КО́ХЕР ((Kocher) Эміль Тэадор) (25.8.1841, Берн —27.7.1917),

швейцарскі хірург, адзін з заснавальнікаў брушной хірургіі. Прэзідэнт Германскага хірург. т-ва, ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага хірург. т-ва, Рус. хірург. т-ва імя М.У.Пірагова і інш. Скончыў Бернскі ун-т (1865). З 1872 праф. хірургіі і дырэктар хірург. клінікі Бернскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні функцый і метадах хірург. лячэння шчытападобнай залозы, антысептыцы. Распрацаваў аператыўныя доступы да ўнутраных органаў і буйных сасудаў, упершыню ажыццявіў выдаленне шчытападобнай залозы. Нобелеўская прэмія 1909.

Т.Кохер.

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАНТ ((Courant) Рыхард) (8.1.1888, г. Люблінец, Польшча — 27.1.1972),

амерыканскі матэматык. Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Гётынгенскі ун-т (1910), дзе і працаваў у 1920—33. З 1934 праф. Нью-Йоркскага ун-та. Навук. працы па тэорыі канформных адлюстраванняў, краявых задачах матэм. фізікі, варыяцыйным злічэнні. Аўтар многіх манаграфій і падручнікаў.

Тв.:

Рус. пер. — Курс дифференциального и интегрального исчисления. Т. 1. 4 изд. М., 1967;

Т. 2. 2 изд. М., 1970;

Методы математической физики. Т. 2. Уравнения с частными производными. М., 1964.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТАТЭ́ЛІ (сапр. Кутатэладзе) Аляксандр Мікалаевіч

(6.9.1897, г. Кутаісі, Грузія — 15.5.1982),

грузінскі пісьменнік. Вучыўся ў Тбіліскім ун-це (1920—25). Друкаваўся з 1924. Аўтар п’есы «Гадзюка Хірсэ» (1924), зб-каў «Вершы» (1937 і 1941), кн. навел «Байцы» (1942). Найб. буйны твор — раман-тэтралогія «Тварам у твар» (кн. 1—4, 1933—52, новая рэд. на рус. мове 1957—58) пра станаўленне сав. улады ў Грузіі. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, П.Броўка.

Тв.:

Бел. пер. — Тварам у твар: Раман. Мн., 1936.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТО́Н ((Couthon) Жорж Агюст) (22.12.1755, Арсэ, каля г. Клермон-Феран, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, адзін з лідэраў якабінцаў. Адвакат. У 1789 старшыня трыбунала ў г. Клермон-Феран. З 1791 член Заканад. сходу, з 1792 — Канвента, у 1793 і К-та грамадскага выратавання Канвента. Разам з М.Рабесп’ерам і Л.А.Сен-Жустам узначальваў урад якабінскай дыктатуры. У жн.кастр. 1793 удзельнічаў у задушэнні антыякабінскага паўстання ў г. Ліён. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 гільяцінаваны.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв., 1793—1791. М., 1994.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІКВА́ЦЫЯ (ад лац. liquatio разрэджванне, плаўленне) у металургіі, сегрэгацыя, неаднароднасць хім. саставу зацвярдзелых сплаваў. Узнікае пры крышталізацыі. Абумоўлена тым, што сплавы крышталізуюцца ў некаторым інтэрвале тэмператур. Выклікае неаднароднасць уласцівасцей і пагаршае якасць зліткаў. З’яву Л. адкрылі рус. металургі М.В.Калакуцкі і А.С.Лаўроў у 1866.

Адрозніваюць Л. дэндрытную (праяўляецца ў мікрааб’ёмах сплаву — у межах аднаго зерня або дэндрыту) і занальную (у аб’ёме злітка назіраецца некалькі зон з розным хім. саставам). Дэндрытную Л памяншаюць гомагенізацыяй зліткаў, для змяншэння занальнай — карыстаюцца спец. прыёмамі ліцця.

т. 9, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПНЕ́ВІЧ (Валерый Іванавіч) (н. 21.9.1947, Мінск),

расійскі пісьменнік. Скончыў БДУ (1973). Да 1981 працаваў у Ін-це фізікі АН Беларусі, у друку. Друкуецца з 1970. Распрацоўвае свабодны верш. Паэт. зб-кам «Трава і дождж» (1977), «Цішыня» (1979), «Невядомая планета», «Дрэва і рака» (абодва 1988) уласцівы філас. светаразуменне, асэнсаванне «вечных» праблем быцця. Аўтар апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Р.Барадуліна, Т.Бондар, В.Быкава, М.Танка, Я.Янішчыц і інш. На рус. мову пераклаў асобныя вершы Р.Баравіковай, Л.Геніюш, А.Глобуса, Г.Каржанеўскай, А.Куляшова, Г.Пашкова і інш.

А.В.Спрынчан.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,

1) навучальная ўстанова ў 1913—18 у Магілёве. Засн. 1.7.1913. Рыхтаваў настаўнікаў вышэйшых пач. вучылішчаў. Прымаліся асобы з сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання 3 гады. Пераўтвораны ў Магілёўскі пед. ін-т (гл. Магілёўскі універсітэт).

2) Навуч. ўстанова ў 1937—53 пры Магілёўскім пед. ін-це. Рыхтаваў настаўнікаў бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, гісторыі, матэматыкі і фізікі, геаграфіі для 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Аб’яднаны з Магілёўскім пед. ін-там.

т. 9, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМА́Й (? — 1380),

татарскі военачальнік і дзярж. дзеяч. Цемнік пры хане Бердыбеку [1357—61], яго зяць. Пасля смерці Бердыбека (1361) М. — фактычны правіцель Залатой Арды. Непрыхільна ставіўся да аб’яднання рус. зямель, арганізатар спусташальных паходаў супраць Разанскага (1373, 1378) і Ніжагародскага (1378) княстваў. Спроба ўварвацца ў межы Маскоўскага вялікага княства скончылася яго паражэннем на р. Вожа (1378). У Кулікоўскай бітве 1380 войскі М. поўнасцю разбіты. У гэтым жа годзе пацярпеў паражэнне ад войск Тахтамыша, уцёк у Кафу (цяпер г. Феадосія, Украіна), дзе быў забіты.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МАЖ; International Organization of Journalists). Існавала ў 1946—92. Засн. на кангрэсе ў Капенгагене (Данія). Правапераемніца Міжнар. федэрацыі журналістаў саюзных і свабодных краін (засн. ў 1941). Аб’ядноўвала журналісцкія арг-цыі 34 краін, а таксама індывід. членаў з 30 краін. Штаб-кватэра знаходзілася ў Празе. Мела друкаваны орган «Le Journaliste démocratique» («Дэмакратычны журналіст») на рус., англ., франц., ісп. мовах. Саюз журналістаў СССР уваходзіў у МАЖ з 1959. У 1946 група журналістаў зах. краін выйшла з МАЖ і стварыла Міжнародную федэрацыю журналістаў.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МУЖЧЫ́НСКАЕ КАМЕРЦЫ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.

Існавала ў 1901—17. Падпарадкоўвалася вучэбнаму аддзелу Мін-ва фінансаў. Утрымлівалася за кошт гар. думы, збораў за навучанне, прыватных ахвяраванняў. Мела падрыхтоўчы, 5 агульных і 2 спец. класы. Прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў з пач. адукацыяй. Выпускнікі атрымлівалі званне ганаровага грамадзяніна, лепшыя — дыпломы кандыдата камерцыі. У 1912—451 навучэнец. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, гісторыя, геаграфія, камерцыя, бухгалтэрыя, палітэканомія, гісторыя гандлю, таваразнаўства і інш. Мела б-ку, фіз. кабінет, хім. лабараторыю, музей. Восенню 1915 эвакуіравана ў Маскву.

А.Ф.Самусік.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)