помнік архітэктуры сярэдзіны 19 ст. Пабудаваны за 1,5 км ад г. Косава (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) паводле праекта арх. Ф.Яшчалда (1838), буд-ва завершана пад кіраўніцтвам У.Марконі. Быў абкружаны паркам (не захаваўся) і з’яўляўся цэнтрам кампазіцыі. Мураваны палац з элементамі класіцызму мае сім. кампазіцыю. Гал. (у цэнтры 2-павярховы, па баках 1-павярховы) і 2 бакавыя 2-павярховыя аб’ёмы, размешчаныя ніжэй, злучаны вузкімі пераходамі з высокімі стральчатымі аркамі. Вуглы гал. аб’ёму корпуса фланкіраваны гранёнымі вежамі, а бакавых — контрфорсамі, падобнымі да вежаў. У дэкар. аздабленні выкарыстаны зубчастыя завяршэнні аб’ёмаў, стральчатыя аркі праёмаў і нішаў, машыкулі і інш. У палацы размалёўка мастака Ф.Жмуркі. Захаваўся часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СМАН ((Kosman) Марцэлі) (н. 8.5.1940, г. Ізбіца-Куяўска Куяўска-Паморскага ваяв., Польшча),
польскі гісторык. Д-р габілітаваны (1971), праф. звычайны (1988). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1967 у Ін-це гісторыі Польск. АН у Познані, з 1976 дырэктар Курніцкай б-кі Польскай АН, у 1983—93 заг. кафедры гісторыі Усх. Еўропы Вышэйшай пед. школы ў г. Аполе (цяпер Апольскі ун-т), з 1987 заг. аддзела журналістыкі Ін-та паліталогіі і журналістыкі Пазнанскага ун-та. Аўтар прац па гісторыі культуры новага часу, царквы ў ВКЛ, дыпламатыі, гісторыі Беларусі і Літвы, у т. л.: «Рэфармацыя і контррэфармацыя ў Вялікім княстве Літоўскім у святле канфесійнай прапаганды» (1973), «Гісторыя Беларусі» (1979), «Арол і Пагоня» (1992), «Могілкі даўняй Вільні» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОХ ((Koch) Роберт) (11.12.1843, г. Клаўсталь-Цэлерфельд, Германія — 27.5.1910),
нямецкі ўрач і бактэрыёлаг, адзін з заснавальнікаў бактэрыялогіі і эпідэміялогіі. Замежны чл. Французскай і Пецярбургскай АН. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1866). З 1885 праф. Берлінскага ун-та, у 1891—1904 дырэктар ін-та інфекц. хвароб у Берліне (пазней — яго імя). Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб і барацьбе з імі. Адкрыў узбуджальніка туберкулёзу (палачка Коха, 1882), халеры (1883), вылучыў культуру ўзбуджальніка сіб. язвы, даказаў яе здольнасць да спораўтварэння. Прапанаваў прэпарат туберкулін (выкарыстоўваецца ў дыягностыцы туберкулёзу), метады мікрабіял. даследаванняў — культываванне мікраарганізмаў на біял. (пажыўным) асяроддзі, спосабы дэзінфекцыі. Сфармуляваў крытэрыі этыялагічнай сувязі інфекц. захворвання з мікраарганізмам. Нобелеўская прэмія 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЧАТАЎ (Аляксандр Ільіч) (н. 10.5.1927, с. Сітнікава Амутнінскага р-на Цюменскай вобл., Расія),
расійскі і бел. педагог. Д-рпед.н., праф. (1969). Засл. работнік нар. адукацыі Рэспублікі Беларусь (1994). Скончыў Пермскі пед.ін-т (1951). З 1978 у Мінскім пед. ін-це (з 1982 заг. кафедры, з 1991 нам. дырэктара). У 1994—97 гал.навук. супрацоўнік Нац. ін-та адукацыі. Навук. працы па праблемах тэорыі і методыкі выхавання.
Тв.:
Перевоспитание подростка. М., 1972;
Как заниматься самовоспитанием. 2 изд. Мн., 1986;
Начала семейной жизни. Мн., 1987;
Основы трудового воспитания. Мн., 1989;
Культура педагогического исследования. 2 изд. Мн., 1996;
Теория формирования личности. Ч. 1—2. Мн., 1997—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЧЫНА (Палубарынава-Кочына) Пелагея Якаўлеўна
(н. 13.5. 1899, г. Астрахань, Расія),
расійскі вучоны ў галіне гідрадынамікі. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1946). Герой Сац. Працы (1969). Скончыла Петраградскі ун-т (1921). З 1919 у Гал.геафіз. абсерваторыі. З 1925 у ВНУ Ленінграда, з 1935 у НДІРас.АН. Навук. працы па тэорыі фільтрацыі, дынамічнай метэаралогіі, тэорыі прыліваў. Рашыла шэраг задач, звязаных з рухам грунтавых вод і нафты ў сітаватым асяроддзі. Рэдактар першага збору твораў С.В.Кавалеўскай. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМЛЁЎ (Яўген Паўлавіч) (н. 6.12.1938, в. Тулага Урэнскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1982), праф. (1993). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1962). З 1985 у Гродзенскім с.-г. ін-це, з 1990 у Гродзенскім ун-це (з 1996 заг. кафедры). Навук. працы па экалагічнай таксікалогіі, вывучэнні стану біяцэнозаў зах. рэгіёна Беларусі, стварэнні пралангаваных гарманальных прэпаратаў для лячэння і прафілактыкі эндакрынапатый і стымуляцыі функцыі размнажэння ў жывёл.
Тв.:
Профилактика минеральной и витаминной недостаточности у животных. Калининград, 1986 (разам з У.І.Павасіным;
Л.А.Калінічэнка);
Комплексная программа непрерывного экологического образования и воспитания детей дошкольного и школьного возраста. Гродно, 1996 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПЁРКА (Scardinius erythrophthalmus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашырана ў прэсных водах Еўропы, М. і Сярэдняй Азіі. На Беларусі жыве ў рэках, азёрах, трымаецца прыбярэжнай зоны, багатай воднай расліннасцю. Зімуе ў ямах. Нар. назвы: чырванапёрка, краснавочка, чарноха, чэрмнуха і інш.
Даўж. да 36 см, маса да 1,5 кг. Цела высокае, серабрыстае, у буйных асобін залацістае. Спінка цёмна-карычневая або цёмна-зялёная. Вочы аранжавыя, у верхняй ч. з ярка-чырв. плямай. Парныя і анальныя плаўнікі ярка-чырвоныя (адсюль назва). Спінны плаўнік пачынаецца па-за брушнымі плаўнікамі, а не над імі (у адрозненне ад плоткі). Рот косы. Корміцца воднымі раслінамі, беспазваночнымі, ікрой малюскаў, моладзь — зоапланктонам. Нераст парцыённы. Аб’ект аматарскага лову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАПО́ЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з крас. 1942 да вер. 1943 на тэр. Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. Кіраўнік С.П.Паршын. Складалася з жыхароў г.п. Краснаполле, в.Вял. Хутары, Маластоўка, Турэйск і б. ваеннаслужачых (усяго 18 чал.). Падпольшчыкі трымалі сувязь з 41-м партыз. атрадам і 47-й партыз. брыгадай «Перамога», перадавалі ім разведданыя, атрымлівалі ад іх лістоўкі і газеты, запісвалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, друкавалі іх на машынцы і распаўсюджвалі сярод насельніцтва, знішчылі тэлеф. сувязь у паліцыі і камендатуры. 7.11.1942 падпольшчыку І.П.Галярку, што працаваў тэхнікам на мясц. радыёвузле, удалося настроіць апаратуру на Маскву і ўключыць у трансляцыйную сетку; акупанты арыштавалі і павесілі патрыёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫНІ́ЧНІК (Veronica),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 24 дзікарослыя і 3 інтрадукаваныя віды. 3 дзікарослых найб. вядомыя К. даўгалісты (V. longifolia, нар. назвы турэчынка, падхлоп, шалфей баравы), дуброўны (V. chamaedrys, нар. назвы палейка, кандрацікі, трыдзевятка), лекавы (V. officinalis, нар. назвы сухотнік лесавы, парушэнец жаночы, раквіца, вароннік). Трапляюцца ў далінах рэк, па канавах, сярод хмызняку.
Адна-, двух- і шматгадовыя травы і паўкусты выш. 5—150 см. Сцябло голае або апушанае. Лісце супраціўнае, кальчаковае ці чаргаванае. Кветкі няправільныя, сінія, блакітныя, белыя, сабраныя ў гронкі, радзей адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны, пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАРХІ́ЗМ (ад крыпта... + грэч. orchis яечка),
затрымка (рэтэнцыя) яечка ў працэсе апускання яго з брушной поласці ў машонку ва ўнутрывантробным перыядзе. Праяўляецца адсутнасцю ў машонцы аднаго ці абодвух яечак. Бывае сапраўдны і несапраўдны. Пры сапраўдным К. яечка знаходзіцца ў брушной поласці (абдамінальная форма), пахвінным канале (пахвінная, або інгвінальная, форма) ці за яго межамі каля вонкавага пахвіннага кольца (высокая машоначная форма); асн. прычына — парушэнне ўнутрывантробнага развіцця плода. Найчасцей бывае несапраўдны К. (псеўдарэтэнцыя, яечка мігрыруе) — нармальна апушчанае яечка доўга ці перыядычна знаходзіцца па-за машонкай пад уплывам скарачэння мышцы, што паднімае яго. Лячэнне К. кансерватыўнае (у эндакрынолага) і хірургічнае, пры заганах развіцця (гіпаплазіі) яечак, адсутнасці другасных палавых прыкмет — пажыццёвая гармонатэрапія пасля 15—16 гадоў.