РАСПАЗНАВА́ННЕ ВО́БРАЗАЎ,

раздзелы кібернетыкі і інфарматыкі. Вывучае і распрацоўвае спосабы, метады і сістэмы (у т. л. на аснове ЭВМ) ідэнтыфікацыі аб’ектаў (з’яў, працэсаў, жывых істот, сітуацый і інш.) або іх класіфікацыі. Працэс Р.в. заснаваны на супастаўленні прыкмет (уласцівасцей) аб’ектаў, што даследуюцца, з прыкметамі (уласцівасцямі) вядомых аб’ектаў (эталонаў, шаблонаў).

Пры рашэнні задач Р.в. выбіраецца правіла (вырашальная функцыя) на аснове істотных сукупнасцей прыкмет (літар, фігур, контураў і інш.), што складаюць вобраз аб’екта, вырашаецца клас, да якога дадзены аб’ект адносіцца. Напр., пры распазнаванні відарысаў прыкметамі могуць быць яркасці элементарных участкаў, на якія раскладзены відарыс. Работы ў галіне Р.в. складаюць аснову для распрацоўкі інфарм. тэхналогій у эканоміцы, прам-сці, ваен. справе, фізіцы, геахіміі, метэаралогіі, біялогіі і медыцыне, тэхніцы і інш.

На Беларусі работы па Р.в. вядуцца з 1960-х г. у Ін-тах тэхн. кібернетыкі, фізікі, матэматыкі, прыкладной фізікі, прыкладной оптыкі, навук.-тэхн. цэнтры «Экамір» Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім мед. ін-це і інш.

Літ.:

Ту Дж.Т., Гонсалес Р. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978;

Васильев В.И. Распознающие системы: Справ. 2 изд. Киев, 1983;

Тимохин В.И. Применение ЭВМ для решения задач распознавания образов. Л., 1983;

Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 2000.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНІ́НА,

адносна роўная паверхня з малымі ваганнямі вышынь і аднароднай геал. будовай; адзін з важнейшых элементаў рэльефу зямнога шара. Трапляюцца на розных вышынях і глыбінях у межах сушы і дна акіянаў і мораў. На сушы ў адносінах да ўзроўню мора Р. ўмоўна падзяляюць на адмоўныя (ніжэй узр. м.), нізінныя (ад 0 да 200 м над узр. м.), узвышаныя, або платопадобныя (ад 200 да 500 м) і нагорныя (вышэй за 500 м). Адрозніваюць таксама гарыз., нахіленыя, увагнутыя і выпуклыя Р.; паводле форм рэльефу, які ўскладняе іх паверхню, — плоскія, ступеньчатыя, хвалістыя, увалістыя, узгорыстыя і інш. Паводле генезісу бываюць першасныя (узнятае дно мора), акумулятыўныя (вынік намнажэння марскіх, алювіяльных, водналедавіковых, азёрных адкладаў), дэнудацыйныя (утварыліся на месцы стараж. гор у выніку размыву парод цякучай вадой і іх змыву па схілах). Большасць Р. фарміруецца на платформах (платформенныя Р.), у арагенных абласцях Р. прымеркаваны пераважна да міжгорных і перадгорных прагінаў. Сярод падводных Р. пашыраны абісальныя раўніны, якія прымеркаваны да ложа акіяна, Р. шэльфа і катлавін ускраінных мораў. У сукупнасці Р. займаюць 15—20% паверхні-сушы, найб. з іх Амазонская, Усх.-Еўрапейская, Зах.-Сібірская з плошчай па некалькі млн. км². Тэр. Беларусі мае раўнінны характар паверхні. Вылучаюцца Р.: Аршанска-Магілёўская, Баранавіцкая, Горацка-Мсціслаўская, Загароддзе, Лідская, Прыбугская, Стаўбцоўская, Цэнтральнабярэзінская, Чачорская, Чашніцкая (гл. адпаведныя арт.) і інш.

т. 13, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МАНА ГЕАМЕ́ТРЫЯ, эліптычная геаметрыя,

геаметрычная тэорыя, заснаваная на аксіёмах, патрабаванні якіх адрозныя ад патрабаванняў эўклідавай геаметрыі; адна з неэўклідавых геаметрый. Першае паведамленне аб Р.г. зроблена Г.Ф.Б.Рыманам у 1854 (апублікавана ў 1867).

Уласцівасці Р.г. — прамая не падзяляе плоскасць на 2 часткі (любыя 2 пункты плоскасці можна злучыць неперарыўнай крывой, якая ляжыць на плоскасці і не перасякае дадзеную прамую), сума вуглоў трохвугольніка большая за π і інш. Асн. аб’екты (элементы) трохмернай Р.г. — пункты, прамыя і плоскасці; асн. паняцці Р.г. — паняцці прыналежнасці (пункты прамой, пункты плоскасці), парадку (напр., пунктаў на прамой, прамых, што праходзяць праз зададзены пункт у дадзенай плоскасці) і кангруэнтнасці фігур. Патрабаванні прыналежнасці і парадку Р.г. супадаюць з патрабаваннямі аксіём праектыўнай геаметрыі. Р.г. адрозніваецца ад праектыўнай геаметрыі тым, што разглядае кангруэнтнасць фігур і вымярэнне геам. велічынь (даўжынь, вуглоў, плошчаў, аб’ёмаў).

У дачыненні да кангруэнтнасці патрабаванні аксіём Р.г. падобныя на патрабаванні адпаведных аксіём эўклідавай геаметрыі. Метрычныя ўласцівасці рыманавай плоскасці «ў малым» супадаюць з метрычнымі ўласцівасцямі звычайнай сферы. Мадэль плоскасці Рымана можна атрымаць «атаясамліваннем» дыяметральна процілеглых пунктаў звычайнай сферы (такія пункты разглядаюцца як 1 аб’ект — «пункт») і вял. кругоў сферы — як «прамых». Метрычныя ўласцівасці трохмернай прасторы Рымана «ў малым» супадаюць з метрычнымі ўласцівасцямі трохмернай сферы чатырохмернай эўклідавай прасторы.

В.​І.​Бернік.

т. 13, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІЧ Франц Андрэевіч (каля 1815, в. Вяляцічы Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — каля 1845),

бел. паэт, публіцыст, рэвалюцыянер-дэмакрат. Скончыў Пінскае павятовае вучылішча (1833). Вучыўся ў Віленскай медыка-хірург. акадэміі (1833—38). Арганізаваў там нелегальнае рэв. Дэмакратычнае таварыства. У 1837 наладзіў сувязь з Ш.​Канарскім, з сябрамі ўступіў у яго Садружнасць польскага народа (гл. Саюз польскага народа). Арыштаваны (1838) і высланы (1839) у салдаты на Каўказ. У 1841 уцёк, быў злоўлены, каля 2 гадоў прасядзеў у турме Ціраспаля (цяпер Рэспубліка Малдова) пад чужым імем. Аддадзены паўторна на вайсковую службу, зноў уцёк. Вясной 1844 дабраўся да Кіева. Жыў пад імем доктара Гельгега ў мяст. Янушпаль (каля Бярдзічава, Украіна). Заразіўся халерай. Аўтар статута «Прынцыпы дэмакратызму», пракламацыі «Заўвагі на маральную вайну народа з дэспатызмам» (адзін з першых паліт. памфлетаў у гісторыі вызв. руху на Беларусі), мемуараў (апубл. 1876). Яго беларускамоўны верш «Там блізка Пінска...», апубл. ў мемуарах Э.​Паўловіча «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882), прасякнуты антыпрыгонніцкімі матывамі.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Смірноў А. Франц Савіч. Мн., 1961;

Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е гг. XIX в. Мн., 1971;

Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВЕ́Й Алесь (сапр. Радзюк Альфрэд Васілевіч; 1.5.1922, в. Крысава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.1.1978),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. вучылішчы (1938—40). Працаваў у газ. «Чырвоная Лагойшчына». У Вял. Айч. вайну вярстальшчык «Менскай газэты», сакратар час. «Новы шлях» (Рыга). З 1944 за мяжой; у 1945—49 у г. Зальцбург (Аўстрыя), з 1949 у Аўстраліі, дзе працаваў на фабрыцы. Друкаваўся з 1937. Аўтар зб-каў паэзіі «Мае песні» (1944), «Сіла гневу» (1948), паэм «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса» (1943), «Звіняць званы святой Сафіі» (1946), «Домік у Менску» (1948), «Сын» (1949), у якіх раскрываюцца тэмы радзімы, яе гісторыі і прыроды, жыцця народа, кахання. У некат. творах уплыў М.​Багдановіча. Пісаў апавяданні, фельетоны, вершы для дзяцей, вянкі санетаў, трыялеты, санеты, актавы, рандо, александрыны і інш. цвёрдыя строфы. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Міцкевіча, Р.​М.​Рыльке, Т.​Шаўчэнкі і інш.

Тв.:

Нятускная краса. Ню-Ёрк;

Мельбурн, 1982;

У кн.: Туга па Радзіме. Мн. 1992.

Літ.:

Грамадчанка Т. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...»: Алесь Салавей, 1922—1978 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;

Булгакаў В. Алесь Салавей і паэзія беларускай эміграцыі // Крыніца. 1997. № 6;

Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999.

Л.​С.​Савік.

т. 14, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СГРАФІ́ТА, графіта (італьян. sgraffito, graffito літар. — выдрапаны),

тэхнічны спосаб манум.-дэкар. жывапісу, засн. на выдрапванні верхняга слоя тынкоўкі да ніжніх кантрастных па колеры слаёў. Вызначаецца трываласцю і ўстойлівасцю да атм. змен. Выкарыстоўваецца пераважна для аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў. Вядома з эпохі Адраджэння ў Італіі, пазней у Чэхіі, Польшчы і інш. еўрап. краінах. На Беларусі рэшткі С. захаваліся на сценах Гродзенскага Старога замка (16 ст., цяпер затынкаваны) і фрызе Гродзенскага касцёла кляштара брыгітак (сярэдзіна 17 ст., рэстаўрыраваны ў 1978). Цікавасць да С. ў пэўнай ступені адрадзілася ў творах стылю класіцызму (фрагменты сграфітавага дэкору ў палацы Ружанскага палацавага комплексу). З 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўвалася ў манум. мастацтве: дэкар. кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску (маст. Г.​Гаркуноў, А.​Кішчанка), у кінатэатры «Беларусь» у Брэсце (маст. І.​Крупскі) і інш. У тэхніцы С. працавалі бел. мастакі Г.​Вашчанка, С.​Дамарад, Г.​Жарын, А.​Жгун, Л.​Каленік, Кішчанка, У.​Крываблоцкі, З.​Літвінава, С.​Рабашчук, С.​Сакалоў, У.​Стальмашонак, В.​Чайка.

Э.​І.​Вецер.

Сграфіта на фасадзе дома «Каля хвіліны» ў Старым горадзе Прагі.
Фрагмент сграфіта на фрызе касцёла кляштара брыгітак у Гродне.
Да арт. Сграфіта. Г.​Гаркуноў, А.​Кішчанка. Фрагмент дэкаратыўнай кампазіцыі ў фае кінатэатра «Кіеў» у Мінску. 1968.

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЙСМІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,

сукупнасць геафізічных метадаў разведкі, заснаваных на ўзбуджэнні і рэгістрацыі сейсмічных хваль з мэтай вывучэння будовы, рэчыўнага саставу і напружанага стану зямных нетраў. Найб. пашыраны метад адбітых хваль, які дазваляе карціраваць межы з дакладнасцю да 1—2% на глыб. да 7—10 км. З дапамогай метаду пераломленых хваль вывучаюць слаі з падвышанай скорасцю сейсмічных хваль. Карэляцыйны метад пераломленых хваль і глыбіннае сейсмічнае зандзіраванне ўжываюць пры рэгіянальных даследаваннях кантынентаў і акіянаў. Мадыфікацыю метаду адбітых хваль (падсумаванне карысных сігналаў, адбітых ад агульнага глыбіннага пункта) выкарыстоўваюць для пошукаў і разведкі карысных выкапняў. Адрозніваюць метады С.р. нізка- (менш за 10 Гц), сярэдне- (10—100 Гц) і высокачастотныя (больш за 100 Гц). Нізкачастотныя выкарыстоўваюць для даследаванняў на вял. глыбінях і адлегласцях, высокачастотныя — пры вывучэнні скальных рудных парод (рудная С.р.). Сейсмаакустычныя метады ўмоўна вылучаны ў асобную вобласць паводле дыяпазону частот (600—6 тыс. Гц); выкарыстоўваюць на невял. глыбінях у свідравінах (акустычны каратаж), шахтах і горных вырабатках, на марскім шэльфе і інш. С.р. ўжываюць пры разведачным свідраванні нафта- і газаносных структур, выяўленні структурных рудных палёў, буйных разломаў, пегматытавых цел і кварцавых жыл (п’езаэл. метад), высвятленні палажэння водаўпораў, узроўню грунтавых вод і інш. С.р. аб’ядноўваюць таксама з гравіметрычнымі, магн. і эл. метадамі геафізічнай разведкі.

В.​Я.​Клюц.

т. 14, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНІСЛАВО́ЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 ст. на ўскраіне Гродна ў яго б. прыгарадзе Станіславова. Сфарміравана ў 1760—70-я г. паводле праекта арх. Дж. Сака. Была загараднай рэзідэнцыяй караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Ансамбль уключаў сядзібны дом, 2 флігелі, гасп. пабудовы, парк. У планіроўцы ансамбля захаваліся элементы рэгулярнасці. Цэнтр. месца займаў сядзібны дом, размешчаны на вяршыні пакатага схілу. Дом — 1-павярховы (2-і паверх надбудаваны пазней) прамавугольны ў плане мураваны будынак з 2-павярховай цэнтр. ч., вылучанай на дваровым фасадзе паўкруглым эркерам з манаграмай караля на атыку, а на галоўным — рызалітам з атыкавым завяршэннем і шырокай тэрасай. У дэкоры выкарыстаны вязкі пілястраў, раскрапаваныя карнізы, філёнгі, лепка. Прамавугольныя і арачныя аконныя праёмы аздоблены лучковымі трохвугольнымі франтонамі, гірляндамі і інш. У вестыбюлі захаваліся 2 печы ў стылі неаготыкі, абліцаваныя паліванымі керамічнымі пліткамі (канец 19 ст.). Ніжэй за палац сіметрычна размешчаны 2 бакавыя флігелі, якія ўтвараюць парадны курданёр, абнесены з боку ўезда невысокай цаглянай агароджай з брамай. Флігелі — 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі з высокімі вальмавымі чарапічнымі дахамі. За зах. флігелем размешчаны гасп. пабудовы. За домам размяшчаўся парк рэгулярнага тыпу з радыяльна-прамянёвай схемай планіроўкі.

А.​М.​Кулагін.

Станіславоўская сядзіба. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Станіславоўская сядзіба. Сядзібны дом.

т. 15, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРО́СТВА, стараства,

дзяржаўны маёнтак у ВКЛ (16—18 ст.) і Польшчы (14—18 ст.), які даваў вял. князь або кароль на часовае карыстанне феадалам за службу. Гродавыя С. прыпісваліся да судова-адм. цэнтраў — замкаў і складалі кармленне дзярж. службовых асоб — старостаў. Нягродавыя С. даваліся на пажыццёвае карыстанне як узнагарода за паслугі вял. князю ці дзяржаве, а таксама здаваліся ў арэнду за пэўную гадавую плату ці ў залог за грашовую пазыку. З 1562 уладальнікі С. ўносілі ў дзярж. скарб на ўтрыманне войска т. зв. кварту — ​1/4 частку чыстага даходу. З 1775 кварта падвоена. Перыядычна праводзіліся рэвізіі (люстрацыі) С. Феадалы імкнуліся як мага даўжэй пратрымаць С. ў сваім родзе, пераўступалі яго (са згоды вял. князя) пры жыцці членам сваёй сям’і ці пабочным асобам за плату. Вял. князі выкарыстоўвалі права раздачы С. з мэтай вярбоўкі сваіх прыхільнікаў. Шляхта вяла барацьбу за абмежаванне гэтага права. У 1775 сойм забараніў раздачу С., і яны павінны былі пасля смерці ўладальніка здавацца ў спадчынную арэнду на 50 гадоў. Да 1791 удзельная вага С. сярод зямельных уладанняў на Беларусі (без усх. часткі) складала 8%. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай С. ўвайшлі ў склад дзярж. маёнткаў. Пазней некаторыя з іх, асабліва ва ўсх. Беларусі, падараваны рас. дваранам.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 15, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБЛІМА́ЦЫЯ ў псіхалогіі,

псіхічны працэс пераўтварэння і пераключэння энергіі афектыўных памкненняў на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. Ідэя С. адлюстравана ў творах пісьменнікаў 18 ст. (Г.​Штылінг, Наваліс), у працах філосафаў 19 ст. (А.​Шапенгаўэр, Ф.​Ніцшэ). У навук. ўжытак тэрмін «С.» ўвёў З.​Фрэйд у 1900. У пач. 20 ст. паняцце «С.» стала шырока выкарыстоўвацца ў псіхааналіт. філасофіі. У псіхааналізе Фрэйда С. — працэс, у выніку якога энергія, накіраваная першапачаткова на сексуальныя (лібіда) або агрэсіўныя мэты, перанакіроўваецца на дасягненне інш. сацыяльна і культурна санкцыянаваных мэт (спорт, інтэлектуальная праца, маст. творчасць, фарміраванне рэліг. абрадаў і культаў і інш.). На яго думку, сублімаваная энергія стварае цывілізацыю. М.​Шэлер лічыў, што здольнасць да С. ўласціва ўсім формам арганізацыі прыроднага свету, а чалавек — апошні акт С. ў прыродзе. «Звышсублімацыя», на яго думку, — «празмерная інтэлектуалізацыя», якая ўласціва сучаснай культуры і выклікае ў чалавека дэструктыўныя схільнасці. Псіхааналіт. тэорыя разглядае С. як адзін са сродкаў вырашэння ўнутр. канфліктаў, якія ў адваротным выпадку прывялі б чалавека да неўрозу, няздольнасці знайсці адэкватнае выйсце са складаных жыццёвых сітуацый. Ідэі С. выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапеўтычнай практыцы, псіхалогіі сацыяльнай, псіхалогіі творчасці, дзіцячай псіхалогіі, псіхалогіі спорту і інш.

Літ.:

Теория личности в западноевропейской и американской психологии. Самара, 1996;

Фрейд З. Введение в психоанализ // Фрейд З. Психоаналитические этюды. Мн., 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 15, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)