) залатое забеспячэнне банкнотаў не прадугледжана. І хоць эмісійныя банкі працягваюць выпуск банкаўскіх білетаў, яны сталі аднолькавым плацежным і разліковым сродкам нараўне з грашовымі знакамі. Усе разліковыя білеты, што выпускае Нац. банк Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца яго банкаўскімі білетамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРАЦЬБА́»,
газета, орган ЦККПЗБ. Выдавалася з кастр. 1932 да лют. 1933 у Берліне на бел. мове. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 5 нумароў. Была разлічана на зах.-бел.рэв. і камуніст. актыў, беларусаў-эмігрантаў, што жылі ў краінах Зах. Еўропы і ў Амерыцы. Выступала засац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне з БССР, у абарону дэмакр. арг-цый (ТБШ і інш.). Пісала пра рэв. выступленні ў Зах. Беларусі, бел. эміграцыю ў Францыі, Латвіі, асвятляла паліт. і эканам. становішча ў СССР і БССР. Вяла палеміку з кіраўнікамі Бел. хрысціянскай дэмакратыі і інш. партый. Спыніла існаванне пасля прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЦЬБІ́СТЫ,
украінская партыя левых эсэраў у 1918—20. Узнікла ў маі 1918 у выніку расколу Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Назва ад парт.газ. «Боротьба». З сак. 1919 наз.Укр. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў-камуністаў, са жн. 1919 — Укр.камуніст. партыя (барацьбістаў). Прадстаўнікі барацьбістаў уваходзілі ў сав. ўрад Украіны, Усеўкр. рэўком. Выступалі за незалежнасць Украіны, нац. характар укр. рэвалюцыі і інш., вялі паліт. барацьбу з бальшавікамі, але па шэрагу пытанняў падтрымлівалі іх. Сац. базу партыі складалі сяляне і інтэлігенцыя. Кіраўнікі: В.М.Блакітны (сапр. Яланскі), Р.Ф.Грынько, А.П.Любчанка, І.В.Міхайлічэнка, А.Я.Шумскі. У 1920 левае крыло барацьбістаў дамаглося самароспуску партыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЖО́МІ,
горны бальнеакліматычны курорт у Грузіі. За 150 км ад Тбілісі ў Баржомскай цясніне ў даліне р. Кура. Засн. ў 1922. Субтрапічны клімат з мяккай маласнежнай зімой, цёплымі, сонечнымі летам і восенню. Шматлікія штучныя крыніцы і прыродныя выхады вуглякіслых мінер. водаў (на лячэнне выкарыстоўваюцца з 19 ст., значныя аб’ёмы экспартуюцца). Кліматычнае (аэрагеліятэрапія з чэрв. да канца кастр.) і бальнеалагічнае лячэнне хворых з расстройствамі функцый страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевых шляхоў, абмену рэчываў і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Больш як 100 санаторыяў, пансіянатаў і гасцініц, турысцкія і інш. базы адпачынку і экскурсійнага абслугоўвання, паветрана-канатная дарога, шматлікія арх.-гіст. помнікі 12—18 ст., паблізу Баржомскі запаведнік.