АНТЫНЕЙТРЫ́НА ( або ),
антычасціца нейтрына, якая адрозніваецца ад яго знакам лептоннага зараду і спіральнасцю. Мае спін 1/2 і масу такую ж, як і маса нейтрына. Існуюць 3 тыпы антынейтрына: электроннае, мюоннае і таўоннае, якія ўдзельнічаюць у працэсах слабага ўзаемадзеяння разам з электронам, мюонам і цяжкім лептонам адпаведна.
т. 1, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНІЛЮ́КС,
скарочаная назва мытнаэканам. саюза паміж Бельгіяй, Нідэрландамі і Люксембургам. Заключаны 3.2.1958 на 50 гадоў, набыў сілу 1.11.1960. Прадугледжвае стварэнне адзінага рынку для яго ўдзельнікаў, свабодны рух людзей, тавараў, капіталаў і паслуг паміж гэтымі краінамі, каардынацыю іх эканам., фін., сац. палітыкі і інш. Кіруючыя органы знаходзяцца ў Бруселі.
т. 3, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНЫ ЗДАБЫ́ТАК у матэматыцы,
здабытак неабмежаванага ліку сумножнікаў. Калі існуе не роўная 0 мяжа, да якой імкнуцца частковыя здабыткі пры неабмежаваным павелічэнні ліку сумножнікаў, то бесканечны здабытак наз. збежным і яго значэнне роўнае названай мяжы, ва ўсіх астатніх выпадках — разбежным. Упершыню бесканечны здабытак выяўлены пры вылічэнні ліку π.
т. 3, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́СТА,
пругкі і водаўстойлівы вонкавы слой кары бярозы. З яго атрымліваюць дзёгаць (сухой перагонкай), смалу (апрацоўкай азотнай к-той або спірта-шчолачнай экстракцыяй), сажу (спальваннем пры няпоўным доступе паветра). Здаўна выкарыстоўвалася для вырабу асобных рэчаў хатняга ўжытку (гл. Берасцяныя вырабы) і як матэрыял для пісьма (гл. Берасцяныя граматы).
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЯСЕ́ДА АМА́ТАРАЎ РУ́СКАГА СЛО́ВА»,
літаратурнае таварыства ў Пецярбургу ў 1811—16. Створана па ініцыятыве А.С.Шышкова (сходы збіраліся ў доме Г.Р.Дзяржавіна, які сваім удзелам павялічваў аўтарытэт т-ва). Некаторыя яго члены, заўзятыя прыхільнікі класіцызму, выступалі супраць моўнай рэформы М.М.Карамзіна, аддаючы перавагу стараслав. мове.
т. 3, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРА́ЦЫЯ (ад лац. administratio кіраўніцтва),
1) сукупнасць органаў выканаўчай улады, што ажыццяўляе мерапрыемствы па кіраванні краінай, рэгіёнам, горадам, прадпрыемствам і г.д. (раённая адміністрацыя, абл. адміністрацыя, адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь).
2) Службовыя асобы, кіраўнікі, персанал установы, прадпрыемства ці яго структурнай часткі (адміністрацыя завода, адміністрацыя цэха).
т. 1, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКРЫ́ЛАВЫЯ ЛА́КІ, поліакрылавыя лакі,
растворы поліакрылатаў і іх вытворных у арган. растваральніках. Утвараюць святло-, атмасфера- і водаўстойлівыя пакрыцці з добрай адгезіяй да металу. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі алюмінію і яго сплаваў; эмалевыя фарбы на іх аснове — у авіяц. і аўтамаб. прам-сці, вытв-сці буд. канструкцый і інш.
т. 1, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛКУІН (Alcuin),
Флак Альбін (Flaccus Albinus; каля 735, Йорк, графства Йоркшыр, Брытанія — 19.5.804), англа-саксонскі вучоны. З 782 пры двары Карла Вялікага, яго настаўнік і дарадчык, стварыў навук. і культ. цэнтр «Каралінгскага адраджэння». З 796 абат Турскага манастыра, у якім арганізаваў школу. Аўтар трактатаў па філасофіі, тэалогіі, псіхалогіі, падручнікаў.
т. 1, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІНАВА́ННЕ,
нанясенне на паверхню метал. вырабаў алюмінію ці яго сплаваў. Ахоўвае яе ад карозіі, надае спецыяльныя фіз.-хім. ўласцівасці, паляпшае вонкавы выгляд вырабаў. Ажыццяўляецца алітаваннем, газаплазмавым і плазмавым распыленнем, плакіраваннем, выпарэннем металу ў вакууме, апусканнем у расплаў. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы дэталяў самалётаў, ракет, аўтамабіляў, с.-г. інвентару, бытавых вырабаў.
т. 1, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́ЖАННЕ МАЯСТА́ТУ (ображенье маестату; ад лац. majestas вялікасць, гонар),
юрыдычны тэрмін часоў ВКЛ, які азначаў замах на дзярж. ўладу; у шырокім сэнсе слова — дзярж. здрада, замах на гонар і годнасць вял. князя, распаўсюджанне лжывых, ганебных чутак пра яго. У адпаведнасці з артыкуламі Статута ВКЛ 1588 абражанне маястату каралася смерцю.
т. 1, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)