аднарадковік, верш, які складаецца з аднаго радка, завершанага па сэнсу, сінтаксічнай і метрычнай структуры. Зрэдку ўжываўся ў ант. паэзіі (Архілох, Аўсоній). Звычайна пісаўся гекзаметрам і меў афарыстычнае гучанне. Эксперым. ўзор у рус. паэзіі належыць М.Карамзіну:
Покойся, милый прах, до радостного утра.
Да М. можна аднесці асобныя вершаваныя крылатыя выслоўі і афарызмы, што выкарыстоўваюцца для лозунгаў, у загалоўках твораў, эпіграфах і г.д. М. з’яўляюцца і некаторыя рытмічна арганізаваныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі, якія часам змяшчаюць на посудзе, мэблі, малюнках; «У родным краі, як у раі», «Чым хата багата, тым рада», «Які дагляд, такі і лад». У апошні час М. ствараюць некаторыя маладыя бел. літаратары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ДА [ад грэч. monas (monados) адзінка, непадзельнае],
тэрмін, які ўжываецца ў філасофіі для абазначэння структурнай, субстанцыяльнай адзінкі быцця. У ант. філасофіі паняцце «М.» ў розных значэннях сустракаецца ў Экфанта, Арыстоцеля, Платона і інш. мысліцеляў. У піфагарэізме М. (матэм. адзінка) — аснова быцця. У Дж.Бруна («Аб манадзе, ліку і фігуры», 1591) М. — адзіны пачатак быцця, адухоўленая матэрыя (пантэізм). У цэльную філас. сістэму вучэнне пра М. (манадалогія) распрацаваў Г.В.Лейбніц, які лічыў М. простай, замкнёнай, зменлівай субстанцыяй; М., надзеленую здольнасцю выразнага ўспрымання, называў душой (разумная душа чалавека — М.-дух). М.В.Ламаносаў тэрмінам «фізічная М.» абазначаў часцінку (карпускулу) матэрыі. Паняцце «М.» аналізуецца ў гіст.-філас. даследаваннях, прысутнічае ў філас. канцэпцыях плюралізму і персаналізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТМАРЫЛАНІ́Т (ад назвы франц.г. Манмарыён),
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, водны алюмасілікат натрыю, кальцыю, магнію, жалеза (Ca, Na)<0,4(Mg, Al, Fe)2-3[(Si Al)4O10] (OH)2∙nH2O. Мае пераменны хім. састаў, утварае групу гліністых мінералаў з аднаймен. назвай. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае тонкалускаватыя агрэгаты, якія пры ўвільгатненні моцна набракаюць. Колер ад белага да бурага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 1,7—3 г/см³. Утвараецца пераважна пры выветрыванні асн. і ультраасн. парод (алюмасілікатаў). Трапляецца ў корах выветрывання крышт. фундамента і вулканагенна-асадкавым чахле ў выглядзе глін і суглінкаў рознага ўзросту. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэменту, керамікі, цэглы, для вырабу буравых раствораў, у якасці сарбентаў, фарбавальнікаў, адбельваючых і мыючых матэрыялаў (гл. таксама Бентаніт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́НДЗІ ((Morandi) Джорджа) (20.7. 1890, г. Балоння, Італія — 18.6.1964),
італьянскі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Балонні (1907—13), выкладаў у ёй (1930—56). Майстар нацюрморта. У ранні перыяд зазнаў уплывы П.Сезана і кубізму («Кактус», 1917), метафізічнага жывапісу («Метафізічны нацюрморт», «Вялікі метафізічны нацюрморт», абодва 1918). Пазней выпрацаваў уласны стыль, які вызначаўся геаметрызмам форм і ліній, яснасцю і рытмічнай ураўнаважанасцю кампазіцыі, аскетызмам прыглушанай колеравай гамы, паэт.-сузіральным ладам, змяшэннем рэальнасці і ідэала мастака: «Ваза з кветкамі» (1924), «Краявід» (1925), «Ракавіны і ваза для садавіны» (1931), «Нацюрморт з кубкамі», «Нацюрморт» (абодва 1953) і інш. Ствараў афорты. Іл.гл. таксама да арт.Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКА (ням. Mark, фін. markka),
1) вагавая адзінка для серабра і золата да сярэдзіны 11 ст. 2) Сярэбраная манета, упершыню выпушчаная ў 1506 наміналамі 1/4, 1/2 і 1 М. У 16—18 ст. яе чаканілі Данія і Швецыя.
3) Грашовая адзінка Германіі, роўная 100 пфенігам. Уведзена ў 1871 як адзіная валюта Германскай імперыі замест сярэбраных талера і гульдэна і залатога талера. У 1923 уведзена рэнтная М., у 1924 — рэйхсмарка; у абарачэнні да 1948. У 1871—1914 залатая манета (0,358 г золата).
4) Грашовая адзінка Польшчы ў 1919—24. Абарачалася на тэр.Зах. Беларусі ў 1921—24.
5) Грашовая адзінка Фінляндыі, роўная 100 пені. Уведзена ў 1860.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВА́,
рака ў Маскоўскай і часткова Смаленскай абласцях Расіі, левы прыток р. Ака. Даўж. 473 км, пл. басейна 17,6 тыс.км². Пачынаецца на Смаленска-Маскоўскім узв. Вытокам лічыцца р. Канаплянка, пасля выхаду з воз. Міхалёўскае наз.М., упадае ў Аку каля г. Каломна. Гал. прытокі: Інач, Руза, Істра, Яўза (злева), Пахра, Северка (справа). Сярэдні расход каля Пярэрвінскага гідравузла 65,7 м³/с. Ледастаў ад ліст.—студз. да канца сак.—красавіка. Сцёк М. зарэгуляваны вадасховішчамі (Мажайскае і інш.) і плацінамі. Па канале імя Масквы і Вазузскай гідратэхн. сістэме ў М. падаецца вада з бас. Волгі. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходная ў Маскве і ніжэй, дзе шлюзаваная (Маскварэцкая сістэма). На М. гарады Мажайск, Звянігарад, Масква, Жукоўскі, Бронніца, Васкрасенск, Каломна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТУС (Віль Канстанцінавіч) (н. 30.10. 1938, в. Волма Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-рбіял.н. (1991). Скончыў БДУ (1968). З 1973 у Ін-це фотабіялогіі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па механізмах біял. ўздзеяння азону на біяэнергет. працэсы клетак, выкарыстанні акісляльных уласцівасцей азону для атрымання біялагічна актыўных рэчываў з дражджавых клетак (нізкамалекулярныя біястымулятары, АТФ і інш.).
Тв.:
Озон-индуцированная модификация структурно-физического состояния плазматических мембран дрожжей C. utilis (у сааўт.) // Докл.Нац.АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 1;
Различия в озон-индуцированном окислении липидов в дрожжевых клетках C. utilis и изолированных мембранных препаратах (у сааўт.) // Биологич. мембраны. 1999. Т. 16, № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТЫНГЛІ ((Mattingly) Томас) (н. 17.3.1936, г. Чыкага, штат Ілінойс, ЗША),
касманаўт ЗША. Бакалаўр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў вышэйшую школу ў г. Маямі (штат Фларыда), ун-т у г. Оберн (1958, штат Алабама), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Ч.Дзюкам здзейсніў палёт да Месяца з выхадам у адкрыты космас як пілот асн. блока касм. карабля (КК) «Апалон-16» (у час пасадкі месяцавай кабіны знаходзіўся на калямесяцавай арбіце); 27.6—4.7.1982 з Г.Хартсфілдам — палёт на КК «Калумбія» (як камандзір); 24—27.1.1985 — палёт на КК «Дыскаверы» (як камандзір). У космасе правёў 20,8 сут. Залаты медаль НАСА.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫА́ЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
працэс забеспячэння патрэб прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў сродкамі і прадметамі працы для выкарыстання ў сферах матэрыяльнай вытворчасці і невытворчай дзейнасці. Уключае вызначэнне патрэб у матэрыяльных рэсурсах, іх размеркаванне (праз дзярж. заказ або праз рынак), арганізацыю паставак у месцы непасрэднага выкарыстання, а таксама фарміраванне гасп. сувязей паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі. Патрэбы ў неабходных рэсурсах вызначаюцца, зыходзячы з аб’ёму выпуску прадукцыі, норм затрат сыравіны і матэрыялаў, запасаў. Гасп. сувязі паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі арганізуюцца з улікам вытворчасці, транспарціроўкі і спажывання прадукцыі. Адрозніваюць прамыя гасп. сувязі, калі ўсе ўмовы паставак вызначаюцца і ўзгадняюцца самімі вытворцамі і спажыўцамі, і апасродкаваныя, калі ўмовы паставак вызначаюцца пры ўдзеле органаў забеспячэння і інш. пасрэдніцкіх арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯРЫ́К, кантынент,
буйны масіў зямной кары, б.ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.