БІЯТЛО́Н (ад бі... + грэч. athlon спаборніцтва, барацьба),

від спорту, сучаснае зімовае двухбор’е: камбінацыя лыжнай гонкі са стральбой з вінтоўкі на некалькіх агнявых рубяжах (стоячы і лежачы). Праводзяцца індывід. гонкі на 7,5 і 15 км (жанчыны) і 10 і 20 км (мужчыны); камандныя эстафеты 3 × 7,5 км (жанчыны) і 4 × 7,5 км (мужчыны). У гонках на 15 і 20 км за кожны промах на агнявых рубяжах да асн. часу, які паказаў у гонцы спартсмен, дадаецца 1 штрафная мінута. У гонках на 7,5 і 10 км і ў эстафетах за промахі прадугледжаны штрафныя кругі (да 250 м). У эстафетных гонках пры стральбе прадугледжаны таксама па 3 запасныя патроны.

Біятлон вядомы з 1920-х г. у Скандынавіі і альпійскіх краінах як гонкі ваен. патрулёў з кіданнем гранат і стральбой. У 1950-я г. трансфармаваўся ў сучасны від спорту і стаў пашыраны ў інш. краінах. З 1948 дзейнічае Міжнар. саюз сучаснага пяцібор’я і біятлона (УІМБ). У праграме Алімпійскіх гульняў з 1960, у жанчын з 1992, чэмпіянаты свету з 1958, праводзяцца спаборніцтвы на Кубкі свету, Еўропы.

На Беларусі развіваецца з 1961. Гал. спарт. база — «Раўбічы», дзе праводзіліся чэмпіянаты свету, этапы Кубка свету і інш. міжнар. спаборніцтвы па біятлоне. З бел. майстроў біятлона найб. поспеху дасягнула С.Парамыгіна. У складзе зборнай СССР чэмпіёнамі свету па біятлоне былі бел. спартсмены Ю.​Калмакоў (1974), у спаборніцтвах юніёраў В.​Талкачоў (1969), М.​Правалоцкі (1976). Жаночая каманда Беларусі (І.​Какуева, Парамыгіна, Н.​Пермякова, Н.​Рыжанкова) — чэмпіён свету 1994 ў каманднай гонцы, пераможца этапаў Кубка свету. Мужчынская зборная Беларусі (П.​Івашка, А.​Папоў, А.​Рыжанкоў, В.​Сашурын) — чэмпіён свету 1996 у каманднай гонцы.

М.​А.​Дубіцкі.

Да арт. Біятлон. Спартсмены на агнявым рубяжы.

т. 3, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛАСІПЕ́ДНЫ СПОРТ,

від спорту, які ўключае гонкі на шашы, трэку, па перасечанай мясцовасці (велакрос), велабол і фігурную язду на веласіпедах; састаўная частка велатурызму і трыятлона. Шашэйныя гонкі бываюць адна- і шматдзённыя, індывід. (гоншчык стартуе адзін), камандныя (каманды стартуюць па чарзе) і групавыя (агульны старт для ўсіх спартсменаў). На трэку (веладроме) праводзяцца гонкі індывідуальныя, камандныя, парныя і групавыя, за лідэрам (матацыклістам), на тандэмах (двухмесны веласіпед); па форме адрозніваюць гонкі: праследавання, з ходу і з месца, з выбываннем, з прамежкавымі фінішамі і інш. Фігурная язда (выкананне розных фігур на спец. веласіпедах) найб. развіта ў цыркавым мастацтве.

Першыя афіц. спаборніцтвы па веласіпедным спорце адбыліся ў 1869 (гонка Руан—Парыж, 120 км) на драўляных веласіпедах. Праводзяцца чэмпіянаты свету па гонках на трэку (з 1893, у закрытых памяшканнях з 1929), на шашы (з 1921), па велакросу (з 1950). У праграме Алімпійскіх гульняў (гонкі на шашы і трэку) з 1896. Дзейнічае Міжнар. саюз веласіпедыстаў (з 1900). Спаборніцтвы праводзяцца сярод аматараў і прафесіяналаў. Найб. вядомая і прэстыжная гонка ў прафесіяналаў «Тур дэ Франс» (з 1903). На Беларусі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1894 (Віцебск). У 1890-х г. вядомым веласіпедыстам быў М.Дзявочка з Мінска. Першы чэмпіянат Беларусі па гонках на шашы і перасечанай мясцовасці (1937) выйграў Б.Бальшакоў. Сярод бел. велагоншчыкаў алімпійскія чэмпіёны У.​Камінскі (1976), А.​Логвін (1980), чэмпіёны свету Камінскі (1977), І.​Сумнікаў (1985) — у шашэйнай гонцы, чэмпіёны свету на трэку М.​Колюшаў (1965, 1967), В.​Быкаў (1967, 1969), В.​Моўчан (1982), пераможцы ў складзе каманды СССР на Велагонцы міру А.​Дахлякоў (1965, 1966 і 2-е месца ў асабістым заліку), Б.​Ісаеў (1976, 1980), Л.​Дзежыц (1980), Логвін (1981, 1984).

т. 4, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХОДНЕРУСІ́ЗМ,

кірунак грамадска-паліт. думкі ў 19 — пач. 20 ст. Быў пашыраны сярод гар. насельніцтва (інтэлігенцыя, дзярж. служачыя, правасл. духавенства і інш.), пераважна на У Беларусі. Прадстаўнікі кансерватыўнага кірунку З. (К.​Гаворскі) лічылі этнічныя асаблівасці беларусаў вынікам польска-каталіцкага ўплыву, які перашкаджаў аднаўленню «спрадвечна-рускага характару краю». Прыхільнікі ліберальна-памяркоўнага кірунку З. (М.​Каяловіч, А.​Пшчолка) прызнавалі гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але адмаўлялі магчымасць яе нац.-культ. і дзярж. самавызначэння. За беларусамі прызнавалася толькі права на этнаграфічнае развіццё — на «мясцовы дыялект, на народную песню, і, наогул, на вясковы быт». Найб. сістэматызаванае абгрунтаванне З. атрымаў у працах М. Каяловіча «Лекцыі па гісторыі Заходняй Расіі» (1864), «Гісторыя рускай самасвядомасці» (1884). Арыентацыі на З. ў пытаннях нац.-культ. развіцця Беларусі, неабходнасці яе «больш цеснага яднання з астатняй Руссю» прытрымліваліся Л. і І.​Саланевічы, І.​Бажэлка, Л.​Паеўскі, часткова А.​Сапуноў, Я.​Карскі, Е.​Раманаў і інш. Праваднікамі З. былі час. «Вестник Западной России», газеты «День», «Минское русское слово» (1912—13) і інш. Ідэалогія З. была пакладзена ў аснову практычнай дзейнасці такіх грамадскіх аб’яднанняў, як «Селянін», «Беларускае таварыства», «Саюз беларускай дэмакратыі», «Беларускі народны камітэт», «Рускае ўскраіннае таварыства» і інш., а таксама мясц. арг-цый «Саюза рускага народа» і «Саюза 17 кастрычніка», дзейнасць якіх была накіравана супраць бел. нац.-вызв. руху. У сваіх друкаваных органах — час. «Крестьянин», газеты «Окраины России» (1906—12), Масква, «Белорусский вестник» — яны імкнуліся паказаць неаддзельнасць гісторыка-культ. лёсу Беларусі ад лёсу Расіі.

Літ.:

Цьвікевіч А. «Западно-руссизм». Нарысы з гісторыі грамадзскай мысьлі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. 2 выд. Мн., 1993;

Самбук С.М. Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1976.

т. 7, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НІН (Міхаіл Сяргеевіч) (18 ці 29.12. 1787, С.-Пецярбург — 15.12.1845),

расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. 3 дваран. У 1803—15 на ваен. службе. Удзельнічаў у Аўстэрліцкай бітве 1805, Прускім паходзе 1807, вайне 1812 і замежным паходзе рус. арміі 1813—14; за бітву пры Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай з надпісам «За храбрасць». У 1816—17 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Сен-Сімонам, перайшоў у каталіцтва. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», адзін з заснавальнікаў «Саюза працвітання» (1818), чл. Паўночнага т-ва (1820). Прыхільнік рэспублікі, у праграму прапанаваў царазабойства. З 1822 зноў на ваен. службе (у Ружанах, Слуцку), з 1824 падпалкоўнік лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка, ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў Варшаве. 9.4.1826 арыштаваны і асуджаны па 2-му разраду (паліт. смерць і вечная катарга, пазней скарочана да 10 гадоў). Адбываў пакаранне ў турмах (1826—28), у Сібіры на катарзе (1828—35) і ў ссылцы (1836—41). У сак. 1841 зноў арыштаваны паводле даносу і зняволены ў Акатуйскую турму (Чыцінская вобл.), дзе і памёр пры нявысветленых абставінах. У 1836—41 напісаў і часткова распаўсюдзіў у рукапісах творы нелегальнай л-ры: «Пісьмы з Сібіры» (абгрунтоўваў гіст. слушнасць дзекабрысцкага руху), «Погляд на рускае тайнае таварыства з 1816 да 1826 года» (першая гісторыя дзекабрызму), «Дослед гістарычны» (крытыка нарманскай тэорыі, падкрэслена роля літоўскіх князёў у вызваленні ад татарскага ярма), «Погляд на польскія справы...» (прысвечаны паўстанню 1830—31), «Грамадскі рух у Расіі...» (бесцэнзурная гісторыя краіны ў 1825—40) і інш.

Тв.:

Письма из Сибири. М., 1987.

Літ.:

Окунь С.Б. Декабрист М.​С.​Лунин. 2 изд. Л., 1985;

Эйдельман Н.Я. Обреченный отряд. М.,1987.

Н.​К.​Мазоўка.

М.С.Лунін.

т. 9, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВАЙСКО́ВАЯ (ПАВ),

тайная вайсковая арганізацыя. Створана ў кастр. 1914 у Варшаве. Дзейнічала пад кіраўніцтвам Ю.​Пілсудскага ў Каралеўстве Польскім, Галіцыі, на Украіне, Беларусі і ў Расіі. Адной з мэт ПАВ было захаванне ўлады ў руках Пілсудскага. Паводле некат. звестак, у ПАВ існавала тайная «група белага арла», якая вызначала ўнутр. і знешнюю палітыку Польшчы. У кіраўніцтва ПАВ уваходзілі А.​Коц, М.​Касцялкоўскі, Б.​Мядзінскі, А.​Прыстар, Э.​Рыдз-Сміглы і інш., якія адначасова з’яўляліся членамі масонскай Вял. нац. ложы Польшчы. У 1930-я — пач. 1940-х г. у СССР органы АДПУ—НКУС фабрыкавалі групавыя справы ПАВ, па якіх былі арыштаваны і засуджаны ў асн. беларусы і палякі. Першая ў БССР справа ПАВ прыдумана ДПУ у 1933. Па ёй у лют. 1934 асуджана 55 чал. на 3—10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. У жн. 1937 у краіне пачалася шырокамаштабная аперацыя «па ліквідацыі польскай агентуры». Да вер. 1938 органамі НКУС арыштавана 21 407 «удзельнікаў ПАВ і паўстанцкіх арг-цый, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў», з іх 10 120 беларусаў і 9196 палякаў. У 1937—39 па справах ПАВ прайшла большасць кіраўнікоў Кампартыі Польшчы і КПЗБ, выкліканых у СССР, і былых палітвязняў Польшчы, якія па абмене пераехалі ў Сав. Саюз, а таксама дзярж. дзеячаў, парт., сав., камсам. і прафс. работнікаў польскага паходжання. Фабрыкацыя спраў ПАВ была выкарыстана НКУС і для рэпрэсій палітычных у Зах. Беларусі пасля ўз’яднання яе з БССР у вер. 1939. Сярод арыштаваных і асуджаных па справах ПАВ была частка польскіх шпіёнаў, дыверсантаў і членаў падп. узбр. фарміраванняў, якія вялі антыдзярж. работу супраць сав. ладу. У 1950—90-я г. ўсе беспадстаўна рэпрэсіраваныя па справах ПАВ рэабілітаваны.

У.​М.​Міхнюк.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ЦКІ ПАХО́Д 1711,

баявыя дзеянні рас. арміі ў час. рус.-тур. вайны 1710—13, якія адбываліся на тэр. падвасальнага Турцыі Малд. княства, пераважна ў даліне р. Прут (адсюль назва). 24.4.1711 Расія заключыла з малд. гаспадаром Дз.Кантэмірам дагавор аб ваен. саюзе і ўваходжанні Малдовы ў рас. падданства. 7 чэрв. рас. конніца ген.-фельдмаршала Б.​П.​Шарамецева ўвайшла ў Малдову, дзе паўсюдна пачаліся антытур. паўстанні. Кантэмір абвясціў пра саюз з Расіяй і збор малд. войска для вайны з Турцыяй, перадаў рас. войскам 25 тыс. галоў жывёлы, аднак з прычыны неўраджаю не здолеў забяспечыць іх хлебам. Да 6 ліп. рас. армія на чале з царом Пятром I сканцэнтравалася каля г. Ясы, але 29 чэрв. тур. армія вял. візіра Балтаджы-пашы (каля 120 тыс. чал., 440 гармат) перайшла на левы бераг Дуная, дзе злучылася з 70-тысячнай конніцай крымскага хана Дэўлет-Гірэя. Пётр I накіраваў у тыл туркам 7-тысячны конны атрад ген. К.​Э.​Рэнэ, які 18 ліп. ўзяў на Дунаі крэпасць Брэілу, а сам на чале гал. сіл (38 тыс. рускіх, 5 тыс. малдаван на чале з Кантэмірам, 114 гармат) накіраваўся на Пд правым берагам Прута. 20 ліп. рас.-малд. армія пасля шэрагу баёў была акружана каля с. Нов. Станілешты ў некалькі разоў пераважаючымі тур.-тат. сіламі. Рас. войскі адбілі атакі тур. янычараў, але недахоп боепрыпасаў і харчавання прымусіў Пятра I звярнуцца да тур. вял. візіра з прапановай заключыць мір (заключаны 23 ліп.). У выніку рас. войскі атрымалі права свабодна выйсці з Малдовы (разам з імі краіну пакінулі Кантэмір і некалькі тыс. малдаван); Расія вярнула Турцыі Азоў, ліквідавала крэпасці і флот на Азоўскім м. Гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЛЮ́Т»,

серыя сав. арбітальных станцый для палётаў па каляземнай арбіце; праграма іх распрацоўкі, запускаў і эксплуатацыі. Прызначаліся для правядзення медыка-біял., астрафіз., навукова-тэхн., тэхнал. даследаванняў і эксперыментаў, назіранняў і даследаванняў Зямлі, яе атмасферы і каляземнай касм. прасторы. Макс. маса 18,9 т, маса навук. апаратуры да 2,5 т, аб’ём жылых адсекаў каля 100 м³. Палёты здзяйсняліся з касманаўтамі на борце і ў аўтам. рэжыме. У 1971—83 запушчаны 7 «С.» (на арбіту выводзіліся ракетай-носьбітам «Пратон» з касмадрома Байканур).

«С.» складаліся з пераходнага, рабочага, агрэгатнага (з рухальнай устаноўкай) адсекаў і прамежкавай камеры («С.-6» і «С.-7» мелі дадатковы стыковачны агрэгат). У склад «С.» ўваходзілі сістэмы жыццезабеспячэння, электрасілкавання (сонечныя батарэі), сувязі, арыентацыі і кіравання, стыкоўкі з касм. караблямі, навук. абсталяванне і інш. «С.» не прызначаліся для вяртання на Зямлю; дастаўка і змена экіпажа праводзіліся пры дапамозе касм. караблёў «Саюз», паліва, абсталявання і інш. — трансп. караблямі «Прагрэс». «С.-1» (запуск 19.4.1971) — першая ў свеце пілатуемая арбітальная станцыя (экіпаж Г.​Ц.​Дабравольскі, У.​М.​Волкаў, В.​І.​Пацаеў). Да «С.» здзейснілі палёты 50 касм. апаратаў. На борце «С.» працавалі 17 асн. экспедыцый (14—237 сут) і 15 экспедыцый наведвання (3—13 сут). У складзе міжнар. экіпажаў па праграме «Інтэркосмас» на «С.-6» і «С.-7» працавалі касманаўты 10 краін свету. Камандзірамі экспедыцый былі і ўраджэнцы Беларусі П.​І.​Клімук («С.-4», «С.-6» — міжнар.) і У.​В.​Кавалёнак («С.-6» — двойчы).

У.​С.​Ларыёнаў.

Арбітальная станцыя «Салют»: 1 — панэлі сонечных батарэй; 2 — шматзанальны фотаапарат; 3 — спальнае месца; 4 — антэны тэлеметрычных сістэм; 5 — адсек навуковай апаратуры; 6 — цэнтральны пост; 7 — сістэма газавага забеспячэння.

т. 14, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЬРА́Б, Сялянска-рабочае сацыялістычнае аб’яднанне,

масавая легальная рэв.-дэмакр. арганізацыя працоўных Зах. Украіны ў 1926—32. Свой уплыў пашырала і на паўд.-зах. частку Зах. Беларусі. Створана па ініцыятыве Кампартыі Зах. Украіны (КПЗУ) у кастр. 1926 на аб’яднаным з’ездзе радыкальных сял. арг-цый «Народная воля» і «Сялянскі саюз» (гл. Сельсаюз). С. патрабаваў прадастаўлення зямлі без выкупу, стварэння рабоча-сял. ўрада, самавызначэння і аб’яднання ўкр. зямель у рэспубліцы рабочых і сялян і інш. Друкаваныя выданні С. — газ. «Сельроб», «Воля народу», «Наше слово», «Нове життя», час. «Вікна» — выкрывалі палітыку ўлад Польшчы ў Зах. Украіне і Зах. Беларусі, прапагандавалі поспехі СССР, абуджалі самасвядомасць працоўных, узнімалі іх на барацьбу супраць сац. і нац. прыгнёту, за ўз’яднанне Зах. Украіны з УССР, а Зах. Беларусі з БССР. Часта выступаў разам з КПЗУ, бел. рэв.-дэмакр. арг-цыямі Беларуская сялянска-работніцкая грамада і «Змаганне». За ўплыў на С. ішла вострая барацьба паміж КПЗУ і ўкр. нац. партыямі. Абвастрэнне ўнутр. рознагалоссяў прывяло ў 1927 да расколу С. на С.-лявіцу і С.-правіцу. У маі 1928 на з’ездзе абедзвюх груп створана аб’яднаная арг-цыя С.-адзінства на платформе рэв. і нац.-вызв. барацьбы. Праз С. КПЗУ і КПЗБ уплывалі на культ,асв., спарт. і інш. масавыя арг-цыі працоўных. Пярвічныя арг-цыі С. ствараліся ў многіх вёсках і мястэчках паўд.-зах. часткі Зах. Беларусі. У 1926 створаны Брэсцкі акр. к-т С., раённыя к-ты існавалі ў Кобрыне, Высокім, Камянцы, Драгічыне, Іванаве. 2.10.1927 у Брэсце адбыўся мітынг з удзелам 300 прадстаўнікоў С., якія патрабавалі навучання дзяцей на роднай мове і свабоды палітвязням. Улады Польшчы пастаянна праследавалі С. 15.9.1932 абвешчана аб роспуску С., яго актыўныя дзеячы арыштаваны.

т. 14, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭНБУ́РГСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. Плошча 124 тысяч км². Насельніцтва 2230,9 тысяч чалавек (1994), гарадскога 65%. Цэнтр — горад Арэнбург, найбольшыя гарады Бугуруслан, Бузулук, Меднагорск, Наватроіцк, Орск.

Прырода. Размешчана ў перадгор’ях Паўднёвага Урала. Паверхня раўнінная. На З увалы Агульнага Сырта і Арэнбургскі стэп, у цэнтральнай частцы грады Губерлінскіх гор (вышыня да 667 м), на У Заўральская раўніна і заходняя ўскраіна Тургайскага плато. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, буры вугаль, жалеза, медныя і нікелевыя руды, кухонная соль, азбест, мармур і інш. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -14 да -18 °C, ліпеня ад 19 да 22 °C; ападкаў 300—450 мм за год. Асноўныя рэкі Урал, Сакмара і Самара. На ПдУ бяссцёкавыя азёры. Ірыклінскае вадасховішча. Глебы пераважна чарназёмныя, на Пд і ПдУ каштанавыя. Пашырана разнатраўна-ціпчаковая стэпавая расліннасць, лясы займаюць 4% тэрыторыі, трапляюцца бярозавыя гаі і дубровы, астраўныя хваёвыя лясы (у т. л. Вялікі Бузулукскі бор). Арэнбургскі запаведнік.

Гаспадарка. Асноўныя галіны прамысловасці: чорная і каляровая (вытворчасць нікелю, медзі і хромавых злучэнняў) металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (горнае, металургічнае, халадзільнае абсталяванне, станка- і прыладабудаванне, гідраўлічныя прэсы, электрарухавікі, трактарныя прычэпы, вузлы і дэталі, сельскагаспадарчыя машыны і інш.), газа- і нафтаперапрацоўчая, хімічная і нафтахімічная (азотныя ўгнаенні, сера, гумава-тэхнічныя вырабы і інш.); лёгкая (трыкатажная, швейная, гарбарна-абутковая прамысловасць; вытворчасць пуховых хустак і інш.), харчовая (мукамольна-крупяная, мяса-малочная і інш.); вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (у т. л. цэменту). Здабыча газу (гл. Арэнбургскае радовішча), нафты, бурага вугалю, жалезных і нікелевых руд, азбесту, кухоннай солі і інш. Ірыклінская ДРЭС. Пасевы збожжавых (пшаніца, жыта, ячмень) і кармавых культур. Вырошчваюць грэчку, сланечнік, бульбу, агародніну, садавіну. Мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля; пуховая козагадоўля. Праходзяць чыгункі Самара—Арэнбург—Ташкент (з адгалінаваннем на Уфу), Арэнбург—Орск—Чэлябінск; аўтамабільныя дарогі Уфа—Арэнбург, Самара—Уральск і інш.; нафтаправоды Эмба—Орск, Ішымбай—Орск, участак газаправода Бухара—Урал, пачынаецца газаправод «Саюз».

П.​І.​Рагач.

т. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ (БПС-Р),

Партыя беларускіх эсэраў, палітычная партыя ў 1918—24. Арганізацыйна аформілася да мая 1918 пасля расколу Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). У яе кіруючае ядро ўваходзілі: М.​Асвяцімскі, П.​Бадунова, Т.​Грыб, Л.​Заяц, Я.​Ладноў, Я.​Мамонька, С.​Некрашэвіч, Я.​Трафімаў, Я.​Чарапук, Ф.​Шантыр і інш.; пазней прымкнулі В.​Ластоўскі і А.​Цвікевіч. Друкаваныя органы: «Беларуская думка», «Грамадзянін» (Вільня), «Родны край» (Гродна), «Наша каляіна» (Слуцк), «Змаганне» (Мінск). У Мінску, Гродне і Вільні дзейнічалі губ. к-ты БПС-Р. Налічвала больш за 20 тыс. членаў (1920). Кіравала дзейнасцю «Грамады моладзі», «Сувязі беларускага сялянства», кантралявала Усебел. настаўніцкі саюз, Гродзенскую сял. раду. У аснову тактыкі БПС-Р пакладзена праграма БСГ. Прадстаўляла інтарэсы сялянства, выступала за сацыялізацыю зямлі (адмена прыватнай уласнасці і наёмнай працы), развіццё ўсіх відаў кааперацыі, нацыяналізацыю буйной прам-сці і інш., за ўстанаўленне «сярэдняй улады» (дыктатуры ўсяго працоўнага народа ў форме Саветаў). Выказалася за поўнае самавызначэнне бел. народа; абвясціла сябе «трэцяй сілай», якая змагаецца за нац. незалежнасць і непадзельнасць Беларусі на 2 фронты: супраць польскіх інтэрвентаў і «імперыялістычна-маскоўска-дзянікінскай сілы». Не прызнавала БССР і Літ.-Бел. ССР, ва ўмовах паліт. ізаляцыі адмовілася ад падпісання Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці БССР, выступала супраць анексій бел. тэрыторый Польшчай і РСФСР. Знаходзілася ў паліт. апазіцыі да бальшавікоў. У канцы 1920 — пач. 1921 афіцыйныя сав. структуры пачалі ўжываць сілавыя прыёмы барацьбы супраць БПС-Р, былі арыштаваны 860 членаў партыі. У 1922 частка бел. эсэраў, якія працавалі ў Зах. Беларусі ў падполлі, стварыла Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю, якая пазней улілася ў КПЗБ. Пад націскам ЦК КП(б)Б на з’ездзе былых членаў БПС-Р у Мінску (8.6.1924) партыя самараспусцілася. У канцы 1920—30-х г. усе былыя члены партыі рэпрэсіраваны. У 1937 былыя кіраўнікі БПС-Р прыцягнуты да суд. адказнасці па т.зв. «справе эсэраў» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1988.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)